epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Янка і каралеўна

{I КАРАЛЕУНА

}Жыў стары, меў тры дзяўчыны і сына Янку. У яго не было жонкі, у гэтага старога, і сам ужо аслабеў. Старасць падышла, смерць наблізілася. Ён свайму сыну і гаворыць:

— Ну, сынку, глядзі, як пасля маёй смерці прыйдуць сваты, аддавай большую сястру. Прыйдуць другія — аддавай селядоршую. Прыйдуць трэція — аддавай меншую.

У кароткі час стары памёр.

Прылятае Воран Воранавіч у сваты. Аддаў Янка большую. Прылятае Арол Арловіч — аддаў ён селядоршую. Прылятае Судак Судаковіч — аддаў і меншую. Аддаў, а сам не ведае, куды аддаў. Захацеў паехаць да іх у госці, наведацца, ды не ведае, куды ехаць. Рашыў пайсці пашукаць і пайшоў.

Ішоў ён, ішоў, бачыць — на дарозе чэрці б’юцца. Знайшлі тры рэчы і не могуць падзяліць: шапку-невідзімку, боты і бронь-каналет. Як падышоў ён да гэтых чарцей, дык яны абрадаваліся. Вось адзін гаворыць:

— Як, паляшук, падзеліш нам тры рэчы?

Ён прыступіў дзяліць:

— Бяжыце,— кажа,— за пяць кілометраў: які прыбяжыць уперад, дык таму дзве рэчы, а які пасля, дык адну.

Яны і згадзіліся. Пабеглі. Ён боты на ногі, шапку на галаву, сеў на бронь-каналет і паляцеў. Прыбеглі чэрці на тое месца. Адзін кажа:

— Вось і падзялілі: асталіся без нічога.

Доўга ці коратка ляцеў Янка, бачыць — штосьці віднеецца.

Ён і пытаецца ў бронь-каналета:

— Што гэта? Ці сонца ўсходзіць, ці агонь гарыць?

Бронь-каналет кажа:

— Гэта агонь гарыць у палацы тваёй большай сястры.

— Ну, дык вось ляці туды і спускайся.

Спусціўся бронь-каналет. Пайшоў паляшук у палац. Сястра ўбачыла брата і абрадавалася.

— Добра, братка, што ты да мяне прыбіўся. Але прыляціць мой муж Воран Воранавіч, дык ён цябе заб’е, калі ўбачыць.

Яна яго накарміла і ў асобную бакоўку зачыніла. Прылятае Воран Воранавіч. Адно ўступіў у палац і кажа на жонку:

— Ах, які тут рускі дух пахне.

— Мілы ты мой, ты па свеце лятаў, рускім духам насякнуўся, табе і цяпер пахне.

Дала яму есці і за вячэрай давай успамінаць пра брата:

— Вось астаўся ў мяне адзін брат. Што было б, каб ён прыляцеў да нас у госці?

Ён кажа:

— Што было б? Ну, выпілі, пагулялі б ды павесяліліся.

Дык яна прызнавалася, што брат тут.

— Заві яго сюды! — кажа Воран Воранавіч.

Зачалі піць і гулялі тры дні: выпівалі, спявалі, весяліліся. Прайшло тры дні, брат гаворыць:

— Ну, сястра, я ад цябе пайду.

Развітаўся і адходзіць. Яна вынімае рушнік і кажа:

— На табе, братка мой родны, ён табе ў дарозе спатрэбіцца.

Паляцеў да другой сястры. Таксама было і ў другой сястры — жонкі Арла Арловіча. І яна такі самы ручнік яму даравала. Сеў на бронь-каналет і паляцеў да трэцяй сястры. Убачыў агонь і пытаецца ў бронь-каналета:

— Ці сонца ўсходзіць і заходзіць, ці што?

Бронь-каналет адказвае:

— Гэта ў тваёй меншай сястры ў палацы агонь гарыць.

Гэты палац быў каля мора. Увайшоў ён у палац. Сястра абрадавалася, што ўбачыла брата:

— Ах, братка мой родны, добра, што ты прыбіўся да мяне. Але прыляціць мой мужык Судак Судаковіч, ён цябе забіць можа.

Напаіла брата, накарміла і ў асобную бакоўку схавала.

Мора ўсхвалявалася. Судак Судаковіч успляснуў хвастом, зрабіўся малайцом і ідзе ў свой палац. Увайшоўшы кажа:

— Ах, як тут рускім духам пахне.

Жонка гаворыць:

— Мілы мой, ты па моры плаваў, рускім духам насякнуўся, табе і цяпер пахне.

Дала яму есці. І пытаецца, што б было, калі брат прыляцеў бы да іх.

— Ды нічога не было б: выпілі б, пагулялі б ды павесяліліся.

Ну, дык яна паклікала брата, і яны пачалі піць, гуляць, весяліцца. Пры выпіўцы, пры размове брат кажа:

— Ну, я астаўся адзін цяпер. Як бы і мне ажаніцца і жыць?

Судак Судаковіч падумаў і гаворыць:

— Ёсць у адным каралеўстве каралеўна, але не з такім шчасцем-доляй дабіцца яе. Нас было трох братоў, не такіх, як ты, ды і то не дабіліся, дык і табе не раю думаць аб гэтым.

Але брат распытаў, дзе, у якім каралеўстве знаходзіцца яна.

Развітаўся з сястрой і адыходзіць. І яна дала яму ручнік.

— На, братка родны, ён табе ў дарозе спатрэбіцца.

Сеў на бронь-каналет і паляцеў. Доўга ці коратка ён ляцеў, бачыць — нешта віднеецца. Ён і пытае ў бронь-каналета:

— Гэта сонца ўсходзіць ці агонь гарыць?

— Гэта,— кажа бронь-каналет,— агонь гарыць у палацы каралеўны.

— Ну, дык вось, ляці туды і спускайся.

Спусціўся бронь-каналет. Паляшук пайшоў у палац, а каралеўскія слугі не пушчаюць яго. Ён кажа слугам, што прыехаў у сваты. Ну, тады прапусцілі. А ў той каралеўны была яма. Як хто прыедзе ў сваты, дык кіне ў тую яму і есці нічога не дае. Як кіне свежага чалавека, дык тыя, што там знаходзяцца, яго раздзяруць і ядуць. Захацела каралеўна, каб з’елі і гэтага свата. Ну, і скамандавала слугам кінуць яго ў яму. Яго і кінулі.

Праз некалькі гадзін яна кажа на слугу:

— Пайдзі паслухай, што ў яме робіцца.

А як слуга пайшоў, дык выняў ён ручнік. Як страсянуў, дык з таго ручніка і піці, і есці, і музыка — чаго хочаш. Як пайшоў слуга каралеўскі слухаць, не наслухаецца музыкі, не адходзіць ад ямы. Потым прыходзіць да каралеўны. Яна пытаецца:

— Чаго там доўга быў?

— Вось, каралеўна, каб вы пайшлі, дык і вы доўга былі б: не наслухаецца, не нацешыцца, так цудоўна там музыка іграе.

Пайшла каралеўна туды паглядзець. Папраўдзе, гуляюць у яме, п’юць, пяюць, іграюць. Ну, яна кліча яго:

— Янка, што ў вас?

— А вось з гэтага ручніка ўсе.

Каралеўна пытае:

— Можа, гэты ручнік прадажны?

— Не,— гаворыць,— не прадажны, але заветны.

— А як яго завясціць?

— Няхай каралеўна па калені мне свае ногі пакажа, дык і аддам.

Ну, яна паказала калені і забрала ручнік. Забрала і думае: «З’ядуць яго цяпер».

Зноў выправіла слугу паглядзець. А ён другі ручнік страсянуў — яшчэ лепей там стала гуляць і банкетаваць. Уведала аб гэтым каралеўна і сама прыходзіць і пытае:

— Ці прадажны ў вас ручнік?

— Не прадажны, а заветны. Няхай каралеўна па пояс сваё цела пакажа, дык і аддам.

Ну, як паказала, ён і аддаў.

А ён ужо трэці ручнік страсянуў, дык у яме яшчэ лепей стала.

Зноў каралеўна выпраўляе слугу паглядзець, што ў яме робіцца. А потым сама пайшла і кліча:

— Што ў вас, Янка, такое?

А ён паказвае ручнік.

— Вось ужо апошні.

— А як яго завясціць?

— Няхай каралеўна ўся пакажацца.

Ну, яна падумала і згадзілася. Зайшлі яны ў асобны пакой.

Яна яго абняла і пацалавала.

— Вось,— гаворыць,— будзеш мне мужам.

Пажаніліся і давай жыць.

Выбіраецца каралеўна ў сад гуляць, аддае яму ключы і кажа:

— Куды хочаш ідзі, а ў гэты пакой не заходзь.

Яна выйшла, дык ён падумаў: «Чаму сюды не заходзіць?» Зацікавіла яго, ён і зайшоў. Як адчыніў пакой, бачыць — вісіць там змей. Падвязаны пад рукі вісіць.

Змей давай прасіцца:

— Адчапі мяне. Будзеш ты за тое жыць тры вякі. Адчапі мяне.

Ён падумаў: «Добра тры вякі пражыць». Узяў ды і адчапіў. Як адчапіў, дык змей і папёр у сад за каралеўнай і панёс яе.

Астаўся ён без нічога. Рашыў садзіцца на бронь-каналет і ляцець шукаць жонку. Доўга ці коратка ён ляцеў, бачыць, віднеецца нешта. Ён пытае бронь-каналет:

— То сонца ўсходзіць ці агонь гарыць?

Бронь-каналет кажа:

— Гэта агонь гарыць у царстве змея.

— Дык вось ляці туды і спускайся.

Ён пайшоў у палац змея, але яго дома не было, толькі каралеўна. Ён з сваёй жонкай на бронь-каналет і паляцелі. А ў змея быў конь лятучы, што ўсё відаў. І гаворыць змею:

— Вашай новай жонкі няма.

— А дзе яна?

— Янка забраў яе, на бронь-каналеце паляцелі.

Дык змей пытае ў каня:

— Ці паспеем ніву ўзараць, засеяць і піва варыць?

— Уга, паспеем.

Ніву ўзаралі, засеялі, піва напіліся і давай даганяць. Дагналі Янку, і адняў у яго змей жонку і сказаў:

— Вось ты ўжо адзін век пражыў.

І другі раз Янка прыляцеў да змея і ўкраў каралеўну. І таксама было. Змей сказаў:

— Вось ты ўжо другі век пражыў.

А трэці раз змей дагнаў яго і сказаў:

— Ты пражыў сваё!

І забіў яго, і закапаў, і слуп паставіў, і табліцу напісаў: «Янка-паляшук за жонку-каралеўну загінуў». А бронь-каналет змей забраў з сабой.

На другі дзень Воран Воранавіч, Арол Арловіч і Судак Судаковіч ездзілі на паляванне. Падышлі пад гэты слуп, прачыталі гэту табліцу і пазналі, што гэта іхні швагер забіты. Так Судак Судаковіч гаворыць:

— Казаў я яму, што не з яго шчасцем-доляй дабіцца гэтае каралеўны. Вось і загінуў за яе.

Сталі яны адкапваць яго магілу. Адкапалі. А ў іх была жывая і мёртвая вада ў флягах. Яны мёртваю скрапілі — раны загаіліся. Крапянулі жывой — аджыў. Развіталіся з ім швагры і паехалі ў сваю дарогу.

Ну, што ж, у яго бронь-каналета ўжо няма. Давай ісці, але не ведае, куды ісці. Доўга ці коратка ён ішоў і падышоў пад балота. А там чорт лазу цягнуў ды загразнуў у багне і не выцягне пука лазы. Ну, ён задумаў дапамагчы чорту. Як памог, дык выратаваў чорта, і пук удвух выцягнулі яны.

— Ну,— гаворыць чорт,— я ведаю, куды ты ідзеш. Вось ідзі на той футар. Там жыве ведзьма. Яна будзе даваць службу на тры дні і абяцаць табе каня. Дык ты згаджайся. Я табе дапамагу.

Падыходзіць пад тую хату, а яна жалезным парканам агароджана і на кожным жалезным коліку чалавечая галава. На адным няма галавы. Ён падумаў: «Мая ўжо тут будзе».

Усё ж такі зайшоў у хату і пытаецца ў бабы:

— Можа, якая служба ёсць?

Яна гаворыць:

— Ёсць. Калі ўпасеш у мяне тры дні каня, дам чаго хочаш, а як не ўпасеш, будзе твая галава на калу.

Ну, і дала яму весці пасціць каня. Ён павёў, а той чорт ужо кліча яго. Чорт зрабіў загароду з дроту, як на вайне. Упусцілі туды каня і пільнуюць яго. Конь біўся, біўся і прапасціўся цэлы дзень. Як узяўся Янка весці каня, дык чорт сказаў:

— Кладзіся спаць у стайні. Ведзьма прыйдзе туды біць гэтага каня, чаму не ўцёк.

Ён так і зрабіў і есці не ўзяў. Лёг у стайні. Прыходзіць уночы баба і давай біць каня. Б’е і пытае:

— Чаму не ўцёк?

А конь гаворыць:

— Як я ўцяку? І там колецца, і там колецца.

На другі дзень ён зноў павёў каня пасвіць і прапасвіў таксама, ужо без чорта.

На трэці дзень ведзьма нагатавала яму і смажанага, і варанага і сонных капель напусціла ў яду, каб ён заснуў і ўцёк конь.

Пабыў ён тры дні галодны і з’еў усё, што яму дала яна. І калі стаў пасвіць, захацелася яму спаць. А чорт збоку гаворыць:

— Не палохайся, чалавек, я пільную.

Ну, і прапасвіў чорт увесь дзень. На адыходзе чорт гаворыць яму:

— Глядзі ж, каб гэтага самага каня ўзяў сабе. Гэта баба так яго саб'е, што ён будзе выглядаць горш за ўсіх яе коней. Гэты конь — меншы брат каня змея, але гэты конь яшчэ малады, і калі выгадуецца, будзе лятаць па паветру.

Завёў каня, павячэраў і лёг спаць. Устаў раніцай і гаворыць на бабу:

— Ну, ужо я іду.

— Я табе абяцала і што хоч дам.

— Мне каня трэба.

Вывела яна шмат каней і таго горшага, якога збіла.

Ён кажа:

— Вось, бабуля, мне гэтага найгоршага.

Дык яна:

— Бяры лепшага, куды заедзеш на ім?

— Хопіць з мяне і гэтага.

Ну, яна і аддала яму. Паехаў.

Доўга ці коратка ён ехаў, конь кажа:

— Я слабы яшчэ. Я ведаю, куды ты хочаш ехаць — да змея па сваю каралеўну. Але я не спраўлюся з маім лятучым братам — гэта мой брат у змея. Дай ты мне месяц адпачынку, а сам ідзі да якога-небудзь дзядзькі, папрацуй у яго. На адыходзе прасі, каб табе вяроўкі далі, а я буду на гэтым месцы пасвіцца.

Ён злез з каня і пайшоў у вёску. Зайшоў у першую хату:

— Можа, у вас якая праца ёсць? Папрацаваць магу месяц.

— Чаму не,— кажа нейкі дзядзька,— працы хапае. Аставайся.

Прабыў Янка ў яго месяц і гаворыць:

— Ну, я ўжо ад вас адыходжу.

Дзядзька кажа:

— Трэба табе заплаціць.

— Дайце мне вяроўкі.

Дзядзька смешкі састроіў:

— Што ты, хочаш павесіцца?

Пажартаваў гаспадар, потым даў яму вяроўку і хлеба на дарогу і яшчэ заплаціў за добрую працу.

Пайшоў Янка на тое месца, дзе пасвіўся конь. Конь гаворыць на яго:

— Садзіся на мяне і прывязвайся да мяне моцна.

Конь як пайшоў, ажно вецер засвістаў. Даляцеў конь да палаца змея куды хутчэй, чым бронь-каналет. Янка злез з каня і пайшоў у палац. Змея якраз не было, толькі каралеўна. Забраў яе, пасадзіў на каня, і паляцелі.

Конь змеяў і кажа змею:

— Няма ўжо нашай гаспадыні-каралеўны.

Змей пытае:

— А дзе ж яна?

— Зноў гэты паляшук забраў.

— Ды я ж забіў яго.

— Швагры яго адкапалі, ажывілі, і ён паехаў.

— Ці ўправімся мы ніву ўзараць, зжаць, піва напіцца? — пытае змей.

Конь кажа:

— Якое там піва! Не паспеем і чаю напіцца.

— Ну, дык давай даганяць.

Даганялі, даганялі і блізка ўжо пад’язджаюць. Конь, на якім Янка ехаў, адвярнуўся назад і гаворыць на каня змея:

— Брат даражэнькі, я гэта ж вязу рускага чалавека, а ты вязеш нячыстую сілу на сабе. Спатыкніся на левую нагу, скінь змея.

Змееў конь спатыкнуўся і як кінуў змея, дык і ўстаць той не можа. Янка саскочыў з каня і дабіў нячыстую сілу. Забраў і гэтага каня. Сам сеў на яго, а каралеўне аддаў свайго, і прыехалі яны хутка ў свой палац жыць.

Можа і цяпер жывуць, не ведаю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 512-519
Крыніца: скан