epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кабылін сын

Было сабе ў дзесятым царстве, на дзесятым гасударстве, жыў сабе купец з жаною. І не было ў іх дзяцей. І зажалаў ён дзяцей: што ўсё маець, усім светам купцуець, а няма дзяцей. Тады нехта нараіў яму, што ёсць такая рыба, што як уловіць яе і з'есць, дык будуць дзеці. Гэта яму нараена. Ну, ён прызывае рыбака:

— А што, рыбак, ці ўловіш ты такую і такую рыбу?

— Не ведаю,— кажа,— ці ўлаўлю, ці не. Калі злаўлю, тады прынясу!

Ну, пайшоў лавіць. І паказалася яму тая рыбіна, ён і злавіў. Прынёс яму, тэй узяў, заплаціў яму. Дык хадзяйка і служанка ўзялі яе чысціць, вымылі ды ваду тую пад вугол вылілі. А кабыла хадзіла па двару, тую ваду і выпіла. Як выпіла, так і зацяжарыла. Тады служэбка тая гатове рыбу і каштуе, вядома, кухарскае дзела. Як пакаштавала, дык і зацяжарыла. А тады згатаваўшы, панесла да сталу хадзяйцы, як з'ела хадзяйка, і хадзяйка зацяжарыла — усе ўтрох зацяжарылі. Ну, дык тады, як выйшаў срок, дык служэбка першая паспытала, першая і абрадзілася і сына радзіла. Купец тэй і рад. І хадзяйка ўцяжку. Ну, тады зноў жа сама хадзяйка зноў жа сына радзіла. А тады пасля хадзяйкі зноў жа кабыла сына радзіла — усе тры па сыну радзілі. І яны гадуюцца не па гадах, але па часах. Ну, мы гэта не знаем — прайшло там колькі ўрэмя, купец тэй уцяшаецца на іх і аддаў іх у навуку — Служэбкінага сына і свайго, а таго Кабылінага — падслужываць ім у навуцы, падаваць к сталу, як тэй кажа, вядома. Сколькі ўрэмя, дык тыя вучацца, а тэй Кабылін сын дык больш іх панімае — тыя добра знаюць навуку, а тэй шчэ лепш паняўся. Як гляне ў кніжку ці ў пісьмо, дак і знае: ніхто не вуча, не паказуе, а ён больш іх ведае. Ну, павучыліся сколькі там урэмя, скора выйшлі з навукі, дак ён і больш іх ведае, тэй то ўжэ, значыцца, Кабылін сын. Ну, сталі яны тады з бацькам жыць. Жылі, жылі, тады Кабылін сын кажа:

— А што, татка, каб вы здзелалі нам прыпас на прагулянне схадзіць, па [а]хвоце, значыцца, пахадзіць, во ўсё роўна як з ружжом.

Ну, дак ён на тое кажа:

— Які жа,— гаворыць,— прыпас?

А ён адказуе:

— А які жа, татулька, прыпас? Іскуй Служэбкінаму сыну булдаву з зялеза ў тры пуды, а свайму ў чатыры, а мне ў пяць пудоў!

Ну, ці ў купца зялеза няма, ці што. Ну, бацька, атвяшчаў і стаў каваць булдовы, так, з зялеза. Тады падзелалі тыя булдовы тры, тады Кабылін сын узяў тую наймітчага, Служэбкінага сына булдаву, выйшаў на вуліцу, пакруціў, пакруціў, раскрыў ладоню і пусціў яе пад нябессе. Тая булдава як паляцела, ён выставіў ладоню, яна як ударылась, дык і рассыпалась. А тады ўзноў так жа сама другога брата ўзноў жа выспробаваў булдаву, ці крэпка яна.

Вынес, размахнуў, размахнуў і пусціў пад небяса. Яна як ляцела, ён выставіў калена, яна і рассыпалася — таго ўжэ бацькінае жонкі сына. Ну, а тады ўжэ сваю стаў выспробаваць. Выйшаў у поле, як кінуў — і падставіў лоб. Яна як ляцела, прама на лоб: як ударылась дык і рассыпалась.

Ну, тады ён узноў:

— Што,— кажа,— татка, паламалі мы свой прыпас і на прагулянку не пайшлі. Трэба прыбавіць, татка, зялеза.

Стаў, бач, надакучаць яму:

— Ну, які ж вам,— кажа,— сынок, прыпас трэба, сколькі прыбаўляць?

А ён кажа:

— А Служэбкінаму сыну пяць пудоў, а Купецкаму сыну шэсць, а мне, тата, у восем пудоў.

Ну, цяперка пакаваў ён гэты булдовы, сталі яны ўзнова выспробаваць. Выйшаў ён на поле, паважыў, паважыў тую Служэбкінага сына булдаву, ды як пусціў — дык немаведама, дзе яна і дзелась, толькі пыл да дым па полю — паляцела немаведама куды і што. Ну, а тады другога брата тож сабе паважыў, паважыў, як пусціў — дык і немаведама, куды і што яна дзелась, толькі пыл да дым. Ну, а тады ўслед і сваю пусціў, услед за імі. Ну, а патом ён хоць і пасля пусціў, а патом яна пойдзе мо на край света, прыпас тэй яго перанясе абадвых братоў булдовы. Тады ён атвяшчае — папусціў прыпасы — тады пабылі там колькі:

— Што ж,— кажа,— татка, прыпасы нам падзелалі, трэба ж нам ісці шукаць прыпасаў тых сваіх.

Тады тэй татка стаў ужэ і самуцён, стаў ужэ і плакаць, і маткі і таго, і таго, што як жа, як тэй казаў, даждалі трох сыноў, і тыя ў свет пойдуць, немаведама куды, што дзе найдуць, дзе пазнаходзяць. Сталі адраіваць і таго, і таго.

— Не,— кажа,— татка, трэба ісці.

І не паслухалі і пайшлі, папрашчаліся, павіталіся і адправіліся.

— Калі будуць,— кажа,— татка, браты мяне слухаць, дык мо шчэ й убачымся і ўзвернемся, а як не будуць слухаць, дык бог знае.

І ўвабраліся ўсе і пайшлі. Ішлі-ішлі — не так жа скора дзеецца, як кажацца, — ішлі сколькі там урэмя і найшлі таго Служэбчынага сына прыпас.

— Вот,— кажа,— братцы, і ёсць аднаго брата прыпас. Ну,— кажа,— аднаго брата найшлі прыпас, пойдзем жа,— кажа,— другога брата шукаць!

І пайшлі. І ўсё так ідуць і самі сабе разгаваруюць, пакуль знайдуць. Ну, і тож сабе — сколькі ўрэмя ішлі, находзяць другога брата [тэй] прыпас.

— Ну, во,— кажа,— хваліць бога, і другога брата знайшлі.

Тэй Кабылін сын:

— А маю,— кажа,— бог ведае калі да яе дайсці і дзе яе знайсці.

Ну, ізноў жа тож пайшлі далей. Ішлі, ішлі і бачаць здалёка на дзесятым царстве, у дзесятым гасударстве, на паганага цара доме стаіць тая булдава.

— Вот,— кажа,— братцы, як нам яе дастаць адтуль? Каб самі галовы не паклалі там!

Тады яны цераз сколькі там урэмя дабраліся, прыйшлі к таму дому. Тады тэй Кабылін сын узлез на тэй дом і дастаў [тэй] свой прыпас. Тады ў тэй дом — і гуляюць там, і п'юць, і ў карты гуляюць. Яны завідна гэта прыйшлі, во як ба і цяпер. Там парожні тады быў дом тэй. Тады яны тое, даў бог ноч, тады Кабылін сын пасылае Служэбкінага сына на варту на шлях, вярстоў за пяць, шлях такі быў, во як ба цяпер цыгунка. Паслаў яго ў лазню:

— Ідзі ж,— кажа,— брацік, на варту, ды не спі,— кажа,— а то як заснеш, дык мы тут галовы зложым.

Ну, тэй пайшоў. Прыйшоў у лазню да на палок, ведама адзін, лёг і заснуў. Нічога сабе і не знае і не ведае. А тэй [Кабылін сын] таго другога брата, жаночага сына, хадзяйкінага, пакінуў, а сам тэй жа справай к лазні ды пад мост. На [а]гнянной рацэ быў, вот як ба ў Бялынічах, мост такі. Толькі ён сеў, аж і едзе паганы цар — Смок з шасцьма галавамі. Сычас сабакі забрахалі, свісцялі засвісталі.

— Чаго брэшаце, чаго свішчаце, не к чужому двору едзем, к свойму. Ёсць на дзесятым царстве, на дзесятым гасударстве Кабылін сын, дык яго сюды воран косці не занясе, а больш мы нікога не баемся.

А ён з-пад моста сыў:

— Не то воран косці заносе, а моладзец сам заходзе. Дзьмі,— кажа,— поле!

Як дунуў тэй да з шасці галоў на шэсць міль выдуў. А ён [Кабылін сын] як дунуў, дык і пазлаціў. А цяпер:

— Ну, што,— кажа,— Кабылін сын, ці будзем біцца, ці мірыцца?

Ну, а Кабылін сын кажа:

— Не, Паганы Смок, будзем біцца.

Тэй Кабылін сын як хапіў меч, як трахнуў, дык тры галавы і сцяў. У другі як трахнуў — шэсць галоў сцяў. А тэй яму нічога не зрабіў, не пасіліў. Тады ўзяў шасцярык коней, у дом у тэй прыехаў, у стайню коней тых зачыніў і павозку ўкаціў, па парадкам, так як і ўсюдых. Ну, а тады сам у комлату і к таму брату. Даў бог дзень, тады тэй брат і прыходзе з варты, з лазні з тэй. Тады ён пытаецца:

— А што,— кажа,— братка, ці бачыў што, ці было дзе што табе?

Ён тады кажа:

— Не, братка, нічога не бачыў. Як прыйшоў, дык лёг на палку. Аб поўнач нешта як загрымела, як застучэла, дык я з палка зваліўся ды ўдарыўся, дык во на лісыне гуз ускочыў!

Ну, тэй яму нічога не сказаў, толькі ўсміхнуўся. Ну, тады яны ўзнова дзень тэй гуляюць, п’юць, ядзяць, у карты гуляюць, а даў бог ноч, тады ўвечары кажа на другога ўжэ брата:

— Ну, браціку, ідзі,— кажа,— у такую і такую,— кажа,— лазню на варту, да толькі ж,— гавора,— глядзі, брацец, не спі, а то як заснеш, дык мы тут і голавы свае паложым, ніхто нас і знаць,— кажа,— не будзе.

Ну, тэй пайшоў. Прыйшоў у лазню, так жа сама на палок сеў, сядзеў, сядзеў і заснуў. Ну, тэй Кабылін сын пад поўнач пакінуў таго там у доме том, а сам пайшоў узнова пад мост пад тэй і сядзіць. Толькі прыйшоў, сеў, аж Смок зараз і едзе — сем галоў. І сабакі забрахалі і свісцялі засвісталі.

— Чаго брэшаце, чаго свішчаце, не к чужому двору едзем, а к свойму. Есць на дзесятым царстве, на дзесятым гасударстве Кабылін сын, дык яго сюды воран косці не занясе!

А ён з-пад моста:

— Не то воран косці заносе, моладзец і сам заходзе. Дзьмі поле!

Ён поле як дунуў, дык на сем міль і выдуў. А ён [Кабылін сын] тады як дунуў, дык і пазлаціў. Ён, бач, сільней іх быў. Што то наш дух, а што непрыяцельскі,— мы ўсё-ткі больш панімаем. Як тая прыказка.

— Ну, што,— кажа,— Кабылін сын, ці будзем біцца, ці мірыцца?

— Не,— кажа,— нячыстая сіла, не таго я заходзіў, каб мірыцца, будзем біцца!

І сталі біцца. Колькі — раз, ці два, ці тры махнуў і сцяў тыя сем галоў. Ну, і семяро коней і павозку ўзяў і паехаў у дом у тэй іх. Коней у стайню зачыніў і павозку ўкаціў. Асобенна ўсё зачыняе, ад начы таго брата і таго. Аж скора і дзень бог даў. Прыходзе тэй ужэ брат з варты тэй.

— А што,— кажа,— братка, ці бачыў што, ці было дзе што табе?

Ён тады кажа:

— Не, братка, нічога не бачыў. Як прыйшоў, дык лёг на палку. Аб поўнач нешта як застучэла, як загрымела з гары, дык я злякнуўся і зваліўся з палка, дык патыліцу разбіў дужа. Гуз з кулак набег.

От яны і гуляюць знова да вечара, п’юць, жывяцца. Яму ўжэ і рупіцца. Як прыйшоў вечар, дык трэба яму тых тут пакінуць, а самому на варту ісці. Тады даў бог вечар, ён узяў, павесіў рушнічок, во як бы гэта (занавесь) вісіць, тады паставіў пад рушнічком стакан, што чай п’юць.

— Глядзіце ж, братцы, не засніце тут. Як будзе з гэтага рушнічка кроў капаць, бяжыце як дужа ка мне да памоцы. Трудна, я пакладу сваю галаву, дык вам і класці нечага!

І пайшоў пад мост. Толькі прыйшоў, сеў, аж Смок і едзе — дзевяць галоў. І сычас сабакі забрахалі, а свісцялі засвісталі.

— Чаго брэшаце, чаго свішчаце, не к чужому двору едзем, а к свойму. Ёсць на дзесятым царстве, на дзесятым гасударстве Кабылін сын, дык яго сюды воран косці не занясе, а больш нікога мы не баемся.

А ён з-пад моста сыў:

— Не то воран косці заносе, а моладзец сам заходзе. Дзьмі,— кажа,— поле!

Як дунуў тэй, да з дзевяці галоў на дзевяць міль і выдуў. А ён як дунуў, дык і пазлаціў. А цяпер:

— Ну, што,— кажа,— Кабылін сын, ці будзем біцца, ці мірыцца?

Ну, а Кабылін сын кажа:

— Не, Паганы Смок, будзем біцца.

І пачалі біцца. Як зачаў біцца, як зачаў, дык восем галоў сцяў, а дзевятая галава — ужэ выбіўся з моцы — не пасіляе, дзевятая галава ўжэ яго дастае, ужэ за лоб, хоча яго змагчы. А тыя сядзелі гэта, забыліся да й заснулі.

Ну, тая дзевятая галава з тым водзіцца, а яны ўсхапіліся аж з рушнічка кроў цячэ, ужэ й з стакана цераз ільецца.

— Ай, брат, прапалі!

Ды туды барджэй к масту.

— Стой, брат, не ўлякайся!

А тая галава ўжэ зусім за лоб яго схапіла. Як хапілі, так і сцялі тую галаву, і не пра што яна была. Ну, як сцялі, тады ён ужэ атвяшчае:

— Ну, братцы, троху мы галоў не пастаўлялі! Вы,— кажа,— заснулі там. Ну, а цяпер,— кажа,— дасць бог, жывы будзем, папераводзілі,— кажа,— усіх, мо к бацьку вернамся!

Узяў ён коней тых дзевяцера, павозку і паехалі. І паставіў у стайні, асобенна. І даў бог дзень. Ну, яны прабылі там колькі ўрэмя, бог іх ведае, мы таго не знаем, аддыхнулі, ну тады ён выводзе шэсць тых коней і павозку:

— Ну,— кажа на Служэбчынага,— во гэта,— кажа,— братка, твае коні і павозка.

К бацьку, бач, ужэ сабраліся. А тады вывеў семяро коней і павозку.

— Во, гэта, брат, твае коні і павозка,— на другога ужэ брата.

А тады трэцюю павозку сваю:

— А гэта, братцы, мае коні.

Тады яны селі і паехалі, к бацьку ўжэ. І колькі там урэмя ці колькі вёрст, ці міль яны ад’ехалі, тады тэй Кабылін сын забыўся ў тым доме, ды, гэта, пальчатак, на кручку на сцяне віселі: дак забыўся пальчатак сваіх.

— Ну, пастойце, братцы, я,— кажа,— забыўся там сваіх пальчатак, шкода пакінуць.

Злез з павозкі і пайшоў туды. Дык ён і мушачкай скідаўся, і пчолачкай, і птушачкай скідаўся; прыскочыў і сеў на доме на том, а тады скінуўся мурашачкай ды ўпоўз у тэй дом. Ажно тамацька тры бабы сядзяць — дзве жонкі тых, а трэцця матка — ды радзяцца.

— А, папераводзілі,— кажа,— нашых мужыкоў і бацьку, каб,— кажа,— іх перавесць — радзяцца, бач.

Ён тыя пальчаткі чапае і ўсё гэта чуе. Ну, адна баба кажа:

— Што я,— кажа,— здзелаю? Яны,— кажа,— не спалі, дык скінуся я пасцеллю. Яны як лягуць, дык мы іх і перавядзём, паморым усіх.

А другая кажа:

— Не,— кажа,— я шчэ лучча здзелаю. Здзелаю,— кажа,— скінуся,— кажа,— крыніцай, і залаты кубак і сярэбраны, і ля крынічкі яблана, залаты яблак і сярэбраны. Дык яны як будуць ехаць, паморацца, піць захочуць і бацьку на гасцінец па яблачку вышчыкнуць. Як нап'юцца да па яблачку вышчыкнуць, дык яны там і пагінуць усе тры.

А трэццяя ўжэ, матка:

— Не,— кажа,— дзеткі, вы нічога,— кажа,— не здзелаеце. Я,— кажа,— як разіну рот, дык адну зяпу пастаўлю на зямлю, а другую пад небяса. Дык яны як будуць ехаць, ка мне ў рот уедуць, я іх і праглыну, іх і не будзе,— кажа.

Тады ён выслухаў гэта, пальчаткі тыя вычапаў, як-небудзь, мушачкай — да барджэй драла адтуль, даганяць братоў.

Скідаўся і мушачкай, і пчолачкай, і птушачкай, пакуль дагнаў братоў. Як дагнаў братоў, узяў, нічога ім не кажучы, лепшага самага каня выбраў, сеў вярхом і паехаў, а браты ў павозках за ім, кожан у сваёй павозцы, усе і едуць к бацьку. Дык ён і паверх лесу ехаў, і ў паўлеса ехаў, і па зямлі ехаў, спробаваў каня таго, ля тэй прычыны ўсё. Едуць яны дык едуць колькі там — не так скора дзеецца, як кажацца. Ажно стаіць пасцелі тры. Спаць тыя браты — дык ай-яй! Сон іх зусім клоне, не можна вытрымаць. А пасцелі тыя дык аж капае, стройныя вельмі.

— Ах, брат, сколькі мы начэй не спалі,— кажа,— страдалі, ляжам мы, троху аддышам!

А ён кажа, саскочыў скарэй:

— Гэта, братцы,— кажа,— зрада!

Да скарэй па адной пасцелі, алі па другой, алі па трэцяй — усіх іх паперасякаў, дак яны паплылі кроўю.

— Во, братцы, во, бачыце, якая зрада.

Сеў на каня і паехалі. Як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, і прыязджаюць зноў жа к такому, тожа ж сабе здалёка бачаць: стаіць яблана, сучок залаты, сучок срэбраны, яблакі залатыя, яблакі срэбраныя, тож і крынічка — кубак залаты, кубак срэбраны. Дык яны як нап'юцца, яблачкам закусяць, дык і папрагаюцца. Едуць яны, вот браты: — Вышчыкнем мы па яблачку, а то к бацьку едзем, — кажа,— дамоў, а на гасцінец няма нічога!

Не ўправіўся з каня злезці, а яны ўжэ абадвы саскочылі з павозак да навыперадкі адзін перад другім к ябланьцы к тэй.

— Стойце,— кажа,— братцы, гэта зрада!

А яны ўжэ па яблачку і схапілі, а ён не ўправіўся саскочыць, яго конь перанёс. Ну, як схапілі, тут ім і амін, і квіт ім, і па яблачку ў руцэ дзяржаць. Ну, ён тады саскочыў да па ябланьцы трах — яна кроўю скіпела, па крыніцы трах — і яна кроўю скіпела — усё нейдзе дзелась. А тады ўзяў аднаго брата ў павозку і другога брата ў павозку мяртвых, няжывых і сам сеў і паехаў, і коні тыя за ім ідуць. Ну, дзве прычыны пераехаў, а трэцяе баіцца, на сілу надзеецца на сваю і на розум, але што браты няжывыя і коней столькі, дык ён і апасуецца, абдумляецца, як што зрабіць, засуміўся. Як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, ажно пад’язджае — стаіць тая баба, рот разінуўшы — адна зяпа на зямлі, а другая пад небяса. Тады ён як разагнаў коней, падняўся ў паўсвета, як размахнуўся, дак так верхнюю зяпу і сцяў. І пакаціў паверху, і сам і коні тыя за ім павярху.

— Ну, дзякуй, — кажа, — богу, перажыў сваё гора. Бог ведае, што дальш будзе!

А шчэ да бацькі далёка дабрацца. Як ехаць дык ехаць, троху ад’ехаў, а яна там справіўшыся да за ім у пагоні.

— Хоць ты,— кажа,— зяпу маю адну сцяў,— кажа,— а потым я цябе,— кажа,— адной зяпай з’ем,— кажа.

Ён сабе едзе, а яна яго даганяе, ён сабе едзе, а яна яго даганяе, ён сабе едзе, а яна яго даганяе. Тады ён ускочыў — во так ба, як у Бялынічах ці ў сяле кавалі куюць,— ускочыў у кузню.

— Ай, брат,— кажа,— каваль, грэй клешчы!

Ён ускочыў у кузню, а яна прыбягае. Як прыбегла, так раз лізнула сцяну, другі лізнула, а за трэцім пралізала сцяну і яго дастае. Толькі б яго дастаць.

— Ай,— кажа,— каваль, хапай яе за язык!

Каваль узяў клешчы да яе за язык.

— Дзяржы,— кажа,— язык,— на каваля.

А ён узяў булдаву, як зачаў біць: біў-біў, біў-біў, біў-біў і не забіў яе. Што біў, із моцы выбіўся і паламаў тэй увесь прыпас і не забіў. І каваль тэй то ж самае — абадвы яны паўмарыліся і не забілі. Пусцілі яе. Ну, тады яна кажа:

— Стой-ка,— кажа,— я на цябе ўссяду і паеду і будзем свае песні пець, калі я цябе перапяю, дык усё-ткі з’ем.

Гэтак зміргаваліся — ні тэй, бач, не падоляе, ні тэй — абая сілныя. Ну, ён падаўся. Яна на яго ўссела, ён ракам паўзець, яна едзець і песні пяець. І коні тыя за ім ідуць.

— Ага,— кажа,— я цябе потам змару,— кажа.

Дык яна — ведама, баба-сарока — і тую пачне, і тую — шчабеча, во як і ў нас бабы на хрэсьбінах ці на вяселлі, пела, пела там усякія песні да й змоўкла. Няма, бач, у яе болей песень, усе перапела. Ён тады пытаецца:

— Ці ўсе?

Яна кажа:

— Усе!

— Ну, калі ж,— кажа,— усе, цяпер дай-тка я буду пець, дай-тка я на цябе ўссяду! Ну, тады ён на яе ўссеў, і коні тыя за ім. Гэта ўсё па дарозе што далей, то к бацьку бліжай.

Тады ён зачаў песні пець. Ён ніякія песні не пеў, толькі ўсё шабуняе:

— Да-гу дак да-гу,— вядзець да ўсё на ёй едзе.

Ехалі, ехалі.

— Ці ўсе?

— Не,— кажа,— і ў пол яшчэ не ўбіўся.

У яе свой рашчот, каб яго як, а ў яго свой. Ведама: то ж ураг, а то такі чалавек, хрышчоны, як трэба быць. Як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, і прыехаў вот так ба, як у Бялынічах, к рацэ. Дык яна ўжэ асмягла: як к рацэ, дык і стала піць. Як стала ваду піць, як стала ваду піць, як стала ваду піць, дык усю раку выпіла, і ён на ёй сядзіць, і павозкі тыя стаяць, і коні, і браты. Як выпіла ўсю раку, дык тады пад ім лоп — ад вады ад тыя лопнула, і рака тая як была, так і пабегла ўзноў, а яна там і апраглася. Тады ён у павозку на сваіх коней да й прыехаў к бацьку. К бацьку прыехаў, дык бацька і ўлякнуўся. Дык ён за бацьку:

— Татулька, не ўлякайся.

І паказуе заслугу і ўсё:

— Гэта маіх братоў, а тваіх сыноў заслуга, а гэта мая. І гэтых сваіх сыноў, татка, хавайце памершых.

Ну, ён сабраў людзей, падзелаў дамы і пахаваў. А тэй Кабылін сын і жывець там. І я там быў, мёд, віно піў, і ў роце не было, і па барадзе не цякло.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 39-48
Крыніца: скан