epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Ліха

Быў сабе адзін каваль і не ведаў, што гэта за ліха, так пайшоў шукаць. Ідзе, так ідзе, аж у лесе стаіць хатка на курачай лапцы, а ў той хатцы было Ліха. Так ён увайшоў у сярэдзіну, залез на печ і сядзіць, ажно ідзе Ліха і жане стада бараноў. Як увайшло, так панюхала і кажа:

— Тут нехта е!

І палезла да каваля на печ. Зара гэта яны пабраталіся, Ліха зарэзала барана, ядзяць, так ядзяць, аж Ліха пытае:

— Чым ты займаешся?

А ён кажа:

— Кавальствам.

— То скуй мне другое око (бо ў Ліха анно адно было).

Так каваль кажа:

— Прынясі дзве вяроўкі!

Як Ліха прынесла, так каваль звязаў яму рукі, ногі, а Ліха як павярнулася, так вяроўка пэнкла. Так ён звязаў другою, а як абярнулася, так заскрыпацела, але ўжо не пэнкла. Тады каваль напаліў шворня і саўгець! Ліху ў здарова око, да молатам, да молатам па шворні! Як выпек, так Ліха схапілася, села на парозе і кажа:

— Цяпер то ты ад мяне не ўцячэш! — і давай бараны краз парог выкідаць. На шчасце каваль меў кажуха, так гэта перакінуў на другую сторану, стаў ракам і паўзе да Ліха, а Ліха па хрыбёце махнула рукою і думаючы, што баран, перакінула каваля праз парог. І так каваль вырабіўся ад смерці. Прыйшоў дахаты, так пытаюцца:

— А што, бачыў Ліха?

— Бачыў,— кажа,— як хочацца спаць, да не спіцца, як хочацца есці, да не есца, як хочацца піці, да не п'ецца, то гэта ліха.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 404-405
Крыніца: скан