epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Каваль і аднавокае гора

Быў сабе каваль, а ў яго былі тры сыны: адзін — шавец, другі — кравец, а трэці — каваль. Зжылі яны ўжо і век свой, а ніколі не бачылі гора. Вот і пайшлі яны шукаць да пытацца, што гэта за гора?

Пайшлі. Прыходзяць яны ў вадну каршму. У каршме найшлі яны многа людзей; яны бедавалі да гаравалі; адзін кажа: «Бяда, хлеба нямашака», другі — «Кароўку задавілі ваўкі», трэці — «Мядзведзь выдраў пчолкі». А кавальчукі глядзяць, слухаюць да дзівяцца, чаго гэта людцы гаруюць да бядуюць, да ўсё ў іх дужа добра вялось, і не бачылі яны ніякога гора.

Пасядзеўшы трохі ў каршме, пайшлі яны далей шукаць гора. Прыйшлі ў лес, ажны ў лесе, на дарозе, напалі на іх разбойнікі. Бяда! Як гэта ад іх адбараніцца? Але неяк-такі адбаранілісь, хоць і ім трохі давялося.

Пайшлі яны далей па дарозе, а там звярнулі зусім у лес. Хадзілі яны па лесе, хадзілі, аж глядзь — стаіць хата, а ля дзвярэй ляжыць дужа вялікі камень. Яны ў хату — ажны там ні духу. Палядзелі ў печ — аж там пячэцца цэлая авечка; а пад лаўкаю і пад сталом ходзяць тры авечкі.

Яны гэта дасталі із печы пячыстую да і давай есці; аж тым часам глядзяць — прыйшоў у дзверы нейкі дужа ж вялікі чалавек, з адным вокам. Убачыўшы іх, аднавокі боўдзіла кажа:

— Добра ж, пажджыце, добра мне будзе паабедаць вамі.

Сказаў ён гэтак да і заваліў камнем дзверы, а сам пайшоў — чорт яго ведае куды. А гэта было Гора.

Бедныя кавальчукі адчураліся ўжо і пячэні, стаяць да й кажуць:

— Во дзе Гора! Чаго нас пагнала нячыстая з дому? Што тут рабіць? Як гэта тут вылезці!

Папрабавалі яны, каб якляль адкаціць камень ад дзвярэй, дак дзе ж? — а ні блізка: дужа вялікі, каб яго маць прапала! А тут вылезлі б можа ў вокны, дак дужа малыя, і галава не ўлазіць. А, ліха матары, мабыць, прыходзіцца прападаць!

Аж чуюць — ідзе той саменькі, што заваліў каменем дзверы, Аднавокае Гора, і кажа ім:

— Во якое шчасце: нікога не пакінуў, як выходзіў, аж тут разам найшоў трох — будзе чым закусіць! Хто ты? — пытаецца яно ў аднаго.

— Я — шавец.

— А, у мяне боты шчэ цэлы — не трэба мне шаўца!

Сказаў — да шаўца за ногі, да ў гарачую печ і ўсадзіў яго.

Пячэцца той небарака ў печы, а гэтыя два стаяць да і калоцяцца, як асіны.

— А ты хто? — пытаецца Аднавокае Гора ў другога.

— Я — кравец.

— Не трэба ж і ты мне!

Сказаў — да й таго ў печ.

Пякуцца ўжо два, астаўся трэці.

— А ты ж хто? — пытаецца Гора ў трэцяга.

— Я — каваль.

— А добра, калі ты каваль,— кажа яму Аднавокае Гора.— Ці не ўставіў ба ты мне адно вока?

— А чаму? Калі трэба, дак устаўлю. Толькі ты прынясі мне вяровак і зялезны штых, бо мне трэба звязаць цябе, каб можна было ўставіць вока, а то ты не будзеш стаяць супакойна.

Трэба ведаць, што гэты каваль быў дужа хі**цер.

Пайшло некуды Аднавокае Гора, прынесла вяровак і зялезны штых. Каваль узяў да й прывязаў Гора вяроўкамі да і кажа яму:

— Страпяніся!

Гора страпянулася, да так, што і вяроўкі не судзержалі. Каваль нанова прывязаў Гора; яно як не трапяталася, але ніяк не адарвалася. Мабыць, каваль крэпка прывязаў яго. Тады каваль узяў да нагрэў чырвона-чырвона зялезны штых. Выняўшы із цяпла гарачы штых, каваль і кажа Гору:

— Ну, глядзі ж, стой ціха, а я табе ўстаўлю другое вока.

Да і сунуў штых у відушчае вока...

— А бра..,— як рванецца Гора, як закрычыць,— а што ж ты гэта зрабіў, трасца тваёй матары?.. Навошта ж ты выкалаў мне відушчае вока! Стой жа, вырадак, не выйдзеш жа ты адсюль: абмацаю ж я цябе як!

Да й пачало мацаць і лавіць каваля па хаце. А каваль чуць жыў забіўся ў куточак да й сядзіць моўчыкам. Гора мацала, мацала па хаце, лавіла, лавіла, да не злавіла каваля, а толькі абмацала сваіх авечак; яны былі пад сталом і пад лаўкай. Тады Гора села на парог да й кажа:

— Ну, недзе ж ты дзенешся: пяраз дзверы будзеш выходзіць,— не дажджэш, каб я цябе не злавіла.

Каваль гэта вылез тады ціханька з куточка, злавіў адну авечку да кідзель сляпому Гору на ўлонне. Гора памацала — бачыць авечка, узяло да й выкінула яе за дзверы. Каваль так сама і другую авечку кінуў на ўлонне Гору; Гора і гэту авечку выкінула за дзверы. Тады каваль узяў, вывярнуў кажух, надзеў яго да і бабух на ўлонне Гору; Гора думала, што гэта ўжэ трэцяя авечка, узяло да замест авечкі выкінула каваля за дзверы.

— А дзякуй жа ж табе, Гора, што ты хоць аслабаніла мяне,— закрычаў каваль здалёку.

— А, ліха ж тваёй матары і бацьку твайму, калі гэта я цябе выкінула!.. Ну, злодзей, маеш шчасце, не жыў ба ты болей! Глядзі ж, будзеш ты іцці ў лесе ля калоды, не вазьмі ты там хаця мае сякеркі — залатое лязо, срыбны абушок, што ўткнута ў калодзе!

— Трасца табе ў бок, хвароба ў жывот, да не сякерка! Выхвараеш ты, пакуль я не вазьму! Абы толькі найшоў!

Ідзе, аж бачыць: ляжыць велязная калода, а ў калодзе ўткнута сякерка: залатое лязо, срыбны абушок. Каваль гэта хлоп! за тапарышча, аж рука і прыстала к тапарышчу. Ён і так і сяк рваўся, рваўся — нічога: ніяк не адарвець рукі. Ажны тут чуе — бяжыць сляпое Гора. Ён гэта рвацца зноў, ніяк, а тут ужо і Гора блізка.

— Вот жа ж цяпер не выскрабешся ты ад мяне! — крычыць Г ора.

Што тут рабіць? Абмацаў каваль каля сябе ў кішэні нож, дастаў яго скарэй да чырах! адрэзаў руку да скарэй наўходала — некалі было ўжо разінькі прадаваць. І яшчэ рад быў, што хаця і так адкупіўся.

Пасля ж таго годзе ўжо і Гора шукаць, бо ўжо бачыў, якаво яно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 400-402
Крыніца: скан