epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казка пра падчарку

Вот жылі дзед і баба. І было ў іх у дзеда дачка і ў бабы дачка. І баба дзедаву дачку не любіла і гаворыць:

— Дзед, вязі яе куды хочаш, дзе хочаш дзень. А то маю жаніхі не будуць браць за яе. Будуць гэта яе наперад браць, а маю не будуць. Дык завязі яе куды хочаш.

Вот дзед узяў саначкі, пасадзіў сваю дачку на саначкі і павёз яе. Пасадзіў на лютым марозе.

Вот прыходзіць Мароз Красны нос і Сіні нос. Трышч, лышч! А яна сядзіць, бедненькая, і калоціцца, гэта дзевачка.

— Трубі, Марозік, твая пара. У пятроўку не будзеш. Толькі я калачуся, змарозіш мяне.

Пайшоў Мароз, прыносіць ёй валёнкі, шубу. Надзеў яе. Сядзіць яна і песеньку запела.

А мачыха гэта ладзіцца ўжо пахароны па ёй правіць. Пячэць клёцкі, варыць поліўку і гаворыць:

— Ідзі, прывязі ж яе. Бяры карзінку, костачкі ў кашалю не парассыпай, прывязі.

А сучачка пад сталом:

— Цяў-цяў, дзедаву дачку ў карэце прывязуць, а бабіну жаніхі не возьмуць!

А яна яе чапялой, сучку.

— Вон! Я табе блін не дам. Гавары, што дзедаву костачкі прывязуць, а бабіну жаніхі возьмуць.

А ўсё роўна сучачка:

— Цяў-цяў! Дзедаву дачку жаніхі возьмуць і ў карэце прывязуць, а бабіну жаніхі не возьмуць!

Ну, паехаў дзед і вязець сваю дачку. Проста як пані якая, адзетая, абутая, красавіца — усё. І тут народ сабраўся, усе глядзяць, што яе завезлі, а яна жывая і так адзетая. Ну, баба гэтая на дзеда ўсселася.

— Вязі і маю туды пасадзі, дзе твая сядзела, каб і яе надзелі так!

Ну вот, дзед таксама ўзяў ужо яе. Сваю вазіў на саначках, а яе на кані павёз. Ну, завёз, пасадзіў таксама. Ажны прыходзіць Мароз Красны нос і Сіні нос. Трэшч, лэшч! А яна:

— Каб твая душа лопнула! Каб твой жывот лопнуў! Я сяджу, змерзла!

Гэты Мароз як трэснуў, як лэснуў — і змарозіў гэту дачку, бабіну. Ну, а баба ўжо к вяселлю ладзіцца, што жаніхі ўжо прыйдуць, усё прыданае ёй будзіць. А сучачка тожа пад сталом:

— Цяў-цяў, бабіну дачку ў кашальку костачкі вязуць, а дзедаву жаніхі возьмуць!

Паехаў дзед, прывёз костачкі бабінай дачкі. А сваю дачку замуж выдаў за харошага хлопца.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 236-237
Крыніца: скан