epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Яначка

Жылі два браты. Адзін багаты, а другі бедны. Бедны ўсё робіць, а есці няма чаго. І жонка яму, і людзі гавораць:

— Пайдзі ў свет, можа заробіш ці выпрасіш што-небудзь.

Згадзіўся Яначка з гэтым і пайшоў. Ішоў, ішоў, ці доўга, ці коратка — невядома. Сустрэўся з старым чалавекам. Чалавек пытаецца:

— Куды ты, Яначка, ідзеш?

— Іду ў свет, можа што зараблю ці ў людзей дастану. Так збяднеў, што ні есці, ні насіць.

Чалавек даў яму абрусік і кажа:

— Прыйдзі дамоў, пасцялі на стол і скажы: «Абрусік, абрусік, дай есці!»

Ён падзякаваў і пайшоў. Адышоўся ад чалавека, паслаў абрусік і кажа:

— Абрусік, абрусік, дай есці.

На абрусіку паявілася ўсё, нават і віно. Яначка пад’еў, а астатняе ў кішэні забраў.

На дарозе стаяла карчма, і там жыў Шлёма. Яначка думае: зайду.

Яначка любіў выпіць. Шлёма кажа:

— Дзень добры, Яначка! Дзе гэта хадзіў, можа чарку вып'еш?

{вып еш?

}— А добра б было.

Як выпіў Яначка трохі, а тады больш і больш, і заснуў на стале ў Шлёмы. Шлёма выцягнуў у Яначкі абрусік з-за пазухі і паклаў сабе, а Яначку просты абрусік паклаў.

Прыйшоў Яначка дамоў, папрабаваў абрусік, абрусік нічога не дае. Зноў плачуць дзеці і жонка, есці няма чаго. Пайшоў Яначка ў свет. Прайшоўшы, сустрэўся зноў з чалавекам. У чалавека была з сабою авечка.

— Куды ты, Яначка, ідзеш?

— Іду ў свет, можа зараблю ці выпрашу хлеба, няма чаго есці.

Чалавек даў яму авечку.

— Вядзі яе дамоў і скажы: «Авечка, дай есці».

Яначка, прайшоўшы трохі, не вытрываў і сказаў:

— Авечка, дай мне есці.

Авечка забляяла і страсянулася. Пасыпаліся грошы — золата і срэбра. Яначка набраў кішэні і пайшоў радасны.

Зноў зайшоў да Шлёмы.

— Дзень добры, Яначка! Можа, чарку вып’еш?

— А давайце.

Шлёма ставіць, а Яначка п’е і плаціць, і заснуў Яначка на стале. Авечка стаяла на дварэ прывязана. Шлёма забраў авечку сабе, а сваю прывязаў на тое месца. Прачнуўся Яначка, за авечку і пайшоў дамоў. Прывёў і кажа:

— Авечка, дай есці.

А авечка крычыць, каб ёй есці далі. Паглядзеў, паглядзеў і зарэзаў авечку. З’елі мяса і зноў няма чаго есці. Пайшоў Яначка ў свет. Прайшоўшы, сустракаецца зноў з чалавекам.

— Куды гэта, Яначка, ідзеш?

— Іду ў свет, каб дзе зарабіць ці выпрасіць хлеба, няма чаго есці.

Чалавек даў яму дубінку.

— Папрасі,— кажа,— у гэтай дубінкі, яна дасць есці.

Яначка падзякаваў і пайшоў. Прайшоўшы, не вытрымаў і давай прасіць:

— Дубінка, дай есці.

А дубінка як стала біць па руках, па нагах, па галаве. Яначка крычаў і давай прасіцца. Дубінка перастала. Зноў зайшоў да Шлёмы.

— Дзень добры, Яначка! Можа і сягоння чарку вып’еш?

Яначка адказвае:

— Хто яго ведае.

Шлёма бярэ ў яго дубінку.

— О! Якая дубінка ў цябе!

А дубінка як стала Шлёму біць! Пакаціўся Шлёма і крычыць:

— Яначка, ратуй! Яначка, бяры свой абрусік, сваю авечку!

Яначка забраў абрусік, авечку, дубінку і пайшоў дамоў. Тут стаў абрусік даваць усяго, а авечка як страсянецца — срэбра і золата. У Яначкі стала ўсяго многа, усе чыста адзетыя, у хаце стала багата.

Стаў цікавіцца старэйшы брат. Яначка расказаў, адкуль у яго бярэцца багацце. Дачуўся аб гэтым пан. Прыйшоў да Яначкі ды і кажа:

— Ты не можаш карыстацца гэтымі рэчамі, просты чалавек. Аддавай гэта мне, а то я цябе пакараю.

— Ну што ж, бяры,— кажа Яначка.

Аддаў Яначка абрусік і авечку, а дубінка асталася. Устроіў пан пір на ўвесь мір. Абрусік дае ўсяго яму. Гасцей у пана поўна. Не выцерпеў Яначка і пайшоў да пана з дубінкаю.

— Дубінка, памажы!

Як стала дубінка біць усіх гасцей на сталах, па талерках і паноў па лбе. Скрывіла ім морды. Крычаць, просяцца паны ў Яначкі. А фурман запрог пару коней ды на воз авечку і Яначку.

І жыве цяпер Яначка з дубінкай і ніякіх паноў не баіцца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 589-591
Крыніца: скан