epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Каваль

У яком-тось царстве быў колісь вялікі голад, і не было чым жывіцца не толькі гаўяду, але й людзям. Паелі яны і той корм, што жывілася жывёла. От паміраюць людзі з голаду, бы аб осень мухі. Але адны паміраюць, а другія раджаюцца. І чым гарэйшы голад, тым больш раджаецца дзяцей. І вялеў цар забіваць малых дзяцей, каб не множыліся людзі, бо і гэтым няма чаго есці. От ходзяць царскія слугі да й забіваюць дзяцей або топяць іх у рацэ, бы шчанят. Плачуць, убіваюцца маткі, ломяць рукі да рвуць на сабе косы. Ведама, маткам заўжды дзяцей шкода. Але царскія слугі не маюць літасці — забіваюць дзяцей, льюць анельскую кроў.

От у том царстве тады жыла сабе адна жанчына. Яна ўжэ была тоўста, як яе гаспадара забралі ў маскале. Бачыць яна, што ўжэ ходзіць на часох да й баіцца, каб царскія слугі не забілі яе дзіцяці. Што тут рабіць? Куды тут схаваць дзіця, як яно родзіцца? Думала яна, думала да й надумалася. Надрала гэта яна пялёнак, наклала ў лубянку, закінула яе за плечы да й пайшла ў лес.

Ведама, лес вялік — няма яму ні канца, ні краю. Жыві ў ём хаць век — ніхто не трапіць. От ідзе тая маладзіца да йдзе, назбірае ягад, прагоніць смагу да й далей. І забралася яна ў такую гушчарню, што мо там ніхто й зроду не быў. Наглядзела яна сабе дуплянатае дзерава, выкалупала ў ём парахню да й зрабіла там сабе хатку. Тут непадалечку была крыніца, а ў ёй такая чыстая вада, бы сляза. Жыве сабе ў том дупле маладзіца. З крыніцы п’е воду, а есць ягады да грыбы. Назапасіла яна трохі сабе грыбоў да ягад, назбірала арэхаў да ўсялякага карэння і чакае, покі прыйдзе пара. От сядзіць яна ў дупле да шые сабе сарочку. Тым часам выйшаў увесь запас грыбоў да ягад, і няма чым пасілкавацца. Высунулася яна з дзерава, узяла на плечы лубянку да й пайшла шукаць грыбоў. Ідзе яна да йдзе, да й узбілася на мядзведжае логва. Мядзведзіца пайшла шукаць жыўнасці, а тым часам на медзведзянят напаў шуляк і давай іх дзяўбаць. Убачыла тое маладзіца — шкода ёй малых дзетак,— ухапіла яна ламачыну да як сперазала таго шуляка, дак ён і ногі выпруціў. Тым часам падбягае мядзведзіца. Убачыла яна, што жанчына абратавала медзведзянят і дзякуе ёй: прыпадае к нагам да ліжа іх, раве, а слёзы з ачоў так і цякуць. От пайшла маладзіца ў сваю хатку, а мядзведзіца тым часам назіркам за ёю. Убачыла, куды ўлезла маладзіца, да й пайшла к сваім дзеткам.

Сядзіць сабе маладзіца, перабірае грыбы да пае песні. Толькі ось зірне яна, аж мядзведзіца сунецца з кустоў проста к дуплянатаму дзераву. Спужалася маладзіца, аж у жывату забурчала — не ведае, што рабіць. Тым часам мядзведзіца падышла к самаму дуплю, прыцягла маладзіцы на лубку свежых плястраў мёду, палажыла тут, а сама паўзком папаўзла назад. Убачыла тое маладзіца да й дагадалася, што гэта мядзведзіца ў падзяку дала гасцінца.

От жыве сабе маладзіца ў дуплянатым дзераве й не гадкі1: мядзведзіца кожын дзень прыцягне мёду. Потым яна пачала насіць пташэчыя яйца і другую жыўнасць. Але ось прыйшла пара й парадзіла тая маладзіца гожага хлопца. Зірне яна, аж у яго спераду на галаве сонейка, а ззаду месячык. Ззяе сонейка, аж вочы слепіць, нельга глядзець. От абвязала маладзіца галоўку свайму сынку хустачкаю да так і не здымае яе ні ўдзень, ні ўночы. Расце хлапчук, бы на дрожджах: што дзень, та на пушку вырасце; у адно лецечка зраўняўся з маткаю. Тым часам насіла, насіла мядзведзіца ім жыўнасць, а нарэшце й сама з медзведзянятамі перабралася к таму дуплянатаму дзераву да й зрабіла каля яго сабе лагво. Грае сабе хлапчук з медзведзянятамі, сядзе на іх вярхом да й ездзіць, бы на каняцы.

К восені медзведзянята зраўняліся з маткаю й пайшлі самі шукаць жыўнасці. Тады хлапчук давай ездзіць на мядзведзіцы.

Спадабалася яму гэта. От пасадзіць ён на мядзведзіцу сваю матку, ускочыць сам і давай гасаць па лесе. Гэ пражылі яны лета. Падходзіць восень. Начынаюцца халады. От і ўздумала маладзіца йці ў сваё сяло. Сабраліся яны, злажылі сваё дабро ў лубяныя каробкі да й пайшлі да гасподы; а тут мядзведзі ўвязаліся й не пакідаюць ні на крок. От яны павесілі свае клункі на аднаго маладога мядзведзя, маладзіца села на мядзведзіцу, а хлопец на другога медзведзюка да й паехалі. Выбраліся яны з лесу на поле да й пад’язджаюць к сялу. Убачылі людзі мядзведзей, спалохаліся да наўцекача. Пабеглі ўсе з сяла, куды вочы глядзяць. Пад’ехала маладзіца к сваёй хатцы, ажно яна пустая. От злезлі яны з мядзведзей, знялі свае клункі да й пачалі аглядаць хату. Тым часам мядзведзі панюхалі сельскае паветрае да й патрухалі ў лес. Пачалі збірацца людзі да й не надзівяцца, што вярнулася маладзіца і прывяла такога гожага хлопца.

От жыве маладзіца з сынам у сваёй хатцы да даглядае хаджайства. Тым часам яе хлапчук пачаў пляска**ць у кузні да й зрабіўся добрым кавалём. Пайшла аб том прачутка й дайшла да царскіх слуг. Ужэ даў бог зраджай, перасталі забіваць дзяцей, але царскія слугі кажуць, што Каваля трэ забіць, бо ён тады радзіўся, як велена было нішчыць дзяцей і што вінавата матка, нашто яна хавала і гадавала свайго сына. От судзілі, судзілі царскія слугі да й прысудзілі забіць таго Каваля. Пачула тое матка — плача, рукі ломіць, рве на сабе косы да ўбіваецца, да галосіць на ўсе сяло. А Каваль ані гадкі: пае песні, смяецца да разважае сваю матку. Толькі ось чуе ён, што ўжэ йдуць царскія слугі з войскам, каб яго знішчыць. От выкаваў ён сабе булаву ў дзесяць пудоў, падкінуў яе ўверх да й падставіў калена. Ударылася булава аб калена да й сагнулася ў дугу. Узяў ён больш залеза, выкаваў булаву ў сорак пудоў, падкінуў яе ўверх, наставіў калена да й чакае, што будзе. Чакаў, чакаў, аж няма булавы — яна ўсе ляціць уверх. Чакаў ён з рана аж да паўдня; толькі чуе — гудзе ў небе, бы гром грыміць, гудзе, ляціць тая булава ўніз. От ужэ сонейка заходзіць за лес, як тая булава падляцела да й ударылася аб калена. Бачыць Каваль, што ў ёй толькі ручка трохі пагнулася. От узяў ён тую булаву, заткнуў яе сабе за пояс да й пайшоў шукаць добрага каня, каб на ём ехаць у свет. Шукаў ён, шукаў, але якога каня ні знайдзе, як паложыць яму на спіну сваю далоню, дак конь і падзе на калені — не мажэ выдзержаць. Што тут рабіць? Не хоча Каваль пешкі йці ў свет, а не мажэ падабраць сабе каняку. Толькі ось едзе анучнік, а ў яго карослівая кабылка. Падышоў Каваль да й палажыў ёй на спіну сваю руку. Стаіць кабылка й не варухнецца. Тады Каваль палажыў ёй на спіну сваю булаву. Стаіць карослівая кабылка, толькі трохі вушамі паківала. І прыстаў Каваль к анучніку, каб ён прадаў кабылку. От узяў анучнік за тую кабылку сто рублёў. Ён і зроду не меў [с]толькі грошай. Пайшоў анучнік падскакваючы. Тым часам Каваль сеў на карослівую кабылку, прывязаў к сядлу сваю булаву, папрашчаўся з маткаю да й паехаў сустракаць царскіх слуг і войска. От едзе ён шляхам, а насустрэк увесь шлях заняло войска.

— На бок, на бок!— крычаць яму.

А ён кажа:

— Не вялікія паны, й самі звернеце.

Тут накінуліся на Каваля маскале, а ён ухапіў аднаго за чуб да як замахнецца кругом сябе, дак войска пластом лажыцца. Убачылі другія, што бяда, да наўцекача. Тым часам Каваль як ехаў памаленьку, дак так і паехаў далей. От едзе ён да едзе й пад’язджае к высокай гары: няма як ехаць далей. Злез ён з кабылкі, пусціў яе пасціся, а сам лёг супачыць, падлажыўшы булаву пад голаў. Спіць сабе Каваль і не чуе, што на кабылку напала дванаццаць ваўкоў. Апанавалі яны кабылку адусюль і давай на яе кідацца. Заржала кабылка, заве Каваля на помач. Прахапіўся той, ухапіў булаву да як пусціць у ваўкоў, дак усіх разам і паклаў, а булава з разгону як урэзалася аб каменную гору, дак гара затраслася да й расселася надвое. От Каваль сеў на кабылку да й паехаў у тую шчыліну ў сярэдзіну гары. Уехаў ён туды, аж там цёмна, хаць ты вока выкаль, от яшчэ уссунешся на якое падла. Развязаў тут Каваль спераду голаў, і заблісцела сонейка, стала відно, хаць ты голкі збірай.

От едзе ён да едзе; зірне ўперад аж бачыць — там гарыць агонь. Паехаў ён туды, пад’язджае бліжэй, аж гэта ззяе д'ямант. Ляжыць яго кусок, бы гарбуз, да так ззяе, батцэ агонь гарыць. Забраў Каваль той д'ямант да й паехаў далей. Але ось скора пад’ехаў ён к каменнай сцяне — нельга ехаць далей. От узяў ён булаву, размахнуўся да як ударыць, дак сцяна ўдрэбезгі й рассыпалася. Зірне ён, аж там палацы, да такія палацы, што паглядзі, дак аж галава кружыцца. Злез Каваль з кабылкі, пусціў яе на пашу, а сам пайшоў аглядаць тыя палацы. Ідзе ён да йдзе з аднае станцыі да другое, аж ім і лічбы й канца няма. У які бок ні зірне, усюды палацы, усюды станцыі адна за другою ў рад, бы ключ гусей. Дзверы адчынены й адна проці другое, дак як зірнеш у дзверы, а там усё дзверы, дзверы, дзверы, усё меншыя, меншыя, пакуль здаюцца ў кулак і драбней. Але далей вока не схваціць. Тут адны станцыі кантовыя, другія доўгія да вузкія; е круглыя да такія вялізазныя, што й сцен не бачно. У адных сцены гладкія, краменныя, а ў другіх — батцэ туман, батцэ вясновыя хмаркі, як праз іх прасочвае месяц. Е й такія станцыі, што й саўсім сцен няма, толькі стаяць тоўстыя стаўпы, батцэ то на параслі хвоі, што галавамі ў самае неба ўпіраюцца да з богам жупяць. Дзіва: вокан няма, сонейка не бачно, а відно, хаць ты голкі збірай.

От ідзе Каваль, пастуквае сабе булавою да туды-сюды пазірае. Прайшоў ён трохі да й заплутаўся, стаіць, не ведае, адкуль прыйшоў і куды трэ йці ўпярод. Сумна яму стала ў пустых палацах. От стаў Каваль каля слупа да й думае. Але, ведама, чым больш чалавек думае, тым гарэй ён задурваецца й заплутваецца, бы муха ў павуценні. Стаіць Каваль і не ведае, што яму рабіць. Аж тым часам бяжыць мышка. Выскачыла яна з норкі, панюхала паветрае, палупала гойстрымі вочкамі, бы голкамі, хацела шукаць жыўнасці для дзетак, але ўбачыла Каваля, задзівілася, прысела на заднія лапкі да й сядзіць, вушкі развесіўшы. Зірнуў Каваль, усміхнуўся з дурное мышкі да й наступіў ёй на хвост. Ускочыла мышка, рванулася туды-сюды — хвост не пускае. От і давай яна прасіць Каваля, каб ён пусціў яе, абяцае памагчы яму ў прыгодзе. Усміхнуўся Каваль, што мышка думае яму, асілку, памагчы ў прыгодзе, але ўсё ж падняў ногу да й пісціў мышку. Пабегла яна ў сваю норку, а Каваль пайшоў далей. Толькі ён высунуўся ў другую станцыю, аж чуе: йржэ яго кабылка, заве на помач. Пусціўся ён бегці па голасу. Бег-бег, а з палацаў выбрацца не мажэ, бо, ведама, у харомах не разбярэ, адкуль ідзе голас. Яшчэ гарэй заплутаўся да й круціцца на адном месцы. А Кабылка іржала, іржала да й заціхла. Мабыць, яе ваўкі зарэзалі. Што тут рабіць? Шкода кабылкі, а тут з палацаў нельга выбрацца. Схапіў гэта Каваль булаву да давай малаціць у сцены. Як замахнецца да рэзне, дак каменныя слупы да сцены сыплюцца, бы пад церніцаю кастрыца. От пракладаў ён, пракладаў сабе дарогу, пакуль аж выбіўся з палацаў. Давай тут Каваль шукаць свае кабылкі, але ніяк не мажэ знайсці. Стаіць да чэша чупрыну. Але ось і бяжыць мышка. Вільнула яна хвастом да й кажа:

— Хадзі за мною, я пакажу тваю кабылку. Але яе ваўкі зарэзалі да й бебахі выпусцілі.

Пайшоў Каваль за мышкаю; прайшлі яны ганоў двое, аж ад Кавалёвае кабылкі толькі дрэбы ляжаць, а замяст трыбухоў павук аснаваў павуценне да й чакае, покуль прыляціць пчала або муха. Шкода Кавалю кабылкі, такая шкода, што чуць ён не заплакаў. От сядзіць Каваль каля свае кабылкі да пазірае, што ёй ужэ мурашкі вочы выелі. Тым часам ляцела божая пчолка, шукала ў кветках мядку да й заплуталася ў павуценні. Б'ецца, гудзе пчолка, трапеча ножкамі да махае крылцамі і ўсё больш заплутваецца ў павуценне. А тут убачыў тое павук, кінуўся на пчолку й давай яе грызці. Раве пчолка, аж лес дрыжыць. Пачуў тое Каваль, забыў і сваё ліха да й кінуўся ратаваць божую пчолку. Ухапіў гэта ён аберучкі павука за хвост да давай яго вадзіць кругом сябе; вадзіў, вадзіў да як рэзне галавою аб дуба, дак у павука і маскі выскачылі. Выпруціўся павук, толькі нагамі дрыгае. Дрыгаў ён, дрыгаў, аж у пояс выграб яму да й сакалеў. А Каваль тым часове пачаў разрываць на пчолцы павуценне й аслабаніў яе. Дзякуе пчала да й кажа;

— За тое, што ты мяне выратаваў з бяды, хадзем, я пакажу табе крыніцу з жывою вадою.

Падняўся Каваль да й пайшоў за пчолкаю, а яна ляціць ўпярод да толькі гудзе. Тым часове мышка залезла сабе к Кавалю ў кішэню да й сядзіць там, бы ў норцы. От і прыводзіць пчолка Каваля на высачэнную гору, спусцілася на землю да й аж шапка звалілася, хацеў лезці на гору, дак няма за што ўчапіцца. От пчолка пасадзіла яго к сабе на плечы да й паперла на гору. Учапіўся Каваль аберучкі за пчолку, сядзіць да толькі ўхкае ад страху — ніколі ён гэ[так] высока не быў. От узнясла пчолка Каваля на высачэнную гору, спусцілася на землю да й паказвае на крыніцу. Зірне Каваль, аж з гары з-пад каменя жывая вада от так і свішча ўверх, бы з дудкі. Набраў Каваль у пляшачку тае вады, напіўся сам і мышку напаіў. Пасадзіла іх пчолка зноў на плечы да й паперла назад. Толькі яны ўзняліся, аж і ўсхадзілася такая бура, што дубы вырывае з карэннем, варочае каменне й аж горы хістае. Ухваціла тая бура пчолку разам з Кавалём і з мышкаю, ухваціла, закруціла, завярцела да й памчала чорт ведае куды. Прэ, аж табе ў вачу рабіць. Нясе іх бура, бы пярцэ, а Кавалю здаецца, што ён на месцы, а гэта другое ўсё бяжыць, ляціць, як голаў не скруціць. Бягуць горы высокія, бягуць моры глыбокія, бягуць лясы цёмныя, сенажаці вязкія, балота гразкія, бягуць палеткі пярэстыя да хаты курныя. Толькі сонейка яснае стаіць, бы ўкопана. І стала яно смутнае, крывавае, заплакала вочкі ясныя да й лінула слёзкі гарачыя. Льюцца яны, бы з вядра. Свету божага не бачно. Давай дождж прыбіваць іх уніз к зямлі. От ляцяць яны ўніз, бы камень. Падляцелі ўжэ саўсім нізка. Каваль думаў, што як грымнуцца яны аб землю, та й з костачак толькі клек пацячэ. Тым часам пчолка растапырыла крылца да як загудзе, дак і супынілася да й памчала Каваля з мышкаю праці ветру. От спусцілася яна ў чужом краі, у далёкім царстве, ссадзіла Каваля і мышку з плеч да й кажа:

— Як будзе патрэба, та пазавеце мяне, а цяпер палячу я мядок збіраць да ў плястры наліваць.

Пры гэтых словах ввум да й паляцела. Пайшоў Каваль з мышкаю, куды вочы глядзяць. Ідзе ён, разглядае незнаёмы край, аж і сустракаюць яго тамашныя людзі. Ведама, людзі — па ўсяму свету еднаковыя людзі: усюдых жывуць, гаруюць, працуюць, маюць свой клопат, сваю плягу. Адны родзяцца, другія паміраюць. Бо калі б людзі не ўміралі, та б іх [с]толькі напладзілася б, што й зямля б не стрымала. Кожын хоча маць дзетак: хоча, каб яны кармілі на старасці, каб пры смерці закрылі вочы да каб маліліся да паміналі. Але от жыў у том краю цар. У яго быў удалы да прыгожы адзін сын да вельмі гожая дачка. Цар хацеў пакінуць сыну сваё царства, а дачцы выбіраў прыгожага да ўдалага жаніха. Толькі не было ў том царстве такога малайца, каб ён спадабаўся царэўне. І пачалі прыязджаць к ёй жаніхі з чужых царстваў, пачалі сватацца, але царэўна ўсё не згаджалася.

Тым часам пайшла раз царэўна ў сад гуляць. От гуляе яна, рве кветкі, спявае да пляце сабе вянок. Спляла яна вянок, надзела на голаў да й хацела йці ў палацы; толькі ось адкуль ні вазьміся Баба Яга Касцяная нага на ступе едзе, таўкачом паганяе да памялом след замятае. Пад’ехала яна к царэўне, схапіла яе ў ступу да й памчала няведама куды. Расказваюць гэта людзі Кавалю да й кажуць, што пачаў цар ззываць багатыроў да асілкаў, абяцаў таму, хто верне царэўну, аддаць яе замуж і зрабіць начальнікам над усім царствам. Разышліся багатыры да асілкі па ўсём свеце, але аб іх няма й прачуткі. Тым часам царэвіч падабраў сабе дванаццаць дзецюкоў, дванаццаць малайцоў самых здатных да й пайшоў з імі ў свет шукаць сястры — пракраснае царэўны. Доўга не было аб ём прачуткі, але ось вярнуўся адзін дзяцюк, вярнуўся з ліхою весцю: расказаў ён, што Баба Яга завязла царэўну к Кашчэю Бяссмертнаму. Той запёр і трымае яе ў каменных палацах пад дванаццаццю замкамі. Кінуўся туды царэвіч з сваімі малайцамі, а Кашчэй Бяссмертны як дыхнуў, дак яны ўсе дванаццаць і сталі каменнем, а што толькі ён адзін стаяў за вуглом і спасся. Пачуў тое цар і заплакаў з жалю, але не ведае, што парадзіць. Пачуў тое Каваль і захацелася яму найці да аслабаніць царэўну. Як задумаў тое, дак не мажэ ні піць, ні есці, й сон яго не бярэ. От ляжыць ён, падлажыўшы пад голаў булаву, ляжыць да ўсё думае. Думаў ён, думаў да й надумаўся йці к цару, толькі не ведае, што яму сказаць. Ведама, Каваль: ён ніколі й не бачыў цара, а не то каб што. От ляжыць ён, аж падбегла тая мышка да ўсё хвосцікам казлыча яго пад носам.

— Адкасніся! Чаго ты прычапілася? — кажа Каваль да й узяў яе ў жменю.

Тым часам мышка высунула з жмені мордачку да й пачала гаварыць:

— Не бойся цара,— кажа яна,— ён такі ж чалавек, бы й ты. Не бойся, толькі вазьмі мяне з сабою; я буду табе падказваць, бо я ведаю, дзе царэўна. Ведама, мне замкоў няма ж — я ўсюдых пралезу. Царэўна ў тых палацах, дзе ты наступіў мне на хвост. Кашчэй Бяссмертны запёр і трымае яе, каб ніхто не аслабаніў.

Абрадаваўся Каваль, пасадзіў мышку за пазуху да й пайшоў к цару. Ці доўга, ці мала ён ішоў, толькі ось прыводзяць яго к цару ў палацы. Спалохаўся Каваль, як убачыў цара, так спалохаўся, што не ведае, чаго ён і прыйшоў, але тут мышка давай яму шаптаць з-за пазухі да скрабціся, каб ён ачухаўся. Прыслухаўся Каваль, што яму падсказвае мышка, да й давай казаць цару смела, бы свайму брату. Выслухаў яго цар да й вялеў даць яму на выбар самага лепшага каня. Падзякаваў Каваль да й пайшоў у царскую стайню выбіраць сабе каня. Толькі не мажэ выбраць, бо як паложыць на спіну руку, дак кожын конь падзе на калені. Сказалі аб том цару. От той вялеў аддаць Кавалю свайго каня. але мышка шэпча, каб Каваль прасіў таго каня, на каторым ездзіла царэўна. От Каваль і давай прасіць, каб яму далі таго каня. Пачуў аб том цар, падумаў трохі — бачыце, яму вельмі шкода царэўнінага каня — да й вялеў аддаць Кавалю таго самага каня, на каторым ездзіла царэўна. Сеў Каваль на каня. прывязаў к сядлу булаву, пасадзіў за пазуху мышку да й паехаў у свет.

От едуць яны да едуць. Нахапілася ноч, а тут цёмны лес кругом і канца яму нямаш. Сцямнела, хаць ты вока выкаль. Нельга ехаць далей. От каваль злез з каня, прывязаў яго к дубу, а сам выкрасаў агню, упёк ламачча да й лёг спачываць. Лёг да й заснуў, бы камень. Спіць Каваль і не чуе, што мышка з канём жупяць. Тым часам расказала мышка каню, дзе царэўна, да й пасылае яго, каб ён збегаў за ноч туды да прынёс вестачку. Рад конь, хочацца яму ўбачыць царэўну, але не мажэ адарвацца, бо Каваль вельмі моцна прывязаў. Тым часам мышка ўзлезла на дуб да й перагрызла повад. Пусціўся конь бегці да так сунуў, што й птушка не дагоніць. Прыбег ён к той гары, дзе былі палацы Кашчэя Бяссмертнага, да й давай біць капытамі. Малоціць ён аб каменную гору, аж яна трасецца, бы яе трасца калоціць, але стаіць моцна. Бачыць конь, што нічога не зробіць, не разаб’е гары, от і пабег ён шукаць, ці няма шчыліны. Ведама, ва ўсём знайдзецца шчыліна або якая сказа2, толькі трэ добра пашукаць. Забег ён з другога боку да й напаткаў тую шчыліну, што Каваль зрабіў, як ударыў булавою аб гору. Пусціўся бегці конь у тую шчыліну, умчаўся ў самыя палацы, грымаціць там, бы гром. Пачуў гэта Кашчэй Бяссмертны, сеў з Бабаю Ягою на ступу да й паехаў насустрэк. Тым часам ось конь і наскочыў на іх і давай капытамі малаціць па чом папала. Бачыць Кашчэй Бяссмертны, што тут непярэліўкі, схапіў таўкач да як ударыць каня па маскаўні, дак з таго й дух выперла. Паваліўся конь, задрыгаў нагамі, да й выпруціўся. Вышчарыў зубы Кашчэй Бяссмертны, зарагатаў, бы жарабец, да й паехаў з Бабаю Ягою аглядаць свае палацы.

От едуць яны да едуць і бачаць, што палацы хтось развярнуў і ў самой гары зрабіў шчыліну. Давай тут Кашчэй Бяссмертны зарабляць тую дзірку. От пачаў ён перш ламаць да цягаць туды каменне. Ці доўга, ці коратка ён тое рабіў, тым часове даў бог дзень.

Прахапіўся Каваль да зірнуў, аж няма каня. А мышка маўчыць, зубы сцяўшы, нічога не кажа — баіцца, каб Каваль ад злосці не забіў яе. Патужыў, патужыў Каваль, пасадзіў мышку за пазуху да й пайшоў пешкі. Але, ведама, у цёмным лесе, у нетры, йдзе, йдзе і ўсё на адном месцы круціцца. Заблудзіўся Каваль, сеў на калодзе да й думае а[б] прыгодзе. Уздумаў ён пра пчолку да й давай яе зваць на памогу. Пачула пчолка, прыляцела да й панясла Каваля з мышкаю на тое месца, дзе ляжалі дрэбы Кавалёвае кабылкі. От паднялася пчолка паверх лесу, перанесла цераз вялікія балота, цераз высокія горы за сіняе мора да й апусцілася ў лесе каля гары. Убачыў Каваль дрэбы свае кабылкі да аж заплакаў ад жалю. Дастаў ён з кішэні пляшачку з жывою вадою да й давай паліваць тыя косці. Толькі пакрапіў, аж ось так і расце мяса, расце шкура, вырасла цэлая кабылка, як была. Паліў ён яшчэ раз-другі, дак от кабылка пырхнула да й паднялася на ногі. Падзякаваў тут Каваль пчолцы, сеў на кабылку да й паехаў, куды паказвала мышка.

От зноў пад’ехаў ён к гары, найшоў тую шчыліну да й пачаў абірацца па каменню. Спатыкаецца кабылка, бо Кашчэй Бяссмертны накідаў тут камення да й загарадзіў дарогу. Схапіў гэта Каваль булаву да й пачаў пракладваць дарогу. Як рэзне ён булавою, дак аж горы трасуцца. Пачуў тое Кашчэй Бяссмертны, пачуў, што й на яго прыйшло ліха, да й паехаў насустрэк. От з'ехаліся яны да й давай біцца. Біліся, біліся, аж горы растрыбушылі, развярнулі палацы, але ніхто адзін другога не мажэ асіліць. Бачыць Кашчэй Бяссмертны, што Каваль разбіў ступу, паламаў таўкач і чуць ужэ не рэзнуў булавою Бабу Ягу, бачыць, што не мажэ адалець, пусціўся наўцекача, схапіўшы Бабу Ягу на бярэмя. Зірнуў Каваль, што Кашчэй Бяссмертны пусціўся ўцякаць, не кінуўся яго даганяць, а паехаў у палацы шукаць царэўны.

От едзе ён да едзе, а мышка паказвае дарогу, аж бачыць — ляжыць выпруціўшыся яго конь. Злез тут Каваль з кабылкі, дастаў з кішэні пляшачку з жывою вадою да давай паліваць ею каня. Ажыў конь, падняўся на ногі да й заржаў ад радасці. Пачуў тое Кашчэй Бяссмертны і бачыць, што Каваль едзе проста туды, дзе на сямі замкох сядзела царэўна, зрабіў у палацах такую цемнату, хаць ты вока выкаль — нічога не бачно. От Каваль развязаў на галаве хустачку, дак сонейка й засвяціла, стала відно, хаць ты голкі збірай, да й паехаў далей.

Але ось пад'язджае ён к тым палацам, дзе царэўна, аж усе дзверы зачынены да й завалены каменнем. Злез тут Каваль з кабылкі й пачаў адкідаць тое каменне. Адкідаў трохі да й бачыць, што дзверы залезныя, таўшчэразныя, а на іх па сямі замкоў. Што тут рабіць? Думаў ён, думаў да й паслаў мышку праведаць, дзе царэўна. Пабегла мышка; ведама, яна ўсюдых знайдзе шчыліну да й праплішчыцца. Па немалым часе вярнулася мышка вельмі смутная да й кажа, што Баба Яга замарозіла царэўну. Пачуў тое Каваль, абазліўся, схапіў булаву да й давай перыць у сцену. Як рэзнуў раз-другі, дак сцяна і рассыпалася, бы порхаўка. Кінуўся Каваль туды, аж бачыць — ляжыць тут царэвіч, бы пласт. Баба Яга абярнула яго ў камень. Ляжыць царэвіч, бы жывы, а каля яго поруч у рад ляжаць адзінаццаць яго дзецюкоў — удалых багатыроў. Усе яны бы зробленыя з каменя. Агледзеў Каваль, памацаў гэтых каменных людзей да й пайшоў к царэўне. От уходзіць ён у тыя ледзяныя палацы, аж там усё з лёду, а мо гэта толькі ўсё перавярнулася ў лёд. От стаяць ледзяныя дзераўлякі; яны аб іневелі, батцэ ў вялікі мароз. Пад гэтымі дзераўлякамі стаіць ледзяная караваць, на ёй полаг, батцэ з інею сплецены. На караваці ляжыць царэўна, яна ўся й прасвечвае, ведама ледзяная, толькі зверху паў іней. Падышоў Каваль да як глянуў на царэўну, дак не мажэ й ачоў адвесці ад яе, такая яна гожая й так яму спадабалася. От стаіць Каваль на адном месцы, бы ўкопаны, а сонейка з яго лба так і свеціць, так і грэе царэўну. І пачала яна памаленьку таяць да таяць, пачаў лёд перш бялець, а потым чырванець. Па немалым часе ляжыць царэўна, бы жывая, толькі не дыша. Дастаў тут Каваль з кішэні пляшачку з жывою вадою да й пакрапіў царэўну. Страпянулася яна, адкрыла вочы да й паднялася.

Тым часам растаў лёд ва ўсіх палацах. От адзелася царэўна, села на свайго каня, да й паехалі яны туды, дзе ляжаў царэвіч. Убачыла царэўна брата да давай над ім плакаць да ўбівацца. Думаў, думаў Каваль, што тут парадзіць, да нічога не прыдумае. От стаіць ён да глядзіць, як царэўна ўбіваецца. Тым часове сонейка грэе да грэе. От і пачаў камень мякчаць, пачаў царэвіч і ўсе яго таварышы зноў рабіцца людзьмі. Убачыў гэта Каваль, дастаў з кішэні пляшачку з жывою вадою да як пакрапіў іх, дак яны й ачухаліся да й ажылі. Многа тут было радасці, многа слёз. От і сабраліся ўсе яны ў дарогу. А мышка зноў залезла к Кавалю за пазуху да й сядзіць. Выбраліся яны з палацаў да й паехалі лесам. От едуць яны да едуць. А лес вялікі, што й канца яму няма. Толькі чуюць яны, аж Кашчэй Бяссмертны за імі гоніцца. Ад таго імпату ўсхадзілася бура; лес трашчыць, ломіцца, от так і кладзецца лоскам3. Выступіў тут насустрэк Каваль; аж Кашчэй Бяссмертны так і кінуўся на яго да не ўспеў насесці, як Каваль сперазаў яго булавою. Ад першага разу ў Кашчэя Бяссмертнага трэснула галава да й раскалолася на дзве часці. От і пачалі Каваль з Кашчэем тузацца. Доўга яны вадзіліся. Дзе ступяць, дак там зробіцца такая выскаць або возера, што й да тых час яшчэ можна бачыць іх у лесе. Але ось Каваль папнуўся да й падгібаў Кашчэя пад сябе, наступіў яму на горла да й падняў булаву, каб расквасіць яму маскаўню. Бачыць Кашчэй, што прыйшлі яму капцы, давай ён прасіцца; абяцае, што больш ніколі не будзе чапацца, а пачне жыць толькі ў балоце. Пусціў яго Каваль да й паехаў скарэй к цару, каб абрадаваць яго, што найшліся дачка і сын. От прыехалі яны.

Цар вялеў зрабіць свята ва ўсём царстве, аддаў за Каваля замуж дачку-царэўну да й зрабіў яго начальнікам над усімі начальнікамі.

Пачаў Каваль жыць да пажываць да дабра нажываць. Толькі мышка так і асталася ў яго за пазухаю. Калі Каваль робіць дабро, то яна ціхенька сядзіць, а як пачне рабіць ліха, та мышка скрабецца за пазухаю, аж сэрца драпае вострымі кіпцюрамі. Доўга жыў Каваль, многа дабра зрабіў ён у том царстве. Яшчэ й цяпер яго людзі памінаюць. Людзі кажуць, што Каваль да самае смерці сам каваў і другіх вучыў каваць залеза. Ён казаў, што ў каваля па локаць рукі ў золаце. От з тае пары й пачалі людзі каваць залеза да рабіць сабе ўсё, што трэ.

Але як ні добра было Кавалю з маладою жонкаю ў том царстве, як ні паважалі яго, ён усё-такі не забываў сваю радзіну. От раз зрабілася яму так моташна, што й жыць не мажэ: ходзіць засмуцоны, бы пад зямлёю. Пытае яго жонка, чаго ён такі смутны. Маўчаў ён, маўчаў да й кажа, што яму хочацца праведаць сваю родную матку, хочацца хоць разок зірнуць, што робіцца ў родным сяле. Давай тут жонка прасіць Каваля, каб ён павёз яе к сваёй матцы. Сабраўся Каваль у вялікую дарогу, забраў з сабою жонку да й паехаў.

Доўга яны ехалі, доўга блукалі па свеце, нарэшце прыбіліся ў тое сяло, дзе жыла матка. Састарэлася яна, згорбілася да й высахла ў шчэпку, а ўсё плакала па сыну, усё хацела ўбачыць яго перад смерцю. От прыехаў Каваль, найшоў матку ў старой хатцы да й кінуўся на шыю, давай яе абдымаць да цалаваць. Узрадавалася матка, пачала плакаць,— не мажэ і слова выгаварыць ад радасці. От пагасцяваў там Каваль доўгі час, наўчыў суседзяў, як каваць залеза да рабіць усялякае нажэндзе4, а потым забраў матку да й паехаў у чужы край, у тое царства, дзе ўсе людзі роўна працуюць, з працы жывуць, адзін другому памагаюць, а затым і ліха не маюць.

Мо й праўда, што е такі край і такія разумныя да добрыя людзі, а мо яны дзе-кольвек толькі яшчэ будуць. Пабачымо ці бо пачуемо, калі будзем жывы.

1 Жыве і не гадкі – жыве і не турбуецца. Гадка – турботная думка.

2 Сказа – пашкоджанне.

3 Кладзецца лоскам – покатам, упокат, павалам на зямлю.

4 Нажэндзе – прылады.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 316-327
Крыніца: скан