epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кіёчак

Жыў стары кароль і меў два сыны. Жыў, жыў і памёр. Засталіся сыны яго самі сабой. Меншы старшому кажа:

— Пойдзем па свеце вандраваць, пабачым, як людзі жывуць.

І падаліся. Ішлі, ішлі. Прыйшлі да такой пустыні, што далей ісці няма куды. Старшы да меншага кажа:

— Утыкнем давай у адно дрэва нашы нажы. Які ножык заіржавее, таго з нас на свеце не будзе, а які будзе чысты, той жывы будзе.

Паляглі спаць паадзіночку. Раніцай старшы бяжыць да дрэва. Выняў нажы — яны чысты, але меншага брата няма. Не знайшлі брацця друг друга і пайшлі ў розныя дарогі. А нажы засталіся там.

Прайшло тры гады. Старшы едзе і бачыць на дрэве чарапаху. Узяў вінтоўку і кажа:

— Ну, старая, што робіш? Старая не павінна быць на дрэве. Заб’ю.

Яна кажа:

— Не бі. Дам табе кіёчак, удар па той кучы каменняў і ўбачыш, што будзе.

Ён узяў, ударыў, бачыць вяселле. Тады прыстаў:

— Заб’ю, калі не зробіш жывымі ўсіх.

Яна махнула рукой. Народ ідзе ды ідзе, і раптам брат павітаўся:

— Ну, як жывеш?

— Ды вось, як заснуў і дагэтуль спаў, старая махнула — і прачнуўся.

— А ты ўн камнем быў.

Рашылі забіць старую. Старшы ўзяў і забіў. Яна прасілася, што не будзе, але ён забіў. Кажа:

— Колькі народу загубіла!

І пытае меншага:

— Як мы пойдзем цяпер — разам ці паадзіночцы?

Малодшы кажа:

— Не, хопіць, я цяпер дамоў пайду.

Старшы кажа:

— А я яшчэ пайду вандраваць.

Пусціўся ісці. Ідзе, бачыць на дарозе стаіць чалавек.

— Адкуль ты?

— А вось недалёка.

— Куды ідзеш? Можа чуў што?

— Не, толькі вось у нашай краіне ў караля ёсць дачка, выбірае жаніха: збірае ўсіх на гульбішча і выбірае.

Ён адзеўся ў парваную адзежу і пайшоў у кагал той. Прыйшоў. Там усе багатыя, пры часах, а ён (Янак звалі яго) абарваны. Але ж адзежа ідзе яму. Нявеста праходзіць усіх міма, яго ўбачыла і зарунілася. Князя сын хацеў жаніцца з ёй, ідзе следам і пытае:

— Чаго заглядзелася на трапішніка?

Яна села за стол і кажа:

— Папанька, я жадаю, каб гэтага хлопца прыўбралі і ён быў у нас кіраўніком.

Бацька кажа:

— Нашто табе абы-якія, ёсць і прыгожыя.

— Не, папанька, я прашу зрабіць так. Сказана мне, што магу выбіраць,— я і выбіраю.

Князі смяюцца ўсе, што трапішніка выбірае. Яна кажа:

— Хоць трапішнік, але падабаецца.

Адзелі яго, прывялі ў кабінет, ён пытае яе:

— Дык падабаюся я табе?

Яна кажа, што падабаецца. Ён махнуў тым кіёчкам, што дала яму старая,— птушкі разам прынеслі багатае адзенне і зброю.

— Вось я які. Я каралевіч з другога каралеўства. Брат пайшоў вандраваць, і я пайшоў і прыйшоў да вас.

Яна абвясціла, што не хоча ісці замуж за князёў. Князі раззлаваліся і пайшлі вайной.

Кароль кажа:

— Прапала маё каралеўства, калі бяруць вайной.

Ён кажа:

— Бацька, можаш спаць, нічога не думай, заўтра разбярэмся.

На яго наступаюць вайной. Ён не турбуецца. І пайшоў ваяваць. Як махнуў кіёчкам, так усіх каменнямі і зрабіў. Бацька думаў, што яго ў жывых няма, а ён ваюе. І перамог чатыры каралеўствы.

Наладзілі гучнае вяселле каралеўны з пераможцам. Потым малады кажа бацьку жонкі:

— Бацька, табе каралеўстваваць над чатырма каралеўствамі, а я пайду да брата паглядзець наша каралеўства.

Жонка пачала плакаць, каб не хадзіў:

— А то і я пайду.

Ён кажа:

— Я пеша іду, цяжка будзе прайсці ваша і сваё каралеўства, я пасвяціў сябе вандраванню, каб пабудаваць людзям добрае жыццё і зрабіць усё кепскае добрым.

Яна збіраецца і кажа:

— Коней лепей запражы!

Ён узяў яе. Едуць. Праехалі яе каралеўства, едуць на яго. Прыехалі да таго дрэва — братаў нож заіржавеў. Значыць, загінуў брат. Прыязджаюць у палац. Увідалі, што меншы брат памёр у дарозе, а ў палацы жыве намеснік, якога паставілі браты, калі пайшлі вандраваць.

Цяпер гэты намеснік задумаў знішчыць старшага брата.

Прылятае птушка-голуб і брукуе:

— Есці ад намесніка нічога не бяры і глядзі, каб ён не застрэліў.

Ён пытае гэтага намесніка:

— Хочаш быць каралём на ўвесь час?

— Ды хачу, каб ты зноў пайшоў вандраваць.

— Ну, дык мы пойдзем вандраваць!

Махнуў кіёчкам і зрабіў «караля» кучай гною.

Жонка пытае:

— Скажы, мілёначак, што ў цябе за моц. Тады чатыры каралеўствы знічтожыў, зараз «караля» гэтага. Чым ты можаш валодаць?

— Так, ты мая жонка, але сказаць не магу, няможна.

Яна пытае:

— Ну, усё ж любіш мяне, паважаеш. Я табе ўсё гавару, а ты не.

Ён кажа:

— Я табе яшчэ скажу. Брат мой загінуў праз гэта. Я васкрасіў яго, а цяпер загінуў зноў; як загінуў брат, не магу пазнаць.

Яна дала супакоіцца і зноў пытае.

Ён кажа:

— Я скажу, але гэта такая рэч, што божа ўпасі, каб нікому не пазнаць, каб я знаў і ты. З гэтым кіёчкам я прайду ўвесь свет. Як махну да сябе — усе зверы ідуць да мяне і стаяць ля мяне, а адмахну — адыдуць. Калі захачу, зраблю ўсё дрэвамі, каменнямі.

Яна думае.

— Я ўжо ведаю.

І просіць:

— А пакажы кіёчак.

Ён кажа:

— Вось, жонка, я бачу, што ты не справішся; ты просіш такія рэчы, якія нельга паказаць мне. Гэта жыццё наша.

— Гэта цябе не датычыць.

Пачаў угаварваць. Яна кажа:

— А што, цябе апазнаюць, калі ты скажаш гэтыя рэчы?

Ён памаўчаў і кажа:

— Вось праз гэты кіёчак загінуў брат і стаў камнем. Убачыў я старую на дрэве і заўважыў, што яна чарапаха несправядлівая. Я хацеў забіць. Яна казала, што верне ўсіх знішчаных, і брат мой устаў. Рашылі забіць яе — і забілі. І кіёчак дастаўся мне. А старой косці ляжаць там.

Яна кажа:

— Бачу, што ты цяпер мой муж.

Потым думае яна:

— Хіба я не магу быць такой моцнай, як муж? Калі муж засне, я зраблю на ім, а потым адраблю. Я спрабую, а потым назад аддам.

Як махнула — і зрабіла яго на ложку мохам. А потым як не махае — не памагае. Дзень і ноч нічога не зробіць. На ложку мох. Сядзіць і плача. Моліцца, каб адмаліць.

— Аддам усё і не буду цікавацца, толькі б вярнуць яго.

Ён усё чуе, але нічога не можа зрабіць. Яна ўсё плача. Потым напаў сон, і яна заснула. Паказвае ён ва сне:

— Дарагая жана. Звяла мяне, сумей і адвесці. Не махай у той бок, у які махала, а махай у другі.

Прачнулася, схапіла кіёчак, махнула і зноў не так. Яна кажа:

— Страбляю сябе. Ну, астатні раз спрабую! — махнула, і ўстаў муж. Ён кажа:

— Я ж табе казаў, але ж ты не слухала.

Яна думае:

— Цяпер, покуль жыць буду, ніколі не буду рабіць.

Сталі жыць і жыць.

Аднойчы ён кажа:

— Паедзем да бацькі ў госці.

Паехалі. Едуць так, едуць. Бачаць — рэчка. Трэба на мост ехаць. Бачаць, што бярвенні тоўстыя, а як ён едзе, яны расступаюцца і становіцца дарога. Яна пытае, чаму так. Ён кажа:

— Гэта табе здаецца.

Пад’язджаюць да ракі, трэба на мост ехаць. Ён у топла паехаў. Махнуў туды-сюды — стала канава. Праехаў — вада стала.

Зноў пытае яго:

— Муж мой каралевіч, чаму мы ехалі па мору, а стала канава, а потым зноў вада?

— Не, гэта ад хуткай язды табе здалося, а мы едзем па сухапуццю.

Едуць далей. Едуць да Нёмана. Вада быстрая. Ён кажа:

— Паедзем праз мост па Нёману.

А маста не было зусім. Ён махнуў і зрабіў мост. І пераправіліся. Яна кажа:

— Муж мой, я ўсё ведаю. Кінь ты ў Нёман палку, а то мы ўсе загінем.

— Ну, супакойся, жонка, пабудзем у бацькі, зноў паедзем. Ніхто ў свеце мяне не знішчыць, пакуль кіёчак не пападзе ў чужыя рукі.

Едуць. Сустракаюць іх у густым лесе бандыты. Яна як убачыла і самлела. Ён кажа:

— Не трывожся, праедзем.

Ён кажа бандытам:

— Што вам трэба?

Яны кажуць:

— Чаго шукалі, то і дасталі, шукалі караля і знайшлі.

Ён памахаў, узяў і паставіў іх слупамі.

Едуць ля слупоў, яна і кажа:

— Госпадзі, божа, былі бандыты, сталі слупы.

Просіць мужа:

— Муж, дарагі, адрабі зноў. Шкада іх.

— Што іх шкадаваць. Многіх знішчылі яны.

Ад'ехалі вёрст шэсць, яна кажа:

— Зрабі зноў іх, яны не дагоняць.

— Ну, калі ты такая, зраблю.

Засвістаў вецер. Застала ноч. Чуюць топат. Ён кажа:

— Гэта так, як у лесе ехалі, шумеў лес, табе і здаецца зараз. А сам назад глядзіць. Едуць на конях бандыты і крычаць:

— Стой!

— Стану!

Махнуў — і яны застылі без руху. Ён просіць:

— Падходзьце.

Падходзяць. Ён кажа:

— Што вам трэба?

— Тваю смерць.

Ён кажа:

— Вось, дарагія, вас жонка выратавала першы раз, а цяпер хопіць.

Махнуў кіёчкам і зрабіў усіх бандытаў пыллю.

Прыехалі да бацькі. Яна з’явілася страшэнная. Бацька шкадуе яе. Яна кажа, што недаспала. Бяседуюць. Маці да яе прыстае:

— Ну, як відаць, жыццё тваё кепскае.

— Не, маманька, усё добра. Адна рэч мяшае.

— Ох, дочанька, трэба сказаць.

Бацька таксама патрабуе. Яна сказала. Калі ён лёг спаць, у яго аднялі кіёчак. Дочка кажа:

— Маманька, не рабі яго, а то зробіш і не адробіш.

Маці не цярпіцца, цікава. Усе заснулі. Яна ўстала і захацела спрабаваць.

Як махнула — паляглі ўсе каменнямі, а яна адна засталася. Як ні плакала — нічога не зрабіла. Хутка і яна загінула: сэрца разарвалася.

Жонка мужа дома выратавала, а прывезла да бацькоў — і сама загінула. Каб у маткі сэрца вытрымала, то і адрабіла б, а так усё каралеўства загубіла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 205-211
Крыніца: скан