epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кацігарошак

Неўкаторым царстве і неўкаторым гасударстве, на моры-акеяне, на востраве на Буяне стаіць дуб зялёны, а пад дубам бык пячоны, і ў яго баку нож тачоны, і сейчас ножык дабываецца — ізволь кушаць! І то яшчэ не казка, толькі прыказка, а хто маю казку будзе слухаць, так таму собаль і куніца і пракрасная дзявіца, сто рублёў на свадзьбу, а пяцьдзесят на прагулянне.

Быў сабе мужык, і быў у яго саламяны язык, і меў ён два сына і адну доч; хаця яна стану простага, але неапісанай красаты. Айцец і маць былі дастатачны; паработалі яны сваё хлебапашаства сваім парадкам ва ўрэмені, і іх айцец гаворыць сынам:

— Дзеці, не нада спадзявацца на гэта, што ёсць, не спадзявацца на гэта, што зроблена, а нада шчэ прызапасіцца. Пушчай будзе!

Адпраўляюцца яны ў чужое панства на хлебапашаства і бяруць хлеба на тры дні.

— Кагда вы той хлеб з’ядзіце, вам сястра прынясець больш.

А ім было ісці так, як бы цераз Гарадзілаўскі лес. Сястра і гаворыць, што я не буду знаць, куды несці вам есці. Старшы брат гаворыць:

— Мы будзем для цябе дарогу адзначаць, будзем салому трусіць па гэтай дарозе, проста к нам прыйдзеш.

І яны пайшлі і дарогу азначылі; а ў том лесе быў глаўны змей і тыя разгаворы слыхаў і пераслаў дарогу ў свой дварэц. Як выйшла тры дні, адпраўляецца яна к ім з абедам.

Пайшла яна і прыходзіць проста ў змяіны дварэц. Пацярала пуць-дарогу і гаворыць:

— Куды я зайшла?

Выходзіць к ёй сяміглавы змей і гаворыць:

— Пайдзі, пайдзі сюды, умніца! Я цябе даўно дажыдаў, я да цябе даўно дабіраўся! Ну, як ты харошага айца і мацяры, яны цябе трымалі пад бальшым надзорам, я не мог да цябе дабіцца. Я бы не сматрэў, што ты простага роду, я бы табою не брэзгаваў, даўно была бы мая, а уж цяпер іменна мая! Забывай айца і маць, бо ты ўжо іх відзець не будзеш, а ў мяне будзеш ты ўсім давольна.

Брацця яе пахалі тры дні і не стала ім пішчы; яны бросілі пахаць і прыходзяць дамой і з вялікаю гразою к айцу і мацеры:

— Адчаго вы не прыслалі пішчы?

Айцец гаворыць, што вам сястра панесла такога-та дня. Яны гавораць к айцу:

— Кагда яе ўжо няма, то і не будзе.

— Я пайду,— сказаў адзін,— сваю сястру шукаць, хоць жызнь сваю палажу, а пайду шукаць.

Айцец гаворыць:

— Не ідзі, сынок, бо сваю жызнь кончыш, а яе ўжо не ўвідзіш.

А ён гаворыць:

— Пайду!

І прыходзіць ён к гэтаму самаму змею і відзіць яну на дварэ. Яна яму гаворыць:

— Зачым ты сюды прыйшоў? Ты сваю галаву паложыш. Я цяпер няшчасная, я цяпер не твая сястра, а ты не мой брат. Папалася я ў катаржныя рукі.

Брат гаворыць:

— Пушчай жа я здесь пагібну, абы я на цябе насматрэўся.

Яна яму гаворыць:

— Пастой ты здзесь, а я пайду спрашу, што ён скажа, што ты прыйшоў у госці.

Прыходзіць яна к змею ў спальню:

— Штоб ты, душанька, дзелаў, каб мой старшы брат у госці прыйшоў?

Ён гаворыць:

— За госця прыняў бы.

Яна выйшла і ўводзіць яго ў горніцу, ён устаець із койкі сваей і зачаў гадаваць яго, як добры чалавек.

— Ступай, жонка, прынясі жалезнага бобу і жалезнага хлеба... Ну, кушай, швагер.

Узяў яму ўрэзаў хлеба, ён узяў хлеба і зёрнушка бобу, падзяржаў і палажыў.

Змей гаворыць:

— Верна ты, швагер, сыт, бо ты гардзіш маім хлебам і соллю. Пайдзем жа цяпер пасмотрым, ці ты багачы, ці я?

І павёў яго па ўсім харомам, і ёсць у яго ўсякага дабра відзіма і нявідзіма. Павёў яго ў канюшню к лашадзям, і стаіць у яго дванаццаць жарабцоў, і ўсякі жарабец на дванаццаць цапоў прыкован.

— Ну што, швагер, ты багачы ілі я?

Ён яму атвячаець:

— У мяне таго трэцяй долі няма, што ў швагра.

— Ну, пайдзі жа за мною, я табе пакажу штуку.

І прыводзіць яго к калодзе чатыры сажні таўшчыны, а дванаццаць дліны.

— Ці відзіш ты, швагрэ, тую калоду?

Ён яму гаворыць:

— Віджу.

— Еслі ты яну без тапара парубаеш, а без агню спаліш, так пайдзеш дамой.

А ён гаворыць:

— Хоць сейчас ты мяне парубі, а я гэтага не зраблю.

— Кагда ж ты гэтага не здзелаеш, полна табе сюда хадзіць, дураку — мужыку, саламянаму языку, а ты са мною пабратаўся! Калі ты мне брат, то і свіння сястра! Ты не толькі са мною рэчы гаварыць, не даўжон на мяне глазам пасматрэць, бо ты не дастоін сюды хадзіць і мой дом пакасціць!

І ўбіў яго і глазы выняў, улажыў у чарапок, а яго ўзяў за валасы і павесіў на бэльцы.

Цяпер і другі брат пайшоў шукаць сваёй сястры і найшоў яну на дварэ ў змея.

Яна яму гаворыць:

— Ах, брат! Уб’ець ён і цябе так, як першага.

— Пушчай уб'ець, абы я з табою відзеўся.

— Пастой жа тут, я пайду запытаюся, што ён скажа.

І прыходзіць яна к змею ў спальню. Ён устаець із сваей койкі:

— Што скажаш, жонка, віджу я твой усердны від і пакорнае ліцо.

— Ах, мілы мой муж! Што б ты рабіў, каб втарой мой брат у госці прыйшоў?

— Што б я рабіў? За госця прыняў бы.

Яна гаворыць:

— Можа прынялі б яго так, як першага.

— Я першага ўбіў, бо ён са мною грубіў, не ўмеў са мною чэсна абхадзіцца. Пушчай прыходзіць, гэтага я прыму.

Яна выходзіць на двор і гаворыць брату:

— Пакорна абхадзісь.

— Давай, жонка,— гаворыць змей,— жалезнага бобу і жалезнага хлеба.

Яна прыносіць паўхлеба і чашку бобу.

— Бо старшы твой брат недаволен быў, то можа мала было, вазьмі гэта, а прынясі больш.

А госць і ў рукі не ўзяў, гаворыць:

— Пакорнейша благадару, швагер, бо я есць не хачу.

— Пайдзем жа мы, швагрэ, пасмотрым на маё багацтва, ці ты багачы, ці я?

І павёў яго па ўсім сваім харомам, і відзіць ён, што змей багат, багат — незлічыта! Прыводзіць яго змей у сваю багатырскую канюшню. Стаіць дванаццаць жарабцоў, і каждая лошадзь на дванаццаць цапоў прыкована. Ён гаворыць змею, што ў мяне трэцяй долі таго няма.

— Ну, пайдзі ж, я табе пакажу штуку.

І паказаў яму калоду — чатыры сажні таўшчыны, а дванаццаць дліны, і гаворыць:

— Відзіш ты тую калоду? Еслі ты без тапара яну парубаеш, без агня спаліш, то пайдзеш дадому, а не то будзеш вісець з братам.

Швагер яму сказаў:

— Хоць сейчас убі, а не зраблю гэтага!

Тойчас змей яго ўбіў, умесце валасы звязаў і чэраз бэльку перакінуў. Прыходзіць ён у свае палаты і відзіць жонку ў бальшой таске і ў жалобе.

— Ах, мужу, ты мой мужу! Што ты мне зрабіў? Братоў убіў, я не маю больш ні роду, ні племені, толькі айца і маць. Прыдай і мяне злой смерці, пушчай не буду жыць!

— Нет, мілая! Я табе таго не здзелаю, а калі б дастаў айца і маць, то і іх убіў бы, то б ты ні аб ком не думала і вясельшая была б. Пушчай жа яны жывуць і клоч’я жуюць, а мы хлеб, бо ў іх нет.

Пайшла матка па ваду, узяўшы вёдра, і, набраўшы вады, ідзець дадому, вельмі плача і думаець яна сабе ўсерднымі думкамі:

— Ах, божа мой! Чаго я цяпер даждалася на старасці!

Узяў гасподзь яе ўсерднае ўздыханне, і ўдруг відзіць яна — каціцца гарохавае зернушка. Яна думаець сабе: «Гэта дар божы!» Узяла яго і з’ела. З гэтага зернушка ўдруг завязаўся ў яе рабёнак, і вынасіўшы сваё ўрэмя, дажыдаець, што доўжан ён нарадзіцца на сей свет.

Вот паляглі спаць, і ў самае паўночнае ўрэмя, на ўціхамірыі і гласіць у яе ў брухе чалавечаскім голасам:

— Не спадзявайся мяне, маманька, у скорае ўрэмя, бо я зашчытнік буду вам і добрым людзям.

Панасіла яго яшчэ некалькі ўрэмені, і раждаецца ён на сей свет і расцець не па гадам, а па часам, як пшоннае цеста на дражджах; і пестуюцца і цалуюцца з ім, як не нада луччы, і даюць яго ў школу; каторыя вучыліся гадоў па тры-чатыры, а ён узнаў у адзін год, і не стала яму граматы. Прыходзіць ён з учылішча к айцу і мацеры:

— Ну, татанька і маманька, благатварыце маіх учыцелей, бо ўжо мне хадзіць у вучылішча поўна. Я благадара бога знаю больш іх. І прашу вас з усім усердзіем сказаць мне праўду, какой я ў вас ёсць? Чы я раждзён первы, чы паследні?

Яны гавораць:

— Ах, сыну наш мілы, ты ў нас паследні.

І сказалі яму па ісцінай праўдзе, што ў яго было два брата і сястра.

— А дзе ж яны дзеліся? Калі памерлі, то я не супраціўнік богу, а калі што зрабілася ад худых людзей, то я магу ўзыскаць.

Яны яму гавораць:

— Ах, сыну наш мілы! Як жа ты ўйдзеш і нас пры старасці, дрэўніх людзей, бросіш? Хто нас да смерці дахаваець?

Ён ім гаворыць:

— Чый вы прэждзе елі хлеб, той вас будзе хараніць, бо мяне вы не ўдзержыце, мяне людзі даўно ждуць. Ну, маманька і татанька, лажымся спаць: утра мудраней вечара; дасць бог дзень, дасць бог і пішчу.

Павутру ён устаў, умыўся і богу памаліўся і на ўсе чатыры стораны пакланіўся.

— Пазвольце, бацькі, мне перад паходам пагуляць.

Ну, пайшоў сабе на вуліцу гуляць і находзіць ён шпільку і прыносіць к айцу і мацяры.

Гаворыць ён айцу:

— На табе гэта жалеза, нясі да каваля і здзелай мне булаву сяміпудаву.

Айцец яму славесна не гаворыць, а толькі ў думках думаець: «Даў мне гасподзь дзецішча не так, як людзям; я ж давёў яго да срэдственнага розуму, а ён цяпер і з мяне кпіць! Можаць лі то быці, штобы з шпількі была булава сяміпудава?»

Айцец, імеўшы бальшую сумму — залатую, сярэбраную і бумажную манету,— паехаў у горад, купіў жалеза сем пудоў і даў кавалю дзелаць булаву. Здзелалі яму булаву сяміпудаву і прывозяць дадому.

Пакацігарошак выходзіць з горніцы, бярэць сваю булаву сяміпудаву і слышыць нябесны штурм1 і пушчаець яну за облакі. І прыходзіць ён у сваю горніцу:

— Матка, на ў мяне ў галаве паішчы перад паходам, а то мяне бруд заесць, бо я млад юнаша.

Вот устаўшы з маткіных кален, выходзіць ён на двор і відзіць нябесныя тучы. Упаў ён да сырой зямлі правым вухам і, устаўшы, клічаць свайго айца:

— Бацька, падзі сюды, сматры, што шуме і гудзе, мая булава да зямлі ідзе.

Паставіў ён калена проціў сваей булавы; ударыла яго булава па калене і пераламалася папалам. Ён рассердзіўся на свайго айца:

— Ну, айцец, адчаго ты мне не здзелаў булавы з гэтага жалеза, што я табе даў; а калі б ты здзелаў, то яна не зламілась бы, толькі сагнулась бы! На ж табе гэта самае жалеза, ступай дзелай, свайго не прыкладай.

Кавалі ўкінулі жалеза ў агонь і зачалі малатамі біць і цягнуць і здзелалі булаву сяміпудаву, шчэ асталося.

Бярэць Пакацігарошак сваю булаву сяміпудаву і адпраўляецца ў пуць, у чыстую дарогу, і прыходзіць ён к гэтаму самаму змею сямігаловаму, дзе находзяцца яго браты і сястра.

Выходзіць яна к яму наўстрэчу, ён з ёй здароўкаецца і гаворыць:

— Здрастуй, мілая і радная сястра!

Яна атвячаець:

— Какой ты мне брат!

І ён падаець ёй айца і мацяры рукапісанне, што ён ёсць радной яе брат.

— Пастой жа ты, брацец, здзесь, а я пайду спрашу, што змей на атвет скажа.

Прыходзіць яна ў яго багатырскую спальню. Змей у яе спрашываець:

— Ах, жонка, ты да мяне не з вясёлым відам ідзеш!

— Я прыйшла да цябе, мой мужу, што мой самы меншы брат прыйшоў у госці.

— Аж у цябе не было больш братоў, як толькі два.

— Ён раждзён без мяне.

Зараз змей устаець і бярэць валшэбніцкую кнігу, смотрыць і мовіць да жаны:

— Ну, жонка, шчэ будзе ў цябе брат! Калі ён безурэменна ўрадзіўся, я з ім разгаварываць мала буду; ступай прызаві яго.

Пакацігарошак уходзіць да яго ў комнату:

— Здрастуй, швагер!

— Але ты шчэ млад, бо ў цябе мацярына малако на губах не засохла! Калі б цябе маць вынасіла шчэ дзевяць дзён, дзевяць часоў і дзевяць мінут, то б ты мой супраціўнік быў, але пагасці...

І становіць яму жалезнае крэсла. Як ён на крэсла сеў, крэсла і трэснула.

— А што, швагер, у лясу жывеш, а ў цябе крэсла худыя, ай лі нет у цябе плотнікаў харошых, штобы крэсла здзелалі пакрэпча?

Змей думаець сабе: «Верна, я папаўся ў добрыя клешчы».

— Ну, давай, жана, нам напіткаў і наедкаў.

Прыносіць яна рэшата жалезнага бобу і жалезнага хлеба.

— Ізволь кушаць, швагер!

— Благадару, швагер,— гаворыць Пакацігарошак,— я без усякай просьбы буду кушаць, так як у свайго, бо з паходу я есці хачу.

І стаў есць умесце з ім: той з'есць хлеба кусок, а гэты з’есць два.

— Даволен лі ты, швагер, у мяне?

— Даволен-недаволен — калі больш няма!

— Ну, пайдзем, швагер, пасмотрым на маё багацтва, ці ты багачы, ці я?

І павёў яго па ўсім сваім дабры.

— Як табе здаецца, у цябе больш ілі ў мяне?

— Я не багат, але ў цябе няма нічога!

Ён гаворыць:

— Ты, швагрэ, са мною грубіш. Ну, пайдзі ж, я табе пакажу штуку.

І прыводзіць яго к гэтай самай калодзе, куда і братоў прыводзіў, каторая чатыры сажні таўшчыны, а дванаццаць сажон дліны.

— Кагда ты яну без тапара парубаеш, а без агню спаліш, так пайдзеш дамой, а не — так будзеш там, дзе і браты!

— Не сярдзісь, дай мне дзела кончыць! — сказаў Пакацігарошак і ўзяў мезенным пальцам таркануў сію калоду, так яна ў мелкія друзгі2 паляцела, а як дзьмухнуў — попел стаў, аж не было!

— Ну што? Я сваё дзела споўніў.

— Пайдзем цяпер пабораемся, ці ты сільней, ці я?

Пакацігарошак гаворыць яму:

— Дай руку, я падзяржу, папробуемся так, хто сільне[й]!

А змей гаворыць:

— Дзе табе, малакасосу, за руку мяне браць!

Ён кажа:

— Усё едзінственна нам пабіцца.

— Ну,— гаворыць змей,— на табе руку.

Пакацігарошкава рука толькі пасінела, а змяіная рука з усімі пальцамі засталася ў Пакацігарошка.

— Аднача я тым недаволен,— гаворыць змей, і як дзьмухнуў — зрабіў медны ток. А Пакацігарошак як дзьмухнуў — зрабіў сярэбраны ток.

І схваціліся яны бароцца. Як дзьмухнуў змей, убіў Пакацігарошка ў сярэбраны ток, а Пакацігарошак як дзьмухнуў, убіў змея ў медны ток адразу па калена. Змей як дзьмухнуў другі раз — убіў Пакацігарошка па калена, а Пакацігарошак як дзьмухнуў другі раз, убіў змея па пояс. Змей гаворыць:

— Пастой, швагер, аддахнем.

— Шчэ не очань патамілісь,— кажа Пакацігарошак,— я з паходу, да і то не ўмарыўся.

Змей да яго гаворыць:

— Відна, швагер, я ў цябе пагіб!

Пакацігарошак кажа:

— Бо я за тым прыйшоў.

— Астаў мне сколькі-нібудзь жызні,— просіць яго змей,— і бяры сабе залатую, сярэбраную і бумажную маю казну, сколькі ўгодна.

— Я б аставіў табе жызні на сколька-нібудзь, але ты мяне для первага случая абясчэсціў, назваў малакасосам, то мне очань цежало знесці. Нет табе прашчэння! Больш з табою і гаварыць не хачу.

Змей, упаўшы ў вялікую злобу, распусціў сваю кроў па ўсім сваім жылам, даў прастор сваім рацівым плячам і ўдарыў Пакацігарошка і ўбіў яго па пояс.

— Ну што, нацешыўся, швагер? — гаворыць Пакацігарошак.— Ды поўна мне з табою шуткі шуціць! Бо я, дурак, перад табою доўга балую, даўно бы нада цябе прыбраць.

Як ударыў яго Пакацігарошак трэці раз, убіў яго па самую шыю ў медны ток і бярэць ён сваю булаву сяміпудаву і кончыў яму жызнь. Ды ўзяўшы змея, замазаў яго зусім у медны ток.

І пайшоў Пакацігарошак у багатырскую канюшню, дзе стаялі багатырскія жарабцы; узяўшы першага жарабца за хвост, ён дзёрнуў із яго тулуном3 шкуру, выпатрашыў яго і сам у гэтае тулабішча ўлез. Прылятае крук з кручанятамі і началі есці. Ён адно кручаня і злавіў за нагу, і гэты воран стаў чалавечаскім голасам гаварыць:

— Хто ў том тулабішчы есць? Акажысь.

— Я, Пакацігарошак.

Крук яму гаворыць:

— Што ты ад мяне жалаеш?

— Што я ад цябе жалаю? Прыстаў мне цалюшчай і жывушчай вады, а калі не даставіш, то сколькі вас есць — усе пагібнеце.

Тагда крук, узяўшы пузыркі, паляцеў за трыдзевяць зямель у дзесятае царства, іншае гасударства і дастаў вады з-пад вялікай стражы і прыносіць Пакацігарошку.

Палучыўшы сію ваду, Пакацігарошак для вернасці ўзяў яго дзіця за обе нагі і разарваў папалам.

— Я цяпер уверую, ці верная лі вада?

Ён адной вадой памачыў, стала кручаня цэла, а другою памачыў — і кручаня аджыло, стаў благадарыць і пусціў яму дзіця. Цяпер ён прыходзіць к сваім братам і ўзяў памачыў іх цалюшчаю вадой, і сталі яны цэлы, а другою памачыў — сталі жывы. І прыводзіць ён іх да сястры.

— Ну, сястра і брацця! Бярыце залатую, сярэбраную і бумажную казну, сколькі вам угодна, і нясіце дадому.

І пайшлі яны ўсе ўчацвяром.

Вот браты, увайшоўшы ў лес, і прывязалі Пакацігарошка к дубу.

— Браццы! Што вы робіце нада мною?

— Какой ты нам брат? У нас брата не было і не будзе.

Ён, адпусціўшы іх ад сябе на небальшое растаянне і ўзяўшы сабе вялікае злобіе, выкруціў дуб з корнем і павалок за імі. Выходзіць ён із лесу і, увідзеўшы свой дом, сваё жыцельства, прыходзіць дамой і крыкнуў на айца і маць:

— Ізвольце вам дроў!

— Ідзі, сынок, у хату.

А ён гаворыць:

— Я баюсь, калі ў лесе хацелі мяне спатрабіць, то ў хаце тым лучча. Прашчайце, айцец і маці, браццы і сястра! Жывіце сабе з богам.

Пайшоў ён назад. Шоў, шоў, і пападаецца яму наўстрэчу Вярнігара.

— Здрастуй, брат Пакацігарошак! Куды ідзеш, куды пуць-дарогу дзержыш?

А Пакацігарошак спрашывае ў яго:

— Хто ты есць такой?

Ён яму атвячае:

— Я есць сільна магушчы багатыр Вярнігара.

— Ці хочаш быць маім таварышам? — гаворыць Пакацігарошак.

А ён:

— Можна! Хачу табе служыць.

І пайшлі яны ўмесце. Шлі, шлі, і пападаецца ім наўстрэчу сільна магушчы багатыр Вярнідуб.

— Здрастуйце, браццы!

— Здароў!

— Какія вы людзі есць? — спрашывае Вярнідуб.

— Пакацігарошак і Вярнігара.

— Куды ж вы ідзеце?

— Мы ідзем у такой-та горад. Змей людзей выядае, то ідзем яго біць.

— Ці нельзя мне к вам у таварышы прыстаць?

— Можна! — гаворыць Пакацігарошак. І прыходзяць яны ў горад і яўляюцца цару.

— Какія вы людзі есць?

— Мы сільна магушчы багатыры.

— Ці не можна вам сей горад зашчыціць? Унадзіўся змей і губіць многа народу, трэба яго пабядзіць.

— Нашто ж мы называемся сільна магушчы багатыры, штобы яго не пабядзілі?

Прыходзіць самая поўнач, і пайшлі яны пад калінавы мост, на огненну раку. Вот прыходзіць шасціглавы змей і астанавіўся над мастом, і сейчас конь заржаў, а сакол зашчабятаў, а хорт заскімліў. Ён каня ў лоб:

— Ты, чортава сцерво, не ржы, а ты, сакол, не шчабячы, а ты, хорт, не скімлі! Бо тут есць Пакацігарошак. Ну,— гаворыць,— выхадзі, Пакацігарошак! Ліба будзем біцца, ліба мірыцца?

Гаворыць Пакацігарошак:

— Не затым добры маладзец ходзіць, штоб мірыцца, толькі затым, штоб біцца.

І началі яны стражацца. Пакацігарошак з таварышамі сваімі збілі ўтраіх змею па галаве.

Змей, відзеўшы, што, верна, трэба яму пагібнуць, гаворыць:

— Ну, браццы! Толькі Пакацігарошак мне цешаець, я бы з вамі з двума ўправіўся.

Вот яны сталі яшчэ стражацца і пабядзілі паследнія голавы, каня змяінага ўзялі ў стайню, сакала ў клетку, а харта ў псарню, а Пакацігарошак узяў павырэзваў языкі з усіх шасці галоў і палажыў сабе ў карман, і тулабішча скацілі ў вогненную раку. Прыходзяць яны к цару, і Пакацігарошак прыносіць яму языкі для іменнай праўды. Цар іх благадарыць:

— Віджу, што вы есть сільна магушчы багатыры і зашчытнікі горада і ўсяго народа! Што вам угодна піць і есць, бярыце ўсякія напіткі і наедкі бяздзенежна і бясплатна.

І з радасці ўдарыў ён публікацыю па ўсяму гораду, штоб былі адкрытыя ўсе трахціры, кабакі і малыя карчмы для сільна магушчых багатыроў. Вот яны хадзілі саўсюду, пілі, гулялі, прахлаждаліся і разнымі славамі забаўляліся.

Прыходзіць ноч, і ў самую поўнач ідуць яны пад калінавы мост на огненну раку, і ўдруг падходзіць сяміглавы змей. Сейчас конь заржаў, сакол зашчабятаў, хорт заскімліў. Змей сейчас каня ў лоб:

— Ты, чортава сцерво, не ржы, ты, сакол, не шчабячы, а ты, хорт, не скімлі! Бо тут есць Пакацігарошак. — Ну,— гаворыць ён,— вылазь, Пакацігарошак! Ліба будзем біцца, ліба мірыцца.

— Не затым добры маладзец ходзіць, штобы мірыцца, толькі затым, штобы біцца!

І началі яны стражацца, і збілі багатыры змею шэсць галоў; седзьмая засталася. Змей гаворыць:

— Дай-ка аддыхнем!

А Пакацігарошак гаворыць:

— Не дажыдай, каб я табе аддыхаць даў!

Сталі яны апяць стражацца, збіў ён і паследнюю галаву, павырэзваў языкі і палажыў у карман, а тулабішча бросіў у огненную раку. Прыходзіць к цару і прыносіць языкі для іменнай праўды.

У трэці раз тож паўночна ідуць яны к калінаваму масту і к огненнай рацэ, удруг падходзіць к ім дзевяціглавы змей. Сейчас конь заржаў, сакол зашчабятаў, а хорт заскімліў. Змей каня ў лоб:

— Ты, чортава сцерво, не ржы, ты, сакол, не шчабячы, а ты хорт, не скімлі, бо тут есць Пакацігарошак. А ну, вылазь, Пакацігарошак! Ліба будзем біцца, ліба мірыцца.

Пакацігарошак гаворыць:

— Не затым добры маладзец ходзіць, штобы мірыцца, толькі затым, штобы біцца.

І сталі яны стражацца, і збілі багатыры восем галоў, дзевятая засталася. Пакацігарошак гаворыць:

— Дай-ка аддыхнем, нячыстая сіла!

Яна гаворыць:

— Аддыхай не аддыхай, а са мною не свладзееш; ты і братоў маіх пабядзіў абманам, не сілаю.

Пакацігарошак не столькі ваюець, як думаець, як бы змея абмануць; аднача і здумаў і гаворыць:

— Да шчэ вашага брата многа есць і ззадзі — усіх прыбяру!

Удруг яна аглянулася, а ён і дзевятую галаву зняў, павырэзваў языкі, палажыў сабе ў карман, а тулабішча ў огненную раку бросіў. Прыходзяць яны к цару. Цар гаворыць:

— Благадару вас, сільна магушчы багатыры! Жывіце сабе з богам і з радасцю і з міласцю, а бярыце, сколькі вам нужна золата, серабра і бумажнай манеты.

Пасля сяго ўсе тры змяіныя жаны сышліся ў адно места і ўкладываюць между сабой савет:

— Адкудава яны ўзяліся, што нашых мужоў пабілі? Не жэншчыны мы будзем, еслі не звядзем іх са свету!

То меншая гаворыць:

— Ну, сястрыцы! Пайдзем мы на бальшой дарозе, куды яны будуць ісці. Я зраблюся пракраснаю койкаю, і яны, утаміўшыся, як сядуць на койкі, то ўсім тром будзе смерць!

А другая гаворыць к ей:

— Када ты ім нічога не зробіш, то я зраблюся яблынькаю над бальшою дарогаю, і як стануць яны ка мне падходзіць — возьме іх прыятны запах, а як папробуюць тых яблык, то ўсім будзе смерць!

Вот пад'язджаюць багатыры к пракраснай койке; Пакацігарошак махнуў па ей наўхрэст сабляю — дык палілася кроў!

Пад’язджаюць яны к яблыньцы.

— Брат Пакацігарошак, давай з'ядзім па яблычку,— гавораць багатыры, а ён кажа:

— Када можна, браццы, так з'ядзім, а када няможна, то дальш паедзем.

Выймае ён саблю і махнуў яблыньку наўхрэст, і палілася ўдруг кроў. Паспяшаець за імі трэцяя змяя і пусціла сваю пасць ад зямлі да неба. Відзіць Пакацігарошак, што ім каратко прыходзіцца; як спасцісь? Аглядаецца ён і ўвідаў, што яна на яго напіраець, і бросіў ёй тры кані ў рот. Паляцела змяя да сіня мора ваду піці, а яны ўшлі дальш. Наганяець яна абратна. Відзіць ён, што яна блізка, і бросіў ёй у рот тры сакалы. Апяць змяя да сіняга мора паляцела ваду піць. А яны ўшлі дальш. Аглядваецца Пакацігарошак, змяя апяць яго наганяець, і відзіць ён сваю няўстойку, узяў да бросіў ёй тры харты ў рот. Апяць яна да сіняга мора паляцела ваду піць, пакудава напілась, яны шчэ дальш ушлі. Аглядваецца ён і відзіць, што апяць яна даганяець; Пакацігарошак, узяўшы абоіх таварышчэй, і ўбросіў у рот. Змяя паляцела да сіняга мора ваду піць, а ён дальш. Даганяець яна апяць, ён аглядваецца, відзіць, што недалёка, і гаворыць:

— Госпадзі, сахрані мяне і спасі маю душу!

І відзіць ён уперад сабе жалезны завод і ўпадаець у гэтую кузніцу.

Кузняцы гавораць да яго:

— Што, чужастранны чалавек, так абрабеў?

— Пачценнейшыя гаспада! Сахраніце мяне ад нячыстай сілы і спасіце маю душу.

Яны ўзяўшы кузню заперлі наглуха.

— Аддайце маё,— гаворыць змяя.

Вот кузняцы гавораць ёй:

— Праліжы жалезны дзверы, а мы яго табе на язык паложым.

Яна пралізала дзверы і язык у сярэдзіну ўсадзіла. Кузняцы ўзялі ўтраіх гарачымі кляшчамі за язык і гавораць:

— Ступай, чужастранны чалавек, што хочаш з ёю рабі.

Ён выходзіць на двор і давай біць і пабіў на ёй шкуру да касцей, а косці да мазгоў і ўзяў яну з усім тулабішчам закапаў на сем сажон глубіны.

Вот ён і цяпер жывець да клоч’я жуець, а мы хлеб, бо ў яго нет! І я там быў, мёд-віно піў, па барадзе цякло, а ў губе не было.

1 Штурм – бура, навальніца, шум (заўвага збіральніка).

2 Друзгі – трэскі (заўвага збіральніка).

3 Тулун – мяшок без разрэзу, зроблены са скуры якой-небудзь жывёлы (заўвага збіральніка).



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 211-223
Крыніца: скан