epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кірыла Кажамяка

Колісь быў у Кіеве князь, а быў каля Кіева змей, і кажнага году князь пасылаў яму дань. Давалі або маладога хлопца або дзяўчыну. А то прыйшла чарга і да дачкі самаго князя. Нечага рабіць: калі давалі гаражане, трэба і яму даваць.

Паслаў князь сваю дачку змею. А дачка была такая харошая, што і сказаць няможна. То змей яе і палюбіў. От яна да яго прылісілась да і пытаецца раз у яго:

— Ці е,— кажа,— на свеце такі чалавек, каб цябе падужаў?

— Е,— кажа,— такі ў Кіеве над Дняпром: як затопіць хату, то і дым аж над нябёсамі сцелецца, а як выйдзе на Днепр мачыць шкуры, то не адну нясе, а дванаццаць разам, і як набракнуць яны вадою ў Дняпры, то возьме і ўчапіцца за іх: ці выцягне? А ён-такі ж і не чуе, возьме і мяне з імі трохі на бераг і выцягне. Таго чалавека толькі мне і страшна.

Княжна ўзяла сабе гэта на душу і думае, як ёй карту да дому падаць і на волю да айца дастацца? А пры ёй не было ні душы, толькі адзін галубок. Яна выгадавала яго за шчаслівы і напісала да пана айца: «Гэтак і так,— кажа,— у вас,— кажа,— паночанку, е ў Кіеве чалавек, на імя Кірыла, а на прозвішча Кажамяка. Прасеце вы яго чараз старых людзей, ці не захоча ён із змеем пабіцца? Ці не зволіць мяне, бедну, з няволі выручаць? Прасеце яго, паночанку, і словамі і падарункамі, каб не абідзеўся ён за якое незвычайнае слова. Я за яго і за вас буду да веку богу маліцца».

Напісала так, прывязала пад крыло голуба да і выпусціла ў вакно. Галубок звіўся пад неба да і праляцеў да дому, на падвор’е князя. А дзеці самі ўглядзелі галубка.

— Бацько, бацько! — кажуць.— Ці бачыш, галубок ад сястры прыляцеў?

Князь перш зарадаваўся, а дале падумаў, падумаў да і сумеўся: «Пракляты ўжо згубіў, відна, маю дачку!» А далей прыклікаў да сябе галубка, глядзь — ажно пад крылом картачка. Ён за картачку, чытае, што дачка піша. Той раз прызваў да сябе ўсю старшыну, сяк-так парадзіліся да і паслаў да Кірылы Кажамякі самых старых людзей. Прыходзяць яны да яго хаты, адчынілі памалу дзверы да і спалохалісь. Дзівяцца, аж сядзіць сам Кажамяка і мне рукамі дванаццаць шкур. От адзін з тых пасланцоў кахі! — Кажамяка спалохаўся і дванаццаць шкур разарваў. Яны пакланіліся яму і гавораць:

— Князь з просьбаю к табе прыслаў нас.

А ён і не слухае, што чэраз іх дванаццаць шкур парваў. Прасілі, прасілі да і пайшлі, панурыўшы галовы. Тады князь паслаў малых дзяцей. Тыя як сталі плакаць, то і сам Кажамяка не выцерпеў, заплакаў і кажа:

— Ну, ужо ля вас я зраблю.

Пайшоў да князя, узяў дванаццаць бочак смалы і дванацдаць воз канапель, абматаўся каноплямі і абсмаліўся смалою; узяў булаву пудоў з дзесяць і пайшоў біцца з змеем. Білісь, білісь Кажамяка з змеем, і такі Кажамяка забіў змея, вызваліў княжну і аддаў князю. Князь ужо не знаў, як яму і дзякаваць, чым яго і надарыць. Так ужо з таго-то часу і пачало звацца то ўрочышча, дзе ён жыў, Кажамякамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 313-314
Крыніца: скан