epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

[Крыўда і Праўда]

Жыла гэдак Крыўда і Праўда ўмеcце. Але нарадзіліся яны пай[с]ці абы-куды ў свет. Ішлі яны, ішлі, але захацелася Праўдзе есці. Тады Праўда кажаць:

— Ці ведаеш што, Крыўда?

— А што?

— Ды во што: я есці хачу!

— Праўдзішняя праўда! Вот праўда, дык праўда!

— А чыё ж мы будзем есць?

— Будзем сабе тваё есці,— кажаць Крыўда.

— Ну, будзем!

Пад'елі яны Праўдзінага і пайшлі далі. Ішлі, ішлі, узнова захацела Праўда есці.

— Ці ведаеш што, Крыўда?

— А што?

— Ды я есці хачу!

— Праўдзішняя праўда! Вот праўда, дык праўда, што есці хочацца!

— А чыё ж мы будзем есці?

— Ды будзем ужо тваё даядаць!

Выняла Праўда сваё, і з'елі ўдвох. З'елі і пайшлі далі. Прайшлі яшчэ троху, Праўда ўзнова захацела есці і кажаць на Крыўду:

— Я есці хачу, давай цяпер будзем тваё ес[ц]ь!

— Не,— кажаць Крыўда,— я не дам свайго есці!

— Во, праўдзішняя крыўда! Вот крыўда, дык крыўда: як маё, дык ела, а свайго не хочаш даць мне!

— Ну ўжо, калі дасі вока выкалаць, дык дам есці!

Праўда думала, думала: як тут здзелаць? Есці дужа хочацца, хоць ты ўмірай.

— Ну, на,— кажаць,— калі!

Крыўда выкалала вока і дала Праўдзе есці. Пад'елі яны Крыўдзінага і пайшла далі. Ішлі яны цяпер доўга, але захацелася ўзнова Праўдзе есці.

— Ці ведаеш што, Крыўда? — кажаць яна.

— А што?

— Ды каб ты знала, мне ес[ц]ь хочацца!

— Праўдзішняя праўда, што есці хочацца! Вот праўда, дык праўда!

— Ну, давай жа будзем есці тваё!

— Не, не дам!

— Вот праўдзішняя крыўда! Вот крыўда, дык крыўда: як маё, дык паелі ўдвох умесце, а свайго дык вот цяпер не даеш мне!

— А дай, выкалю другое вока, дык дам ес[ц]ь!

Праўда заплакала ды думаець: як ба здзелаць? А есці хочацца, хоць умірай.

— На,— кажаць,— калі!

Выкалала Крыўда другое вока Праўдзе і дала ёй есці. А пакуль яна ела, дык Крыўда яе і кінула, а сама пайшла далі.

Праўда пад'ела ды тутыцькі і асталася, бо куды іці без воч? Ляжала, ляжала на 'дным месце і заснула. І саснілася Праўдзе ўва сне: «Паўзі ты, Праўда, на расу ды жменькай расы на вочы узлі!»

Прашнулася Праўда, папаўзла на траву і ўзліла жменькай расы на вочы. То бачыла Праўда харашо, а то стала бачыць яшчэ лучча! Пайшла Праўда далі. Ішла, ішла, відзіць, стаяць у бару калоды з пчаламі. Праўда хацела ўзяць з'есці мёду, а пчолы кажуць:

— Няруш нас! Мы табе некалі будзем знадобны!

Праўда падумала, падумала: а можа і праўда, можа калі яны будуць знадобны! Мінула яна гэтых пчол і пайшла далі. Прайшла далі, ес[ц]ь ёй хочацца! Бачыць яна гняздо на дзераве. «Палезу,— думаець,— хоць птушыных яец пад'ем!»

А птушка кажаць:

— Няруш майго гнязда! Я табе некалі буду знадобна!

Праўда падумала, падумала: а можа і праўда, можа калі яны знадобяцца! Пакінула гняздо ды й пайшла. Ішла, ішла, зайшла ў хальварак, ажны там Крыўда ўжо стала за лакея. Наняў пан Праўду к сабе за 'канома. Ну, Крыўда ўвазнала Праўду, а Праўда ўвазнала Крыўду. Жылі яны, жылі, але Крыўда думаець: як бы тут зжыць Праўду? Думала, думала Крыўда, але надумалася. У пана не было дяцей, і пан дужа хацеў дзяцей. Тады Крыўда-лакей пайшоў к пану ды кажаць:

— Паночак, наш аканом казаў, што ён можаць даставіць вам дзяцёнка!

Прызваў пан аканома:

— Дастаў,— кажаць,— мне дзяцёнка!

— А йдзе ж мне яго ўзяць?

— А дзе хочаш! Мне што за дзела!

Выйшаў аканом на двор і плачаць. Ажны ляціць птушка:

— Не плач,— кажаць,— будзець табе дзяцёнак!

Паляцела бог ведаець куды на поле, ухваціла ў бабы дзяцёнка і прынясла к аканому. Аканом яго і аддаў пану.

Тады Крыўда ўзноў набунтавала пану:

— А паночак, наш аканом казаў, што ён за ноч цэркву выстраіць, толькі званоў не пачэпіць, і пераксціць гэтага рабёнка!

Пазваў пан Праўду:

— Пастрой,— кажаць,— мне цэркву за ноч, толькі званоў не вешай, і пераксці гэтага рабёнка. А калі гэтага не здзелаеш, дык я цябе з свету зба**сую!

Выйшла Праўда на двор ды як заплачацца! Ажно ляціць пчала:

— Ня бойсь,— кажаць,— усё будзець гатова, толькі ідзі спытайся ў пана, ідзе цэркву стнавіць?

Пан сказаў пастнавіць цэркву на пагорку. Тады пчолы як узяліся і пастнавілі цэркву з вузы. Назаўтрага ідзець пан з Крыўдай у цэркву, нясуць рабёнка. Увайшлі ў царкву — ў цэркві ўсё чысценька ёс[ц]ь. Пераксцілі рабёнка; пан аддаў яго Праўдзе дамоў занесці, а сам з Крыўдай застаўсь у цэркві, разглядаваць цэркву. Хадзілі, хадзілі, а соўнійка прыгрэла — вуза і растала. Цэркаўка павалілась, яны там у вузе і прапалі. А Праўда засталася ў тым хальварку жыць-пажываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 443-445
Крыніца: скан