epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казачнік і песельнік

Неўкаторым царстве, от так як і ў нашым, было ўва 'дном сяле два мужыкі. І адзін быў зарыўны па песні, а другі на сказкі. І прыйшлі яны раз шчось у шынк і трошачкі падгулялі. І песельнік гэты песні запеў, а гэты другі гавора на яго:

— Шчо гэтыя песні? Калі б ты шчо-небудзь харошае расказаў! — казачнік сказаў так на песельніка.

— А шчо ж ты паняў і ў сказках? А думаю так, шчо песня луччай і крашай!

А той кажа:

— Не, сказка глаўней твае песні!

Ну, з тым і заспорылісь міжда сабой і зачалі драцца. Той гавора:

— Я, казачнік, глаўней!

А песельнік гавора:

— Я глаўней!

І да таго дзела прайзашло, шчо сталі судзіцца міжда сабой. Спор, значыцца, у іх зайшоў бальшы: казачнік сказаў, шчо я глаўней, песня бывае брахня! А песельнік сказаў: «Сказка бывае пастаянна брахня!» І з тым і пачалі; той слова і той слова; слова за слова, зачалі драцца. І адумалісь: што нам зра драцца? Хай нас воласць разбяруці! От яны заняслі суд. Вызвалі іх на суд, па павестцы. Ну, тут суду іх гэтага не панялі. Адправілі іх падальш судзіцца, на міравую суддзю. І прасілі іх, шчоб яны абрацілісь назад, як іх рассудзяць, шчоб у воласці было звесна, хто ў іх старшы. Потым і міравы не паняў іх дзела, затым шчо і ў міравога ў уставе гэтакіх штук не было. Ну, там падалі далей, на міравы з'езд. І там жа іх дзела не разабралі. І паслалі іх далей, знаеш, сваім судом, у санот, і прасілі іх, як іх у саноце рассудзяць, шчоб яны абратна прыйшлі назад і расказалі, як у іх дзела. Ну, яны пайшлі да саноту. І стрэў іх некаторы старык на пуці. Яны сказуюць:

— Здрастуйце вам, старычок божы!

А ён гавора:

— Здрастуйце, рабятушкі! Куды вас бог права**дзе?

Яны гавораць:

— Не мы ходзім, гора наша ходзе. Началі дзела судом і ніяк не кончым. І вот за гэтакія штукі: адзін із нас, дзедка, песельнік, а другі казачнік. І прыйшлось нам паспорыць друг с дружкай, міжда сабой. Казачнік гавора, што твае песні нікуды не гадзяцца, з іх бывае чапуха; а той гавора: не, песня бывае праўда, а казка ва ўсякае ўрэмя бывае чапуха. І з тым мы началі спорыць за гэтакія штукі і началі судзіцца. Ну, колькі судзілісь, ніхто не мог нас разабраць: адправілі нас да саноту!

Ён ім сказаў, шчо вас і ў саноце не разбяруць.

— А йдзіце,— гавора,— пуцём; у правую старану будзе вам вузкая дарожка, там будзе па левую старану хата. У той хатцы будзе старык сівы. Той вас разбярэ.

Яны падзякавалі і пайшлі. Прыходзяць і к той хаце; увайшлі ў хату, праўда — быў старык сівы, хадзяін таму дому. Яны гавораць:

— Здрастуй, дзедка!

Ён атвясціў ім:

— Здрастуйце, пастаронныя людзі! Зачым,— гавора,— так прыйшлі здалеку ка мне?

— Шчо ж, дзедка, просім бога і вашыя міласці! Нараялі нам, ці не разбярэце вы нашага прашэнія?

Яны як былі з прашэніем, як ім бумага давана, падалі старыку. Ён быў шчэ граматны, пісьмянны, значыцца; разабраў гэтую іх прашэнію і спрашуе:

— Хто з вас казачнік і каторы песельнік?

Яны паказалі:

— Гэты песельнік, а я казачнік.

Потым ён сказаў:

— Ну, песельнік, станавісь ракам, а ты, казачнік, садзісь на песельніка верхі: сяйчас зачынаць будам праўду ісказуваць,— чые правіла выйдзе.

Гавора:

«У нас быў адзін мужык багаты,— і песельнік пад сподам слухае, а казачнік верхі сядзіць на песельніку,— і ў таго мужыка, колькі ён ні жыў, усе яго, колькі ні было, колькі ні нараджалась, рабяцішкі яго першыя мерлі; толькі адзін з усіх яго рабяцішак астаўся жыў. Ну, ён яму быў рад, так, шчо не знаў, як яго луччай жалець. Дарасціў яго да сувяршэнных лятоў і задумаў яго жаніць, і стаў сватаць. Высватаў за яго дужа харошую дзеўчыну. І празвялі іх павянчацца. Павянчаўшы, як у мужыкоў павядзёнка, прывязлі яе ў свой дом, шчоб яна была за хадзяйку. Потым быў такі злучай, шчо яны ўвайшлі, гэтыя маладыя, удваіх у хату, у комлату,— шчэ там пір быў, не кончыўся. Яна шчось нехарошае надумалась. Яна была, значыцца, вядзьмачка. Дзесь папала нейкійся дубчык і сцебанула яго няўдогад, і кажа:

— Быў ты чалавекам, а цяпер пабудзь сабакам!

Тут ён абраціўся: з чалавека стаў у сабаччым відзе. Яна сама (адна) асталась! Тут глянуць: няма яе хадзяіна. Некаторыя спрашавалі:

— Ідзе твой хадзяін?

Яна кажа:

— Кудысь на ўрэмя выйшаў.

Тыя колькісь там урэмя ждалі-ждалі — няма яго. А ён тут жа віляе пры народзе ў сабаччым відзе. Ён толькі сабакам быў, а ён усё панімае. Тут, выпіўшы, мужыкі сказуюць:

— Якой пользы гэты сабака тут? Якая ўдавольствія? Выжанам яго на двор!

З тым яго і выгналі. Ён ужэ думае сабе, што дзела плоха, думае так, як ба хутчэй дзе смерць палучыць: шчо я буду страждаць так? Пабег куды — зра; і думка такая-то была, шчоб ідзе ўтапіцца. Прыбягае і к рэчцы, і страх яго ашыб: усячацкі, ён быў чалавек! Надумаўсь так, шчо прабягу далей, дак пабачу болей! Пабег у чужую старану, у сцяпы, ідзе пасялянь мала было. І ён настолькі хацеў есць, шчо прама кожу на сабе б аб'еў.

Потым бягіць, і на пуце так пас чабан авец стада, панскі найміт, і распалажыўся падпалуднаваць, самы гэты пастух. Бягіць сабака і думае: «Завярнусь к сяму пастуху, ці не дасць крошку хлеба». Прыбег к яму і лёг проці пастуха, і лёг на лапы і пілна глядзіць яму ў вочы. Пастух паглядзеў на яго і думае: «Се перахлябіўшы сабака; даўжно быць, ён які заблудны; даўжно быць, ён адбіўшы ад хадзяіна; даўжно быць, ён есці хоча. Даць яму ломак хлеба, можа ён будзе які і гадзяшчы мне!» Потым даў гэтаму сабаку хлеба трохі. І якся пайшлі ўва 'дзін бок авечкі ўсе, адышлі по**далеку. А ён сабе распалажыўсь палуднаваць. І напаў гаварыць сам сабе: «Напрасна й расчаў палуднаваць! Шчоб то мне завярнуць авец, а тады пачынаць палуднаваць!» Пачуўшы, гэты сабака — ён панімаў чалавечы толк — тую мінуту пабег і завярнуў воўцы назад, прыстанавіў іх пасць, дзе хадзяіну хацелась. Потым даждаў хадзяін вечара, загнаў сваіх авец у кашару — дзела сяе было на сцяпе,— замкнуў іх у кашары, прысіліў ключ к повясу, што падперазаў быў, і сеў вячэраць».

А ўсячацкі казачнік сядзіць на песельніку, а песельнік рукамі і нагамі патупвае, млеюць, бач, што доўга старык расказуе.

«Ну, узяў гэты пастух вячэраць і сабаку гэтаму даваў удаволствія харошая,— што сам еў, то й яму даваў, за яго атлічную службу. Потым ляглі спаць. Сабака не ждаў сонца, пакуль хадзяін устане, а адвязаў у яго ключы, адамкнуў авец і пагнаў пасці з кашары на пашу. Глянуў пастух, устаўшы, і спужаўся, што ні авец, ні сабакі, і дзверы ў кашары адчыняты. Ён рассмотрыўся, глянуў побач і ўбачыў, шчо сабака авец пасе. «Ах, слава богу, шчо я вумнага такога сабаку нажыў! Сяйчас я знаходжусь у таком палажэнію, шчо я пан і князь: хочу пасплю, хочу паляжу!» Тады гавора: «Дай-ка я ўверу свайго сабаку, ці не можа ён пасць авец сам, а я шчоб толькі ў нядзелю раз павяраў, ці ўсе воўцы!» Узяў скрыўся кудысь да вечара. Прыйшоў вечар, прыганяе сабака авец у кашару. Ён, доўга не думаючы, замкнуў іх як і трэба быць, як і хадзяін замыкае. Тады гэты пастух тое ўрэмя і для сябе прыгатаваў есці і аставіў сабацы порцыю тую, шчо яму самому трэба есць. Тады сабака стаў угору глядзець і ўніз падаць, знацца, богу маліўсь — чалавек жа быў. А пастух думаў, то, шчо сабака такі вумны, што бытта й бога просе. Потым сабака начаў вячэраць. І так вячэраў велікалепна, па палажэнію, кусок мяса і хлеба, як і па-чалавечацку нада, пішч прынімаў. Хадзяін яго зверыў усё на сабаку свайго і пайшоў кі двару і прабыў дома цэлную нядзелю. Пайшоў глядзець свайго стада — панскі найміт жа ён быў. Прыходзе к яму. Бача: шчо тут? Глянуў у левы бок — купа ваўкоў ляжыць. Ён пасчытаў і насчытаў дванаццаць штук. Глянуў у правы бок, за свой балган, дзе ён судзержаўся, жыў там, жылішча яго было,— нараўне і авец столькі парэзаных ваўкамі. Ён пайшоў і к стаду павяраць свае стада. Убачыў сабака хадзяіна, бягіць і ўкланяецца, і ласкае так сваёй сабачацкай ухваткай, шчо толькі не загавора. Ён паверыў сваё стада — дванаццаць штук воўцаў няма. А сабака паказуе яму, голавы выкамарывае, як ба луччай паказаць свайму хадзяіну, шчоб ён угадаў яго. Сабака думаў, шчо ён не бачыў гэтакіх штук; проста яго бярэ зубамі за палу і цягне к ваўкам і к воўцам. Ну, хадзяін гэты пагладзіў сабаку і пакарміў яго харашо, і падумаў, шчо не будзе мне ад пана абіды; шчэ пахвале пан, што на месце есталькі было ваўкоў забіта. Ён пайшоў дамоў, зайшоў на радасці ў шынк. Ідучы думаў: шчо мне сяйчас трэба? Я гуляю, і мае дзела спраўна! І на радасці выпіў кручок гарэлкі ў шынку. І тое ўрэмя кудысь ехаў яго ўпраўляюшчы і забег у шынк памімаходам: чагось ў яго не хапала,— ці табакі, ці се**рнічак, так скажам. І ўбачыў свайго пастуха п'яненькага. І пан спугаўся, сказуе яму:

— А шчо ты гуляеш, а стада тваё без паследства?

А пастух кажа:

— Я гуляю, дак я добрага слугу маю!

— Якая ў цябе слуга?

— Сабака такая ў мяне е, шчо ліш ба я пераведаўся ў месяц раз, палажэнія харчэй выдаў сабацы, то й дзела маё будзе. Здзелалась уцеры ў табуне дванаццаць штук авец — ваўкі парэзалі; а на месце мая справядлівая сабака іх смерці прадала. Калі б пры мне гэта дзела злучылась і шчоб у мяне сабакі не было, то б ваўкі авец парэзалі і самі б уцяклі. А потым,— гавора,— чымся задзявацца, сядай луччай, паедам, табуна абгледзім!

Селі ўдваіх і паехалі. Прыязджаюць на тое места — завёў, пану купу авец паказаў і завёў, пану купу ваўкоў паказаў. І сказуе пастух:

— Паверце, барынь, ці выйдзе адно за другое, будзе стоіць?

Пан паглядзеў і сказаў:

— Гэта будзе табе слава і чэсць! Пойдам глядзець твайго пастуха! — На сабаку сказаў так. — На каго ты зверыў маю худобу?

Прыходзе к табуну, воўцы змірна пасуцца, і сабака кала табуна ляжаў. Прыбліжылісь к сабацы, ён прыбег к ім і стаў падаць перад імі і ласкацца. Так той паверыў стада авец, колькі іх усіх было, і сказуе пастуху:

— Ну, брат, хоць ты нажыў, да я буду ім пользавацца! Будзеш такое жалаванне палучаць, па дзесяць карбованцаў у месяц!

А то ён зразу прыгоны служыў. Пан бача, што ён шкрабе галаву і не хоча яму аддаць сабакі, сказуе, шчо хоць не хочаш аддаць па волі, ну я забяру па няволі. Пастух бача, што дзела будзе плоха, ён сагласіўся на яго палажэнія. Забраў пан сабаку і паехаў дамоў».

А казачнік сядзіць на песельніку верхі, а песельнік пад казачнікам стаіць ракам і перамяняецца з рукі на руку, а з нагі на нагу, затым ён дужа самлеў; а легць няльга, патаму служба такая: аддзерж гэта, дак і рассуджу да й годзі.

«Ну, прыехаў пан у дом, і разазнаўся сабака са ўсімі яго прыслугамі. І пан не мог быць ніколі без сабакі, усягды шчоб перад ліцом была, і шчо б пан ні сказаў сабацы, ці якога слугу пазваць, прыставіць, то ён сяйчас жа справіцца і даставе. І нескулькі ўрэмя сабака гэтаму пану служыў. Ну, калі былі мяніны гэтага пана, то быў із'езд паноў на мяніны са ўсіх князецкіх аканомій, і яны там міжда сабой піравалі. І ў неўкаторых тож былі сабачонкі ўчоныя. І началі хварсіць міжда сабой-то. Той гавора:

— Вот у мяне сабака якая вумная!

А другі сваго хвале. А ён сказуе:

— Не, вам і ў сне не прысніцца, якая ў мяне е сабака, шчоб сабака такія дзялы тварыў! Вашы сабакі не могуць чалавека на імя ўвазнаць, а мой сабака, каго б я ні сказаў на імя, таго й прывядзе!

Тут яму не ўвералі, сказалі на яго:

— Прыстаў ты нам, скажы на імя такога чалавека, і хай прыставе!

Ён прызваў сабаку і гавора:

— Прыстаў слуг: Івана, Рамана і трэцяга Сцяпана!

Сабака сяйчас, доўга не думаючы,— ён знае ўсіх, ведама, пабыў ужэ, да ён чалавек, дак ён знае ўсіх,— прывёў іх к ім у комлаты. Сяйчас жа пастаронныя ліцы і спрасілі:

— Шчо ў вас, гаспада, е Іван?

Адзін сказуе:

— Да, я Іван!

А другі сказуе пастаронны:

— Е Раман?

А другі кажа:

— Да, я Раман!

А трэці сказаў пастаронны, гавора:

— І трэці Сцяпан е?

Трэці сказуе, шчо гэта ўдвух Іван і Раман, а я Сцяпан трэці! Ну, тут, харашо,— усе дзівяцца, што вот вумны сабака які бывае! Потым паехалі паны па сваіх мястах, пагуляўшы, а глаўны ўпраўляюшчы астаўсь тут і стаў ужэ прасіці гэтага сабаку. Ён гавора:

— Не, мне самому нядзешава прыйшоўсь гэты сабака! Я без яго не магу жыць. Ён,— гавора,— у мяне і слуга, і стораж усяму майму абстаяцельству, дому!

Ну, з гэтым словам рассярчаў на яго так, што гавора:

— Ну і табе не пользувацца!

Гэты адтуль, не заязджаючы ў дом свой, паехаў і к князю. Гэта ж яны ўпраўляюшчыя ўсе, а гэты глаўнаўпраўляюшчы ў яго быў, так вот, як і ў нашага князя. Ён прасіў, ну да ён не даў. Прыехаў і к князю:

— Эх,— гавора, там як ён назваў яго, таго князя, ведама, я не знаю, па-мужыцку, як завуць князя,— гавора,— вот, разыскаў,— гавора,— самая б раз вам гадзілась: найшоў я сабаку — дужа вумны, вумней чалавека вумнага! Самая б раз вам гадзілась!

Ён сказуе:

— У каго ж?

Ён сказуе:

— У такога-такога ўпраўляюшчага! І што толькі скажы, дак ён знае. Вот, раскажы яму — ён пабудзе месяц — раскажы яму, каго трэба патрэбаваць, то ён сяйчас прыдаставе. І ён у доме верны слуга, і ў дварэ дзянны і ношны стораж, зра нішчо паміма яго не пройдзе!

А ў гэтага князя, колькі ні жыве, як народзіцца рабяцішак, то як дажджэ да дванаццатага часа начы, лягуці спаць — нявідзіма, няма знаць, дзе дзенецца. А гэта княжыня была бярэменная, так што яны ўрэменна ждалі дзяцёнка. Ён, князь, быў гэтаму дзелу рад. Сяйчас жа напісаў ляпорт і адправіў, нарадзіў слугу і к тому ўпраўляюшчаму, у каторага нахадзіўся гэты сабака. Сяйчас слуга прыходзе і к гэтаму ўпраўляюшчаму, дзе быў сабака, падаў ляпорт. Ён прачытаў яго і не мог ад князя адказацца, затым што ўсердзіць князя, то будзе ён без паследствія. Ён аддаў сабаку слузе, і слуга прыставіў яго к князю. І парода гэтая была сабакі харошая, атлічная. Сяйчас жа сабацы гэтай іздзелалі хату і здзелалі прыстройства — канаты кругом двара, у сяродкі, у дварэ. Ён удзень прывязан быў, а на ноч спускалі яго. Князь собственна на тое яго даставаў, шчо ў яго было неблагапалучна нашчот рабяцішак, нашчот наследства. У яго колькі ні нараджалась наследства ў яго, то ён ні 'дным не пользаваўся. Потым таго, чараз колькі ўрэмя радзіла княгіня двох сыноў. Князь узрадаваўся і надзеян быў на сабаку, шчо ён уберажэ. Потым даждалі яны вечара, там яны сталі піраваць — звеснае дзела, радзіны — і весяліцца. Піравалі яны да дванаццаці часоў. Тады ляглі спаць з дванаццатага часу. І тое ўрэмя слуга, каторы быў прыстаўлен сабаку даглядаць, шчо трэба было сабаку на ноч спусціць волна па ўсём двару, а ён пазабыў. Тут яны ўснулі ўсе, і ідзе ведзьма — валшэбніца за гэтымі рабяцішкамі. Сабака рваўся-рваўся з цэпу, ніяк не мог адарвацца і ўпусціў яе ў дом. Думае сабака, шчо гэта дзела, бача, плоха. Ён стаў канат пераядаць, на яком цэп хадзіў; і пераеў гэты канат, сарваўся і стрэў яе на варацях — цягнула гэтых рабяцішак, хто яе знае куды. Ён з ёю начаў драцца і патуда драўся, пакуда прапелі трое пеўняў: усё яму не папускала. После пенія трэцяга разу пеўняў кінула і ўдалілась. Сабака ўзяў забраў рабяцішак у сваю комлатку і ўзяў абгарнуў іх лапамі, шчоб ім цёпла было і не падушыць. Праспаўся князь уранні, і гэтакая штука яму рупіла, ён кінуўся ў тое места, дзе гэтыя рабяцішкі былі. Тое места суха, тое места ўбрана, нада казаць. Ён рассярчаў дайжа й на сабаку, узяў ружжо двустволку і кажа:

— Пайду ўб'ю гэтага сабаку, затым шчо я на яго надзеяўся. Калі б на яго не надзеяўся, то б луччай сваіх нашных старажоў паставіў.

Выйшаў із комлат, сходзе на крылцо, хацеў прыкласцісь і сабаку ўбіць, шчо гэта ўрэмя зімняй добай было. Тут сабака бача, шчо дзела плоха, шчо ён нарушыўся яго ўбіць,— а сабака ляжаўшы быў кала рабяцішак, абгарнуўшы быў,— раскрыў гэтых дзяцей, падхапіўся і ціскаў аднаго і другога. Дзеці скрычалі. Князь упугнуўся і ўзрадаваўся і ўпусціў з рук ружжо. Бярэ сабаку пад лапу ўместа чалавека, на радасці, шчо ён спас яго дзяцей, і сказуе:

— Ідзіце рабяцішак забярыце!

І дужа рады ўсе былі і жалелі настолькі сабаку, шчо б ён ні хацеў, якую пішч, то яны давалі, і ўвабралі яго ў разныя шаўкі за яго заслугу, шчо ён харошую доўжнасць спраўляў. Прыбору было там на ём на дзвесце цалковых».

А гэты казачнік сядзіць на песельніку ве**рхі, а песельнік пад сподам пархом; патаму ён пархом, шчо на ём сядзіць казачнік вярхом.

«Потым, нескалькі ўрэмя сабака быў у князя. Потым надумаўся: шчо хаця як і мне жысць харошая, ну ўсячацкі я сабака. Пабягу я ў дом, ці не адумаецца яна, ці не здзелае ізноў чалавекам! Надумаўся і пабег. А гэты князь, ад каторага сабака быў убран на дзвесце цалковых у разныя шаўкі, паслаў розыск за вот такім і такім сабакам. Ну, нідзе не ўдалось яму разыскаць. Потым ідзе-то ачуцілась такая варожка, шчо магла ўзнаць. Ён, князь, паехаў і к гэтай варожцы. Варожка князю так сказала, шчо ён быў сабакам, а цяперака стаў пташкай, і вы яго йнача не пападзеце, як трэба вам устроіць такую пцішню, і скуплюйце пціц, якія б ні былі. Дак калі вам не пападзе купіць яе, дак ніколі не ўбачыце, затым шчо адлічыцца ад усіх пціц тым, шчо прыгажэй яе не будзе пціцы, як яна! Князь колькі ўрэмя ні скуплюваў пціц — не разыскаў.

А сабака бег-бег колькі ўрэмя, колькі дней і начэй, прыбег у сваю дзярэўню паутру рана, шчэ людзі не ўставалі,— каторыя можа і ўставалі, да шчэ ніхто не хадзіў па вуліцы. Прыбягае к варацям, хацеў у двор вайціць, а яна яго ўстрэла і ўпусціла.

— Ах,— гавора,— які ты красавец стаў! Усякаму ўгадзіць можаш гаспадзіну, шчо такое на табе ўвабранія!

Узяла гэтыя шаўкі з яго, узяла дубчык і секанула яго дубчыкам і сказала:

— Быў ты сабакам, пабудзь ты шчэ пташкай!

Ён падняўсь угару і ўдарыўся аб зе**млю. Ну, звеснае дзела, як ён малавесны, то ён жыў астаўсь і пачуставаў, шчо тожа плоха дзела, як я й уб'юсь. Палячу, куды вочы глядзяць! І паляцеў вот сюды куды на сцяпы. Прыляцеў, дзе панскія скірты з хлебам, і там панасыпана кукальвану нашчот пціц, шчоб хлеба не 'б'ядалі. І ён туды прыляцеў галодны і нарваўся на самы на гэты кукальван і стаў доўбць, потым і ап'янеў. І панскі сын, мальчышка, хадзіў там дзесь і налучыў на яго і начаў гаварыць:

— Ах,— гавора,— якая ты пташка атлічная! Да як табе папалась наесца кукальвану?

З тым панёс яе дамоў. Прынёс дамоў, і была ў яго сястра старшая, дзевушка ў сувяршэнных летах, і яна тожа панімала, валшэбствам занімалась. Ён сказаў на яе:

— Паглядзі-тка, якая ў мяне е пташка! Ты такія пташкі ніколі не відала!

Яна глянула і пазнала, шчо гэта пташка — чалавек. Яна кажа:

— Пакаж!

Ён даў ёй падзівіцца. Яна ў яго ўзяла і стала дурыць:

— Я ўпушчу гэту пташку, шчо яе напрасна мучыць!

І быццам то панясла выпусціць, а потым занясла яго ў комлаты і ўзяла дубчык і кажа:

— Быў ты чалавекам, а потым сабакам, а сяйчас находзішся ў пташачым палажэнію, а сяйчас абрачу цябе чалавекам!

Секанула дубцом — ён які быў чалавек, такі і е! Тут яна сказала:

— От, я цябе здзелала чалавекам,— а ён прыгожы быў,— шчо ж, ты паступіш са мной у супружаства? А на сваю прэжнюю пазабудзь!

Ён сказуе:

— З бальшым удавольствіем, сагласен!

Яна далажыла атцу свайму, шчо вот я за такога пастрадаўшага магу замуж выйці, магу жаніцца! Па жаланію яе ацец ёй дазволіў.

Потым яна бача, шчо ён пастаянна бывае смутны, верна сказаць — невясёлы, яна стала іспрашуваць у яго:

— Што ты такі, замячаю, шчо журышся?

Ён сказаў, шчо адно дзела мяне жура, шчо я ўва тца,— гавора,— быў адзін із нескалькі нашага сямейства ці майго брацтва, да й то яму не давялось самому пажыць! Ну яна сказала:

— Як табе жалацелна, запрагайце коней і паедам к твайму атцу!

Ён з радасці тут запрог коней, і селі яны з ёй на павозку. Прыбліжаюцца блізка к той дзярэўні, дзе яго ацец жыве. Яна зачала яму гаварыць:

— Глядзі ж,— гавора,— шчо нада мной ні злучыцца, сяйчас жа,— гавора,— пад сялом, то не злазь із павозкі; што ні будзеш бачыць, то не займай! Да шчоб ты веран быў, то не займай! — паўтарыла яму.

Пад'язджаюць яны пад сяленіе, і ўперадзі страчае іх рудая сучка. І толькі параўнялась із павозкай, і гэта такой жа самай сучкай скінулась, скочыла з павозкі, і началі із ёй рэзацца. Рэзалісь, рэзалісь, ён колькі ўрэмя сядзеў, можа часы два, на павозцы. Потым яны абраціліся гадамі. Ён усячацкі прымячаў гэту, з каторай ехаў. То ён падумаў: «Што я буду дажыдацца,— не пабараню?» Сяйчас злез з павозкі, на гэту, шчо была прэжняя яго жана, стаў нагой, прыціс, а гэту, з каторай ехаў, узяў у рукі адрываць ад тые. Тую прыціс нагамі да сам стаў, а гэту ў руку падняў, угору. Дак тая пад ім стала каменем і ён стаў каменем, а гэта, каторая ў яго ў руках была, тая бярозкай стала — на камяні бярозка вырасла. Ну, з тым яны і заклямчалісь!..»

А казачнік усё на песельніку сядзіць. А песельнік пархом, што казачнік сядзіць на ём вярхом. Ну, наш песельнік аслабадзіўся, не мог устаць і дагары перакаціўся.

Потым старык кажа, шчо помніце ж, рабяты: гэта я праўду вам сказаў,— гавора. — Сказка бывае пастаянна праўда, а песня бывае і бал, найболей бал.

Потым яны сталі прасіць таго старыка:

— Выпіш нам, дзедка, самае гэта — як гэта судам назваць яго, а матары яго... ведама, па-мужыцку, так сказаў наскорую.

Напісаў ім даставярэнія, шчо дзяствіцелна па закону рассуджаны; напісаў ім прахадную, шчо ідзе яны судзілісь упярод, ідзе дзела іх не понялі, дак шчоб зайшлі і каждаму расталкавалі; і як куды прыйдуць, дак доўжан быць увесь гэты прымер: будзеце расказваць пра свой суд, доўжан быць увесь гэты прымер: будзеце расказваць пра свой суд, даўжон песельнік станавіцца пад спод пархом, і казачнік будзе расказваць, на ём седзя вярхом...



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 207-217
Крыніца: скан