epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як смерць выўчыла чалавека знахарства

Адзін чалавек быў надта бедны, так наварыў сабе стравы, узяў у збаночак да й пайшоў сабе ў свет. Ідзе, так ідзе, анно ж спатыкае чалавека, а гэта быў бог, і пытае ў яго:

— Куда ідзеш?

— У свет.

— А што нясеш?

— Абед; калі трапілася б з кім справядлівым, то з'еў бы.

— Ну, то з'еш са мною.

— А хто ж ты?

— Я бог.

— Э-э! Калі ты бог, то я не буду з табою ў паляруша есці: які ты справядлівы, калі адзін аж надта мае, а другі з голаду здыхае!

І пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, анно ж спатыкае пана Езуса. Ну, так пан Езус кажа:

— Куда ідзеш?

— У свет.

— А што нясеш?

— Абед; калі трапілася б з кім справядлівым, то з'еў бы.

— Ну, то з'еш са мною.

— А хто ж ты?

— Я сын божы.

— Э-э, такія вы ўсе справядлівыя: які бацька, такі і сын — усей род ваш гэдакі!

І гэта ўвайцяўшы, пайшоў. Ідзе, так ідзе, анно ж спатыкае смерць. Смерць таксама ў яго пытае, а ён:

— А хто ж ты?

— Я смерць!

— О, калі смерць, то з табою з'ем, бо ты прынаймей справядліва: усіх бярэш — і багатага, і беднага.

Гэта кажучы, селі, з'елі, тады смерць кажа:

— Цяпер то ты будзеш багаты, заўсёды мяне будзеш бачыць: усім кажы, што ты дохтар, да й глядзі, як цябе да хворага зазвуць, а я буду стаяць у канцы галавы, то ты на[в]ат і не леч, а калі ў канцы ног, то дай сякога-такога зельечка, то й выачуняе.

— Добра.

І разышліся. Той ідзе, так ідзе, заходзіць да аднае хаты, анно ж ляжыць слабая жонка, глянуў — смерць у канцы ног стаіць, так даў якогась зельечка, то як рукою ўняў. Тут усе пачалі яго зазываць, упярож да вёсак, после і да двораў. Аднаго разу заклікалі яго да двара, а было недалёка, так ён пайшоў пяхтом. Уходзіць у двор, анно ж парабкі, угледзеўшы, змовіліся: адзін лёг у жолаб і стогне, а тыя падыходзяць да яго да й кажуць:

— Егамосцяньку, няхай ягомасць пахфатыгуецца, тут парабак захварэў, мо якую раду дасце.

Той уходзіць у стайню, глянуў, анно ж смерць стаіць у канцы галавы.

— Э-э, яму я нічога не параджу.

Тыя гэта ў смех:

— Га-га-га! Такі з егамосці і дохтар.

— Ну, абачце сабе!

Калі тыя глянуць, анно ж умёр! Тады далі веры, што ён дохтар велькі. Анно ж, аднаго разу смерць кажа:

— Ну, за тыдзень буду ў це — прыгатуйся там.

Той кажа:

— Добра.

Прыйшоў дахаты, зрабіў круцяшча ложко, анно ж ідзе смерць і стала ў галаве. Ён гэта пакруціў, так смерць ужэ ў нагах. Што смерць зойдзе ад галавы, то ён зноў перакруціцца. Скакала смерць каля яго, скакала, а после кажа:

— Круці не круці, трэба ўмярці!

Да й то дзыгець! у ложко і ўдушыла яго.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 496-497
Крыніца: скан