epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кацігарошынка

Жыў купец з жонкаю, двумя сынамі і красавіцай-дочкай. На ўсё імушчаства купец накупіў тавараў і паплыў морам. Выскачыла пад тэй час непагадзь — бура, ад яе купец і затонуў са ўсім дабром.

Купчыха дужа пячалілась і ташнавала па мужу. Яшчэ не аправілась ад гэтай бяды, глядзіць — за варотамі другая бяда.

Раз у ясны дзень дзеці яе прагулівалісь у сваім саду, за камянной сцяной; аткуда ні вазьмісь на тэй час, на ту мінуту люты змей Шкурупей; не ўспелі брацця абразуміцца ад страху, а ўж ён у цёмным воблаку панёс іх мілую сястрыцу.

Купчыха чуць не аслепла ад гора, усё плачучы; а брацця паехалі ў пуць-дарогу за сястрою.

Купчыха без сыноў жыла плоха, абяднела, сама таскала воду. Тры гады мінула, як паехалі сыны; аб іх ні слуху, ні духу. Ідзець купчыха за вадою, прытамілась сільна, несшы поўныя вёдры; прыстоіла аддыхнуць: «Вот да чаго дажыла!»

Глаза ад бальшога гора і кручынушкі слязамі супоўнілісь. Выкацілась слязінка із глаза і ў вядро канула, сію мінуту стала белай адборнай гарошынай. Спанравілась яна купчысе; та праглаціла яе і забрэменела, хоць і сама не знала, адчаго гэта.

Радзіўся мальчык на дзіва ўсім красівы, здаровы. Кумы зняслі мальчыка хрысціць папу, тэй не хаціць:

— Не паверу, штоб такей здаравенны малец радзіўся ў старухі!

Цераз нескалькі дней поп сам наведаўся к купчысе; купчыха яму ўсё адказала, нічога не ўтоіла.

Поп мальчыка ахрысціў, назваў яго па случаю Кацігарошынкай.

Не па дням, а па часам рос Кацігарошынка, дайжа, так сказаць, па мінутам; учыўся ж харашо і скора пісаць і чытаць стаў не толькі што луччы за мальцаў, луччы саміх учыцеляў.

Таварышам гэта была завісна. Раз гэта із іх кампаніі і назаві Кацігарошку...

За абіду паказалась Кацігарошку, к мацеры пабег, стаў жалавацца; жалкуецца і аб бацьку распрашыець.

Як услыхаў Кацігарошка, што сястру змей скраў — матка ўвесь расказ, усю історыю гнала па парадку,— гаворыць:

— Благаславіце, матушка, у пуць-дарогу!

— Куды ты, сынок, паследняя мая радасць і ўцяшэнне?

— За сястрой! І не затрымаць вам мяне, мамінька,— луччы атстаўце!

Дала яму іголачку і сваё радзіцельскае благаславенне.

Із даму Кацігарошка ідзець к кузняцу:

— Перакуй на тросць іголачку!

Кацігарошка як падбросіць скованую тростачку, а ладонь падставіў — тростачка і сплюшчылась, у ёй была ажно дваццаць пяць пудоў.

Ізнову скаваў тростачку; аб багатырскае калена ўдарылась і зламалась.

Трэці раз выйшла добрая тросць: як падмахнуў яе ўверха Кацігарошка, ажно зазвізжэла да прама яго па галаве — асталась цэла, і галава тожа цэла, толькі воласы на ёй дрогнулі.

— Гэта тростачка па мне!

Зашагаў багатыр далей, у пуць-дарогу.

Даходзіць да бальшэй раўніны; там канюх стада лашадзей пасцівіць.

Як увідзеў Кацігарошку, канюх давай крычаць:

— Не хадзі, не хадзі: на верхняй дарозе жарабец цябе затопчаць.

А ён усё ідзець і ідзець. Як жарабец набросіўся, ён яго схватаў за хвост да аб землю ўдарыў і шкуру сташчыў.

— Во ты мне сваею лашадкаю хваліўся, а таперыча шкуркаю палюбуйся!

Плачаць канюх: загубіць яго тапер змей Шкурупей. Кацігарошка, як услыхаў аб Шкурупеі, рад, што на след напаў, ідзець к змею; на дарозе яшчэ аблупіў быка-бадуна, та ж сторыя і з баранам-бадуном.

Прыходзіць к возеру, у возера расцець магучы дуб, а пад тым дубам находзіцца мужаственны чалавек.

— Якога ты роду-племені?

— Завусь я Кацігарошынка, а іду я к змею Шкурупею. Вот ты мне пакажы дарогу.

— Пяцьдзесят лет я берагу возера свайго гаспадзіна, змея Шкурупея, і яшчо нікаму не паздаровілась, хто са мною ў бой уступаў. І ты, млады в'юнаш, лішышся січас жызні, еслі далей пайдзеш. Вот, вот сюда к возеру, а потым к дварцу, што віднеецца там, на гарэ, падляціць сам мой хазяін, люты змей Шкурупей. Ён на два аршыны вады выпіваець і на аршын зямлі паядаець, і крэпка-накрэпка ён прыказаў мне нікога не прапушчаць к яму ў дварэц.

Кацігарошынка задраўся с мужаственным чалавекам, забіў яго і ўж ідзець у Шкурупееў дварэц.

Там у вакна сядзела скучая Купчыхіна дочка; як увідзела чалавека, здзівілась і дужа абрадавалась.

Кацігарошынка шапку зняў, на галаву пісьмо ад мацеры ўзлажыў і стаў на каленках перад вакном.

Сястра ўзяла ў рукі пісьмо, нескалькі раз прачытала яго, ну ўсё яшчэ сумлівалась, што Кацігарошка яе брат, тады толькі паверыла там, як ён у дом увайшоў: замеціла яна, што ён на маменьку пахож.

— Пажалей ты сябе, Кацігарошка, і ўвыйдзі адсюль, пакуль яшчэ жыў; а брацця твае тут уж жысць сваю прыкончылі.

— Не! Не за гэтым я сюды прыйшоў, і, пажалуста, сястрыца, не ізвольце сумлівацца: я з ім спраўлюсь.

Схавала сястра, як магла толькі, свайго брата. Ляціць січас змей, скінуўся чалавекам і стаў із сябе красівым і стройным молайцам.

— Хто-та ёсць у нас із рускіх! — сказаў змей.

— Гэта ты па Русі налятаўся, рускага духа нахватаўся!

Кацігарошынка не сцерпіў, крычыць змею:

— Гэта я прыйшоў к табе ў госці.

— А, гэты ты, Кацігарошка, ну, ідзі на глазы.

Кацігарошка ўсходзіць у комнату к змею са сваею тростачкаю.

— Ну, падаць нам абедаць!

Усе кушанні былі згатаваны як надабе быць, толькі напаследак Шкурупей справіў сабе алавяных, медных і чугунных арахоў; так кусаў ён іх, што яны скрыпелі то і дзела ў яго на зубах, а сам іскоса паглядаець на Кацігарошку, ці спужаўся ён.

— Ці відзіш ты, як я лушчу арахі?

— Ды віжу! Гэта мяне не ўстрашаець: грызі сабе.

— Ну, так пайдзём у поле ля паядзінка.

Прыйшлі ў поле.

— Дуй сабе поле.

— Ля мяне і гэта харашо.

Змей Шкурупей стаў дуць, і пад ім здзелалась зямля медная, а на ёй слядоў не відаць.

Кацігарошка дзярэцца тросцю, а Шкурупей — рукамі і нагамі; прытаміўся змей і на тры дні просіць воддыха.

Кацігарошка даець яму воддыха толькі на тры часы, з тым яшчэ, штоб Шкурупей указаў, куды ён падзяваў яго браццяў.

Шкурупей не хаціць, быцца’к не знаець; потым вядзець Кацігарошку, а Кацігарошка дзяржыць яго за горла, штоб не ўвайшоў. Ідуць у сад.

Ля аграменнай дубовай калоды ўвідаў Кацігарошка сваіх браццяў мёртвымі: воласы іх уціснуты ў расшчэп дубовай калоды — так тамілісь яны доўга, пакамісць бядняжкі жысць сваю прыкончылі.

— Аджыві браццяў, а то тут жа заб'ю цябе.

— Пазволь мне, Кацігарошка, із дому прынесць дзве бутылі.

Кацігарошка апяць ідзець за ім і за горла дзяржыць. Дастаў змей бутылачкі і із адной піць хаціць — ужо к роту паднёс.

—Дай мне перва паспробаваць! — гаворыць Кацігарошка.

Як напіўся валшэбнай вады, Кацігарошка паслышаў у сабе яшчэ болей сілы і за хітрасць хацеў было змея забіць. Падашлі ізнову к мертвяцам, перва брызнулі на іх мёртвай вадой — яны сталі, слоўна як жывыя, толькі дыхання ў іх нетуці. Як брызнулі на мертвяцоў із другой бутылі — брацця ажылі; думаўшы, што іх ад смерці Шкурупей збавіў, сталі перад ім на каленкі і благадараць за збаўленне. На ту пору за абіду паказалась Кацігарошку, што яго брацця змею кланяюцца,— узяў яму жысць і прыкончыў сваёй тростачкай.

Сястра і брацця такея радыя павесялілісь, потым пусцілісь у пуць-дарогу.

Астанавілісь прыддахнуць на зялёнай даліне, ля возера, пад тым самым дубам, ідзе стаяў мужаственны чалавек.

Путнікаў абняла ноч.

— Я не магу іцці далей! — гаворыць Кацігарошка.— Мяне сном атамліваець. Я засну здзесь пад цяністым дубам, прыхінусь к яму, абапрусь на сваю тростачку. Я сплю не па-вашаму — крэпка; дак я наўчу вас, як разбудзіць мяне, када прыйдзець урэмя трогацца ў дарогу: выбейце з маіх рук тростачку — я січас прашнусь.

Толькі прагаварыў гэта, а ўж сам храпіць багатырскім сном.

Брацця завідывалі яму, сталі міжда сабе рэч дзяржаць, якім родам Кацігарошку страціць.

— Нашоўся ж з віру чалавек і праславіўся! Не можаць быць, штоб ён нам брат быў: маменька наша ўжо ў такім возрасце, што дажа ніўвазможна і падумаць, штоб у яе дзеці радзілісь. Уб’ём-ка яго. Ну, адным махам, пажалуй, яго не заб’еш — тут ён прашнецца і нам не здабраваць тады. Во што, здзелаем валасяны канат, звяжам Кацігарошку па рукам і нагам, прывяжам к дубу — сам ён не аслабаніцца і памрэць галоднаю смерцю.

Абкруцілі брацця Кацігарошку канатам, прывязалі к дубу, сястры ж вялелі маўчаць.

Вярнулісь старшыя сыны с сястрой к купчысе і хвалілісь, што са змеем справілісь і сястру аслабанілі.

Маць аб Кацігарошку распрашываць, а яны быцца’к нічога не знаюць і не ведаюць.

Прашнуўся Кацігарошка і гаворыць:

— Ах, як я спаў доўга!

Чутно яму, што прывязан; папяўся, пацягнуўся — дуб задрыжэў; як выпраміўся — дуб вырваў і пайшоў так к мацеры, а за сабою дрэва ташчыць.

Маці дужа зрадавалась, як увідзела Кацігарошку, а брацця хавацца.

— Выхадзіце, кайцесь, развяжыце мяне! Не выйдзеце, дужа плоха вам будзець.

Выйшлі і развязалі яго.

— Ну, прашчаю вам першую і паследнюю віну.

Пасля таго жылі харашо. Кацігарошку вялі за старшова.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 224-228
Крыніца: скан