epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Каваль-багатыр

Жыў сабе каваль з каваліхаю. Пабраліся яны рана, але да самае старасці не мелі дзяцей. Вельмі гаравалі яны, што не даў бог ім уцехі. Горна, што ўсе людзі як людзі, а толькі іх пакараў бог. Чаго ні рабіла каваліха, к якім варажбітам ні хадзіла, якіх зяллёў ні піла — нішто не памагае. Управіцца каваліха з гаспадаркаю, прыйдзе й каваль з кузні, сядуць яны вячэраць, каваль і кажа:

— Нешчаслівыя мы з табою, бабо! Хто нам на старасці вады падасць? Хто нам вочы закрые? Хто нас пахавае? Хто нас будзе памінаць?

Плача баба, й толькі ашчэ гарэй ёй моташна на сэрцы. От раз быў святы дзень. Вясна. Чуць зайшло сонца. Вечар цёплы, пагодны. Павячэралі каваль з каваліхаю да й паселі на прызбе. Сядзяць яны да завідуюць, як граюць на загумечы суседнія дзеці. Ужо пачало цямнець, на небе забліскалі зоркі; хацелі яны йці спаць, як ось бачаць: паказалася на небе вельмі вялікая й ясная зорка.

— Мо гэта душачка майго дзіцяці? — думае каваліха.

Чуць яна гэта падумала, як тая зорка й пакацілася па небу: коціцца ўсё бліжэй да бліжэй і ўсё расце. От яна ўжо над самым сялом гарыць, бы капа сена. Спужаліся людзі, а зорка трэснула над самым сялом на кускі, толькі іскры пасыпаліся на землю, й патухла. От адна іскра ўпала кавалісе к самым нагам, от бы гарачы чырвоны каменьчык. Ляжыць каля прызбы каменьчык, ясны, як зорка. Спужаліся каваль з каваліхаю, а потым, як трохі ачухаліся, дак і кажуць у вадзін голас:

— Мо гэта бог нам даў дзіця.

Узяла каваліха той камень, палажыла яго ў пялёнкі і панясла ў хату. Толькі ўздула яна агонь да запаліла лучыну, бачыць, ажно праўда: у пялёнках ляжыць не камень, а такі гожы хлапчук, што няможна і сказаць. Не нарадуюцца каваль з каваліхаю — так і не лажыліся яны ўсю ноч. Расце хлопец, як рыжок. На трэці дзень ужо стаў бегаць кавальчук і йграць з дзецьмі на загумечы; толькі дзеці яго баяліся, бо ён каго хваціць, альбо піхне, та той і паляціць цераз голаў. Цераз нядзелю пайшоў ён ужо ў кузню памагаць бацьку й вучыцца каваць. Дзівіцца каваль, што яго сын такі панятлівы. А ён цераз нядзелю-дзве так навучыўся ўсё каваць, што мудрэй бацька. А сіла ў яго такая, што як дасць молатам, дак аж кавадла ў землю хаваецца. І празвалі людзі кавалёвага сына Багатыром. Вырас Каваль-Багатыр, набраўся сілы, й захацелася яму свету пабачыць і сябе паказаць. От і стаў ён збірацца ў дарогу. Як ні ўпрашалі яго бацька з маткаю, каб ён не пакідаў іх, не паслухаў. Кажа:

— Я цяпер пайду пагляджу свету й скора вярнуся памагаць вам на старасці.

І пайшоў Каваль-Багатыр у чужыя землі, к чужым людзям вучыцца, як дзе людзі жывуць. Ці доўга, ці коратка ён хадзіў, толькі ось вярнуўся да гасподы. Жаляцца яму бацька з маткаю, што, як яго не было, праявіўся страшны змей і многа людзей паеў альбо загроб к сабе ў цёмны лес. Абазліўся Каваль-Багатыр на змея, выкаваў сабе сакеру ў дзесяць пудоў і пайшоў шукаць таго змея. Ідзе ён да йдзе цёмным лесам і вайшоў у такую гушчэчу, што й свету божага не бачно**: нельга йці далей. Ухваціў Каваль-Багатыр сваю сакеру й давай паласкаць: што махне, дак дзесяць дубоў і паляціць, бы чараціны. Прачысціў ён сабе дарогу да й пайшоў далей. Ідзе ён да йдзе, аж і выбягаюць з-за кустоў дванаццаць разбойнікаў да ўсе разам і наваліліся на Каваля-Багатыра. Хваціў гэта ён самага старшага разбойніка за ногі да як махнуў кругом сябе, дак з усіх разбойнікаў і дух выперла.

Пайшоў ён далей. Падходзіць к рацэ. Рака глыбокая й шырокая — няма як перайці, а тут яшчэ каля берага высокая гара стаіць, а на той гары — тры дубы таўшчэразныя, як печ. Узышоў Каваль-Багатыр на тую гору, бачыць, ажно на тых дубах пугач звіў сабе гняздо й напладзіў дзяцей. Палез Каваль-Багатыр на дуб, далез да гнязда, бачыць, ажно там людскія дзіцячыя косці валяюцца. Пугач ухваціць дзіця, занясе яго ў гняздо, а там пугачанята й давай кляваць тое дзіця. Абазліўся Каваль-Багатыр, паскручваў пугачанятам голавы да й чакае, пакуль прыляціць сам пугач. Ось зашумеў вецер, засвістаў, і ляціць пугач, а ў лапах трымае дзіця. Падляцеў ён к гнязду да як убачыў Каваля, дак і кінуўся на яго, а дзіця й выпусціў з лап. Ухваціў гэта Каваль-Багатыр адною рукою дзіця, а другою пугача за горла й давай яго душыць.

— Не душы,— кажа пугач,— я табе памагу ў вялікай прыгодзе.

Змілаваўся Каваль і кажа:

— Ну, добра, я пушчу цябе, толькі ты аднясі гэтае дзіця на тое месца, дзе ўзяў.

Панёс пугач дзіця, а Каваль-Багатыр злез з дуба, сышоў з гары да як упёрся ў яе плячом, дак толькі зямля застагнала, й гара з дубамі пасунулася да й шабулдых у воду. Зусім засыпалася рака. Няма як бегці вадзе, й пайшла яна на берагі, затапіла алёс1 і поле. Тут недалека ў нетры і тхлані сядзеў змей. Падышла вада, няма яму куды дзецца, й выйшаў ён у поле, да якраз і наткнуўся на Каваля-Багатыра. Біліся яны, біліся, але бачыць змей, што Каваль-Багатыр дужшы, і пусціўся ён уцякаць. Дабег да свайго логва, зачыніўся й каладдзём закідаўся. Пайшоў Каваль-Багатыр яго шукаць. Лес густы, што не прайці, а тут яшчэ й ноч нахапілася. Лёг Каваль-Багатыр пад дубам, ляжыць і чуе, ажно начынаюцца грымоты. Зашумеў лес, загуў, жупіць2 рознымі галасамі. Але ось бліснула маланка й загрымела да так, што аж зямля задрыжала. Наляцеў вецер. Раве лес, стогне. Дубы трашчаць, хвоі стогнуць, а яліны схіляюцца чуць не да зямлі. А маланка блісне, блісне чуць не цераз усё неба, асвеціць цёмны лес, і зноў цёмна, як пад зямлёю. Але ось і пачаў пярун палыскаць: трэсне ў хвою, дак і распалосуе ад самага верху аж да карэння, трэсне ў дуба — расколе дуба, як цэўку.

— Ну,— думае Каваль-Багатыр,— у гэтую ночку не аднаму чорту дастанецца на абаранкі.

Лінуў дождж. Падняўся Каваль-Багатыр з-пад дуба, выбраў густую яліну й лёг пад ею, каб дождж не даставаў; ляжыць і любуецца, як пярун чарцей палюе. Паляжаў Каваль-Багатыр пад ялінаю да й заснуў, як малое дзіця. Добра яму спаць, як спяваюць буры й грымоты. Тым часам як пачаў пярун паліць у логва змея — загарэлася логва; насілу змей выскачыў. Ляціць ён да ляціць над лесам, а за ім такі віхар паднімаецца, што ўсе дзеравякі з карэннем выдзірае з зямлі. Падляцеў змей к таму месцу, дзе ляжаў Каваль-Багатыр, да й счуў яго носам, бы сабака. Давай гэта змей падкрадвацца к Кавалю-Багатыру, каб на яго соннага напасці. Падкраўся змей ужо саўсім блізка, а Каваль-Багатыр спіць, бяды не чуе. Рад змей: от, думае, калі капец ворагу. От ён ужо расчапіў лапы, разявіў горла, каб схваціць Каваля-Багатыра, але ось адкуль ні вазьміся пугач; падляцеў ён к Кавалю-Багатыру да як залопае крыламі над самым вухам — той і прахапіўся, адкрыў вочы да й абудзіўся. Зірне Каваль-Багатыр, ажно ў цемнаце вочы змея гараць, як вуголле; ухваціў гэта ён сваю сакеру да як махнуў, дак адразу сатнуў сем дубоў і голаў змею.

Вярнуўся тады ён да гасподы й давай ціха жыць да пажываць да дабра нажываць, да старэнькіх бацька з маткаю даглядаць да шанаваць.

1 Алёс – зыбкае месца, багна.

2 Жупіць – размаўляць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 327-330
Крыніца: скан