epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Ліхая доля

Жылі-былі два браты, два родныя браты. Яны разам радзіліся, разам хрысціліся, адзін бацька з маткаю іх гадаваў, да не аднакую ім бог долю даў. За што старшы ні вазьмецца, усё яму ймецца. А малодшы што ні робіць, як ні б'ецца, а яму нічога не даецца. Памёр бацька, а за ім і матка. І пайшла паміж братамі звадка. Мо яны яшчэ й ужылі б у ладу, да праміж жанкамі няма сладу. Як дзве маткі ў уллі, так і дзве жанчыны ў хаце не ўжывуцца ціха да робяць ліха; перш праміж сабою падзяруцца, потым к мужыкам прыстануць. Тыя цераз баб і самі памацуюць лбамі.

— Ну, братко,— сказаў тут брат малодшы,— чым праз баб нам нагдырацца да не ў згодзе жыць, толькі богу грашыць да людзей смяшыць, давай лепей не сварэмся да па праўдзе падзялемся.

— Добра, браце, кажаш,— старшы брат на тое абазваўся да й за падзел узяўся.

От шчабечуць бабы, бы сарокі; а браты як трэба падзялілі ўсё ад ніткі да кусочка хлеба. Ціха разышліся да й жывуць браты, гаруюць да працуюць, зарабляюць хто як можа на кусочак хлеба. Большы брат што дзень, то багацее, а малодшы, як ён ні працуе, а што дзень, то ўсё бяднее. То карова голаў падвярнула, то ў жанчыны села скула: некаму ні жаць, ні абед падаць. Кожын дзень — няўзгода, кожын крок — прыгода.

— Боская воля. Такая,— кажа,— мая доля.

От гэ ж меншы брат біўся, біўся да й саўсім пражыўся. Трэ торбу на плечы браць да кускі збіраць. Баба лае, зневажае; сваякі дзьмуцца, суседзі смяюцца. Калі долі няма — пніся, не пніся, нічога не парадзіш, хоць ты засіліся. От ідзе раз бедны, бачыць, аж браціха — няма ёй ліха — на палянцы жыта дажынае, а пад хрэшчыкам яе калышку дзевачка хістае.

— Дзевачка, чыя ты? — бедны тут яе пытае.

— Дзянніна я доля,— тая адмаўляе.

Гарэй цяжка беднаму на серцу тое слухаць, тое знаць, што яго доля яму не хоча прыяць. І пацёгся ён па полі шукаць свае долі. От ідзе ён да йдзе з дзялянкі на дзялянку, з палянкі на палянку; сустракае ў гаю пад вярбою старога дзядочка з сіваю барадою. Падышоў, схіліўся да дзядочку пакланіўся. А дзядочак пазірае да й яго пытае:

— Чалавеча божы, чаго тут блукаеш? Чаго па гаю шукаеш?

А ён адмаўляе, што долі не мае та яе й шукае.

— Твая доля — валацуга, па гаю гуляе да песні спявае. На кіёчак да й ідзі па полю, то й убачыш сваю долю.

От, падзякуваўшы дзеду, кій узяўшы ў руку, пайшоў бедны па полю шукаць сваю горкую долю. Ось ідзе да йдзе ён, кругом пазірае; бачыць, аж пад дубам яго доля грае. Бачыць — голая дзяўчына лынды б'е на мяккай траўцы да хістаецца на гольцы. От схапіў бядняк яе за косы да давай пярэсціць кіем, да давай вучыць, як на свеце жыць. Доля просіць, абяцае, што з тае пары яна старэннаю быць мае. От вядзе ён долю голую па полю. Сорам стала без адзежы. Доля цягне к лесу, цягне, каб закрыцца. Увайшлі яны ў гушчэчу да прыселі на калодзе. Бедны кажа:

— Доля, доля, пагаворымо ж мы а прыгодзе.

— Не ўбівайся, не лякайся,— на тое доля сказала да й пацалавала.

Бедны азірнуўся да й ачом не верыць — доля сыпле яму ў полы прыгаршчамі грошы.

— Бяры, не лякайся, спажывай як воля,— кажа доля,— гэта нашы грошы, наш харошы.

Доля знікла, бы туман, а золата ззяе. Згроб яго ён да кішэні да й кажа:

— От цяпер я — пан.

Да й пусціўся да гасподы. Ён ідзе, аж лес гудзе; пад сабою ног не чуе, бо ў кішэні грошы чуе. От з тае пары пачаў ён добра жыць... Гэ ж, бо на свеце толькі той шчасце мае, каму доля спрыяе, або хто сваю долю да ў руках трымае. Бо без ушчунку й ад долі няма ратунку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 455-456
Крыніца: скан