epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Юда — беззаконны чорт

Жыў дзед да баба. І было ў іх двое дзяцей: сын і дачка. Сына звалі Іванькам, а дачку звалі Мар'ячкай. Вот дзед і баба ўме**рлі, асталісь адны дзеці. Прыйшоў к ім Юда-празнусціцел, хацеў іх празнусціць. І стала Юда піць да гуляць, а напіўшысь, лягла спаць і кажа дзяцям:

— Сядзіце, не лажыцесь спаць, пакуда я ўстану.

Вот як Юда заснула, дзеці захавалісь у пограб. Юда прашнулася і спрашуе:

— Ці сядзіце вы?

Маўчаць. Яна і ў другі:

— Ці сядзіце вы?

Маўчаць. Юда ўскочыла і стала пытаць у качаргі:

— Качарга, скажы, дзе дзеці?

Качарга кажа:

— За што я табе скажу? Хіба я не ела? Мною вымаюць і хлеб, і мяккія палянічкі — не скажу!

Юда стала пытаць у ёмкі:

— Ёмка, скажы, дзе дзеці?

Ёмка кажа:

— За што я табе скажу? Ці я не ела? Мною пякуць бліны, прагуць яешню, прагуць сала — не скажу!

Юда стала пытаць у вілак:

— Скажыце, дзе дзеці?

Вілкі кажуць:

— Я скажу, дзе дзеці. Што, я вымаю гаршкі? Мар'ячка адламіла мне адзін рог!.. Шыбні гэты рог, ён найдзе іх!

Юда шыбнула рог, рог і ўпаў на пограбе. Юда стала рыць. Рыла, рыла, вырыла там дзяцей і павяла іх у хату. І стала ізноў піць да гуляць! А тады і гавора дзяцям:

— Сядзіце ж, не спіце, пакуль я ўстану!

А сама лягла спаць. Вот як Юда заснула, Іванька плюнуў на печы і ў парозе, і на куце. А самі пайшлі ў хлеў. І стаяў там, у хлеве, волік. Яны гавораць:

— Што гэта нам дзелаць?

А волік кажа:

— Бярыце з сабой шчотку і грабёнку, і хустку і садзіцесь на мяне!

Узялі яны шчотку, грабёнку і хустку, селі на воліка і паехалі. А Юда прашнулася і гавора:

— Ці сядзіце вы?

Слюна на печы адзываецца:

— Сядзім!

Юда і ў другі:

— Ці сядзіце вы?

Слюна ў парозе:

— Сядзім!

Юда і ў трэці:

— Ці сядзіце вы?

Слюнка на куце:

— Сядзім!

Юда і ў чацверты раз спрашуе:

— Ці сядзіце вы?

Маўчаць. Вот Юда падхвацілася і пайшла ў хлеў. Палядзела — няма воліка, толькі слядкі. Юда на слядках пабегла іх даганяць. Бягіць, бягіць Юда і даганяе іх. Вот Мар'ячка зір назад, а Юда ўжэ ля іх. Мар'ячка кажа воліку:

— Ужэ нас даганяе Юда!

Волік гавора:

— Кідай шчотку!

Мар'ячка кінула шчотку — стаў бальшы густы лес! Вот Юда пабегла і к кавалю і гавора:

— Кавалёк, кавалёк! Іскуй мне тапарок!

Кавалёк і скаваў ёй тапарок. Юда пабегла ў лес дарогу церабіць. Працерабіла Юда дарогу і пабегла дзяцей даганяць.

Бягіць Юда і бягіць і ўжэ даганяе іх. Мар'ячка зір назад, а Юда ўжэ ля іх. Вот Мар'ячка гавора воліку:

— Ужэ Юда даганяе нас, ужэ агнём пячэ!

Волік кажа:

— Кідай грабёнку!

Мар'ячка кінула грабёнку — і сталі бальшыя горы! Вот Юда пабегла ік кавалю:

— Кавалішча, кавалішча, іскуй мне заступішча!

Каваль скаваў заступішча. Вот Юда і пайшла горы пракапваць. Капала, капала, і пракапала, і пабегла дзяцей даганяць. Даганяе Юда дзяцей, а Мар'ячка зір назад, а Юда ўжэ ля іх. Вот Мар'ячка гавора воліку:

— Ужэ даганяе нас Юда!

Волік кажа:

— Маўчы, шчэ хоць трошкі праедам!

Мар'ячка ізноў воліку кажа:

— Ужэ агнём пячэ!

— Ну, махай назад хусткай!

Мар'ячка махнула — і стала бальшое мора. Юда за морам і асталась.

Тады волік гавора Іваньку:

— Ну, Іванька, цяперака папар ужэ мяне, а то я ўмарыўся!

Вот Іванька стаў венікі вязаць, а волік гавора:

— Не, ты, Іванька, не вяжы мне венікаў, а знайдзі мне дубовы прут!

Іванька знайшоў дубовы прут. Вот волікі гавора:

— Бі мяне, Іванька!

Іванька ўдарыў воліка — выскачыў із воліка сабака!

— Бі яшчэ ўдругі!

Іванька ўдарыў — выскачыў шчэ сабака!

— Бі яшчэ ўтрэці! — кажа волік.

Іванька ўдарыў — выскачыў і трэці сабака. Тады волік папрашчаўся з дзяцьмі і пайшоў. А сабакі тыя сталі Іваньку служыць і служылі вельмі харашэ: што ён толькі ні скажа, тое яны яму і дзелалі. Знайшлі яны сабе хату і сталі ў ёй жыць. Іванька хадзіў з ружжом у лес на ахоту, а Мар'ячка была дома. Вот раз Іванька пайшоў на ахоту, а Мар'ячка выйшла з хаты. А Юда здзелаўся такім малайцом і ў дудку йграе! Убачыў Мар'ячку і гавора:

— Махні ты, Мар'ячка, назад хусткай, дак я перайду к табе, і пажэнімся, і будам жыць удвох!

Мар'ячка паслухала Юды і махнула хусткай: мора казаў бы і не было — стала роўна. Юда перайшоў да й кажа:

— Ну, цяперака махай назад!

Мар'ячка махнула хусткай — і стала ізноў бальшое мора. Вот Мар'ячка і пажанілась із Юдай. Ідзе Іванька з ахоты, а Юда здзелаўся іголкай і кажа Мар'ячцы:

— Устыркні мяне ў сцяну! Да як будуці лезць сабакі ў хату, дак ты іх не пускай, а то яны мяне разарвуць!

Іванька ўвайшоў у хату, а сабакі лезуць і брэшуць. Вот Мар'ячка і гавора Іваньку:

— Адгані ты сабак ад вакна!

Іванька адагнаў сабак. Яны пайшлі і ляглі. На другі дзень Іванька ізноў пайшоў на ахоту, а Юда Мар'ячцы гавора:

— Ты вазьмі да быццам-то і захварэй. І пасылай Іваньку, штоб ён табе прыносіў разных зелляў!

Вот ідзе Іванька з ахоты, а яна і захварэла, і ляжыць на печы. Прыйшоў Іванька ў хату, Мар'ячка і гавора:

— Ідзі прынясі мне із мядзведзіхі малака!

Іванька пайшоў у лес. А вот бягіць і мядзведзіха лесам. Іванька прыцкаваў сабакамі — от, яна ўцякаць. А Іванька кажа:

— Не ўцякай, а то канец табе будзе!

Мядзведзіха стала і гавора:

— Не бі мяне, я табе буду ў вялікай прыгодзе. Што ты з мяне трэбуеш?

— Дай мне свайго малака!

Дала яму мядзведзіха малака да й кажа:

— Яна гэта не малака майго жадае, а смерці твае!

Вот пайшоў Іванька дамоў і аддаў Мар'ячцы малако. Яна ўзяла, панюхала і кажа:

— Псіна псінай і пахне! То калі б ты мне прынёс ваўчыцынага малака, вот ба я ачуняла!

Пайшоў Іванька ізноў у лес. Вот ідзе ён лесам, а ваўчыца бяжыць. Іванька прыцкаваў яе сабакамі — яна ўцякаць. Іванька і гавора:

— Стой, не ўцякай, а то канец табе будзе!

Ваўчыца гавора:

— Стой, не бі мяне, Іванька, я табе буду ў вялікай прыгодзе. Што ты з мяне трэбуеш?

— Дай мне свайго малака!

Ваўчыца дала малака і гавора:

— Не, Іванька, яна не трэбуе майго малака, а твае смерці жадае!

Пайшоў Іванька дамоў і аддаў Мар'ячцы малако. Узяла яна малако, панюхала да й кажа:

— Псіна псінай і пахне! То калі б ты мне прынёс арловую перку, от тады б я ачуняла!

Пайшоў Іванька ізноў у лес. Ідзе лесам, аж ляціць арол. Іванька гавора:

— Стой, не ляці, а то канец табе будзе!

Арол стаў і гавора:

— Не бі мяне, я табе буду ў вялікай прыгодзе. Што ты й з мяне трэбуеш?

— Дай мне свае пяр'іны!

Арол гавора:

— Яна не пяр'іны мае трэбуе, а смерці твае жадае!

І не даў яму пяр'іны. Пайшоў Іванька дамоў і гавора:

— Не даў мне пяр'іны арол!

Тады Мар'ячка яго пасылае:

— Ідзі ты,— кажа,— вазьмі мне ў ветраку за дванаццатымі дзвярамі, пад ка**менем, прамолу!

Пайшоў Іванька, знайшоў вятрак, атабіў дванаццаць дзвярэй і ўзяў пад каменем прамолу. Толькі ён выйшаў, а дзверы хляп, хляп — пазачыняліся — сабакі і асталіся там.

Вот пайшоў Іванька дамоў. Ідзе, ідзе, аж ляціць воран:

— Кра, кра! Паціша, Іванька, ідзі, а то канец табе будзе!

Іванька і пайшоў паціхоньку. Падыходзе і к дому, а Мар'ячка выходзе на двор і гавора:

— Ідзі ты скарэй, не марудзь! А то мой жывот баліць, трэба баню тапіць.

А Юда ўжэ нагатавала сухіх дроў, штоб спаліць у бані Іваньку. Тады Мар'ячка гавора:

— Ідзі ж ты да скарэй баню тапі!

Іванька стаў растапліваць, ляціць воран:

— Кра, кра! Іванька, павыкідай ты дровы сухія, а накладзі мокрых пнёў, штоб толькі сіпелі, а то канец табе будзе: твае сабакі чэцвера дзвярэй атабілі!

Іванька тыя дровы сухія павыкідаў, а наклаў пнёў. Прыбягае сястра:

— Тапі скарэй, не марудзь!

Толькі яна пайшла, ляціць воран:

— Кра, кра! Паціша, Іванька, тапі: твае сабакі восьмера дзвярэй атабілі!

Прыбягае ізноў сястра:

— Тапі скарэй, не марудзь! Ці доўга шчэ цябе ждаць?

Толькі Мар'ячка пайшла, ляціць воран:

— Кра, кра! Тапі, Іванька: твае сабакі ўжэ адзінаццаць дзвярэй атабілі, паследнія б'юць!

Іванька топе. Прыбягае сястра:

— Ці гатова баня?

— Гатова!

Вот Юда здзелалася блахой, села Мар'ячцы на плячо, і прыйшлі яны ў баню, замкнулі зялезныя дзверы і сталі парыцца. Аж прыбягаюць сабакі. Бегаюць кала бані, да ніяк не ўлезуць.

— Прасі, Іванька, штоб Мар'ячка адчыніла трошкі дзвярэй!

Іванька стаў прасіць, Мар'ячка адчыніла яму толькі глазам праглянуць. А лапы няльзя залажыць.

— Прасі, Іванька, штоб яшчэ адчыніла хоць трошкі!

Іванька стаў прасіць, штоб яшчэ трошкі адчыніла. Мар'ячка і гавора:

— Зачым табе і[г]лядзець: ты ўжо цягаўся па свету, як і нарадзіўся — нагледзеўся!

Ну, адчыніла яму шчэ трошкі. Вот сабака засадзіў сваю лапу да як ірвануў — так зялезныя дзверы папалам! Ускочылі сабакі, ухвацілі Юду і разарвалі. Мар'ячка ўзяла сабе зуб Юды і захавала ў карман.

Пайшлі яны тады ў свет. Хадзілі, хадзілі, прыйшлі к цару. Іванька і жаніўся на царэўне. Згулялі вяселле, павялі ўжэ іх лажыць спаць. І Мар'ячка пайшла з імі. Ляглі спаць; вот Мар'ячка ўстала да зуб і падклала пад голавы Іваньку. Зуб той і ўгруз Іваньку ў лысіну. Ляжыць ён няжывы. Тады сабакі гавораць:

— Што нам дзелаць? Нум, пабягім удвох у лес, а ты стой тут да Іванькі сцеражы!

Вот яны і пабеглі ўдвох у лес. Бягуць яны лесам, аж ідзе мядзведзіха. Сабакі пабеглі яе даганяць, а яна ўцякаць. Сабакі і гавораць:

— Стой, не ўцякай, а то канец табе будзе! Ты ж нам абяшчалась, што я буду вам у вялікай прыгодзе!

І павялі яе к Іваньку. Стала яна вырываць зуб, а зуб выскачыў із Іванькі да ёй у лоб! Іванька аджыў, а мядзведзіха ляжыць няжыва. Сабакі гавораць:

— Ну, шчэ нам абяшчалася ваўчыца. Хадзем ізноў у лес!

Пабеглі сабакі, знайшлі вайчыцу і прывялі. Стала ваўчыца зуб выцягаць; от той зуб выскачыў з мядзведзіхі да ваўчыцы ў лысіну і ўбіў яе. А мядзведзіха стала жыва. Тады сабакі гавораць:

— Яшчэ ж нам абяшчаўся арол!

Пабеглі яны ў лес арла шукаць. Знайшлі сабакі арла і павялі яго зуб вырываць. Вот арол стаў вырываць зуб. Зуб той падскочыў, да не папаў арлу па лысіне, да толькі па пер'ях і ўгруз у зямлю на цэлы сажань. Ваўчыца і аджывілась.

Завёў тады Іванька Мар'ячку ў лес і пакінуў там, а сам вярнуўся к жонцы, і сталі яны жыць да пажываць, да дабра нажываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 157-163
Крыніца: скан