epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Канёк-Гарбунок

{КАНЕК-ГАРБУНОК

}У аднаго бацькі было тры сыны: два разумныя, а трэці Іван-дурачок. Бацька іх жыў вельмі бедна. Калі сыны падраслі, бацька адправіў іх служыць да аднаго пана. Сыны праслужылі рок1 у пана, і пан спытаў у іх.

— Што вам даць за вашу службу?

— Па валу,— адказалі разумныя браты.

— А мне прыгожую капейку,— адказаў Іван-дурачок.

Пан даў старэйшым братам па валу, а Івану-дурачку пятак. Разумныя браты павялі валоў да бацькі, а Іван-дурачок купіў сабе булку, ідзе ды есць і на ўсю вуліцу спявае.

На другі рок бацька зноў адправіў іх служыць да таго ж самага пана. Праслужылі яны рок, і пан зноў у іх пытае:

— Што вам даць за вашу службу?

— Па каню,— адказалі разумныя браты.

— А мне дай залатога каня,— адказаў Іван-дурачок.

Разумным братам пан даў па каню, а Івана-дурачка прагнаў са свайго двара.

Браты селі на коней і едуць, а Іван-дурачок ідзе пехатой. Браты пасмяяліся над ім ды паехалі сабе. Іван-дурачок ішоў, ішоў ды бачыць: ходзіць стада коней па лузе. Ён зайшоў у стада, выбіраў, выбіраў сабе каня і выбраў самага малога, самага худога ды з гарбом на спіне. Але як сеў Іван-дурачок на гэтага каня, так конь стаў увесь залатым. Праехаў ён некалькі вёрст — і адзенне і зброя на Івану-дурачку таксама сталі залатымі. Іван-дурачок даганяе сваіх братоў. Калі яны ўбачылі яго, то адзін стаў на правым баку дарогі, а другі — на левым. Браты аддалі салют Івану-дурачку, а самі падумалі:

— Якісьці цар паехаў.

Іван-дурачок памінуў іх і паехаў дадому. Як уз’ехаў ён на падворак, так і конь стаў худы, а Іван апынуўся ў той самай вопратцы, у якой быў.

Прыехалі браты і сказалі:

— Ну і дурак ты, Іван! Чаму ты з намі не ішоў, хаця б цара бачыў на залатым кані, у залатым адзенні, пры залатой зброі.

А Іван-дурачок прамаўчаў і нічога не адказаў.

Прабылі сыны рок дома, і бацька задумаў ажаніць двух разумных. Вось ён паклікаў іх да сябе і кажа:

— Едзьце, сыны мае, і пашукайце сабе жонак.

Браты селі на коней і паехалі, а Іван-дурачок паехаў следам за братамі. Па дарозе конь спытаў у Івана:

— Зрабіць цябе залатым?

— Не трэба,— адказаў Іван.

Вось прыехалі яны да аднае жанчыны і пытаюць:

— У якой жанчыны ёсць дочкі, падобныя адна на адну?

— У мяне ёсць дочкі, падобныя адна на адну,— адказала жанчына.

— Пойдзем, паглядзім? — спыталі браты.

— Пойдзем,— адказала жанчына.

Браты ўвайшлі ў хату з жанчынай, а Іван-дурачок астаўся каля коней. Дочкі паглядзелі на братоў, а браты — на дочак, і адны адным панравілісь. Селі рабіць запоіны. У хату ўвайшоў Іван-дурачок. Браты пасадзілі яго паміж сябе, а ён толькі прыглядаецца ды прыслухоўваецца да размоў братоў і сясцёр. На стол жанчына паставіла гарэлку і ежу, а Іван устаў і выйшаў да свайго каня. Конь сказаў Івану:

— Глядзі, Іван, браты твае прыехалі ў сваты да ведзьмы. Яна хоча ашукаць іх і зарубіць іх шабляю. Калі нальюць табе першую чарку гарэлкі, ты не пі яе, а вылі пад стол і не дай гэтай ведзьме гарэлку сабраць пад сталом, бо яна стане шчоткай. Дадуць табе першую ложку макаронаў, вылі іх таксама пад стол. З гэтых макаронаў стане ложка. Калі табе дадуць ложку кашы, то і кашу кінь пад стол. З гэтай кашы стануць відэльцы. Усе гэтыя рэчы сабе забяры.

Іван прыйшоў у хату. Браты садзяць яго зноў паміж сябе, але ён сеў з краю стала. Івану налілі чарку гарэлкі, але ён яе выліў пад стол. З гэтай водкі зрабілася шчотка. Ведзьма хацела ўхапіць гэту шчотку, але Іван ухапіў яе хутчэй ведзьмы. Івану падалі ложку макаронаў, але ён іх таксама выліў пад стол. З макаронаў стала ложка. Ведзьма хацела ўхапіць гэтую ложку, але Іван першым ухапіў яе і схаваў у кішэнь. Івану падалі ложку кашы, але ён і кашу выкінуў пад стол. З кашы сталі відэльцы.

Ведзьма хацела іх ухапіць сабе, але Іван хутчэй ухапіў іх і схаваў у другой кішэні.

Пасля запоін ведзьма палажыла спаць братоў у адной комнаце, а дочак у другой. Івану-дурачку адвялі месца ў сенях і паклалі спаць на лаўцы. Іван зноў выйшаў да свайго каня. Конь яму сказаў:

— Глядзі, Іван, ведзьма загубіць тваіх братоў. А каб яна іх не загубіла, перанясі братоў на ложкі, дзе спяць сёстры, а сясцёр — на ложкі братоў.

Іван увайшоў у хату, улёгся на лаву і прытварыўся, што спіць. Ведзьма заснула. Іван перанёс братоў на ложкі, дзе спалі сёстры, а сясцёр на ложкі, дзе спалі браты. Пры гэтым Іван нідзе не бачыў трэцяй, самай малодшай, самай прыгожай дачкі, якую ведзьма называла Алена.

Усе спяць а Іван не спіць. Апоўначы ўстае ведзьма, бярэ шаблю і ідзе ў тую комнату, дзе павінны былі спаць браты. Там ведзьма пасекла сваіх дочак замест братоў і зноў уляглася спаць. Іван-дурачок устаў, пабудзіў сваіх братоў і сказаў:

— Ідзіце і паглядзіце, што ведзьма зрабіла са сваімі дочкамі.

Браты, увайшоўшы ў комнату, убачылі парубленых на кавалкі дочак.

— Вось што з вамі хацела зрабіць ведзьма,— адказаў Іван.

Браты падзякавалі Івану, хутка сабраліся і паехалі ўцякаць ад ведзьмы. Іван сеў на свайго канька, пад'ехаў да акна і крыкнуў:

— Няма тваіх дочак, ведзьма!

Ведзьма ўсхапілася, хутка ўвайшла ў комнату, дзе павінны былі спаць дочкі, а іх там няма. Яна ў другую комнату, а там ляжаць парубленыя на кавалкі яе дочкі.

Ведзьма ўселася на памяле ды давай даганяць Івана з братамі. Паглядзеў Іван назад і бачыць, што ведзьма даганяе яго. Ён і пытаецца ў Канька-Гарбунка:

— Што рабіць, Канёк-Гарбунок?

— Кінь назад шчотку,— адказаў канёк.

Іван кінуў шчотку, і з гэтай шчоткі стала вялікая-вялікая гара. Пакуль ведзьма пералязала гэту гару, браты разам з Іванам ад’ехалі некалькі дзесяткаў вёрст. Азірнуўся Іван назад і бачыць: ведзьма даганяе іх.

— Што рабіць? — зноў пытае Іван у Канька-Гарбунка.

— Кінь ложку,— адказаў Канёк-Гарбунок.

Іван кінуў пазадзі сябе ложку, і з гэтае ложкі стала яшчэ большая гара. Ведзьма перабіралася, перабіралася і перабралася. Паглядзеў Іван назад і бачыць, што ведзьма зноў іх даганяе.

— Што рабіць, канёк? Ведзьма нас зноў даганяе,— сказаў Іван каньку.

— Кінь назад відэльцы,— адказаў Канёк-Гарбунок.

Іван кінуў відэльцы. З відэльцаў утварылася мора, ды такое вялікае, што ведзьма не змагла яго пераплыць і павярнула назад. Прыехала ведзьма дадому і сваю самую прыгожую дачку Алену пасадзіла ў залатую клетку і замкнула яе. Клетку яна паставіла на кухні.

Браты прыехалі да бацькі, расказалі яму, як яны папалі да ведзьмы, як яна хацела іх знішчыць і як іх выратаваў ад смерці Іван. Бацька і разумныя браты сталі вельмі шкадаваць Івана-дурачка. Але яны шкадавалі яго толькі рок, а на другі рок забыліся пра дабрату Івана і сталі збыткаваць яго. Паклікаў бацька да сябе Івана ды і кажа яму:

— Сёння цябе адпраўлю на службу, а заўтра адпраўлю і тваіх братоў. Збірайся хутчэй ды паедзеш, бо сам бачыш, як збыткуюць з цябе браты.

Іван сеў на свайго Канька-Гарбунка ды паехаў. Едзе, едзе, аж бачыць: на дарозе ляжыць залатая падкова. Іван пытае ў каня:

— Узяць гэту залатую падкову або не?

Конь адказаў:

— Возьмеш — будзе худа, не возьмеш — будзе горш.

Іван узяў падкову і едзе далей. Бачыць, на дарозе ляжыць залатое пяро. Іван зноў пытае ў Канька-Гарбунка:

— Узяць гэтае залатое пяро або не?

— Возьмеш — будзе худа, не возьмеш — будзе горш,— адказаў Канёк-Гарбунок.

Іван узяў залатое пяро, палажыў яго за пазуху і едзе далей. Бачыць, ляжыць на дарозе залаты волас. Іван зноў пытае ў Канька-Гарбунка:

— Узяць гэты залаты волас або не?

— Возьмеш — будзе худа, не возьмеш — будзе горш,— адказаў Канёк-Гарбунок.

Іван узяў залаты волас і едзе далей. Ехаў ён, ехаў і прыехаў да таго самага пана, у якога ён калісьці служыў.

Пан адправіў яго служыць на канюшню. На канюшні Іван убачыў, што панскія парабкі коней не кормяць, а толькі свечкі каля коней паляць. Ад гэтых свечак коні і сыты былі. Іван таксама не карміў свайго каня, хаця пан даваў яму такую ж свечку, а ў яслі паклаў залатую падкову. Вось пан пакідае аднаго парабка даведацца, чым Іван корміць свайго каня. Парабак высачыў, чым корміць Іван свайго каня, і прынёс пану падкову. Калі Іван прышоў да Канька-Гарбунка, той сказаў:

— Парабак узяў падкову і занёс пану. Замест падковы палажы цяпер у яслі залатое пяро. Я буду ўглядацца на яго і буду сыты і так я вельмі хутка папраўлюся,— сказаў Канёк-Гарбунок, калі Іван прыйшоў у канюшню.

На другі дзень парабкі ўбачылі ў яслях залатое пяро, забралі яго і занеслі пану. Калі Іван прыйшоў да свайго Канька-Гарбунка, конь сказаў:

— Парабкі ўзялі залатое пяро і занеслі пану. Цяпер палажы ў яслі залаты волас. Я буду ўглядацца на яго і буду сыты.

Іван палажыў у яслі залаты волас, але парабкі забралі залаты волас і аднеслі яго пану. Пан паклікаў да сябе Івана і кажа:

— Ты, Іван, павінен мне дастаць таго каня, ад якога гэта залатая падкова. (Пан паказаў Івану залатую падкову). Вось што, калі дастанеш гэтага каня, даю табе трэцюю частку свайго маёнтка, а калі не дастанеш, то пакараю цябе смерцю.

Іван прыйшоў да Канька-Гарбунка і расказаў яму плачучы, што загадў яму пан.

— Не плач, Іван. Той конь жыве ў ведзьмы, да якой у сваты ездзілі твае браты. Сядай хутчэй ды паедзем,— сказаў Канёк-Гарбунок.

Па дарозе конь расказаў Івану, што ведзьма будзе спаць, калі прыедзем, што шабля будзе ў ведзьмы ў правай руцэ, а ключы ад стайні ў правай кішэні.

Вось Іван прыехаў да ведзьмы. Ведзьма спіць. Іван узяў шаблю і пераламаў яе напалавіну, забраў ключы з правай кішэні і хутчэй да стайні. Адамкнуў стайню, забраў каня і хутчэй да свайго Канька-Гарбунка. Праязджаючы каля акна, Іван крыкнуў:

— Няма твайго каня, ведзьма!

Ведзьма падхапілася і пачала шукаць сваю шаблю. Пакуль яна знайшла сваю шаблю, зварыла яе ў кузні, Іван ужо быў далёка. Ведзьма не змагла яго дагнаць. Прыехаў Іван да пана і аддаў яму каня.

Пан падзякаваў Івана і сказаў:

— Цяпер ты павінен дастаць мне тую качку, ад якой гэтае залатое пяро. Калі дастанеш, то аддам табе палавіну свайго маёнтка, а калі не дастанеш, пакараю цябе смерцю.

Заплакаў Іван і пайшоў да свайго Канька-Гарбунка.

— Чаго плачаш, Іван? — пытае Канёк-Гарбунок.

Іван расказаў, якую задачу задаў яму пан. А канёк адказаў:

— Не плач, Іван. Тая качка ў ведзьмы. Ведзьма зараз спіць, ключы ў яе цяпер у левай кішэні, а шабля ў левай руцэ. Сядай, хутчэй паедзем.

І яны паехалі. Прыехалі хутка. Ведзьма спіць. Іван увайшоў у хату, забраў шаблю, перабіў яе на дзве часткі і выкінуў у акно. Забраў ключы, хутка адамкнуў клетку і забраў залатую качку. Праязджаючы каля акна, Іван крыкнуў:

— Няма тваёй качкі, ведзьма!

Ведзьма падхапілася і пачала шукаць сваю шаблю. Пакуль яна знайшла сваю шаблю, зварыла яе ў кузні, Іван быў ужо далёка. Ведзьма не змагла дагнаць яго. Прыехаў Іван да пана і аддаў яму качку. Пан падзякаваў Івану і сказаў:

— Цяпер ты павінен мне дастаць тую дзяўчыну, з якой гэты залаты волас. Калі дастанеш, дам табе палавіну свайго маёнтка і каня, а калі не дастанеш, пакараю цябе смерцю.

Іван заплакаў і пайшоў да свайго Канька-Гарбунка.

— Чаго плачаш, Іван? — спытаў яго Канёк-Гарбунок.

Іван расказаў яму, якую задачу загадаў яму пан. Канёк сказаў:

— Тая дзяўчына ў ведзьмы. Яна сядзіць у залатой клетцы, а клетка тая на кухні. Калі мы прыедзем, ведзьма будзе спаць. Ключы ведзьма трымае цяпер у зубах, а шаблю пад бокам. Сядай ды хутчэй паедзем.

Іван сеў на Канька-Гарбунка, і яны паехалі. Па дарозе КанёкГарбунок сказаў:

— Калі ты ўбачыш Алену, толькі з ёй не пацалуйся, а то ўсё прападзе.

Прыехалі хутка. Іван зайшоў у хату. Ведзьма спіць. Іван выцягнуў шаблю з-пад бока і пераламаў яе на тры часткі. Забраў ключы і хутчэй на кухню. Адамкнуў ён залатую клетку. З залатой клеткі выйшла Алена. Яна была такая прыгожая, што Івану так і хацелася пацалаваць яе, але ён устрымаўся.

Іван забраў Алену, пасадзіў яе на каня і, праязджаючы каля акна, крыкнуў:

— Няма тваёй дочкі, ведзьма!

Ведзьма падхапілася. Пакуль яна знайшла сваю шаблю, зварыла яе ў кузні, Іван быў ужо далёка. Ведзьма яго даганяць на памяле, але ў дарозе яна захварэла і памерла.

Іван прывёз Алену да пана. Пан як паглядзеў на Алену, так адразу і задумаў ажаніцца на ёй. А Алена адказала:

— Я ведаю, пане, што ты задумаў, але я павінна выйсці замуж за таго, хто прывёз мяне сюды.

Пан паклікаў Івана да сябе і сказаў:

— Ты, Іван, рашыў усе мае задачы, а цяпер адкажы, якой смерцю цябе пакараць?

— Пайду папытаю свайго Канька-Гарбунка,— адказаў Іван.

— Ідзі!— сказаў пан.

Іван прыйшоў да Канька-Гарбунка і пытае яго:

— Скажы, канёк, якую смерць мне выбраць?

А Канёк-Гарбунок яму ў адказ:

— Няхай пан цябе ў малацэ зварыць.

На другі дзень Іван прыйшоў да пана і сказаў:

— Хачу, каб ты мяне, пане, у малацэ зварыў.

Пан загадаў падаіць усіх сваіх кароў і наліць бак малака ў дзвесце вёдзер, а пад бакам раскласці вялікі агонь.

Малако закіпела. Да бака падышоў пан. Слугі прывялі Івана. Іван папрасіў пана, каб ён дазволіў яму развітацца са сваім Каньком-Гарбунком. Пан дазволіў яму. Іван падышоў да Канька-Гарбунка, абняў яго за шыю і горка заплакаў.

— Не плач, Іван,— сказаў Канёк-Гарбунок.— Я тое малако хутка астужу.

Іван разам з Каньком-Гарбунком падышлі да бака з малаком.

Канёк-Гарбунок стаў каля бака, а Іван пачаў распранацца. Канёк-Гарбунок дыхнуў так, што ўвесь жар малака ўцягнуў у сябе. Іван прыгнуў у бак з малаком. Ён пакупаўся ў малацэ і выйшаў з бака такім прыгожым, што ні ў казцы сказаць, ні пяром апісаць.

Пан падышоў да Івана. Ён убачыў яго прыгожым, маладым, высокага росту. Пану захацелася зрабіцца такім жа прыгожым, і ён крыкнуў:

— Зараз і я стану маладым і прыгожым!

Пан нават забыўся распрануцца і кінуўся ў бак з малаком. Канёк-Гарбунок выдыхнуў усю жару ў бак з малаком, і яно зноў закіпела. Хутка выплыла наверх толькі адзенне пана.

Слугі, убачыўшы гэта, заскакалі ад радасці.

Іван узяў Алену пад руку і павёў яе ў палацы пана. Там яны зрабілі вяселле. Іван застаўся гаспадарыць у маёнтку пана. Пры ім сяляне сталі жыць багата і шчасліва.

1 Рок – год (з польск.)



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 442-448
Крыніца: скан