epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Ладзька

Жылі сабе тры браты; аднаго звалі Ладзька. Жылі яны бедна, не было ім ні ў чым удачы. Вот і пайшлі яны ў свет долі іскаць. Ішлі, ішлі, прыходзяць у лес. Відзяць — стаіць хатка. А ў гэтай хатцы жыла ведзьма, што людзей ела, і ў яе было тры дачкі. Сталі яны прасіцца нанач, а ведзьма кажаць:

— Калі будзеце з маімі дачкамі спаць, дык начуйце.

Нечага ім рабіць, недзе начаваць, яны кажуць:

— Ну, будзем!

Пусціла іх ведзьма нанач і паклала большую дачку з большым братам, сярэднюю з сярэднім, а меншую з Ладзькам. Яны ўсе заснулі, а Ладзька не спіць. Чуець ён, што ведзьма выйшла з хаты, і думаець сабе: «Мусіць, нешта тут будзець!» Стаў ён пытацца ў меншай сястры, як яны жывуць, што ў іх ёсць?

Яна яму кажаць:

— ЁСЦЬ у нас конь — сярэбраная шарсцінка, залатая шарсцінка, залаты капыт, сярэбраны капыт; ёсць у нас гуселькі самаграныя: самі йграюць, самі скачуць — ні піць, ні есць не хочацца, толькі люба слухаць, і ёсць у нас шарынка: хоць якая будзець рака, а калі махнеш гэтай шарынкай наперад, дык мост станець, а як махнеш назад, дык узнова рака станець!

— А йдзе яна ляжыць? — пытаецца Ладзька.

Яна яму сказала, а пасля і заснула. Вот Ладзька ўстаў і выйшаў вон. Паглядзіць — ува йстопцы агонь гарыць. Ён падышоў к вакну, пагледзеў ува йстопку, ажно там ведзьма нож істрьшь! Тады ён прыйшоў у хату ды ў яе дачок хусткі зняў з галоў і панадзяваў братам і сабе надзеў на галаву хустку, а ведзьміным дачкам панадзяваў шапкі і ціханька лёг. Прыходзіць ведзьма і шчупаець: чыя галава ў шапцы, таму галаву проч, чыя галава ў шапцы, таму галаву проч і па[а]дразала ўсім тром дачкам галовы! Сама пайшла за лучынкай, а Ладзька ўстаў, шарынку ўкраў, разбудзіў братоў ды кажаць:

— Ну, братцы, пойдзем, наўцёкі, а то будзець худа!

І пайшлі яны ўцякаць. Увайшла ведзьма з лучынкай у хату, спляснула рукамі і зарула, што парэзала сваіх дачок. Пабегла яна даганяць братоў, а яны прыбеглі к агнянай рацэ, а маста няма. Ладзька махнуў шарынкай, і мост стаў. Толькі яны перайшлі чэраз раку, Ладзька махнуў шарынкай назад, і маста не стала. А тут і ведзьма ўслед гоніцца. Прыбегла, а маста нямашацькі. Яна крычыць:

— А што, Ладзька, украў шарынку?

— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, парэзаў маіх дачок?

— Не, бабка, сама парэзала!

— А ці прыбудзеш ты ка мне?

— Чаму, бабка?

Вярнулася ведзьма ў двор, а яны пайшлі сабе дальшы. Вот яны ішлі-шлі, ішлі-шлі, прыходзяць к каралю. І сталі ў караля служыць. Старшым братам было плоха жыць, а Ладзьку добра: яго кароль любіў. Сталі яму браты завідваць і захацелі яго з свету збыць. Вот яны і кажуць каралю:

— Ладзька табе верна служыць, а праўды не кажаць: ёсць у ведзьмы конь — залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка, залаты капыт, сярэбраны капыт. Ён табе гэтага каня дастаць можаць!

А самі думаюць: цяпер ён ад ведзьміных рук не выйдзець'

Кароль прызваў Ладзьку і гаворыць яму:

— Ты мне верна служыш, а праўды не кажаш! Ёсць у ведзьмы конь — залаты капыт, сярэбраны капыт, залатая шарсцінка, сярэбраная шарсцінка! Каб ты мне яго дастаў!

Ладзька сабраўся і пайшоў у дарогу. Прыходзіць к ведзьме, ажно яе ў дварэ няма — у чорта на радзінах гуляець: зваў яе чорт у бабкі, у яго рабёнак радзіўся. А конь за дванаццаці дзвярамі, за дванаццаці замкамі. Ладзька як махнуў шарынкай — замкі проч, і дзверы расчыніліся. Ён узяў каня і паехаў. Прыйшла ведзьма дамоў — каня няма. Пабегла яна ў пагонь за Ладзькай. А Ладзька пад’ехаў к агнянай рацэ і як махнуў шарынкай, дык мост стаў, а пераехаўшы махнуў назад — рака стала. Прыбягаець ведзьма к рацэ, відзіць, што гнацца далі некуды, стала ля ракі і крычыць:

— А што, Ладзька, украў шарынку?

{шарынку?

}— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, украў каня?

— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, парэзаў маіх дачок?

— Не, бабка, сама парэзала!

— А ці прыбудзеш ты ка мне?

— Чаму, бабка!

Прывёў Ладзька каня к каралю, было яму харашо жыць, яшчэ палуччала! Тады браты гавораць каралю:

— Ладзька табе верна служыць, а праўды не кажаць. Есць у ведзьмы гуселькі самаграныя: самі йграюць, самі скачуць, ні піць, ні есць не хочацца, толькі люба слухаць. Ён табе можаць іх дастаць!

Кароль пазваў Ладзьку і гаворыць:

— Ты мне верна служыш, а праўды не кажаш! Ёсць у ведзьмы гуселькі самаграныя: самі граюць, самі скачуць, ні піць, ні есць не хочацца, толькі люба слухаць. Каб ты мне іх даставіў!

Узяў сабе Ладзька торбу, краюшку хлеба, жменю гароху і пайшоў к ведзьме. Прыходзіць к ёй у хату, ажно яна ляжыць на лаўцы і засыпаець, а гуселькі ляжаць на стале. Ён падкраўся і кінуў адну гарошыну на йструны. Йструны зазвінелі, а ведзьма кажаць:

— Іш, муха — злая духа! І яна гуляць захацела!

Ён другую гарошынку кінуў, а ведзьма ўзнова тое самае гаворыць, толькі цішэй. Ён, пагадзя, трэцюю гарошынку кінуў. Ведзьма нічога не кажаць — спіць. Ён схваціў гуселькі ды наўходы! А ведзьма прашнулася ды яго і паймала. І хацела згатаваць і з’есці. Аж прыбягаець чорт і просіць ведзьму на хрысціны. А яна кажаць:

— А не, не пайду: я свайго злачынца паймала, трэба яго з'есці!

А чорт яе давай прасіць, давай маліць:

— Мы яго,— каець,— у яму запром, каменнем ды паленнем завалім, а пасля з ім разбяромся!

Ведзьма паслухала. Усадзілі яны яго ў яму ды й завалілі, а яна пайшла на хрысціны. А Ладзька ўзяў шарынку, як махнець — рад камення, рад палення далоў! Пазмахаў усё, а сам вылез. Увайшоў у хату, а гуселькі ляжаць на стале. Ён іх схваціў і пабег уцякаць. Прыходзіць ведзьма — ні Ладзькі, ні гуселек няма. Яна пабегла ў пагонь, а Ладзька ўжо перайшоў чэраз агняную раку, махнуў шарынкай назад — маста не стала. І некуды ведзьме далі гнацца! Стала яна пры рацэ і крычыць:

— А што, Ладзька, украў шарынку?

— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, украў каня?

— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, украў гуселькі?

— Украў, бабка!

— А што, Ладзька, парэзаў маіх дачок?

— Не, бабка, сама парэзала!

— А ці прыбудзеш ты ка мне?

— А чаго я к табе прыбуду: ці вуглоў тваіх глядзець?

Ведзьма тут са злосці ўдарылася аб зямлю і разбілася!

А Ладзька пайшоў у двор. Ідзець ён, ідзець дарогай — гуселькі самі йграюць, самі скачуць, ні піць, ні есць не хочацца, толькі люба слухаць! Устрачаець Ладзька чалавека. А ў гэтага чалавека кій. Чалавек убачыў гуселькі і кажаць:

— Давай памяняем кій на гуселькі!

— А які твой кій?

— Мой кій такі, што хоць якое войска, толькі скажы: «Кій, мой верны слуга, пабі гэта войска!» — ён і паб'ець!

Памяняліся яны. Ладзька троху прайшоў, і паказалася яму скушна без гуселек, ён і кажаць:

— Кій, мой верны слуга! Ідзі забі гэтага чалавека і адбяры гуселькі!

Кій пайшоў, чалавека забіў і гуселькі адабраў. Ідзець Ладзька. Гуселькі іграюць, кій скачаць, а наўстрэчу яму ідзець чалавек з пугай.

— Давай,— каець,— памяняем пугу на гуселькі!

— А што твая пуга? — пытаецца Ладзька.

— А мая пуга такая, што толькі скажы: «Пужка-пасвістушка, падымі гэта войска!» — і хоць якое пабітае войска, дык яна падымець!

Памяняў Ладзька гуселькі на пужку і пайшоў. Прайшоў Ладзька троху, скушна яму стала. Ён і кажаць кію:

— Кій, мой верны слуга! Ідзі гэтага чалавека забі і гуселькі адбяры!

Кій пайшоў і гэта здзелаў. Ідзець Ладзька далі: гуселькі йграюць, кій скачаць, пужка свішчыць — вясёла яму! А наўстрэчу чалавек з сякірай ідзець.

— Памяняем,— каець,— сякіру на гуселькі!

— А што твая сякіра? — пытаецца Ладзька.

— А мая сякіра такая, што калі ёй прыкажаш, то хоць які дом за нач зрубіць.

Памянялі яны. Прайшоў троху Ладзька — скушна яму стала. Ён і кажаць кію:

— Кій, мой верны слуга! Ідзі гэтага чалавека забі і гуселькі адбяры!

Кій чалавека забіў і гуселькі адабраў. Ідзець Ладзька: гуселькі іграюць, кій скачаць, пужка свішчыць, сякіра за поясам тырчыць — вясёла яму! Прыходзіць ён на каралеўскае поле, абнімаець яго цёмна ноч. Кажаць Ладзька сякіры:

— Зрубі мне за ноч дом, палуччы каралеўскага!

Яна і зрубіла. На другі дзень устаў кароль, відзіць, што стаіць на яго полі дварэц, і пасылаець узнаць, хто там ёсць і каб ён к каралю явіўся.

— Якую ён праву меў без майго пазвалення строіць дварэц на маёй зямлі?

Пасланцы пайшлі, а Ладзька павялеў кію з двара іх прагнаць. Усердзіўся кароль, паслаў войска. Як увідзеў Ладзька, што войска ідзець, дык ён і сказаў кію:

— Кій, мой верны слуга! Ідзі пабі гэта войска!

Кій пайшоў і пабіў усё. Кароль паслаў войска яшчэ большы, а кій і тое пабіў. Пайшоў тады сам кароль к Ладзьку з паклонам і стаў яго прасіць міласці. Ладзька кажаць:

— А што будзець — я табе ўсё войска падыму?

Кароль кажаць:

— Што хочаш бяры, толькі падымі!

Ладзька кажаць:

— Аддай за мяне сваю дачку замуж і аддай мне гэта ўсё поле, дзе стаіць мой дварэц!

Кароль сагласіўся. Вот Ладзька кажаць:

— Пужка-пасвістушка, падымі ўсё гэта войска!

Пужка як стала бегаць ды свістаць — усё войска ўстала! Скора яны сыгралі свадзьбу.

І я там на вяселлі быў, мёд-віно піў, па вусам цякло, а ў роце не было. Далі мне скавараду — я пабегаў па гараду, далі мне чапялу — я пабегаў па сялу, а далі мне смык — я за вароты шмык! І ўцёк.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 582-586
Крыніца: скан