Ото, паночку, пачну казаць табе гэту казку без прыказак, бо няма часу.
Жыў сабе на свеце бацька і маці, было ў іх два сыны і трэцця дачка. Сыны гэтыя былі такія рабацяшчыя хлопцы, што нават парабіўшы ўсю работу ў дамосцы, хадзілі парабкаваць і ў другое царства.
От раз і пайшлі яны ажно на тры дні і кажуць бацьком:
— Калі нас не будзе праз тры дні, то няхай Палаг’я (сястра іх) прынясе нам харчоў, а каб яна ведала, дзе мы прабаўляемся, то мы йдучы будзем цярушыць дарогаю салому.
Ну добра! От яны і пайшлі. Ідуць яны да йдуць і салому цярушаць да й прыгаварываюць:
— Ото наша Палаг'я йціме і дарогу бачыцьме.
А то бач, бра1, гэта дзесь недалёка жыў змей з залезным языком, страшны, такі страшны, да ўсё хапаў ён маладых жонак да дзевак і цягнуў у свой касцяны дварэц, а аттуль ужо ніхто не варочаўся.
От гэты змей падслухаў, як браты казалі, нашто яны салому па дарозе цярушаць; от ён узяў да й пазбіраў усю тую салому, пацярушыў дарогу к сабе ў дварэц і чакае Палаг'ю; думае сабе, як яна йціме к братом, то як раз зайдзе па саломцы к яму. Так яно і зрабілася. Прайшоў дзень — братоў няма, прайшоў і другі, трэці, а іх усё нямашака.
От бацькі, сабраўшы харчоў, пасылаюць дачку да й кажуць:
— Ты ж, донька, ідзі барджэй к братом з гэтаю ядою па той дарозе, што яны саломаю пацярушылі.
Палаг’я і пайшла; а яна была ўжо вельмі хароша — усе хлопцы за ёю бегалі, нават пан не даваў бацьком і ёй спакою, усё кажа:
— Хадзем ка мне, там табе вельмі хораша будзе.
А яна і не схацела.
Ідзе яна, ідзе, ажно бачыць той касцяны дварэц змееў; яна гэта барджэй назад... бяжыць, бяжыць, ажно чуе — штось так гудзе, гудзе, яна азірнулася — ажно змей; так ён яе схапіў да і панёс у той дварэц да і кажа:
— Я даўно ўжо да цябе дабіраўся, да толькі цяпер цябе схапіў; цяпер жа ты ўжо будзеш жыць са мною як жонка.
Яна ў слёзы, але што ж гэта паможа? Як мэртваму кадзіла...
Браты ж Палашчыны знайшлі сабе добрую работу ў нейкагась пана. Зарабіліся ў яго, і на чацверты дзень у іх ужо не хапіла хлеба; от яны, кінуўшы работу, пайшлі дадому, праклінаючы Палаг’ю і бацькоў, што яны не прыслалі харчоў.
От прыходзяць яны дадому да як паднялі ў хаце такі крык, лемент на бацькоў за хлеб, што й страх, а бедныя бацькі і роты параззяўлялі, самі не ведаюць, што гэта такое за дзіва. Паслалі Палаг’ю к сыном, а яны яе нават у вочы не бачылі; от яны і кажуць так сыном, што мы яе выправілі да вас з хлебам яшчэ ўчора... Усе быццам-то адурнелі і стаяць белыя, белыя, як крэйда; мо б яны і доўга так стаялі, аднача старшы сын і кажа:
— Пайду я шукаць Палаг’ю!
Як сказаў, так і зрабіў, пайшоў. І ідзе ён, ідзе па той дарозе, што саломаю пацярушана, да й не прымеціў, што гэта не та дарога, кудою яны ішлі, і дайшоў да тых касцяных палацаў, ажно сустракае Палаг’ю. Яна яму і кажа:
— От так і так, папалася я, нясчасна, уцякай, бра, барджэй, бо змей цябе з’есць.
А той і кажа:
— Калі ж ужо ўцякаць, так уцякаймо разам!
А яна і кажа:
— Не, бра, ён чуе мой дух і дажэне мяне, а ты ўцякай!
Толькі што яна гэта сказала, ажно як загудзе, але моцна так, ажно іх аглушыла, глядзяць яны — аж то змей.
От Палаг'я і кажа яму:
— Гэта мой брат прыйшоў да нас!
— Добра,— кажа змей,— вядзі ж яго ка мне ў госці.
Той пайшоў. Прыйшоўшы дадому, змей і кажа:
— Жонка! Падай нам пасмакаваць залезнага бобу!
Тая прынесла. Змей як зачаў есці, ажно іскры з рота пасыпаліся, а той небарака ўзяў адну бабіну да чуць быў зубы сабе не паламаў. От ён гэтую бабіну і выкінуў з рота; змей, пабачыўшы гэта дзела, напаў на беднага хлопца:
— Чаму,— кажа,— не ясі, а кідаеш, не хочаш ля таго, што гэта маё?
Крычаў той змей, крычаў ды і кажа:
— Хадзем пабачымо маё багацтва!
Той пайшоў, а змей яго там за дваром і павесіў на вароцях. Прыйшоў да і кажа:
— Жонка, я твайго брата павесіў, бо ён не схацеў бобу есці.
А тая, бедная, і залілася дробнымі слязамі, але што ж? Паплакала, паплакала да і перастала.
Пайшла яна на другі дзень на шпацар на дарогу, ажно бачыць — другі брат ідзе, яе шукаючы. І той, небарака, не з’еўшы бобу, павіс каля брата.
Чакаюць бацькі сыноў дзень, чакаюць другі... так чакалі дзён з шэсць, а іх усё нямашака.
От аднаго разу, да свята, пайшла баба па ваду, ажно бачыць: каціцца па дарозе гарошак; яна яго падняла, паглядзела да й з’ела. Чуе яна праз колькі іх там дзён, што яна ў ценжы, а праз тыжнею два ці тры і абрадзіла хлопчыка, такога харошага-харошага і такога вялікага-вялікага! Да як толькі радзіўся, так зараз і закрычаў:
— Мамо, дай есці!
А голас такі грубы-грубы, ажно ўсе папужаліся, самі не ведаюць, што гэта такое за дзіва.
От той хлопчык расце не па днях, а па гадзінах і вырас за месяц такі вялікі, да й шчэ з барадою, ажно бацька яго баяўся. Думалі-думалі, як яго назваці, якое яму імя даць, да і назвалі яго Гарошкам.
От той Гарошак і кажа бацьком:
— Наце вам, бацькі, шпульку, ідзіце к кавалю; няхай ён выкуе з яе булаву ў сем пудоў.
Бацька і думае сабе: «Ото дурны які, з шпулькі, што паны сабе прышпуляюць кветкі альбо ўстонжкі2, хоча зрабіць даўбешку ў сем пудоў!» Паківаў галавою да і паехаў у горад і купіў сем пудоў залеза да і загадаў кавалю выкаваць сыну даўбешку. Каваль каваў, каваў — насілу выкаваў. Бацька рад, што такі страх! Прыязджае дадому і скаціў з возу сыну тую даўбешку.
Гарошак як узяў тую булаву адною рукою да як шыбнуў яе ўгору, ажно яна ў неба схавалася. Кінуўшы доўбню, ён пайшоў сабе снедаць. Паснедаў, пагаварыў з бацькамі да й кажа;
— Ну, хадзем, бацько, на пагной3, зараз булава вернецца.
Той бацька аж дрыжыць, але пайшоў. От прыйшлі яны на пагной, дак сын і кажа:
— Ото ж бач, тато, унь то штось чарнее ў небе, то мая булава ляціць.
Не паспеў бацька зірнуць, ажно булава ўжо так і загула каля іх, а Гарошак узяў да й падставіў калена, даўбешка, ударыўшысь аб калена, так і пераляцела напал, а Гарошак і кажа:
— А што, тато, бач, яку ты мне даўбешку зрабіў, ты бо, мусіць, не з тае шпулькі зрабіў, што я табе даў.
Бацька так пералякаўся, ажно, зубамі ляскаючы, сабе кусок языка адкусіў, але, аддыхаўшы трохі, зараз жа паехаў у горад і купіў у краме сем пудоў залеза агліцкага, і той самы каваль выкаваў з гэтага залеза новую даўбешку. Бацька, узяўшы тую даўбешку, прывёз яе сыну. Той зноў пастукаў яе як і першую, але даўбешка была моцная, так толькі загнулася трохі. Гарошак ажно павесялеў. Узяў даўбешку, струсянуў ею, ажно загуло, да й кажа:
— Ну, тато, пайду ж я цяпер сястру шукаць.
Ну, думае сабе бацька: «Божа табе памажы».
Гарошак, доўга не думаючы, узяў сваю кацавэльку4 да і пайшоў проста к змею; змей, пачуўшы сілу вялікую, выскачыў да яго і сустракнуў яго на дарозе.
Зірнулі яны адно на другое і маўчаць, так як бы папужаліся адно другога; а тут недалечка і Палаг'я стаіць. Гарошак глянуў і дагадаўся, што гэта, здаецца, яна, але нічога не сказаў. Чы доўга яны так стаялі, чы не, але змей і кажа сыну:
— Хадзем, браце, з’ядзім трохі бобу.
От яны і пайшлі, пасядалі на залезныя сталкі5. Як толькі сеў Гарошак, дак той сталок так і пасыпаўся, а змей ажно здзівіўся і даў яму другі сталок, тэж залезны, але мацнейшы. Гарошак сеў, а сталок той усё-такі трохі сагнуўся, і сталі есці залезны боб; елі, елі, пакуль усё ні з’елі.
Змей ажно пачырванеў, так яму моташна стала, што знайшоўся чалавек, што нават дужэй яго. Круціўся ён, круціўся да і кажа Гарошку:
— Хадзем, бра, аглядзім маё багацтва.
— Добра!
Пайшлі. Прыходзяць яны ў гумно, на мясаідзавы6 ток, а з таго гумна відны былі вароця, а на тых вароцях вісяць два чалавекі ўжо, нежывыя. От ён і пытаецца:
— А хто гэта такі?
— А то,— кажа,— браты мае жонкі.
Гарошка ажно затрасло, і думае сабе: «От табе і раз — спазніўся»,— але зараз жа і кажа:
— Ах ты, змею негадзівы, такі да сякі, то ж ты маіх братоў павешаў!
Да як усхапіў яго за грудкі да і гэпнуў яго аб зямлю, ажно змей па пояс у той ток урэзаўся, а потым, схапіўшы сваю даўбешку, да як вурзнуў яму па пераносіцы, ажно юшка пацякла, а як дзвінуў яшчэ раз, дак той змей і саўсем кіркнуў.
Убіўшы таго змея, Гарошак пайшоў к сястрэ да і кажа:
— Я твой брат, а ты мая сястра. Змея твайго я ўжо ўбіў.
А тая і не верыць таму.
— Які,— кажа,— ты мне брат? У мяне больш братоў няма, як тыя, што на вароцях вісяць,— да і заплакала.
Гарошак успамятаваў братоў; пайшоў паздымаў іх з вароцяў, убіў вала, здзёр з яго шкуру, улез у тую шкуру да і ляжыць. Ажно прыляцелі вораны чорныя да і сталі кляваць тую шкуру, а той з-пад шкуры хап! да і паймаў ворана. Той бедны просіцца:
— Пусці мяне, што хочаш зраблю, да толькі пусці.
— А от,— кажа Гарошак,— прынясі мне жывое вады!
І калі воран падакляраваў, ён яго і пусціў.
Не ўспеў яшчэ Гарошак добра аглядзецца, ажно воран ужо і прынёс у дзюбе пляшачку жывое вады. Гарошак, узяўшы тую ваду, памачыў братом вадою вочы, дак яны і абжылі Да і пытаюцца:
— Хто ты такі, каму нам дзякаваць?
А Гарошак і кажа:
— Я вам брат, і дзякуй ваша мне не патрэбна.
А яны не вераць да думаюць сабе: «Які ён нам брат? Адкуль ён узяўся?» Але ўсё ж такі падзякавалі, да давай божа ногі. Узяўшы Палаг'ю, і пабеглі дадому. Прыбеглі яны дадому да і кажуць бацьком, што з імі зрабілася і што той чалавек называе сябе іх братам. Бацькі, выслухаўшы ўсё, падзякавалі богу да і кажуць, што праўда, у нас радзіўся якісь вырадак вельмі дзіўны, а дзе ён цяпер?
А Гарошак пайшоў у стойла змяёва, выбраў сабе добрага каня і два хорты, што заўсягды цахлелі7, і паехаў у свет, а дзе ён цяпер, дак і хто яго ведае? Мо, і цяпер дзесь ездзіць. А тыя бацькі з дзецьмі жывуць па-старому, толькі хлопцы не жаніхаюцца да Палаг'і.
1 Бра – усечаная форма ад брат (заўвага збіральніка).
2 Устонжкі – стужкі (заўвага збіральніка).
3 Пагной – угноеная ворная зямля (заўвага збіральніка).
4 Кацавэлька – булава (заўвага збіральніка).
5 Сталкі (сталок) – табурэткі.
6 Мясаідзавы – у тэксце пасля гэтага слова стаіць пытальнік.
7 Цахлець – яхкаць, адрывіста брахаць.