epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як салдат вяртаўся дадому

Праслужыў салдат дваццаць пяць год у цара, а заслужыць нічога не заслужыў. Ідзе салдат дадому і думае: «Як далей быць? Хто дома астаўся, хто маю старасць дагледзіць?» Раптам сустракаецца яму хораша адзеты, у капялюшы, чалавек.

— Здароў, салдат! — гаворыць падарожны. — Дзе быў і куды ідзеш?

— Ды вось,— кажа салдат,— праслужыў дваццаць пяць год цару. Іду дамоў, а як буду жыць — не ведаю.

Чалавек гаворыць яму:

— Праслужыў дваццаць пяць год цару, паслужы яшчэ мне гадок, я цябе забяспечу на старасць.

Салдат падумаў:

— Ну што ж, давай паслужу.

І пайшлі разам з гэтым чалавекам. Ішлі праз лес, балоты, і ўбачыў салдат дварэц. Гэты чалавек і гаворыць:

— Вось тут будзеш працаваць.

— А што я тут буду рабіць? — пытаецца салдат.

Чалавек прыводзіць яго ў кут, дзе стаіць вялізны кацёл.

— Вось,— кажа,— будзеш у гэтым катле ваду грэць. Вось і дровы.

І незнаёмы чалавек раптам знік.

Салдат паклаў пад кацёл дровы, запаліў і пайшоў паглядзець, дзе тут што яшчэ ёсць. Заходзіць салдат у адзін пакой — там стаяць сталы, крэслы, а на сталах стаіць піць і есці — усё, што толькі душа жадае.

Салдат напіўся, наеўся, пайшоў далей. Заходзіць у другі пакой — там стаяць ложкі, пярыны, пуховыя падушкі, коўдры. Лёг салдат паспаць. Прачнуўся, падклаў пад кацёл дроў і зноў пайшоў шукаць каго-небудзь. Абышоў увесь дом — нідзе нікога не знайшоў. Жыве так салдат дзень, другі, трэці і такі напаў на яго смутак, што немаведама, што рабіць, за што ўзяцца, з кім павесяліцца. Пайшоў зноў салдат шукаць, ці не знойдзе якую кніжку ці газету, каб хоць пачытаць што-небудзь. У адным кутку ўбачыў раскіданую па лістках кнігу. Пачаў салдат гэтую кнігу па адным лістку складаць, склаў, пачаў чытаць. От чытае салдат кнігу і чуе голас:

— Салдат, салдат, выратуй мяне!

Салдат кінуў чытаць і пайшоў шукаць таго, хто яго клікаў. Абышоў усе пакоі, усе куткі — нікога не знайшоў. Прыходзіць, садзіцца зноў чытае. Толькі сеў чытаць, зноў чуе той самы голас:

— Салдат, салдат, выратуй мяне!

Кінуў салдат кніжку, зноў пайшоў шукаць. Прашукаў увесь дом, усе куткі — нічога. Толькі сеў чытаць, чуе зноў голас:

— Салдат, салдат, выратуй мяне!

Салдат зазлаваў ды кажа:

— Чорт цябе ведае, дзе ты ёсць і як цябе ратаваць?

Тады голас кажа:

— Я ў катле.

Прыходзіць салдат да катла і думае: «Ну, як жа ж яго дастаць?» Кацёл глыбокі, метры тры. Салдат зняў з сябе рубашку, парваў на стужкі, звіў вяровачку, прывязаў да канца каменьчык і давай апускаць у кацёл. Чуе — нешта ўчапілася. Давай салдат цягнуць угару. Калі выцягнуў — дык гэта была такая прыгожая дзяўчына, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

— Ну,— кажа,— дзякуй, салдат! Дапамог ты мне, дапамагу і я табе ў тваёй бядзе. Гэта,— кажа,— дварэц чараўніка. І ты ўжо ў яго праслужыў дзесяць год. Скора чараўнік прыдзе табе плаціць. Але ты ў яго нічога не бяры — ні золата, ні паперак, а прасі ў яго, каб ён табе даў той рваны кашалёк, што ляжыць у той самай каморцы, дзе была растрапаная кніга. А я дачка цара,— і сама знікла.

Раптам адкуль узяўся чараўнік і кажа:

— Ну, салдат, адслужыў ты сваё ў мяне. Можаш ісці дадому. Вось ідзі, я табе дам за тваю службу. Чым хочаш бяры: хочаш золатам, хочаш паперкамі. І бяры, колькі ты можаш панесці.

Салдат успомніў словы, што казала яму царская дачка.

— Не,— кажа салдат,— не хачу ні вашага золата, ні паперак. А дайце мне рваны кашалёк, што ляжыць у тым кутку.

Чараўнік раззлаваўся:

— Прэч,— кажа,— пайшоў адсюль, нічога не дам!

Салдат выскачыў з дому і думае: куды ж ісці? Сюды ішоў па нейкіх балотах, па лясах, а то проста з дварца ідзе дарога і недалёка відаць якісьці горад. Ну, думае, пабягу проста.

Бяжыць салдат і думае: «Каб яго ліха! І тут нічога не заслужыў». Прыбягае на скрыжаванне дарог і адкуль ні вазьміся бах! пад ногі той рваны кашалёк, што ён бачыў у чараўніка. Падняў салдат кашалёк і думае: «Вось дык парадзіла яна мне, што ўзяць! Гэты ж кашалёк варты ўсяго тры грошы. А я ж мог бы ўзяць пудоў два-тры золата! Ну, пагляджу, што ж у тым кашальку ёсць!»

Адкрыў салдат кашалёк — у кашальку нічога няма, а пад нагамі нешта зазвінела. Глядзіць, а ля ног кучка золата. Салдат думае: «Адкуль золата?» Адкрыў зноў кашалёк — і зноў насыпалася кучка золата.

Узяў гэты кашалёк салдат, пабег у горад. Калі гляне — у горадзе на кожным рагу, на кожнай вуліцы вісіць аб'ява, што такі-та салдат украў у пана Сцяпана кашалёк. А ліхачка! Пабег ён у магазін, купіў сабе паліто, касцюм, шляпу, скінуў усё салдацкае.

Салдат думае: «Куды ж тут дзецца, каб не злавілі?» От рашыў салдат ісці да вартаўніка ў царскі сад. Адзеў усё зноў салдацкае, зайшоў да вартаўніка і просіцца пераначаваць. Вартаўнік не пускае, што няма дзе пераначаваць, а потым сказаў яму начаваць у будцы ў садзе.

Вартаўнік гаворыць:

— Вось у нашым садзе ёсць дуб у тры абхваты таўшчынёй. І наш цар дае вялікую ўзнагароду таму, хто гэты дуб зрэжа і на месца яго паставіць помнік. Але ніхто не знаходзіцца.

Салдат падумаў ды кажа:

— Далажы цару, што з'явіўся салдат, які можа гэта зрабіць.

На другі дзень вартаўнік далажыў цару, і цар даў распараджэнне рэзаць дуб і рабіць помнік. Праз некалькі дзён помнік быў гатовы. Зноў салдат і вартаўнік леглі адпачыць у будцы ў садзе. Не паспелі яны заснуць, як чуюць голас:

— Хто мяне пахаваў — выходзь!

Салдат кажа на вартаўніка:

— Ты выходзь, ты гаспадар у садзе.

А вартаўнік кажа:

— Не, я не пайду. Ты пахаваў, ты і выходзь.

Салдат кажа:

— Што будзе, то будзе, а выходзіць трэба.

Выходзіць салдат і бачыць — каля помніка стаіць чалавек:

— Ты мяне пахаваў? — пытаецца чалавек у салдата.

Салдат гаворыць:

— Я толькі зрэзаў дуб і паставіў помнік, а нікога не хаваў.

— Вось гэты дуб,— кажа чалавек,— гэта і быў я. А цяпер пойдзем за мной, і я перадам табе ўсё маё багацце.

І павёў чалавек салдата па балотах, па лясах. Прыходзяць да муру высачэзнага, што і канца не відаць. Чалавек дзмухнуў на гэтую сцяну — і сцяна разышлася. За сцяной відаць дварэц, увесь ззяе. Чалавек і кажа:

— Вось гэта мой дварэц, я табе яго перадам.

Прыходзяць яны ў сад. Чалавек прыводзіць салдата да яблыні, на ёй растуць чорныя яблыкі.

— Ну,- кажа чалавек на салдата,— з'еш адзін яблык.

Калі салдат з'еў, чалавек пытаецца:

— Ну, як сябе адчуваеш?

Салдат кажа:

— Учаплюся хоць за які поезд — астанаўлю.

— Гэта мала,— кажа чалавек,— з'еш яшчэ адзін яблык.

З'еў салдат яшчэ адзін яблык, чалавек пытаецца:

— Ну, а цяпер як адчуваеш сябе?

— А цяпер,— кажа салдат,— магу і зямлю нашу затрымаць.

— Гэта мала,— кажа чалавек,— з'еш яшчэ адзін яблык.

Калі салдат з'еў трэці яблык, чалавек пытаецца:

— Ну, а зараз як адчуваеш сябе?

Салдат кажа:

— Цяпер каб мне ўзяцца адной рукой за зямлю, а другой за неба — дык усё дагары перавярнуў бы.

— Ну, добра,— кажа чалавек,—'цяпер ідзем у маю стайню.

Заходзяць у першы станок — стаіць прыгожы конь, а над ім вісіць меч.

— Вось табе,— гаворыць,— адзін мой конь.

Пайшлі ў другі станок, і там стаіць конь, і над ім вісіць меч.

— Вось табе,— кажа,— другі мой конь.

І пайшлі ў трэці станок. Там стаіць трэці конь і вісіць меч.

— Вось табе,— кажа,— і трэці мой конь. Гэтыя,— кажа,— коні табе ў жыцці нада будуць. А цяпер пойдзем, перадам табе мае грошы.

Прыводзіць салдата ў дом, а там цэлыя засекі золата, срэбра, паперак.

— Вось гэта,— кажа,— усё тваё. А цяпер,— кажа,— стукніся аб зямлю.

Салдат стукнуўся — стаў замест старога малады, прыгожы, моцны чалавек. А той чалавек знік. Салдат і думае: «Куды ж цяпер дзявацца?»

Рашыў пайсці ў царскі сад да вартаўніка. Падышоў да саду, стукнуўся аб зямлю і зноў ператварыўся ў такога ж самага старога салдата. Прыходзіць да вартаўніка, пытаецца, што ў іх новага чуваць? Вартаўнік расказвае, што ў нас недалёка горада ёсць возера, у гэтым возеры водзіцца змей. І з кожнага дома вадзілі гэтаму змею на з'ядзенне людзей, а цяпер чарга дайшла да самога цара. Заўтра павядуць на бераг возера старшую дачку цара.

Салдат, нядоўга думаючы, паімчаў у свой дварэц, ударыўся аб зямлю, ператварыўся ў моцнага чалавека, схапіў меч, сеў на каня і паехаў на бераг возера. Прыехаў і схаваўся ў кусце на беразе.

Раніцай прыбралі царскую дачку на смерць і прывялі яе на бераг возера. Пакінулі яе адну, толькі генералы асталіся выглядваць з-за бугра, што будзе з царскай дачкою. У гэты час зашумела вада ў возеры і з яго вылазіць трохгаловы змей. Салдат як кінуўся конна на змея, адным узмахам адсёк яму ўсе тры галавы, а потым сціснуў іх, і яны зрабіліся на камаровы носікі. Схаваў іх салдат сабе ў кашалёк. Царская дачка так рада, дзякуе салдату і запрашае да сябе ў госці. Але салдат кажа, што ён вельмі стаміўся і яму трэба адпачыць. І паехаў.

Царская дачка пайшла дадому, а генерал і гаворыць:

— Прысягні, што скажаш цару, што выратаваў цябе я, а калі не прысягнеш, дык застрэлю.

Царская дачка прысягнула і згадзілася сказаць так цару.

Салдат, завёўшы каня, прыходзціь зноў у царскі сад да вартаўніка. Вартаўнік і кажа:

— Сёння генерал выратаваў старэйшую дачку цара ад змея, а заўтра трэба туды весці сярэднюю дачку.

Салдат, доўга не думаючы, паімчаўся ў свой дварэц, узяў другога каня і меч і паімчаўся зноў на бераг возера ў той самы куст.

Назаўтра раніцай прыводзяць зноў туды ж другую царскую дачку. Адзін з генералаў зноў астаўся за бугром. Асталася царская дачка адна. Зашумела вада ў возеры, паднялася з берагоў, вылазіць шасцігаловы змей і ідзе на царскую дачку. Салдат кінуўся конна на шасцігаловага змея і адным узмахам адсёк усе шэсць галоў, сціснуў іх у камаровыя носікі і паклаў сабе ў торбу. І другая царская дачка ад радасці просіць салдата да сябе ў госці, але ён кажа, што яму трэба адпачнуць. Паехаў салдат да сябе ў дварэц, а царская дачка пайшла дадому. Яе сустрэў другі генерал і таксама патрабаваў прысягі, што ён выратаваў яе.

— А калі,— гаворыць,— не згодзішся, дык застрэлю.

Царская дачка згадзілася. А салдат ізноў прыйшоў у царскі сад да вартаўніка. Вартаўнік кажа:

— І сярэднюю дачку цара выратаваў генерал. Але заўтра трэба весці самую малодшую.

Салдат, доўга не думаючы, паімчаўся ў свой дварэц, асядлаў трэцяга каня і паімчаўся на бераг возера ў той самы куст.

Раніцай прыводзяць да возера і трэцюю, малодшую дачку цара. Адзін з генералаў зноў астаўся сачыць, што будзе з дачкой цара. Убачыў салдат царскую дачку і пазнаў, што гэта тая самая, што была ў доме чараўніка.

У гэты час запенілася вада ў возеры, зашумеў вецер і з возера вылазіць дзевяцігаловы змей. Салдат выскачыў з куста, махнуў мячом, шэсць галоў адсек, а тры асталіся. І адна галава ўхапіла салдата за руку. Салдат выхапіў руку і адсек апошнія тры галавы, а тулава змея спіхнуў у возера. А ўся яго рука залілася крывёю. Царская дачка атарвала стужку ад сваёй сукенкі і завязала руку салдата. Яна просіць яго да сябе ў госці, бо цар будзе рабіць пір з радасці, што дочкі выратаваліся ад смерці.

Пайшла царская дачка дадому. Сустракае яе і гэты генерал і кажа, каб яна прысягнула, што ён яе выратаваў, а калі не прысягне, то ён яе застрэліць. Што рабіць — і гэта згадзілася.

А салдат адвёў каня і прыйшоў зноў у царскі сад да вартаўніка. Вартаўнік гаворыць, што заўтра ў цара будзе пір на ўвесь мір і на пір цар запрашае ўсіх — і бедных і багатых.

Салдат кажа:

— Ну што ж, пойдзем, паглядзім.

Назаўтра пайшлі яны на пір. А там стаіць сталоў — канца не відаць. А на сталах усё, чаго толькі душа жадае: і піць, і есці, і курыць, і музыка іграе. Уладзіліся салдат з вартаўніком на самым апошнім стале. У гэты час царскія дочкі, узяўшыся падручку з генераламі, абходзілі ўсе сталы. Падышлі яны пад апошні стол, а самая малодшая царская дачка бачыць у салдата на руцэ стужку з свае сукенкі. Прыгледзелася яна і пазнала, што гэта той салдат, які выратаваў яе з катла. Як кінулася яна да салдата, а генерал давай яе не пускаць. Тады яна вярнулася да цара і расказала, што іх выратавалі ад змея не генералы, а салдат, які сядзіць ля самага апошняга стала. Цар загадаў генералаў арыштаваць, а салдата даставіць да яго.

Прышоў салдат да цара, паказаў змяёвыя галовы з камаровыя носікі і стужку малодшай царэўны. Расказаў ён, як выратаваў малодшую дачку цара з катла чараўніка, як выратаваў усіх трох дачок цара ад змея.

Цар загадаў генералаў расстраляць, а малодшую царэўну ажаніў з салдатам.

На гэтым вяселлі я быў, мёд-віно піў, па барадзе капала, а ў рот не папала. На гэтым казка ўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 533-539
Крыніца: скан