epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Круці не круці, а трэба ўмярці

Кажуць — даўней быў вельмі вялікі паморак на людзей. Такога паморку ніхто й не памятае. Не было такое хаты, каб двое-трое не памерла, а ў некаторых усе паўміралі, так што й гаспадаркі запуставалі. Быў адзін чалавек; у яго было дванаццацера дзяцей: сем сыноў і пяць дачок. Усе яны былі гожыя да ўдалыя. Працаваў ён сам, працавалі й дзеці, й даў бог ім багацтва й ва ўсём дастатак. А ведама, калі дасць бог здароўе, у сямейцэ лад да худобку, та не трэ[ба] большага шчасця. І гэта была шчаслівая хата. Але ж кажуць, што шчасце не вечнае. Так і на гэтую хату пасыпалася няшчасце адно па другом: пошасць за весну скасіла ўсіх дзяцей. Астаўся той чалавек адзін з бабаю, да й бабу сагнула ў сук. Улетку змокла ўсе сяло, і ў таго чалавека згарэла ўся сядзіба. Град збіў збожжа, а пакосы паплылі. Прыйшла осень, і ад паморку прапала ўсё гаўяда. Астаўся той чалавек адзін, як кол, і гол, як маці радзіла. Цяжка йці жабраваць. І пайшоў ён к рацэ тапіцца. Стаў на беразе й давай наракаць на бога й зваць к сабе смерць. Усхадзілася бура: загуў лес, затрашчалі веткі. Ось і выходзіць смерць, да такая страшная, што няможна й сказаць.

— Ты зваў мяне?— пытае смерць.— От я прыйшла, але ты не памрэш.

— Чаго ж ты хочаш? Нашто ты мяне мучыш?— кажа чалавек і давай яе зневажаць.

Слухае смерць да толькі смяецца так, што аж рэбра ляскаюць.

— Ты,— ка[ж]а смерць,— не толькі скора сам не памрэш, але й другіх вылечыш; толькі не лячы тых, у каго мяне ўбачыш у галавах.

І знікла. Пастаяў чалавек, падумаў і яшчэ гарэй яго апанаваў жаль. Узышоў гэта ён на высокі бераг і кінуўся адтуль у рэку. Упаў у воду, бачыць, ажно смерць стаіць у нагах да пад азадак падтрымоўвае. Як ён ні круціўся, не мажэ патануць. Плюнуў гэта ён смерці ў зубы і пайшоў у свет. Хворых людзей усюды многа: куды ні прыдзе, е каго лячыць.

От ходзіць той чалавек па свету і лечыць усялякіх хворых. Паглядзіць, гдзе ў хворага стаіць смерць, калі ў нагах, дасць яму выпіць вады, той і выздаравее, а калі ў галавах, та скажа, што гэтага хворага бярэ к сабе бог. Пайшла слава аб том чалавеку па ўсём свеце. От захварэў адзін цар. Не хочацца яму паміраць. Прызваў ён дахтароў су сяго царства; але чаго яны ні рабілі — нічога не зробяць. І абяцаў цар даць таму паўцарства, хто яго вылечыць. Але не найшлося такога дохтура, каб вылечыў цара. Прачуў цар, што е такі чалавек, што ўсіх вылечвае, й паслаў яго шукаць. Ці доўга шукалі, ці скора, толькі знайшлі таго чалавека й прывезлі к цару. А тут цар ужэ чуць дыша. Паглядзеў той чалавек, ажно смерць стаіць у нагах, і вялеў ён дастаць вады з дванаццаці крыніц. Дасталі вады. Узяў ён карэц тае вады, насыпаў туды трошкі гліны й даў цару выпіць. Насілу цар палыкнуў каплю вады, як яму лягчэй зрабілася, а цераз тры дні саўсім паправіўся. Выздаравеў цар і абдарыў таго чалавека, чым ён захацеў.

Зажыў з тых часаў той чалавек, як у бога за пазухаю: усяго яму даволі, усе яго шануюць. Жыве сабе ў палацах і нічога не дбае. Але толькі адно яго грызе — гэта, што прыдзецца калі-небудзь паміраць. А яму цяпер ой як не хочацца паміраць. Ведама, чалавек здаровы, багаты. От і прыдумаў ён, як абшукаць смерць, і вялеў зрабіць сабе такую караваць, каб яна круцілася. Ось па немалым часе й захварэў той чалавек. Бачыць, аж смерць стаіць у галавах, от ён і пакруціў караваць так, каб смерць была ў нагах. Паглядзела смерць, што яна стаіць у нагах, і пайшла далей.

Пажыў трохі чалавек, але зноў прыйшла к яму смерць і стала ў галавах. Пакруціў чалавек караваць, і зноў пайшла смерць шукаць другога чалавека. Пажыў так той чалавек яшчэ гадоў з два; але зноў захварэў, і захварэў вельмі моцна. От лёг ён на караваць і чакае, пакуль прыдзе смерць. Толькі зірне, аж яна стаіць у галавах да смяецца. Пакруціў гэта чалавек караваць, а смерць зноў стала ў галавах. Чалавек зноў пакруціў караваць, а смерць зноў перабегла на другі бок. Доўга ён так круціў караваць, а смерць усё бегала, як непрытомная, але потым і кажа:

— Круці, не круці, а трэ[ба] ўмярці,— і ўссела яму на голаў.

Як ён ні круціў караваць, дак пазірае, а смерць усё ў гавалах: «Не,— думае,— праўду кажа смерць: круці, не круці, а прыдзецца ўмярці. Мабыць, смерці не абмануць».



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 499-501
Крыніца: скан