epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Кірыла Кажамяка

Вось калісь так было на свеце, што быў змей-улан. Ён браў людзей у налог. А ў цара была вельмі красівая дачка. І змей хацеў яе як-небудзь унадзіць. Не стала людзей ужо, і цар аддаў дачку змею. За ёю пабег сабачка. Дык змей той улан жыў у пяшчэры, у зямлі. Сабачка жыве з дачкой. А дачка так мірна жыве з змеем. Яна пытаецца ўсё:

— Хто за цябе сільней?

Змей кажа:

— Ёсць такі. Яму сем год, завуць яго Кірыла Кажамяка.

Яна напісала пісьмо бацьку-цару, што змей-улан сказаў ёй.

Яна пытае:

— Як жа ўзнаць, дзе жыве той, хто сільней за цябе?

А змей і кажа:

— Вецер дзьме із северу, а дым ідзе з яго хаты проціў ветра, з юга.

Царэўна напісала гэта цару, каб людзі ішлі ўтрам і ўвечар і глядзелі, адкуль з печ ідзе дым. Пісьмо царэўна скруціла, прывязала сабачку, і сабачка аднёс цару.

Людзі хадзілі па гарадам і па сёлам. Прыйшлі ў адно сяло, аж дым з коміну ідзе проціў ветра. Яны зайшлі ў гэты дом. Дык хлопец якраз у гэта ўрэмя мяў сем шкур кароўіх у руках. Калі яны ўвайшлі, дык ён уздрыгануўся і ад гэтага страху парваў сем шкур. Яны спрасілі:

— Ты Кірыла Кажамяка?

— Да.

— Ну, дык ідзем і к цару.

От ён явіўся к цару. Ён загадаў цару, каб звілі дзесяць шнуроў з канапель. Вот звілі, уматалі яго ад галавы да ног канатамі. Ён уздрыгануўся, дык яны і парваліся. Дык ён тады загадаў, напрымер, дваццаць цапоў жалезных. Уматалі яго апяць з галавы да пят, ён уздрыгануўсь — ужо асталіся цэлыя. Тады ён завялеў, каб здзелалі саракапудовую жалезную булаву. Он падкінуў угору, яе, дык яна ляцела суткі ўгору, суткі з гары. Он паставіў калена, булава ўдарылася і разбілася на камочкі. Тады ён загадаў стальную булаву. Тожа здзелалі, ён і яе падкінуў. Яна такжа ляцела, ударылася аб калена і цэлая асталася. Тады ён пайшоў к змяёвай пяшчэры. Када прыйшоў, сказаў:

— Ну, змей-улан, вылазь!

Тады змей спрасіў:

— А што ты прыйшоў, Кірыла Кажамяка, біцца ці мірыцца?

А ў змея было сем галоў, я забыў сказаць гэта.

Вот так. Змей тады вылез, паказаў голаву, схваціў хлопца лапамі — а ён уматаны ланцугамі — і не парваў. Кірыла падняў булаву і адбіў тры галавы і другі раз тры. Асталася адна. Трэці раз ударыў і тую збіў, паследнюю.

Тады Кірыла прыйшоў дамоў і лёг аддыхаць і сказаў мацеры, штоб сем сутак не будзіла і не гаварыла над ім. Тады маць семера сутак над ім сядзела, а на сёмыя суткі заплакала. Сляза ўпала на яго, апарыла яго, і ён памёр. І ўсё.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 314-315
Крыніца: скан