epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Каваль бяды іскаў

Жылі сабе былі кравец і шавец, і каваль, і яны век бяды не відзелі. Вот яны пайшлі бяды іскаць. Ішлі яны, ішлі і відзяць яны — стаіць баба. І гэта баба была ведзьма. Яна ў іх пытаецца:

— Куды вы ідзіцё?

А йны кажуць:

— Бяды іскаць. Век бяды не відзелі!

— А! Наце ж вам клубочак і каціце гэты клубочак: куды ён пакоціцца, туды й вы йдзіце. І найдзеце бяду!

Вот кравец узяў за кончык нітачку, і пайшлі. Клубочак сам коціцца, і яны за клубочкам ідуць. Каціўся, каціўся гэты клубочак і ўкаціўся ў хатку. І яны за ім улезлі ў хатку. Палядзяць, ажно печка топіцца. Палядзяць, ажно чорт сядзіць ля печы — красныя вочы. Улезлі яны ў хатку, тады чорт кажаць:

— Грэйцеся, рабяты: зараз будзем гуляць, весяліцца.

Тады пытаецца ў іх:

— Хто вы?

— Я каваль!

— Ну, добра. А ты хто?

— Я кравец!

Ён узяў, краўца скруціў, скамкаў, паджарыў і з'еў.

— А ты хто?

— Я шавец!

Ён і шаўца ўзяў скруціў, скамкаў, паджарыў і з'еў. А на каваля кажаць:

— Ты каваль?

— Каваль!

— Ну, скуй мне вілкі, у пекле грэшных варсаць!

Ён стаў каваць, а чорт прыйшоў ды глядзіць на вілкі. Вот каваль узяў ды напаліў вілкі ды як дас[ц]ь яму па вачах! Ён і заваліўся. Але ўскочыў, на парог сеў і не пускаець каваля. А ў чорта ў хаце было тры авечкі. Каваль узяў адну авечку, як ударыў у чорта — чорт толькі калыхнуўся. Ён узяў другую авечку, ударыў чорта — не збіў чорта з парогу. Узяў ён трэцюю авечку, як ударыў у чорта — чорт зваліўся з парогу і ляжыць без памяці. Каваль узяў гэтага чорта і прыкаваў яго к мосту, а сам пайшоў. Ішоў, ішоў, бачыць — на бярэзіне вісіць муляваны тапор. А бяроза дужа бальшая. Лез ён, лез за тым тапаром, узлез. Толькі ўзяўся за тэй тапор — рука і прыстала! А чорт ачучурыўся і бягіць даганяць каваля. Відзіць каваль — ідзець чорт з рагамі, вот ён выняў з кішэня ножык, адрэзаў руку ды ну-тку драла бегчы! Прыбег у двор і стаў казаць жонцы:

— А бабулька, навідаўся гора! Не дай бог вам, дзеткі, такога гора!

Стаў тэй каваль жыць.

— Не,— кажаць,— не хочу і век такей бяды, і не давай бог нікому такей бяды!

І стаў жыць, і бог шчасце яму стаў даваць. І нажыў ён многа дабра і ската многа.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 403-404
Крыніца: скан