epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Купчык небагаты

Як жыў купец ды памёр. І асталася ў яго жана і маленькі сынёначак. Тады, уміраючы, ён сказаў жане:

— Помні, жана любезная, калі ён вырасцець, у савяршэнныя леты выйдзець, тады яму перадай грошы на рукі і ўсё маё імушчаства!

І так гадоў да семнаццаці быў ён у мацеры. І просіць ён у маменькі:

— Маменька мая любезная, дай мне сто рублей: пайду на базар што-небудзь купіць.

Маменька дала яму сто рублей, і пайшоў ён на рынак. Хадзіў, хадзіў па рынку цэльны дзень, і не спазрыўся яму ніякі тавар. Толькі ён відзіць — носіць мужык ката. Ён гаворыць:

— Што табе за ката, мужычок?

— Сто рублей!

Ён выняў яму з кармана сто рублеў і аддаў за ката. Прыходзіць дамоў, і маць яго спрашыець:

— Сынка мой вазлюбленны, якога ж ты тавару закупіў?

— Купіў звярушку!

А маць гаворыць:

— Гэта ж ты ката купіў!

А ён гаворыць:

— Якая мне штука трапілась, такую я і купіў!

Маць кажаць:

— Сынку мой, сынку, дурны твой розум!

Тады яны павячэралі, ляглі спаць. А назаўтра паўтру ён знова просіць у маткі сто рублей. А матка гаворыць:

— Сынка мой, ты яшчэ такую глупасць купіш, як учорась!

Ён і гаворыць:

— Што мне спазрыцца, тое я куплю!

Тады матка дала яму сто рублей, і пайшоў ён на рынак. І хадзіў ён цэльны дзень, і нічога яму не трапілася. Ідзець ён дамоў, а чалавек вядзець сабаку. Ён спрашыець:

— Што ты вядзеш?

— Сабаку!

— Што, ты яго прадаеш?

— Прадаю!

— Што ты за яго хочаш?

— Сто рублей!

Тады ён аддаў сто рублей таму чалавеку за сабаку. І прыйшоў ён дамоў з сабакай. Маць у яго спрашыець:

— Якога ты тавару закупіў?

— Сабаку!

— А што аддаў?

— Сто рублей!

Стала яна браніцца:

— Вот, сынку, глупы твой розум: учора ты купіў ката, а сягоння сабаку. Вот дзвесце рублей з кармана!

Тады ён кажаць:

— Маць мая, маліся ты богу, кладзіся спаць!

Назаўтра ўстаець ён раненька, памыўся беленька, памаліўся шчыранька і просіць у маткі яшчэ сто рублей. А матка кажаць:

— Сынку мой, сынку! Ты ўжо занёс дзвесце рублей і яшчэ сто рублей!

А ён кажаць:

— Маць мая, можаць пры худой гадзіне знадабны будуць!

Тады маць яму выняла сто рублей і падала. Ён у яе ўзяў і пайшоў на рынак. Хадзіў, хадзіў, і нічога яму не трапілась купіць. К вечару дзела — трапіўся яму нейкі пан і кажаць яму:

— Малады парань! Ці не дастаў бы ты ў склепе ў барыні ўмершай залаты персцень? Што хочаш, я табе заплачу, хоць тышчу рублей, толькі дастань мне, падай!

А ён гаворыць:

— Адчаго, можна!

Тады ён узяў адамкнуў склеп і ўпусціў яго туды, а дзверы замкнуў. Пайшоў ён па грабах, ажно ляжыць паня ўмершая, а залаты персцень ажно зіяець у яе на руцэ. Ён укленчыў перад ёй і памаліўся і гаворыць:

— Пазволь мне персцень з рукі зняць!

Тады ўзяў яе за правую руку і зняў персцень. І тады ўкланіўся ёй нізенька ў ногі і пайшоў к дзвярам і стучыць у дзверы:

— Пусці мяне вон, я ўжо персцень дастаў!

А пан гаворыць:

— Падай мне персцень сквозь дзверы ў балонку!

А ён кажаць:

— Я табе не падам! Перша ты мяне выпусці і заплаці грошы, тады я табе аддам!

Ён жа яго не пускаець, а ён персня не даець. Тады ён, седзючы там, зняў персцень з пальца, з рукі на руку перакінуў, і стала перад ім тры малойцы. І спрашуюць у яго:

— Паня-Іваня, што за ўслугу нада?

А ён ім гаворыць:

— Разбіце гэты склеп і дастаўце мяне ў вайцоўскі дом!

Тут тыя добрыя малойцы разбілі склеп і даставілі яго ў вайцоўскі дом к мацеры. Тады ж маць у яго спрашыець:

— Сынку мой, што ж ты за сто рублей купіў?

— Нічога па маёй натуры не трапілася, маменька! Маліся богу, лажыся спаць: заўтра паўтру, маменька, будзець мудрэй вечара!

Узяў персцень з рукі на руку перамяніў, і стала перад ім тры малойцы і спрашываюць:

— Паня-Іваня, што за ўслугу нада?

А ён сказываець ім:

— Штоб за ноч дом быў выстраен такі, што ні ўздумаць-згадаць, толькі ў прыказцы сказаць!

Яны яму гавораць:

— Паня-Іваня, лажыся спаць: за ноч усё будзець!

Лёг ён спаць. Назаўтра ўстаець і відзіць ён, што ён і маць спяць у пярынах, прыслуга ў іх ёсць — і кухары, і лакеі. Маць спрашыець:

— Сынку мой, сынку, адкуль табе гэта бог даў!

Ён і гаворыць:

— Маменька мая, што я ад бога задумаю, тое мне бог і дасць!

Тады ж ён, перабыўшы дзень, і к вечару дзела, гаворыць:

— Маменька мая, маліся богу, лажыся спаць: заўтра паўтру мудрэй вечара будзець!

Тады ён узяў перакінуў персцень з рукі на руку, выскачыла перад ім тры малойцы і спрашываюць у яго:

— Паня-Іваня, што нада за ўслугу?

Ён і гаворыць:

— Каб было шасцёрка лашадзей і поезд харошы: кучары, лакеі і хвалетары, каб мацеры маёй адзежа была харошая к цару ехаць у сваты!

Тады яны сказалі:

— Паня-Іваня, маліся богу, лажыся спаць: будзець табе паўтру ўсё!

Тады ж ён устаў паўтру і пасматрэў — стаіць прыгната шасцёрка лашадзей з кучарамі, з лакеямі, з хвалетарамі, і мацеры адзежу прывязлі. Маць устала і гаворыць:

— Сынку мой, сынку, адкуль табе шчасця даў бог?

Тады ён гаворыць:

— Ну, маменька мая, убірайся і едзь к цару ў сваты. Я думаю ўзяць за сябе яго доч!

Тады маць гаворыць:

— Сынку мой, дзе цар аддасць за цябе доч?

— Ну, маменька, аддасць не [а]ддасць, а сватацца надабі!

Маць яго прыбралася, адзелася і паехала. Прыязджаець туды к цару, а цар у яе спрашыець:

— Аб чым ты прыехала, купецкая жана?

Яна яму адказыець:

— Прыехала ў сваты за свайго сына!

Цар гукнуў доч сваю і сказыець:

— Вот купецкая жана прыехала ў сваты за сына свайго!

Яна яму адказыець:

— Я тады пайду за яго, калі будзець дом чышчы нашага айца, і выстраіць мост ад нашага дома і да яго — сярэбраная штынпальная і залатая штынпальная, сярэбраная масціна і залатая масціна, тады я пайду за яго замуж!

Паехала яна дамоў і сыну сказываець:

— Сынку мой, дзе нам узяць царскую доч і здзелаць тое па яе загадцы?

А ён ёй адказываець:

— Маць мая, маць, маліся богу і лажыся спаць: заўтра паўтру мудрэй вечара!

Увечары ж ён кальцо перакінуў з рукі на руку, і стала перад ім тры малойцы і спрашываюць у яго:

— Паня-Іваня, што за ўслугу нада?

— А вот што: каб паўтру мост быў выстраен — залатая штынпальная, сярэбраная штынпальная, залатая масціна, сярэбраная масціна, ад нашага дома ды да царскага!

— Паня-Іваня, малісь богу, лажыся спаць — будзець усё!

Тады ён устаў раненька, паглядзеў, ажно мост выстраен, ажно зіяець! Будзіць ён матушку і кажаць ёй:

— Маменька, паязджай к цару ў сваты па гэтаму масту!

Яна ж устала, адзелася і паехала. Прыязджаець к цару. Цар выходзіць на высок балхон, узяў па[д]зорную трубу і сматрыць: ажно мост ад яго крылца і да купецкага выстраен, ажно зіяець!

І спрашыець ён доч сваю:

— Відна, табе ісці за Іваньку, купецкага сына!

Доч яго гаворыць:

— Калі ж ён хітрэц ды мудрэц, то няхай ён разным вінаградам абсадзіць паабапал маста, і як мы будзем ехаць к вянцу, каб цвіцеў, а ад вянца — каб адцвіцеў, і каб мы маглі кушаць ужо плады!

Тады ж маць яго з гэтымі славамі ўзяла і паехала дамоў. Прыязджаець дамоў, і сын у яе спрашыець:

— А што, ці высваталась?

А йна кажаць:

— Загадала загадку не гаразда харашо: каб ты высадзіў паабапал маста вінаградам: к вянцу едзя, каб цвіцеў, а ад вянца — ужо елі б плады!

Ён тады кажаць:

— Маліся богу да кладзіся спаць: заўтра паўтру будзець мудрэй вечара!

Ён сычас персцень перакінуў з рукі на руку, і стала перад ім тры малойцы і спрашываюць:

— Паня-Іваня, што за ўслугу нада?

— Вот,— гаворыць,— каб разнымі вінаградамі абсадзілі паабапал маста: каб к вянцу едзя, цвіцелі, а ад вянца — адцвіцелі і ўспелі плады, каб мы кушалі!..

Назаўтра ўстаець, выйшаў на высок балхон, смотрыць — па [а]беіх старанах абсоджана разнымі вінаградамі. Ён тады кажаць:

— Матушка, ступай адзявайся і едзь к цару ў сваты!

Тады яна паехала к цару ў сваты, і кажаць ёй цар:

— Ну, што ж? Хочаш ты са мной сватаўство завясці?

А яна яму кажаць:

— Жалаець мой сын доч вашу ў супружаства ўзяць!

Тады цар вызываець сваю доч і кажаць:

— Якую загадку загадываеш, а ён тое супаўняець. Відаць, што вы будзеце супруга яго, а ён ваш!

Яна тады загадку загадываець:

— Калі ж ён мой супруг, дык каб былі ў яго лашадкі палуччы вашых, на якіх вы едзеце на паску к абедні; карэта каб была палуччы вашай; дом чышчы вашага, піцяннё і едзяннё палуччы нашага. І калі ўсё гэта за ноч будзець здзелана, дык назаўтра няхай прыязджаець к вянцу; а як прыедзем з вянца, каб сталы былі засланы прасцірадламі, піцяннё і едзяннё панастаўлена!

Тады цар кажаць:

— Калі ты мая свацця, то няхай усё гэта ў вас за ноч будзець, дык заўтра к вянцу прыязджайце!

Прыязджаець яна дамоў, а сын выскакваець к ёй наўстрэчу і спрашыець:

— Ну што, маменька?

А яна гаворыць:

— Сынку мой любезны, загадала царэўна загадку не гаразда харашо: каб к заўтраму ў нас былі лошадзі палуччы іхных; карэта, збруя — каб пачышчы царскай!

— Маць мая радзімая, маліся богу, лажыся спаць: паўтру будзець мудрэй вечара!

А ён, добры маладзец, узяў, персцень з рукі на руку перакінуў, і выскачылі тры малойцы і спрашываюць у яго:

— Паня-Іваня купецкі сын, што за ўслугу надабі?

А ён ім сказываець, што заўтра я буду прынімаць законны брак, дык каб лошадзі, карэта, кучары і лакеі палуччы царскіх былі, каб пакуль я з вянца прыеду, каб сталы былі закрыты дарагімі прасцірадламі і піцяннё і едзяннё палуччы царскага пастаўлена! Яны яму адказываюць:

— Маліся богу, лажыся спаць: за ноч усё тваё дзела супоўніта будзець!

Тады ён пайшоў спаць. Назаўтра ўстаў ён раненька, умыўся беленька, выйшаў на падворыцу, аж відзіць, што ўсё тое супоўніта, што царэўна прыказала. Тады яны ўвабраліся і паехалі к цару законны брак прынімаць. Выйшла тая царэўна, пасматрэла, ажно відзіць, што ўся яго дружына ўвабрана палуччы айцоўскай. Што рабіць? Айцец пабагаславіў тады законны брак прынімаць. Туды яны едуць — разныя хрухты цвіцяць, а пакуль іх абвянчалі, дык ужо ўсе хрухты паспелі, і сталі яны шчыпаць і кушаць. Абвянчаўшысь, яны ў цара пабалявалі, пагулялі і паехалі ў двор. Цар жа паслаў за імі царамонію і сам паехаў асматрэць іх з усёй сваёй світай.

І відзіць, што ў яго зяця ўсё пачышчы і палуччы, чым у яго самаго. І гаворыць ён:

— Сынку мой і доч мая, багаслаўляю я вас усім добрым шчасцем!

Тады цар пабыў там са сваёй світай, пагуляў, паехаў у свой царскі дом. Ну, сколькі яны жылі там, нескалькі гадоў благапалучна. Ён жа, Іван купецкі сын, нічога худога не думаець, а йна ўсё думаець, каб з ім разлуку мець і перакінуцца к праклятаму цару. І стала яна з ім добры рэчы гаварыць:

— Друг мой і супруга мая! Што ж гэта мы адзін з адным жывём і праўды не кажам? Адкуль ты гэтакага багацця ўзяў і розуму набраўся?

Тады ён ёй адказыець:

— Жана мая і супруга! Нашто вам таго дапытывацца, чаго нельзя знаць?

А йна яму гаворыць:

— Калі ты мой друг, а я твая, дык даўжон мне праўду сказаць; а калі не дакажаш мне праўды, дык я выйду к свайму айцу!

Тады ён ёй адказыець:

— Калі ты хочаш знаць гэта дзела, толькі каб гэта зналі мы ды бог трэці, нікому не кажы: ні айцу роднаму, ні мацеры!

І селі яны разныя п’яныя віны распіваць, і стала яна разныя харошыя рэчы гаварыць. Папіўшы він разных і п’яных, і ляглі яны аддыхаць.

— І скажы ты мне, друг мілы, адчаго ты стаў багат і адкуль ты розуму набраўся?

Ён жа ёй адказыець:

— Ёсць у мяне на правай руцэ персцень, і як я яго толькі зніму з пальца і з рукі на руку перакіну, дык сычас выходзяць тры малойцы і дастаўляюць яны мне ўсё, што нада!

Тады як заснуў ён багатырскім сном, яна сычас узяла, зняла з рукі ў яго персцень і з рукі на руку перакінула, і сычас выскачылі тры малойцы і спрашываюць:

— Царэўна наша, што за ўслугу вам надабі?

А йна гаворыць:

— Каб гэты дом, і са мной, і ўсё яго багацце пераняслі к нявернаму цару, к Праклятаму Цмоку, а яго пакінулі ў бацькіным доме з яго матушкай!

Назаўтра ўстаець ён раненька і відзіць ён, што няма таго нічога, што ў яго было, толькі ён у вайцоўскім доміку. Цар жа выйшаў на высок балхон і відзіць ён, што няма ні мосту, ні разных вінаградаў, ні зяцева двара. Тады ён паслаў ведамнасць:

— Калі ёсць хто жывы — зяць ілі доч мая, дык прыстанавіць іх ка мне!

Калі ж яны асматрэлі, то ўвідзелі, што няма ні царэўны, ні двара, а толькі зяць адзін з матушкай сваёй. Тады ўзялі яго, добра малойца, і прыстанавілі налічна к цару. І спрашыець яго цар:

— Дзе ты падзеў сваю жану, а маю дочар?

Узяў цар і вялеў замураваць яго ў стоўб і здзелаць адно маленька вакошка і падаваць яму ў тое вакошка хвунт хлеба і хвунт вады.

— Ён, відаць, бальшы хітрэц!

Тады на другі дзень агледзеўся кот і пёс, што няма іхнага хадзяіна. І пёс кажаць кату:

— Пойдзем іскаць сваю царэўну!

А кот яму адказыець:

— Харашо, што ты вялік і дуж, можаш пераплысць чэраз сіне мора!

А сабака яму кажаць:

— Калі я пераплыву, то і цябе перавязу!

Тады яны ўзялі бросілі старуху, яго маць, і пайшлі із дому к сіняму мору. І кажаць сабака на ката:

— Садзіся на мяне і дзяржыся!

Паплыў сабака па сіню мору. Плыві, плыві і пераплылі яны на тэй бок. Вылезлі на бераг, кот саскочыў, сабака страхануўся, і пайшлі яны шукаць царэўну. Беглі, беглі і прыбягаюць к тым самым палацам, што былі ў Івана купецкага сына. Тады сычас улязаюць яны ў дом, і абрадавалась ім царэўна.

— А,— гаворыць,— коцька мой і кабелька мой, як гэта вы мяне найшлі?

Кот стаў мышэй біць да ў касцёр складаць, а сабака стаў на кухні кухару паўміскі мыць. Кухар і лакей жалеюць сабаку, а царэўна ката. Тады кот тэй прыладзіўся: яна спіць, а ён ціханька зубкамі тое кальцо калышы, калышы, і здзеў ён тое кальцо. Як здзеў, дык ён сычас гаворыць сабаку, што кальцо ўжо ёсць, пойдзем дамоў, каб хадзяіна нам захапіць жывога!

Тады яны як пудзь, дык пудзь і прыбеглі к сіняму мору. Тады сабака гаворыць на ката:

— Садзіся на мяне, паплывём, толькі харашо дзяржы персцень, не выпусці!

Сычас тады плыві, плыві, і спрашыець сабака ў ката:

— Кот, ці ёсць персцень?

А кот маўчыць. Тады сколькі яшчэ праплылі, і спрашыець узноў сабака ў ката:

— Ці ёсць персцень, а то я цябе ўтаплю!

А кот забаяўся, каб ён яго не ўтапіў, і кажаць:

— Ёсць!

Ды персцень і ўпусціў у мора. Як прыплылі яны к берагу, дык кот саскочыў ды на ель. А сабака спрашыець:

— Ча ты, кот, ускочыў на ель?

А кот кажаць:

— А што ж? Як стаў ты спрашаваць, ці ёсць персцень, а я сказаў: ёсць, а персцень у мора!

Тады сабака кажаць кату:

— Лезь далоў, пойдзем мы сабе новага хадзяіна шукаць!

І пабеглі. Як бяжы яны, бяжы, прыбягаюць яны к рыбаку: сабака сцеражэць двор, а кот ачышчаець дом. Хадзяйка рада катом, а хадзяін сабакам. Тады раз улавіў тэй хадзяін бальшога шчупака, і стала тая хадзяйка чысціць таго шчупака, і найшлі ў сярэдзіне ў яго персцень і кажаць хадзяіну:

— Якога гэта ты шчупака ўлавіў, што ён праглынуў персцень!

І паклала яго на паліцу. А кот тое дзела відзеў. Ну, павячэралі яны і ляглі спаць, а кот не забыўся тое дзела, узяў персцень у рот і выскачыў у балонку. І гаворыць сабаку:

— Хадзі, пойдзем! Персцень ёсць! Каб нам свайго хадзяіна захапіць жывога!

Тады яны як пудзь, дык пудзь і прама ў тое царства, дзе ён жану сабе браў. І прама прыбягаюць к таму слупу, дзе ён умурован. Палез кот па слупу к тэй шыбе, куды яму падаюць есць. Услыхаў Іван Іванавіч купецкі сын, што к яму лезець яго кот, і разбіў ён шыбу і стаў гладзіць ката, а кот стаў яму кланяцца і ўсунуў яму персцень у руку.

Іван Іванавіч як увідзеў персцень, дык дужа абрадаваўся і з рукі на руку перакінуў, і стала перад ім тры малойцы і кажуць:

— Паня-Іваня купецкі сын, што за ўслугу надабі?

Тады ён кажаць:

— Каб гэту турму разбілі і мяне дастанавілі к маёй мацеры ў бацькаў домік!

Сычас узялі яны турму разбілі і таго часу яго дамоў дастанавілі. Маць даждала сына, абрадавалась яна і кажаць:

— Сынку мой, сынку, як цябе бог мілуець?

Ён жа кажаць:

— Малісь, мамка, богу, лажыся спаць, вутра вечара мудраней!

І ўзяў ён персцень, з рукі на руку перакінуў, і стала перад ім тры малойцы і спрашуюць у яго:

— Паня-Іваня купецкі сын, што табе за ўслугу надабі?

Ён жа ім кажаць:

— Каб дом мой дастанавілі на тое места, дзе ён быў; і каб жану маю прыстанавілі ў мой двор разам, сонных, з Праклятым Цмокам; і каб цесць мой, цар, а яе айцец, прыбыў сюды з усёй сваёй світай!

А малойцы яму кажуць:

— Маліся богу ды кладзіся спаць: вутра мудранее вечара!

Назаўтра, устаўшы, відзіць ён, што ён у тым самым доме, і яго жана спіць з няверным царам, з Праклятым Цмокам. Прыехаў цар асматрываць яго і сваю дачку. Іван Іванавіч купецкі сын тады гаворыць:

— Айцец мой і цар! Вот вы мяне казнілі, а што ваша доч, з кім яна жывець?

Тады цар прыказаў нявернага цара, Праклятага Цмока, парубіць, спаліць і попел здуць, а яе прывязаць к лашадзіным хвастам і ў чыстае поле пусціць і разарваць.

А Івану Іванавічу купецкаму сыну сказаў:

— Жыві цяпер з богам, багаслаўляю цябе, і выбірай сабе жану ўва ўсім маім царстве.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 556-565
Крыніца: скан