epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Лякай і крулеўна

Адзін лякай служыў у пана дваццаць пяць гадоў і браў па дваццаць пяць рублёў кажды год. Потым ад пана выдаляўся, і пан яму адлічыў з пэнсіі за пабітыя талеркі і шклянкі. Яму з пэнсіі засталася толькі тры рублі. Як выдаліўся ад пана, так пайшоў у свет. Прыйшоў да карчмы і там знайшоў умершага: гэты ўмершы быў доўжан шмат дзенег людзям. Прыходзіць той лякай, пытаецца:

— Чаму так зашліся многа людзей?

Так яму кажуць:

— Вінават шмат грошай нам, прыйшлі мы дахадзіць.

Так той лякай кажа:

— Усякаму пятую часць сплачу, што ён доўжан.

Той лякай зачаў плаціць даўгі з сваіх трох рублёў, і яму засталася з таго толькі тры грошы. Потым лякай пайшоў зноў у свет з тыма грашамі. Як адышоў тры мілі, даганяе яго чалавек другі і пытаецца:

— Дзе йдзеш?

— Іду ў свет.

Той кажа:

— Ідзем разам, што знайдзем, то будзем па палове дзяліцца.

Падашлі дзве мілі, знайшлі саракоўку. Зайшлі да карчмы, паснедалі і пайшлі зноў у свет. Знайшлі рубля аднаго, зноў зайшлі да карчмы і выпілі гарбату. Потым пайшлі колькі міль і знайшлі дзесяць тысяч грошмі рублёў. Прыехалі да места і купілі сабе окрант. Накуплялі розных тавараў і паехалі гандляваць у свет. Прыехалі да аднаго места. Той чалавек, каторы знайшоўся да лякая, кажа на яго:

— Бяры і насі да двара і больш не баўся як тры гадзіны, бо як забавішся больш, то будзе пакута вялікая.

Гэты лякай бавіўся больш тры гадзіны. Яны кажуць на яго, што хто больш перабудзе ў нас як тры гадзіны, то мусіць начаваць у касцелі. У том касцелі была крулеўна заклента і той крулеўне адпускаўся чалавек на з'ядзенне. Таго лякая засадзілі да касцёла. Ён першу ноч хаваўся пад бэльку ў касцёле. Тая крулеўна вылезла шукаць есць; не знайшла, у труну замкнулася зноў. Ён кленчыў і начаў маліцца каля алтара.

Цар кажа:

— Пайдзеце, косці прыбярэце таго лякая.

Прыйшлі, аж ён модліцца каля алтара. Прывялі яго да пакоя, і цэлы дзень прабыў ён у пакоі. Давалі яму піць, есць. Ён вечарам просіцца, каб пусцілі да свайго камрата. З салдатамі яго павялі да камрата. Камрат яго пры акрэнце.

Той камрат кажа:

— Я табе казаў: ты больш не баўся як тры гадзіны; ты забавіўся, цяпер згінеш.

Заклікаў яго да сябе і сказаў яму, каб ён схаваўся ў склеп, дзе скідаюць косці.

Уноч вядуць да касцёла. Як ён прыйшоў да касцёла, укленчыў і начаў маліцца. Прыйшла дванаста гадзіна, ён схаваўся ў склеп. Вылезла крулеўна, начала яго шукаць. Не знайшла яго, улезла ў труну і замкнулася. Ён зноў начаў маліцца каля алтара.

Назаўтра прыйшлі, зноў забралі да пакоя, зноў давалі яму піць, есць. Пад вечар у тую пору, як ішлі да касцёла, просіць зноў пусціць яго да камрата. Пусцілі яго да камрата. Камрат кажа:

— Як яна адчыніць труну, пайдзе іскаць, так ты ўлезь у труну і замкніся; не пускай, аж пукі дванаста гадзіна не праб'е; яна начне прасіцца, тады адчыніш труну і вылезеш.

Так ён і зрабіў, як гаварыў камрат. Прыйшла дванаста гадзіна, крулеўна прасілася, каб ён пусціў; ён не пусціў, аж пукі дванаста гадзіна не прайшла. Прайшла дванаста гадзіна, ён вылез з труны, і пайшлі абое маліцца да алтара. Бацька прыйшоў зноў з салдатамі ўбіраць косці. Яны модляцца абое. Так цар сказаў:

— Ах, даваў аднаго чалавека, цяпер трэба двох.

Цар узяў войска, пайшоў да касцёла глядзець іх. Пакленчылі яны перад царом і сказалі:

— Мы не ўшкодзім ніц.

Ён забраў іх абое і павёў дадому, да пакоя. Кажа:

— Ты яе адкупіў і ты з ёю будзеш жаніцца.

Ён кажа:

— Без камрата не магу, трэба пайсці да камрата, чы ўзволіць камрат.

Прыйшлі да камрата. Камрат узволіў. Далі вяселле, музыка грала. Ён казаў:

— Пайду зноў да камрата.

Прыйшоў да камрата і прывёў на вяселле. Той камрат праз тры дне быў. Кажа камрат:

— Цяпер будзем дзяліцца.

Падзяліліся грашмі, каторыя знайшлі; дзяліліся, што за тавары бралі, прадалі. Камрат кажа:

— Трэба дзяліцца жонкаю.

Ён кажа:

— Як жа я магу дзяліцца жонкаю?

Той камрат кажа:

— У нас така была ўмова: што знайдзем, што прадамо, то па палове; трэба і жонкаю дзяліцца па палове.

Той камрат узяў і жонку раздзёр па палове; палова сабе, палова табе.

— Бяры ўсю, я з паловай гэтаю нічога не зраблю.

Камрат кажа:

— Ото ж, бачыш, дурню, ніц не знаеш; за тры годы яна зноў пажырала б людзей, трэба яе ўзяць, вымыць у сярэдзіне.

Вымылі яе. Той камрат хухнуў і ажыла. Посля кажа:

— Ото ж відзіш, я табе даў крулеўства, а ты мне даў крулеўства.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 504-507
Крыніца: скан