epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Казка пра залатую яблыньку

Жыў дзед і баба. І былі ў іх дочкі: дзедава дачка і бабіна. Дзедаву дачку звалі Галя, а бабіну — Юля.

Баба сваю родную дачку песціла, а дзедаву хацела, каб са свету звесці.

Пайшоў аднойчы дзед на кірмаш і купіў бычка-трацячка.

Прывёў дамоў і кажа:

— Будзеце пасвіць яго па чарзе.

Пагнала першы дзень бычка пасвіць дзедава дачка. Мачыха дала ёй верацяно і кудзелю.

— Глядзі,— кажа,— каб за дзень усю кудзелю спрала, кросны выткала, палатно выбеліла і ўвечары дамоў прынесла.

Вывела Галя бычка з хлява і пагналя яго на пашу. Гоніць яна бычка і плача.

А бычок пытаецца:

— Чаго ты плачаш?

— А як жа мне не плакаць? Загадала мне мачыха гэты мех кудзелі спрасці, кросны выткаць, палатно выбеліць і ўвечары дамоў прынесці. Ці я ж зраблю гэта за дзень?

— Не плач,— адказвае бычок,— я табе дапамагу.

Прыгнала Галя бычка на пашу. Наеўся бычок і кажа:

— Кладзі мне ў правае вуха кудзелю і верацяно. А сама хукні ў левае вуха і глядзі, што будзе.

Зрабіла гэта Галя і глядзіць. А там — кудзеля прадзецца, кросны ткуцца, палатно беліцца.

Як усё было зроблена, выняла Галя гатовае палатно і пагнала бычка дамоў.

Мачыха сустрэла яе на двары і спытала:

— Спрала кудзелю?

— Спрала,— адказала Галя і падала ёй гатовае палатно.

Мачыха аж за галаву ўзялася, такую работу зрабіла яе падчарыца.

Прыйшла чарга гнаць бычка бабінай дачцы. Дала і ёй маці кудзелю.

Узяла Юля дубец і пагнала бычка. Гоніць ды ўсё б'е яго дубцом. А бычок пачаў кідацца туды-сюды. Бегала Юля за ім і верацяно згубіла.

Прыгнала яна бычка на голы выган, а сама спаць уклалася. А бычок кудзелю ў гразь утаптаў.

Прачнулася Юля, глядзіць,— кудзеля ў гразі. Схапіла яна дубец і пачала бычка біць. Прыгнала дамоў бычка, а маці пытае:

— Ну як, зрабіла работу?

— Ды не — бычок вінаваты.

Узлавалася мачыха, пайшла да дзеда і кажа:

— Зарэж, дзед, бычка!

Пачула гэта Галя, пабегла ў хлеў да бычка, абняла яго за шыю і заплакала.

— Чаго ты плачаш?— пытаецца бычок.

Расказала яму пра ўсё Галя.

— Не плач,— кажа бычок.— Як мяне зарэжуць, вазьмі маю печань, там знойдзеш залатое зярнятка. Пасадзі тое зярнятка каля хаты.

Галя так і зрабіла.

Вырасла з зярнятка яблынька з залатымі яблычкамі.

Ехаў аднойчы з вайны малады гусар. Спыніўся і хацеў сарваць яблыка, але яблынька раптам паднялася.

Убачыла праз акно Галя і кажа:

— Пайду я сарву яму яблычак.

А мачыха як закрычыць:

— Я табе галаву сарву!

Паслала яна Юлю. Падышла яна да яблыні, а тая і паднялася ўгору. А тут якраз хадзіў па двары пеўнік і закукарэкаў:

— Дзедава дачка над ночвамі сядзіць, а бабіна хоча яблыкі яе сарваць ды за пана замуж выйсці.

Пачуў гэта гусар і пайшоў у хату. Знайшоў дзедаву дачку і вачэй ад яе адарваць не можа. Папрасіў яе гусар, каб яна сарвала яму залаты яблык.

Падышла Галя да яблыні, і ўсе яблыкі ўпалі да яе ног. Сабрала яна іх і панесла гусару. Гусар пасадзіў яе на каня побач з сабою і павёз да сваіх бацькоў.

Тым часам злая мачыха не магла заснуць ад зайздрасці. Аднаго разу кажа яна сваёй дачцы:

— Схадзі да сястры ў госці. Пакліч яе купацца і ўтапі.

Так і зрабіла Юля. Чакаюць дома Галю — няма. А малы сын плача, ніхто суцешыць не можа. Узяла яго нянька і пайшла ўздоўж рэчкі. Пачула Галя плач і кажа:

— Ой, цяжка мне выйсці да сына.

Пачуў сын матчын голас і яшчэ мацней заплакаў.

Выйшла маці з вады, накарміла сына — ён і заснуў. А сама назад пайшла.

Вярнулася нянька дамоў і расказала ўсё гэта.

Назаўтра сам бацька пайшоў да рэчкі. Пачула яго голас Галя і выйшла на бераг. Пакарміла сына, і ён заснуў. Тады муж ёй даў залаты яблык. Як толькі яна ўкусіла залаты яблык — адразу апрытомнела.

Прыйшлі яны дамоў і зноў сталі жыць добра і шчасліва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 381-383
Крыніца: скан