epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Як вужава жонка паставіла сынка дубком

Было ў дзеда трох сыноў і адна дачка, а ў бабы анно дзве дачкі: дзедава была надта працавіта, а тыя вельмі гультайкі. Аднаго разу бацькі выбіраліся да места, так адна кажа купі мне тое, друга — тое, а дзедава кажа:

— Прывязі мне, татку, рожу.

Так ён тым абедзвім пакупаваў усё, а сваёй забыўся кветкі купіць. Другім разам таксама забыўся, а трэцім пайшоў ужэ да гароду рваць. Ажно там пад кустом ляжаў вуж, так ухапіў яго за галаву і кажа:

— Аддай тую дачку мне, для каторай рожу рвеш!

Так ён чыста спалохаўся і кажа:

— Добра!

Ніўбаўкі прыязджае той вуж і кажа:

— Кролю, кролю, кралевічу, сенатолю, аддай дачку Галеначку, што па саду пахаджала, а мне, вужу, прысягала.

Так бацька кажа:

— Дай мне поўну стайню коней і поўну абору кароў і поўна гумно збожжа, то табе аддам.

Так у мглені ока ўсё, чаго захацеў, сталася. Тады яны прыбралі наймельшу ў яе адзенне, тая села і паехала з вужам. Едуць яны, так едуць, а вароны над імі ўсё крычаць:

— Кра-а, кра-а! Вязе вуж ні Галеначку-работнічку, да другую гультаечку!

Вуж, пачуўшы тое, як ні піхане яе з воза, так яна ўпала і руку выбіла.

На другі дзень прыязджае зноў вуж і кажа:

— Кролю, кролю, кралевічу, сенатолю, аддай дачку Галеначку, што па саду пахаджала і мне, вужу, прысягала!

Як вуж даў ім поўну стайню коней, абору быдла і гумно збожжа, так прыбралі другую гультайку і далі, так ён і паехаў. Едуць яны, так едуць, а вароны ўсё над імі дзяруцца:

— Кра-а! Кра-а! Вязе вуж ні Галеначку-работнічку, да другую гультаечку!

Так вуж, пачуўшы тое, піхнуў яе з воза, так яна ўпала і ногу выбіла. На трэці дзень зноў вуж прыязджае і кажа:

— Кролю, кролю, кралевічу, сенатолю, аддай дачку Галеначку, што па саду пахаджала і мне, вужу, прысягала!

Так не было ўжэ што рабіць, так прыбралі Галеначку-работнічку ў лахманы і аддалі яму. Едуць яны, едуць, а вароны ўсё летаюць над імі і крычаць:

— Кра-а! Кра-а! Вязе вуж Галеначку-работнічку!

Заехалі яны ў дунай і жылі шчасліва, і бог даў ім сынка.

Падгадаваўшы дзіця, аднаго разу яна кажа:

— Паедзем бацькоў адведаці.

Так селі і паехалі. Едуць, едуць, аж там недалёка ад хаты была рака, так ён улез у воду, а яна пайшла да бацькоў. Як пабыла там крыху, так прыйшла пад рэку і кажа:

— Вужу, вужу, мой мілы мужу, няхай вочка нагледзяцца, няхай сэрца нацешыцца!

Так ён вылез з вады, ды як нацешыліся сабою, яна зноў пайшла дахаты. Тым часам браты, думаючы, што ёй кепска, умовіліся яго страціць. Так ўпярод пайшоў над рэку сам найстаршы братка і кажа:

— Вужу, вужу, мой мілы мужу, няхай вочка нагледзяцца, няхай сэрца нацешыцца!

Але ён не выйшаў. После прыходзіць сярэдні братка і кажа:

— Вужу, вужу, мой мілы мужу, няхай вочка нагледзяцца, няхай сэрца нацешыцца!

Але вуж і тым разам не паслухаўся. Так урэшце прыйшоў сам наймельшы братка і кажа:

— Вужу, вужу, мой мілы мужу, няхай вочка нагледзяцца, няхай сэрца нацешыцца!

Так вуж, думаючы, што яго кліча жонка, выйшаў з вады, а ён бэнц! і забіў яго. Ажно якраз Галенцы захацелася з мужам абачыцца, так прыйшла над рэку і кажа:

— Вужу, вужу, мой мілы мужу, няхай вочка нагледзяцца, няхай сэрца нацешыцца!

Тым часам ён не выйшаў. Паглядае, ажно пена толькі па вадзе плавае, так дагадалася і пачала плакаць. Ажно пачула яе маці, так падышла да яе і кажа:

— Дачушко Галеначко, хадзі цёмну ночку спачываці, цёплу кашку спажываці!

А яна кажа:

— Не хачу, не хачу: зрадзілі вы ма[й]го мужа, зрадзіце вы і мяне!

Так маці пайшла дахаты ды й выслала бацька. Ён падышоў і кажа:

— Дачушко Галеначко, хадзі цёмну ночку спачываці, цёплу кашку спажываці!

Але яна так сама адказала:

— Не хачу, не хачу: зрадзілі вы ма[й]го мужа, зрадзіце вы і мяне!

Ходзіць яна каля рэчкі і так плача, так лемянтуе, так вычытвае, аж прыходзіць сярэдняя сястра, за ею наймельша і просяць:

— Галенко-сястроначко, хадзі цёмну ночку спачываці, цёплу кашку спажываці!

Але яна адказала:

— Не хачу, не хачу: зрадзілі вы ма[й]го мужа, зрадзіце вы і мяне!

После прыйшоў найстаршы братка, за ім сярэдні і просяць:

— Галенко-сястроначко, хадзі цёмну ночку спачываці, цёплу кашку спажываці!

Але яна і ім адказала.

Так урэшце прыйшоў сам наймельшы братка і кажа:

— Галенко-сястроначко, хадзі цёмну ночку спачываці, цёплу кашку спажываці!

Так яна:

— Не хачу,— кажа,— не хачу: зрадзілі вы ма[й]го мужа, зрадзіце і мяне. Пастаўлю сынка дубком, а сама пайду ў вір галавою.

І ў вока мглені з сынка зрабіўся дубочак, а яна ўскочыла ў рэку і ўтапілася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 112-114
Крыніца: скан