epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Лякай-камень

Быу адзін купец, і паехаў у другую зямлю купцаваць, і упадабаў сабе там паненку. Падмавіў яе і забраў з сабою. Прывёз дадому і ажаніўся. Жылі сабе добра, мелі ўслужнага лякая. Жылі блізка рок. Запрасілі радзіцы яе ў госці. Паехалі і забралі лякая з сабою. Ехалі цэлы месяц праз мора. Прысніўся лякаю сон: хто на акрэнце1 пераначуе тры ночы, будзе шчаслівы. Так лякай просіцца ў пана, каб пусціў на окрант начаваць. Пан яго пусціў. Прыйшоў ён на окрант начаваць, аж прылятае да яго пташка і гаворыць яму:

— Падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, дадуць яму гарбаты з атрутай, а ёй на тры гады аўсянага хлеба дзеля ўстыду: чаго ад сваіх бацькоў уцякла; але хто чуе гэтае слова і адкажа, то па калена каменем абвернецца.

Прыходзіць другая ноч. Просіцца лякай зноў на окрант начаваць. Прыйшоў ён на окрант, аж прылятае пташка і гаворыць яму:

— Падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, дадуць купцу такога каня, што як сядзе на яго, то ён яго па ўсім полі разносіць, а жонцы дадуць на тры гады аўсянага хлеба дзеля ўстыду: чаго ад сваіх бацькоў уцякла ў чужую зямлю; але хто чуе да адкажа гэта слова, то па пояс каменем абвернецца.

Прыходзіць трэця ноч. Просіцца ён зноў у сва[й]го купца на окрант начаваць. Толькі што прыйшоў на окрант начаваць, прылятае да яго пташка і гаворыць яму:

— Падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, паложуць іх спаць у такі пакой, што там ёсць змяя пад падлогаю на дванаццаць галоў, і тая іх абоіх паесць; але хто чуе да адкажа гэта слова, то саўсім каменем абвернецца.

Прыехалі яны да берагу да сваіх радзіцаў, вайшлі да пакою. Даюць яму гарбаты з атрутай. Лякай казаў:

— Дайце, мне, я занясу сва[й]му пану, бо вашыя слугі не ўнаравяць.

Узяў ён тую гарбату, несучы наўмысня паклыпаў, упаў, выліў тую атруту і шклянка пабілася. Потым даюць яму каня такога, што яго па ўсім полі разносіць. Так лякай казаў:

— Дайце мне, я прывяду сва[й]му пану, бо вы не ведаеце, як падаць.

Узяў выастрыў меч, узяў таго каня, ведучы і прабіў.

Потым палажылі іх спаць у такі пакой, дзе ёсць пад падлогаю змяя на дванаццаць галоў. Так яны ляглі спаць, а лякай свечку запаліў і ў пакоі сядзеў цэлу ноч. У саму дванаццатую гадзіну падымаецца падлога і вылазіць тая змяя. Як цяў лякай, так за разом тры галавы сцяў. Потым другі раз, трэці і чацвёрты і саўсім пасёк, толькі кроў папырскала па пакоі. Ён нанасіў вады і вымыў пакой і ўвідзеў, што кроў капнула пані на лоб; так ён не меў як змыць, але прыйшоў і языком злізаў. Стаў ён злізываць, а пан яго ўстаў і ачнуўся і мысліў на яго, што ён прыйшоў паню цалаваць. Назаўтра ўсе паўсталі. Расказаў купец, што яго лякай прыхадзіў уночы паню цалаваць. Так асудзілі лякая за тое ўвязаці да слупа і пастраляці.Увязалі яго да слупа, так лякай стаў прасіцца:

— Не страляйце, пазвольце мне сон расказаць, што я сніў на акрэнце: першу ноч прыйшоў я на окрант начаваць, аж прылятае пташка і гаворыць, што падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, дадуць яму гарбату [з] атрутаю, а ёй дадуць на тры гады аўсянага хлеба; але хто чуе да адкажа, то па калена каменем абвернецца.

Так як прыехалі да берагу, далі гарбату з атрутаю; я нёс тую гарбату, узяў шклянку, пабіў і выліў атруту.

Як гэта слова лякай казаў, так па калена ў камень абвярнуўся.

Потым гаворыць лякай:

— Я пайшоў на другую ноч на окрант начаваць, аж прылятае да мяне пташка і гаворыць мне: «Падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, дадуць яму такога каня, што яго па ўсім полі разнясе. Так я ўзяў таго каня і прабіў. Але хто чуе да адкажа гэты слава, то па пояс каменем абвернецца».

Як толькі казаў, так і абярнуўся. Потым яшчэ гаворыць:

— Пайшоў я зноў начаваць на окрант, аж прылятае пташка да мяне і гаворыць: «Падобны да падобны, але ў жыццю няпэўны: прыедуць да берагу да сваіх радзіцаў, паложаць іх спаць у такі пакой, дзе ёсць змяя на дванаццаць галоў і яна іх абоіх паесць, але хто чуе да адкажа, так заўсім каменем абвернецца». Палажылі спаць. Так я ўзяў выастрыў меч і сядзеў ноч, пільнаваў; як вылезла змяя, так ёй усе галовы пасцінаў і яе заўсім пасёк. Стаў вымываць пакоі і пырснула кроў на лоб пані, так я языком злізаў тую кроў, а пан казаў, што цалаваў.

І як казаў усе гэтыя словы, так і заўсім абвярнуўся ў камень.

Паглядзелі потым усе суддзі, каторыя судзілі яго расстраляць, у том пакоі і знайшлі пасячоную змяю. І тады ўсе ўверылі яго славам. Так выязджае дахаты купец у сваю старану і пашкадаваў сва[й]го лякая, што ён яму верна служыў; той камень забраў і павёз. Прывёз да сваей хаты камень той, палажыў яго ў станню, і ён ляжаў.

У сем гадоў прысніўся купцу сон, што каб зарэзаў сваіх двох дзяцей і тою кроўю пашмараваў бы той камень, так лякай аджыў бы.

Так ён узяў два сыны свае, завёў да лядоўні і абодва зарэзаў. Вышмараваў тою кроўю камень. І стаў лякай з каменя і гаворыць:

— Ах, як я смачна заснуў.

А купец яму адказывае:

— Дзе ж ты заснуў, калі ты быў сем гадоў каменем; так я ўзяў свае два сыны, зарэзаў і пашмараваў тою кроўю камень, і ты з каменя зноў адвярнуўся.

Так лякай гаворыць, што няпраўда: «Ідзі, пакажы ты мне сыны свае, дзе яны ляжаць».

Прыходзяць яны да лядоўні, адчынілі лядоўню, відзяць — абое тыя хлопчыкі жывыя. Так яны ўсе з радасці ўзялі тыя хлопчыкі, прывялі да пакояў і там па сягодняшні дзень жывуць.

1 Окрант – карабель.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 365-367
Крыніца: скан