epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казка пра падчарыцу

Была мачаха, а ў яе падчарыца. Вот тая мачаха што ёй ні загадвала, дак яна ўсё рабіла. Патом яна ёй што загадала, намяшала бочку маку і попелу.

— Перабяры!

Вот яна перабірала, перабірала і плача. Зачула, ляціць галубок і гаворыць:

— Дзевушка, чаго ты плачаш?

Яна гаворыць:

— Злая мачаха змяшала мак з попелам і мне завялела перабраць, а я не магу.

Ён гаворыць:

— Не плач, я твайму дзелу памагу.

І махнуў управа-ўлева. Гэта ўсё аддзялілася — перабраў. Ну, прыходзіць яна ў хату.

— Перабрала?

— Перабрала.

Мачаха ёй яшчэ насыпала канаплянага семені з попелам, тожа перабіраць. Апяць сядзіць яна, задумалася, плача. Прылятае гэты ж самы.

— Што ты плачаш?

— Вот злая мачаха загадала перабраць семя з попелу.

— Не плач,— гаворыць,— дзевушка, я тваё дзела выканаю.

Ён так жа сама махнуў управа-ўлева — яно перабралася.

Прыходзіць мачаха — што за такое? Вот мачаха дала ёй кудзелю, прасніцу і пасадзіла на калодзезь.

— Прадзі. Калі верацяно ўпадзе, падай і ты за верацяном.

Ну, прала падчарыца, прала, гэта верацяно і ўпала ў калодзезь. І яна ўпала — дамоў не прыходзіцца ўжо ісці. Вот яна ідзе, ідзе. Выйшла яна сама не знае куды. Бачыць, стаіць хатачка, паварачваецца сюда-туда. І ў той хатцы сядзіць бабка. Зайшла падчарыца ў хатку. Бабка гаворыць:

— Дзевушка, што ты скажаш?

А яна гаворыць:

— Вот што я скажу. Ішла — не знаю куды. Злая мачаха мяне,— гаворыць,— наказала, дала мне прасці. Я прала, верацяно ў калодзезь упала. І яна мне загадала, каб і я падала.

— Ну, дак вот, астанься ў мяне, будзеш маёй дачкой.

— А што ж я буду ў вас рабіць?

— А вот так будзеш рабіць: зімою будзеш падушкі падбіваць, каб снег ішоў, а ўлетку,— гаворыць,— будзеш двор месці, каб дождж ішоў.

Вот яна і сагласілася ў яе, зімою падушкі падбівала, летам двор падмятала. Пабыла яна, патом кажа:

— Я ўжо пайду далей.

Ідзе, ідзе далей — стаіць печачка. А ў гэтай печачцы хлеб пячэцца. Ён гаворыць:

— Дзевушка, выбер мяне, мне ўжо ўрэмя!

Яна гаворыць:

— Ладна, выберу.

Яна выбрала хлеб, палажыла. Ён, значыць, буханачку ёй, пажалуста. Вот яна апяць ідзе. Ідзе, ідзе. Стаіць карова, яна гаворыць:

— Дзевушка, падой мяне, будзе і табе малачка і мне.

Тая падаіла, працадзіла, сама напілася і ёй пакінула. Ідзе далей, ідзе далей — стаіць яблына. Такія красівыя яблычкі. Яна гаворыць:

— Дзевушка, акалаці мяне, сабяры!

Яна ўзяла іх акалаціла, сабрала, склала, далей ідзе. Ну, далей цячэ рэчка. Сама вада залатая, аўсяныя берага. Вот рэчка і гаворыць:

— Дзевушка, пакушай майго кісяля, я табе прыгажуся!

Ну, яна села, таго кісяля паела, йдзе далей. Йдзе ўжо далей, далей і далей.

Расцвілі цвяты. Гэтыя цвяты гавораць:

— Дзевушка, сабяры нас, мы ўжо сазрэлі.

Яна іх абарвала і склала. А патом заходзіць, тожа сядзіць старычок адзін. Значыць, к таму старычку заходзіць. Старычок у яе пытае:

— Куда ідзеш, дочка?

— А вот іду. Такое і такое дзела. Мяне,— гаворыць,— мачаха прагнала.

— Ну, ладна,— гаворыць,— пабудзь у мяне.

Яна асталася ў яго. Ён яе адзеў, вывеў на дарогу і даў ёй з естыя яблыны зёрнушак.

— Вот прыйдзеш,— гаворыць,— пасадзіш зёрнушкі, і гэта ўсё тваё багацтва будзе.

Вот яна прыходзіць. З'явілася ж дадому разадзетая, уся красівая такая. Пачалі ўжо дзевушку сваты сватаць. А мачысе-то няўдобна, што яе дачка сядзіць. Ага, яна ж тыя зёрнушкі пасадзіла, вырасла яблынка, вот яна расце не па дням — па мінутам, па часам. Вырасла ўжо, на ёй яблыкі. Ехаў багаты купец і просіць яблыка. Гэтая мачысіна дачка выйшла, хацела адарваць. Яблынка ўгору пайшла — нічога. Яна яшчэ хоча сарваць — не дасць рады.

— Давайце,— гаворыць купец,— хто над ёю хадзяін.

Выводзяць гэту падчарку. Ябланка апусцілася, яна яму абарвала тры яблачкі, падала. Паспасібаваў, паехаў. Патом паехаў, прыязджае ўжо забіраць яе. Забраў ужо дадому.

Ага, пасля ж гэтай мачысе стала абідна. Яна і сваю дачку выпраўляе.

— Хадзі,— гаворыць,— прадзі. Як верацяно ўпадзе, падай і ты туды.

Вот яна прала, прала, мо і нарочна ўкінула, палец пракалола, кроў пайшла, і яна ўпала. Заходзіць туды сама, гэтая бабушка яе астаўляе.

— Не хачу,— гаворыць,— усякім служыць!

Ну, йдзе далей. Ідзе далей. Ішла, ішла, тожа таксама.— «Хлеб выбер».

— Не хачу. У маёй мацеры пшанічныя пірагі, і я не хачу іх выбіраць!

Далей. Патом падходзіць, так жа сама стаіць гэта каровушка. Просіць.

— Не хачу, не буду, мае рукі баляць!

Вот ідзе яна далей. Ідзе далей, прыходзіць, дзе цвілі цвяты.

— Сабяры нас, дзевушка.

— Не буду сабіраць. Вы мне не нада. Я вас толькі магу стаптаць!

Ну, не нада. Патом ідзе, ідзе. Падходзіць к гэтаму дзедушку. Ён апяць яе пытае:

— Дзевушка, ну куды ты,— гаворыць,— ідзеш?

— А куды я хачу, туды іду. Не тваё дзела!

Ну, не маё дзела, значыць. Дзедушка больш казаць нічога не будзе. Падходзіць к гэтай самай рэчцы. Бяжыць тая рэчка, гаворыць:

— Дзевушка, пакушай майго кісяля, я табе буду ў помач.

— Ай, у майго бацькі пшанічны не есца. Не хачу. Лучша я цябе вадою залью!

Пайшла. Ну, цяперака ляцяць гусі. Яна ім кажа:

— Гусі, гусі, вазьмеце мяне, панясеце мяне!

А яны гавораць:

— Ты нам не нада. Ты дзела не рабіла, а толькі,— гавораць,— з людзьмі ругалася.

Паляцелі. Там стада другая ляціць. Ну, гэта стада падлятае, яна апяць просіцца ў іх. Яны гавораць:

— Трэйця ляціць.

Яна жджэ і трэйцю. Прылятае трэйця.

— Вынесьце мяне на белы свет!

А яны гавораць:

— Вынесем.

Ну вот, за яе і вынеслі на гала і ўсадзілі ў смалу. У смалу ўсадзілі і прыляцелі, к двару яе апусцілі. Яна ўся ўвайшла ў смале. Маці яе не ўзнала. Гаворыць:

— Так што ж, дочка, як тую,— гаворыць,— так жаніхі ўзялі, а цябе ў смалу ўсадзілі. Наверна, бальшой гультай.

Вот так і асталася.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 226-229
Крыніца: скан