epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казка пра сіротку Даротку

Вот так было. Былі, канешне, не старыя людзі. Каля іх была малая дзяўчынка. Яна звалася, тая дзяўчынка, Дароткай. Вот як памерла матка, ажаніўся бацька з другою. Яна вельмі такая нелагодная была, гэта мачыха. Вядома ж, ад мачыхі ўсё найбольш пападаецца, рэдка калі сіраце ў дабрату. А ў гэтай мачыхі была свая дзяўчынка. Дзяўчынка гэта называлася Ганька. Гэта ж была сіротка Даротка, а тая была Ганька-гулянька, бо яна ўгулівала болей, ніколі яе нідзе не пасылалі, ні на якую работу, пакуль яна расла, малая была. А як падрасла, то ўсё роўна яна гуляла, а сіротку Даротку з малых дзянькоў пагналі на пасту.

— Гані, сіротка Даротка, на пасту і не думай, што ты будзеш там сядзець ды толькі на карову глядзець. Нада, каб ты яе папасціла і работу зрабіла, і ні ябы-якую работу. Вот бяры кудзелю, і вялікую кудзелю, і штоб ты яе зараз у дзень спрала і выткала, і выбеліла, у трубачку скруціла і дамоў прынесла.

Вот так. Тады гэта сіротка Даротка моцна ж устрывожылась — як жа ж яна гэта зробіць. Гоніць карову, і такая смутная. Кароўка кажыць, вядома ж у басні, кажыць:

— Што ж ты, сіротка Даротка, такая невясёлая?

— Ды як жа быць вясёлай,— адказваець,— я ж гэтага не зраблю, што мне мачыха заказала. Яна ж мяне саб’ець на горкае яблыка.

— Нічога, сіротка Даротка, не бядуй. Вазьмі мяне добранька папасі, тады спацькі ляж.

Вот так яна, гэтая дзяўчынка, і зрабіла, гэта сіротка. А там блізка мора было, гэта каля мора пасвілася яна. Напаіла яе і накарміла. Выйшла тая кароўка да мора і кажыць:

— Дзеўкі марскія, да выйдзіце, да паслухайце тэй сіроткі Дароткі.

Вот січас на заваланне і ёсць гэтыя сорак дзевак, сорак верацён. А красавіцы ўсе такія, як на падбор, проста ўглядзенне. Ну што ж, січас усе як вылезлі, усё зрабілі і ў трубачку скруцілі, і яшчэ гэтай кароўцы на рожкі палажылі. Палажылі на рожкі, і гоніць гэта сіротка Даротка кароўку. Рада, прыгнала; глядзіць мачыха і вачам не верыць:

— Што ж тут, адкуль бярэцца, як гэта можа стацца такое? Гэта ўжо нядобра нешта.

І думаець: «Не, гэта што, яна ж уславіцца моцна з гэтага. Да што ж мая Ганька-гулянька? Нада сваю прыгнаць, няхай і мая гэтак прыкладаецца, дакуль жа будзе гарсаць па вёсцы без работы».

Вот так. І ўзяла ж яна ўжо сваю выправіла.

— Гані, Ганька-гулянька, на пасту і папасі карову. Як сабе хочаш: пасі не пасі, але каб гэта зрабіла і ты, а то ж будзець стыдна табе проціў сіроткі Дароткі.

— Добра ж, мама, добра, зраблю, зраблю.

І пагнала. Гоніць, хлісць гэтаю папугаю па карове.

— Го, тутака будзеш агіляцца, ідзі, каб цябе воўк.

І гэдак яе ўсё, а гэту кудзеліну валачэць пад пахай. Ну што ж. Ні яна гэту карову пасець, ні на яе глядзіць. І тут села, узяла неяк сукам нейкім круціць, ужо ж не верацёнам, дзе ж ёй верацёна браць. Ды смактала, смактала гэту кудзеліну, звайлачыла. Нічога не палучаецца. І кінула, закляла ўсё чыста.

— Го, якая тут ужо работа мне, нагрузіла гэтак матка мая родная.

І гоніць. Карова тошчая, не напіўшыся, не наеўшыся, і малака мала дала. Што ж гэта такое? Вачам не верыць матка.

— Чаму ж так палучылася?

— Ай, мамка, каб яе ваўкі, такую карову. Я ўзяла трошку адышлася, дык яна мне сасмактала гэтую кудзеліну, і во якая шкода.

— Ну, нічога, дачушка, не ўнывай. Мы яе тут скора зарэжам, рашымся з ёю.

Ах, як жа ж устрывожылася сіротка Даротка. Падышла, кароўку абняла:

— Мая кароўка, мая малоўка, што ж я рабіць буду без цябе, я ж прападу.

Дак кароўка кажыць ёй у атвет:

— Нічога, сіротка Даротка, не бядуй. Толькі будзь такая ўжо акуратная і глядзі, штоб ты не прамаргала гэтага дзела. Як будуць мае чароўцы разбіраць, ты да іх прыглядайся: там будзець зярнятка і шалупінка. І пасадзі іх, дзе тваё жаланне.

Яна тады ўжо задумалася: «Як жа тут мне прыступіць к гэтай рабоце, ці дадуць?» Аж тут надта цяжка не было, на горшую работу і пхалі гэту дзяўчынку. Січас яна стала разбіраць чароўцы, так і знайшла зярнятка і шалупінку.

Ну й яна ціханька, нікому не кажучы, як найшла гэта ўсё, й тую шалупінку, і тое зярнятка, пасадзіла пад акном. І ўлажыла гэтую шалупінку, арэхавую такую, і там сталася крынічка. І гэта дрэўца січас жа вырасла. І такое красівае, такія яблыкі! Ну што дух такі ад іх прыятны, такі запах. Вось жывуць яны, глядзяць, што гэта такое: прыляціць мачыха вырваць яблык — ніяк не можа. Як толькі падойдзець, руку працягнець — яблыкі ўгару. Падляціць Ганька-гулянька, як толькі падляціць — знова таксама. Падойдзець сіротка Даротка — да яе апусцяцца тыя яблычкі ўніз. Яна і вадой поіць усіх, яна і яблыкамі корміць. Вот едзець пан. Едзець пан, слухаець, што ж тут так пахнець, нідзе такога запаху прыятнага нет з дрэў, як тут. І відзіць, што проста з крыніцы б’е такое нейкае фантанам. І вады яму захацелася выпіць і каб яблыка тое з’есці. Заскочыў у хату і кажыць:

— Ці можна мне яблычка гэтага вырваць?

— Папрабуй.

Вот ён падняў руку, гэтыя яблыкі тожа шух! і пайшлі, падняліся ўгару. Ён прыйшоў:

— Што ж такое? Усё ж такі нада каштаваць мне іх, нешта яны мне непаслушныя ўжо. А хто мне гэта яблыка дасць пакушаць, я таго за жану вазьму.

А такі багаты, красівы пан. Вот яна:

— Ідзі,— на сваю дачку,— Ганька-гулянька.— Яны ўжо падраслі, тыя дзяўчынкі.— Ідзі!

Паляцела, нават і не ўпіралася надта. Січас яна тут хоп яблыкі рваць. Зноў уверх гэтыя сукі. Мак кубкам зачарэпаць гэтай вады — а не. Яна са злосці давай палкамі шпуляць на яблыню. А яна ўверх, уверх і пайшла ўгару, сама яблынька гэта. Ганька хацела засыпаць гэту крынічаньку, а тая сама закрылася вечачкамі. Ну што ж, няма рады. А нада гэтых яблыкаў. Ужо выходзіць каляі ісці гэтай сіротцы Даротцы. Як выйшла, як падняла руку, гэтыя яблычкі апусцілісь аж да зямлі. Яна нарвала, вады зачарэпнула і прынесла, угасціла гэтага пана. Вот гэты пан пакушаў, паглядзеў на красату — красівей за гэтую самую Ганьку-гуляньку — і сказаў:

— Вот тут не абідна ўжо: чаго я дабіваўся, таго і дабіўся. Я сказаў, хто мне падасць гэтых яблыкаў, я таго і замуж забяру.

Вот ён і высвабадзіў Даротку з сіроцтва і з пакуты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 378-381
Крыніца: скан