epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як тры змяі тры кралеўны на той свет пахваталі

Было ў аднаго кроля тры дачкі і адзін сын. Аднаго разу пайшлі яны ў лес па ягады, ажно надышла хмара, спусцілася на зямлю і забрала найстаршу сястру. А на той хмары быў змей з дванаццацьма галавамі. Так прыбеглі яны чуць жывы на кралеўскі двор і расказалі бацьку, што так і так, так і так. На другі дзень зноў яны пайшлі ў лес, ажно як дайшлі да таго месца, так зноў хмара спусцілася і забрала серадольшую сястру. А на той хмары быў другі змей з дзевяцьма галавамі. Яны зноў як без духу папрыбягалі да палаца і ўсё расказалі бацьку. На трэці дзень зноў пайшлі брат з сястрою ў лес. Аж пад лесам надышла раптам хмара, а на той хмары быў змей з шасцьма галавамі і ўхапіў астатню сястру. Так кралевіч, прыбегшы да бацька, расказаў аба ўсём і кажа:

— Я пойда ў свят шукаць своіх сёстр, тылько проша мне даць рэнчніка1 і сломка2.

Так кроль даў яму ручнік і саломку і кажа:

— Добра, сынку, ідзі з богам і шукай.

Ідзе, так ідзе, аж стаіць рэчка, так ён палажыў саломінку на верх ручніка і па том, як па мосце, перайшоў шчасліва. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць — у гнездачку птушачкі маленькія. Так хацеў іх пазабіваць, аж іх маці кажа:

— Кролю-кралевічу, не бі нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.

Ён паглядзеў на іх і пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць, стаіць улей з пшчолмі, так ён хацеў дастаць мёду і параскідаць вашчыну. Аж пшчолы кажуць:

— Кролю-кралевічу, не зачапай нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.

Ён, паглядзеўшы на іх, пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж пад пнём мурашнік, так ён іх хацеў параскідаць, а яны кажуць:

— Кролю-кралевічу, не зачапай нас, то мы табе станем у велькай прыгодзе.

Ён пакінуў іх і пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць — стаіць двор на граніцы другога свету. А ў том дварэ жыла слуга змяёў, старая ведзьма, і без яе пазвалення не можна было перайсці на той свет. А было ў яе два велькіх сівых кані, і, бало, хто хоча іці на той свет, то яна выпускае тыя коні, і калі зловіць, то яго перапусціць, а калі не дасць рады, то голаў сцінае. Так да тае ведзьмы зайшоў кралевіч, бо не было іншай радачкі: краз той двор анно адна дарога ішла на той свет. Так яна кажа:

— Выпушчу коні, а калі назад прыжанеш іх да стайні, то пушчу, а як не — голаў затну.

Ён падумаў і кажа:

— Добра.

Яна гэта зара зайшла, выпусціла коні, а яны, хвасты пазадзіраўшы, калі ні пабягуць у лясы! Беглі, беглі, ажно прыбеглі і наступілі на той мурашнік, а мурашкі і пшчолы як стануць іх кусаць, так самі прыбеглі да стайні. Тады ведзьма паглядзела, што няма рады, і пусціла яго на той свет. Ідзе, так ідзе, аж глядзіць — стаіць залаты замак. А ў том замку жыў змей з дванаццацьма галавамі з найстаршаю яго сястрою. Як ён вайшоў у сярэдзіну, так сястра яго адразу пазнала да і кажа:

— Чаго ты, братко, прыйшоў? Як змей прыйдзе, то ён цябе і мяне з’есць.

А кралевіч:

— Не бойся,— кажа,— анно мяне схавай у шапу.

Так яна дала яму такіх кропель, што як чалавек вып'е, то надта дуж зробіцца, і схавала яго ў шапу. Ажно прыходзіць змей. Як анно ўвайшоў у хату, так кажа:

— Не слыхана, не відана, людскім духам смярдзіць!

А жонка:

— Э,— кажа,— дзе? Тут нат птушачка не пераляцела, не то людскі дух. Ну, а жэбы і быў, то цо ты яму зрабіў бы?

— Накарміў бы, напаіў бы, срэбра, злота насыпаў бы і адправіў бы б.

А яна кажа:

— Ну, то ест тут мой брат, прыйшоў да нас у гасціну.

Так змей кажа:

— Пакажы!

Тады ён вылез з шапы, а змей:

— Як се маеш, пане швагжэ?

— Як се маеш, змей?

— Біцца,— кажа змей,— ці гадзіцца?

— Не, біцца!

І давай жа біцца. Кралевіч як сціснуў змея, аж косці затраскацелі, ледзьва змей вымавіў: «Падай вады!». Так жонка дала яму слабае вады, а брату моцнае, так кралевіч яшчэ дужайшы зрабіўся, а змей чыста аслабеў. Так кралевіч не забавіўся ўжо і змея забіў. После паадрэзваў дванаццаць языкоў, за пояс заткнуў, пажагнаўся3 з сястрою і пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж стаіць цэлы з срэбра замак. Уходзіць ён у сярэдзіну, аж там сядзіць серадольша яго сястра. Як угледзела, так зара яго пазнала і кажа:

— Братко мой наймілейшы, а мой ты саколіку, чаго ты прыйшоў? А то ж як прыбяжыць змей, то ён і цябе і мяне з'есць.

— Не бойся, анно схавай мяне, сястронко, у шапу.

Так яна дала мацуюшчых кропель і схавала. Аж уходзіць змей.

— Не слыхана, не відана, людскім духам смярдзіць!

А жонка:

— Э,— кажа,— дзе? Тут нат птушачка не пераляцела, не то людскі дух. Ну, а жэбы4 і быў, то цо ты яму зрабіў бы?

— Накарміў бы, напаіў бы, срэбра, злота насыпаў бы і адправіў бы б.

А яна кажа:

— Ну, то ест тут мой брат, прыйшоў да нас у гасціну.

Так змей кажа:

— Пакажы!

Тады ён вылез з шапы, а змей:

— Як се маеш, пане швагжэ?

— Як се маеш, змей?

— Біцца,— кажа змей,— ці гадзіцца?

— Не, біцца!

І давай зноў лупіцца, і кралевіч так прыціснуў змея, што ён ледзьва мог вымавіць: «Падай вады!». Яна дала змею слабае, а брату моцнае вады. Тады кралевіч яго да рэшты забіў, дзевяць языкоў адрэзаў, за пояс іх заткнуў, а пажагнаўшыся з сястрою, пайшоў далей. Ідзе, так ідзе, аж стаіць медзяны замак. Як увайшоў у сярэдзіну, глядзіць, ажно сястра яго тамака. Так ужо сардэчна прывіталіся! После яна кажа:

— Мой ты братко, дзе я цябе схаваю? Бо як прыляціць змей, то ён нас паесць.

— Не бойся, схаваеш мяне ў шапу.

Так яна яму дала мацуюшчых кропель і схавала. Аж уходзіць змей з шасцьма галавамі. Так зара знюхаў чалавека і кажа:

— Не відана, не слыхана, людскім духам смярдзіць!

А жонка:

— Э,— кажа,— дзе? Тут нат птушачка не пераляцела, не то людскі дух. Ну а жэбы і быў, то цо ты яму зрабіў бы?

— Накарміў бы, напаіў бы, срэбра, злота насыпаў бы і адправіў бы б.

А яна кажа:

— Ну, то ест тут мой брат, прыйшоў да нас у гасціну.

Так змей кажа:

— Пакажы!

Тады ён вылез з шапы, а змей:

— Як се маеш, пане швагжэ?

— Як се маеш, змей?

— Біцца,— кажа змей,— ці гадзіцца?

— Не, біцца!

І давай ламатацца: біліся, біліся, аж кралевіч і гэтага змея забіў. Тады, адрэзаўшы языкі, за пояс пазатыкаў, да і пайшлі з сястрою да тых сёстраў. Як анно выйшлі на дарогу, так яна кажа:

— Нічога мне не шкада, толькі гэтых палацаў і багацтва.

Так ён узяў ручніка і як замахнуў, так як бач усей палац у клубок скруціўся. Тады ён улажыў у кішэнь і пайшлі. Як прыйшлі да срэбнага замка, так забралі тую сястру і ідуць. Ажно яна кажа:

— Нічога мне не шкада, толькі гэтых палацаў і багацтва.

Так кралевіч замахнуў ручніком, той палац таксама ў клубок скруціўся, ён яго ў кішэнь, і ідуць да найстаршае. Ішлі, ішлі, аж прыйшлі да залатога замка і забралі сястру. Выходзяць на надворак, ажно і той шкада было пакідаць багацтва. Так кралевіч махнуў ручніком, палац скруціўся, ён яго ў кішэнь. Ішлі, ішлі, аж прыйшлі пад тую самую рэчку, краз катору ён калісьціць на саломінцы і ручніку пераходзіў. Аж там разбойнікі назмысне5 быта тапіліся. Паўлазілі яны ў рэчку і просяць, каб ён іх ратаваў, а ён ведама, што быў добрага серца, так стаў іх выцягаць, а яны яго ўцягнулі ў ваду і ўтапілі. После сёстрам казалі прысягнуць, што яны іх ад змяёў выратавалі, і пайшлі на кралеўскі двор. Як анно адышліся, так прылятае над рэчку тая самая птушачка, што кралевіч ёй жыццё дараваў, і прыносіць яму есці. Так кралевіч кажа:

— Вазьмі ты дзве пляшачкі і прынясі мне вады жывушчае і мацуюшчае.

Так птушачка як бач і прынесла. Тады кралевіч як выпіў, так зара падужаў, вылез з рэчкі, пайшоў да аднаго краўца на кралеўскі двор і згадзіўся за чалядніка. Ажно ў гэтым самым часе кроль выдаваў найстаршу дачку за аднаго з разбойнікаў. Так яна казала таму краўцу зрабіць дыхтар6 такое ўвабранне, у якім яна хадзіла ў змея:

— Як зробіш,— кажа,— такую, то дам сто рублёў, а як не, то голаў кажу зняць.

Так той небарака прышоўшы дахаты стаў плакаць, а кралевіч, даведаўшыся прычыны:

— Не плач,— кажа,— мой пане гаспадару, я табе сукню пашыю, а ты паложся спаць.

Як той анно лёг спаць, так кралевіч выйшаў на двор, выняў залаты клубочак, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся залаты замак. Тады ён убег у сярэдзіну, ухапіў сукню найстаршай сястры, после выбег, замахнуў ручніком, так замак зноў у клубочак звінуўся. Ён гэта ўлажыў яго ў кішэнь і пайшоў дахаты. Назаўтра, як кравец угледзеў тую сукню, так проста не мог выдзівіцца: дзякуе яму, плача з радасці, такі ўжо кантэтны7! Сукня надта кралеўне спадабалася, так утрахтавала8 краўца і дала яму сто рублёў. На другі дзень кроль серадольшую дачку выдаваў за другога разбойніка. Так і тая краўцу заказала, каб пашыў ёй якраз такую сукню, у якой яна ў змея хадзіла:

— Зробіш,— кажа,— то заплачу дзвесце рублёў, а як не, то голаў кажу сцяць.

Так і тым разам кралевіч стаў яму ў памочы, бо надта прасіў яго. Як анно ноч настала, так узяў срэбнага клубка, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся срэбны замак. Тады ён убег у сярэдзіну, ухапіў сукню серадольшай сястры, после выбег, замахнуў ручніком, так замак зноў у клубочак звіўся. Ён яго ўлажыў у кішэнь і пайшоў дахаты. Назаўтра, як кравец угледзеў тую сукню, так проста не мог выдзівіцца: дзякуе яму, плача з радасці, такі ўжо кантэтны! Сукня надта кралеўне спадабалася, так утрахтавала краўца і дала яму дзвесце рублёў. На трэці дзень кроль аддаваў наймельшу дачку за трэцяга разбойніка, так і тая таксама зазвала краўца да се і казала яму зрабіць сукню, як у змея хадзіла. І кажа:

— Калі зробіш, то дам трыста рублёў, а як не, то голаў кажу сцяць.

Так і тым разам кралевіч стаў яму ў памочы, бо надта прасіў яго. Як анно ноч настала, так узяў медзянога клубка, палажыў на зямлі і як размахнуў ручніком, так як бач зрабіўся медзяны замак. Тады ён убег у сярэдзіну, ухапіў сукню наймельшай сястры, пасля выбег, замахнуў ручніком, так замак зноў у клубочак звіўся. Ён яго ўлажыў у кішэнь і пайшоў дахаты. Назаўтра, як кравец угледзеў тую сукню, так проста не мог выдзівіцца: дзякуе яму, плача ад радасці, такі ўжо кантэтны! Сукня надта кралеўне спадабалася, так утрахтавала краўца і дала яму трыста рублёў.

Як настаў вечар, кралевіч пайшоў на кралеўскі двор, усе тры клубкі паклаў на надворку і як размахнуў ручніком, так зрабілася ў вока мглені тры замкі: залаты, срэбны і медзяны. Тады ўвайшоў, у каждым акне пазапаліваў свечкі, да і сам у залатом замку сеў і стаў на ксёнжцы чытаць. Як служба анно такое дзіва ўгледзела, так зара кролю данясла. Так кроль з усімі гасцьмі выйшаў. Усе надта дзівіліся, што гэта такое, і давай абходзіць тыя палацы, а кроль, угледзеўшы, што нехта сядзіць у залатом замку, увайшоў і пытае:

— Хто тут?

— Я!

— Хто?

— Твой сын!

Так абняліся і сталі вітацца, і кралевіч зара ўсё чыста расказаў, як там было. Тады кроль казаў усіх разбойнікаў на жалезныя бораны парасцягаць, а сына ажаніў і справіў вялікае вяселле.

1 Рэнчнік – ручнік

2 Сломка – саломінка

3 Пажагнацца – развітацца

4 Жэбы – каб

5 Назмысне – знарок

6 Дыхтар – скажонае рыхтык – дакладна

7 Кантэнтны – задаволены

8 Утрахтаваць – пачаставаць



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 29-34
Крыніца: скан