epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Любошчы

У неякім царстве, у неякім гасударстве, за даўнейшы час, як яшчэ не было нас, жыў сабе адзін кароль да ведзьма-караліха, на яе ліха. Не было ў іх дзяцей. І пачаў кароль турбавацца, што няма каму пакінуць свайго царства. Пачаў ён турбавацца да пачаў думаць, каб прагнаць ці страціць тую караліху, а ўзяць сабе другую жонку, дак мо ад тае будзе сын. Пранюхала аб том караліха да й надумалася абшукаць таго караля, толькі б ёй застацца караліхаю. От і кажа яна каралю, што нарэшце стала тоўстаю. Абрадаваўся кароль, беражэ ён жонку, бы вока, да чакае, пакуль прыйдзе той час, што яна абрадзініцца.

Тым часам сама намовілася з бабамі, каб яны дасталі ёй чужога маленькага хлопчыка. Не доўга бабам трэ было клапаціцца, ведама, гэтага дабра многа, абы было каму гадаваць, а раджаць не штука. Да й кожная матка не вораг свайго дзіцятка, рада, каб сынок быў каралём. От нагледзелі бабы тоўстых жанок да дзевак і чакаюць, пакуль яны абрадзіняцца. Толькі от ліха,— якая ні абрадзініцца, дак усё прыводзіць дзеўку. Спалохаліся бабы, не ведаюць, што рабіць, бо ўжэ падыходзіць пара, а хлопчыка няма.

Толькі ось ідуць яны раз кала сажалкі да й бачаць, што на вадзе штось плыве. Узялі яны ламачыну да й давай яго падганяць к берагу. Толькі як таўкануць, дак тое яшчэ далей адходзіць ад берага. Хацелі яны ўжэ плюнуць да йці па свайму дзелу, аж чуюць, што там запішчала дзіця. Схамянуліся бабы да ўжэ хацелі лезці ў воду. Папробавалі яны, аж глыбока. Хацелі яны пазваць людзей, да пабаяліся, каб аб том не дайшла чутка да караля. Толькі ось ідзе якаясь вельмі бедная дзеўка. А гэта была матка таго дзіцяці. Яна ціхенька сядзела ў кустох да пазірала, што будзе з яе міленькім сыночкам, каторага сама не магла гадаваць, каб людзі не смяяліся да не здзекуваліся. От падходзіць яна к бабам да й кажа, што дастане з вады начоўкі. Пакуль бабы радзіліся, што ім зрабіць, тая дзеўчына шабулдых у воду ва ўсём як стаяла, чуць не ўтапілася, але-такі дастала начоўкі на бераг. Раскідалі бабы пялёнкі, аж там ляжыць маленькі хлапчучок да такі гожы, такі зграбны, што й у казцы не сказаць. Забралі бабы таго хлапчука да й панеслі яго ціхенька ў палацы да караліхі. Пабачыла тая дзеўка, што яе дзіця панеслі ў палацы, абрадавалася, пастаяла яшчэ, паглядзела, перахрысцілася да й пашла да гасподы з радасцю, бы на свет нарадзілася. От і аб'явіла караліха, што ў яе радзіўся сын.

Рад кароль. Вялеў зрабіць пір на ўвесь мір. Расце сабе той хлапчук за каралевіча, але ўсё цягне к простым людзям. І вельмі яму спадабалася хадзіць да аднае беднае жанчыны, каторая яго любіла да ласкала больш, як матка ведзьма-караліха. Ён не знаў, што то не простая жанчына, а яго родная матка. А яна добра ведала да плакала ад радасці, пястуючы яго.

Вырас каралевіч і стаў харашэйшы ад усіх людзей. Пачалі бацькі сватаць яму гожую царэўну, але ён не хоча й слухаць, бо яму вельмі спадабалася адна вельмі гожая дзеўка, толькі яна была дачка купца. Ведама, хоць купец і багаты, але ўсё ж просты чалавек. Дзе гэта відана, каб каралевіч да браў за сябе простую дзеўку. Як ні прыставалі кароль з караліхаю, каб царэвіч жаніўся з царэўнаю, ён сказаў, што рукі на сябе наложыць, а іх не паслухае. Абазлілася ведзьма-караліха, на яе ліха, да й пачала разнюхоўваць, чаму гэта каралевіч не слухае ні яе, ні караля. Знайшліся ліхія людзі да й сказалі, што каралевіч любіць другую простую дзеўку, толькі не маглі дазнацца, якую. Уз'елася ведзьма-караліха да й закляла каралевіча так, што ў яго від зрабіўся, бы свіны лыч. Убачыў тое кароль, абазліўся на сына да й пасадзіў яго на востраў пасярод мора.

Тым часам каралевіч яшчэ перад гэтым узяў у караліхі люсцерка, а ў караля палку. Гэта не простыя былі рэчы. Глянуў ён у люсцерка ў той час, як думаў аб сваёй дзяўчыне, дак і ўбачыў яе, як жывую. Стукнуў ён палкаю аб зе**млю, дак перад ім бы вырас з зямлі добры маладзец да й пытае, што яму трэба. Вялеў яму каралевіч зрабіць сабе хатку да даць есці. Духам з'явілася хатка, хоць маленькая, але гожая, баццэ з зямлі вырас стол, а на ём усялякія патравы да напіткі, бы ў каралеўскіх палацах. Ходзіць сабе каралевіч кала мора, збірае кветкі да так жаласна пае, што аж птушкі заціхлі да слухаюць яго песню. Знудзіцца каралевіч, выме свае люсцерка, пазірае, што робіць яго дзяўчына да толькі ломіць рукі. Успамянуў ён аб той добрай жанчыне, што яго пестувала, глянуў у люсцерка да й бачыць, што тая плача, аж заліваецца. І захацелася яму пазнаць, чаго яна плача, хто яе скрыўдзіў. От пазваў ён малайца да й кажа яму:

— Прывязі сюды ка мне тую й тую жанчыну.

— Не велена,— кажа той.— Сюды можа прыехаць толькі той, хто сам хоча.

Засмуціўся каралевіч да й пайшоў садзіць да даглядаць кветкі, каб не так было нудна да цяжка на сэрцы. Тым часам бацька тае дзеўкі, што любіў каралевіч, збіраецца ехаць у чужыя землі па заморскія тавары. От і пытае ён сваіх дачок, якога гасцінца ім прывезці. Большая просіць, каб бацька прывёз ёй самую гожую адзежу. Селядоршая просіць прывезці ёй такія гуслі, каб яны самі гралі, а меншая, каторую любіў каралевіч, просіць прывезці ёй заморскую кветку рожы. Яна загадала, што калі рожа не завяне, то каралевіч яшчэ жыў і думае пра яе. Сеў купец на караб да й паплыў у заморскія землі. Ці доўга, ці мала ён там быў, толькі накупіў шмат розных дарагіх заморскіх тавараў, накупіў гасцінцаў сваім дачухнам да й паплыў назад. Толькі ось усхадзілася шура-бура, разламала яго караб да й затапіла са ўсім дабром. Учапіўся купец за якуюсь дошку да й паплыў. Доўга яго насіла па мору, доўга пякло на сонейку, пакуль нарэшце выкінула на бераг. Насілу падняўся ён на ногі, але не мажэ хадзіць, сеў на камень да й сядзіць, бы акамянеўшы. Доўга ён так сядзеў, нарэшце апомніўся й вельмі яму захацелася есці. Падняўся ён да й пайшоў паўз бераг шукаць людзей. Абышоў ён кругом да й дагадаўся, што яго выкінула на астравок, дзе нікога няма. А гэта быў той астравок, куды саслалі каралевіча. Пайшоў купец шукаць, ці няма грыбоў або ягад, каб хоць трохі пасілкавацца. І цяжка яму стала, як уздумаў, што прапалі ўсе тавары, але больш усяго шкода, што прапалі тыя гасцінцы, што ён вёз сваім дачухнам. Тут ён убачыў кветкі рожы яшчэ харашэйшыя ад тых заморскіх. Забыў ён і голад да й думае:

«Ого ж нарву кветак рожы сваёй любімай дачушцы, а большым ужэ як сабе хоча, мо дастану й у сваём краю, як дабяруся да гасподы».

Толькі ён хацеў сарваць кветку рожы, як ось і нахапіўся якісь страшэнны чалавек з свіным лычом замяст віду. Спалохаўся купец, дрыжыць бы асіна.

— Не лякайся,— кажа той,— толькі скажы, хто ты такі, адкуль узяўся й нашто табе мая рожа?

Расказаў купец усё як было, расказаў шчырую праўду да й прыбавіў, што рожу хацеў сарваць сваёй любімай дачухне, каб яе хоць чым-небудзь парадаваць, а то яна чагось усё плача да ходзіць вельмі смутная. Дагадаўся каралевіч, што дзяўчына па ём плача, да й пазваў купца ў сваю хатку. Ён адразу пазнаў купца, а той яго не мог пазнаць, бо ніколі не бачыў такім страшэнным да плюгавым. От пакарміў каралевіч купца да й кажа:

— Я дам табе кветак, колькі хочаш, адпраўлю цябе да гасподы, толькі ты павінен прыслаць сюды сваю меншую дачку.

А калі яна не схоча прыехаць сюды ка мне ў госці ахвотна, то вы ўсе да й я прападом.

Няма чаго рабіць, згадзіўся купец на тое. От каралевіч прызваў малайца да й вялеў яму дастаць розных тавараў, якіх толькі купец схоча, дастаць на гасцінец дзеўкам самую гожую адзежу, такія гуслі, што самі граюць, і адвезці купца да гасподы, а кветак рожы назрываў цэлае бярэмя, сплёў з іх вянок да й кажа:

— А от гэстыя кветкі аддай сваёй меншай дачухне ад мяне.

Забраў купец усё дабро да й паплыў да гасподы. Рады дома, што ён вярнуўся, але як ён усё расказаў, дак жонка й большыя дзеўкі пачалі галасіць і ўгаварваць меншую дзеўку, каб яна не ехала. А тая як зірнула, што рожа так гожа цвіце, баццэ толькі што з агародчыка, дак рада, смяецца да ў ладоні ляскае. Яна думае сабе, што гэта мабыць ужэ такая яе судзьба, такая доля, што трэ перш пагараваць, панудзіць, каб потым, як убачыць каралевіча, глядзець яму ў вочы да радавацца. Знае яна, што ёй так суджана, што каралевіч жыў й што яна ўбачыць яго, от затым яна смела хоча ехаць у госці к таму страшэннаму чалавеку.

— А мо ён і не такая пачвара,— думае яна сабе,— трэ паглядзець. А мо гэта так суджана.

От падышоў тэрмін. Як ні ўмаўлялі яе бацькі да сёстры, нікога не слухае.

— Ото ж паеду,— кажа яна,— да й толькі.— Не хачу я, каб праз мяне да нам усім было кепска, каб мы ўсе загінулі. А мо тэ лепш, мо тэ суджана, мо ўжэ так мне на раду назначана. А што суджана, таго не абойдзеш, не аб'едзеш.

Нічога не парадзяць бацькі, мусілі яны згадзіцца, як ні цяжка было ім адпраўляць сваё каханае дзіця няведама куды да яшчэ да такое пачвары, што й на чалавека не паходзіць. От выладавалі бацькі сваю меншую дачку ў дарогу, паплакалі, бы праводзілі на могліцы. Села яна на караб, каторы ўжэ даўно чакаў яе, да й паплыла на той востраў. Тым часам родная матка каралевіча даведалася, чаму гэта яе каханы сынок больш не прыходзіць к ёй, даведалася, што грозны кароль да ведзьма-караліха, на яе ўсё ліха, дзесь схавалі ненагляднага сыночка ці можа й саўсім страцілі. Ведама, матчына сэрца заўжды баліць па свайму дзіцяці. Плакала яна, плакала, гаравала-гаравала, але больш не магла вытрымаць да й пайшла ў свет шукаць каралевіча. За ёю якісь увязаўся сабачка, каторы так лашчыўся да любіў каралевіча, як ён прыходзіў да маткі. Праўду кажуць, што сабака знае, хто свой, хто друг, а хто вораг. Добрага чалавека сабакі не чапаюць, а ліхога гатовы загрызці. Дак от гэ й той сабачка, як прыйдзе каралевіч, дак скача на яго, ліжа яму рукі, лезе цалаваць, вішчыць да круціць хвастом з радасці. Затое не толькі цыган або жыд не могуць прайсці ці праехаць аж па вуліцы, але й нават ліхі сусед без кія не смелі падысці к двару. Чуць хто пакажацца, як ось адкуль ні возьмецца той сабачка, коціцца бы куля, брэша, аж ахрыпне да сляпіцаю лезе, пакуль тая жанчына не абароніць сама да не скажа:

— Пайшоў вон!

От ідзе яна, а сабачка бяжыць уперадзе да паказвае ёй дарогу. Утоміцца, ляжа аддыхаць, а сабачка не спіць, ветрыць носам да настаўляе вушы то ў вадзін, то ў другі бок,— прыслухоўваецца, ці не крадзецца які-небудзь вораг. От так хадзіла яна, хадзіла з сваім сабачкаю па свету, распытоўвала добрых людзей, ці не бачылі, ці не чулі яны аб яе дарагенькім сынку. Ужэ ножкі прытупіліся, а ўсе ў вадзін голас кажуць, што бачыць не бачылі й ведаць не ведаюць, дзе яе сын. Абхадзіла яна ўсе каралеўства — нідзе няма. Нарэшце парадзіла ёй адна старэнькая баба, каб яна папробавала пайсці ў чужыя землі, у чужыя царства, к чужым людзям.

— Мо ён,— кажа,— там.

Падзякавала тая жанчына добра бабе да й хацела йсці ў чужыя землі, толькі даведалася, што яны дзесь за глыбокімі да шырокімі марамі, што туды нельга йсці, а трэ плысці на караблёх. Падышла яна к мору, хацела сесці на караб, дак яе туды не пускаюць.

— Куды ты,— кажуць,— баба, лезеш? Тут ездзяць толькі князі, грапы да жыды.

Заплакала яна да й пайшла да другога карабля. Давай там прасіць, давай благаць, кланяецца ў ногі да ловіць цалаваць рукі. Нарэшце знайшліся добрыя людзі, згаджаюцца яе пусціць на караб, але сабачку не прымаюць.

— Куды,— кажуць,— гэстая пошкудзь, яшчэ караб загадзіць.

Шкода ёй раставацца з сабачкам, з такім верным слугою, заплакала яна да й пайшла далей. Сабачка, баццэ знаў, што пра яго гаварылі тыя людзі, кідаецца з радасці к ёй на шыю да ліжа языком. От ідзе яна да йдзе з сваім сабачкам да й падходзіць к таму караблю, на каторым мусіла плысці дачка купца.

Падышла яна да й просіцца, каб прынялі яе на караб.

— Хадзі, хадзі, бабка,— кажуць тыя,— нам велена браць усіх, хто толькі сам хоча.

Пайшла яна на караб, а сабачка, бы маланка, толькі замітусіўся спераду. Караб вялізазны, бы харомы. Залезла яна ў самы вугал да й сядзіць ціхенька, а ў нагах лёг сабачка да толькі вушкі наставіў. Па немалым часе села на караб і купецкая дачка, але яна не бачыла тае жанчыны. Прайшла мо гадзіна ці больш, як караб плыў па мору да й суняўся кала берагу. Падходзіць к жанчыне якісь чалавек да й кажа:

— Выходзь, бабка, ўжэ прыехалі.

Забрала яна свой клуначак, выйшла на бераг да й пайшла, куды вочы глядзяць ці куды вядзе сабачка. От злезла й купецкая дачка да й пайшла к хатцы каралевіча. Убачыў яе каралевіч да так абарадаваўся, што аж не мажэ выгаварыць ні слова. Жыве там купецкая дачка ў раскошы: піць, есці ўсяго многа, чаго толькі душа хоча. Усялякае дарагое самае гожае адзежы столькі, што хопіць на ўсе жыццё. Нічога яна не робіць, толькі гуляе сабе паміж кветак да пляце вянкі. Спляце з рожы вянок, узложыць яго на голаў, зірне ў люсцерка да й зальецца горкімі слёзкамі.

— Нашто мне,— кажа,— мае хараство, калі некаму яго паказаць, калі тут апрыч гэстае пачвары з свіным лычом нікагусенька няма.

Што ні рабіў каралевіч, якіх гасцінцаў ён ні даваў, нічога не памагае, ніяк не мажэ яе навярнуць да сябе. Ведама, пачвара з свіным лычом, а не чалавек. На яго толькі зірнуць, дак з душы верне, а не то, каб што. Засмуціўся каралевіч, ні п'е, ні есць, кінуў даглядаць і свае кветкі да ўвесь дзень ходзіць па лесе ці па беражку мора да не то плача, не то пае песні, але такія жаласныя песні, што хто ні ўчуе, дак сэрца бы хто кіпцюрамі скрабе, а слёзкі так і цякуць з вачоў, бы ў бабра. Пайшла раз купецкая дачка гуляць на бераг мора, зачула, што хтось пае, да й заслухалася; слухае, плача, а сама й не варухнецца да так і прастаяла, покі сонейка зайшло за воду й зрабілася саўсім цёмна. Ужэ даўно ад песні па лесу заціх апошні пошчак, а яна стаіць, бы закамянела.

Тым часам каралевіч вярнуўся да гасподы, зірнуў туды-сюды, аж няма яго каханае дзяўчыны. От ён і пабег яе шукаць. Бегаў ён, бегаў, нарэшце трапіў яе на беразе мора да й павёў дахаты. Цёмна, дарогі няма. Што ні ступіць дзяўчына, то й падае. Бачыць каралевіч, што яна саўсім паб'ецца, схапіў яе на бярэмя да й панёс. Нясе лёгенька, бы пярцо, да так лагодна размаўляе, што дзяўчына нават забыла пра яго свіны лыч. І здаецца ёй, што гэта гаворыць хтось другі, той заморскі каралевіч, аб каторым яна думала колісь у доўгія ночкі, як ляжала на мяккіх пярынах роднае матачкі, што гэта ён, яе каханы каралевіч цудам найшоў яе да й нясе на сваіх сільных руках да шэпча ёй салодкія слаўца да прыціскае да сваіх багатырскіх грудзей. І так добра ёй, так радасна б'ецца сэрца, што от здаецца, усю б жытку праляжала б на руках свайго міленькага да ўсе б слухала яго мілую мову, яго дарагі галасок. Унёс ён яе ў хату да й просіць вячэраць. Але яна падзякавала да так, не засвяціўшы агню, й лягла на пасцель, каб не атагнаць тых салодкіх думак, каб ляжаць і ўсё думаць і думаць да чуць голас свайго міленькага каралевіча. Не спала яна ўсю ночку, а ўсё гарэла, бы ў вагні. Але от даў бог дзень, думкі разляцеліся бы дым. Успомніла яна, што каралевіча няма, дак бы голкамі закалола ў сэрца, а слёзкі так і паліліся. Не хоча яна ні есці, ні піць да так уткнуўшыся галавою ў падушку й праплакала ўвесь дзень. А як надышоў вечар, яна зноў пайшла на бераг мора. Зноў пачула, што хтось пае, толькі гэта так гожа, так радасна, што й ёй стала лёгка на сэрцы. Зноў заслухалася яна, пакуль сцямнела; зноў прыйшоў па яе каралевіч і зноў на бярэмі панёс да гасподы. Зноў ёй было так радасна на сэрцы, так соладка кружылася галава, што яна ўсю ночку прадумала пра свайго міленькага. Але на трэці дзень яна сустрэла ў вагародчыку пачвару з свіным лычом, як ён зрываў ёй кветкі рожы, зірнула на яго да й загаласіла. Пачаў той угаворваць, дак куды там,— яна яшчэ гарэй плача да рве на сабе валасы. Нарэшце прагнала яго, каб і на вочы не паказваўся, а сама пабегла на бераг мора, каб паслухаць таго цудоўнага спеву. Але ніхто не спяваў, толькі шаптаўся лес да раўло мора, ўзбягаючы на бераг. Доўга сядзела яна там і так ёй стала цяжка на сэрцу, так моташна, што дарам прападае маладая жытка, што няма ніякае надзеі, каб злучыцца з сваім міленькім каралевічам, што нарэшце не вытрымала да й кінулася ў мора. Тым часам адкуль ні ўзяўся сабачка тае жанчыны, раптам шамялях ён у воду да й цягне яе да берага. Убачыла тое тая жанчына да й выцягнула ўтопленіцу на бераг. От туды-сюды патрасла жанчына ўтопленіцу, дак тая й ачнулася, да як зірнула, што кала яе знаёмая жанчына, дак трохі й лягчэй стала на сэрцы. Пагаварылі яны трохі самі з сабою да й пайшлі разам дахаты. Пакуль яны йшлі, дак і расказалі адна другой усё, як было, і як яны дасталіся сюды. Прыходзяць яны дахаты, аж там бяда. Засмуціўся каралевіч, як купецкая дачка прагнала яго з вачэй, засмуціўся так, як ніколі. Ён усё думаў, што дзяўчына палюбіць яго за добрае сэрца, за ласку да за лагодныя словы, а тут убачыў, што няма надзеі. Дастаў ён цудоўнае люсцерка, каб пабачыць сваю мілую дзяўчыну, аж тут яна якраз кінулася ў мора да й патанула, і так цяжка яму стала, так закалола яму ў сэрцы, што ён упаў на зе**млю да й згубіў прытомнасць, ляжыць, баццэ не жыў. Узбегліся тут слугі, не ведаюць, што рабіць. У гэты самы час і падышлі купецкая дачка з тою жанчынаю туды. Ведама, сабачка заўжды бяжыць спераду. От і на гэты раз падбег ён да каралевіча да як нюхнуў яго да як пачне віжджаць, віляць хвастом да лізаць каралевіча рукі да свіны лыч, дак жанчына й дагадалася, што гэта яе сын, толькі што ён мабыць закляты.

— Ой, закляты гэта чалавек,— кажа яна.

Шкода стала дзеўцы гэтага няшчаснага чалавека, схілілася яна к яму да давай яго гладзіць, давай ласкаць да шаптаць мілыя слаўцы. Ачнуўся каралевіч да бачыць, што кала яго стаяць на каленях дзяўчына й тая добрая жанчына, каторую ён так любіў, і лёгка яму стала на душы. Падняўся ён, падзякаваў ім за ласку да давай іх частаваць. А сабачка ад яго й не адходзіць да ўсё лашчыцца. Прасядзелі яны за сталом чуць не да вечара. Стала жанчына прыладжваць сабе месца, дзе паначаваць, а дзяўчына з пачвараю з свіным лычом пайшлі гуляць. Вечар быў гожы: цёпла, ціха, бы ў вусе. Сонейка даўно зайшло, толькі яшчэ чырванелі хмаркі. І пачаў пачвара з свіным лычом пець песні, пачаў пець, так гожа, што от голас лезе аж у самую душу й разам хочацца плакаць і смяяцца. І думаецца дзяўчыне, што от так слухала б усё жыццё й нічога б больш не хацела. От ужэ сцямнела; заблішчалі на небе ясныя зоркі да толькі мігаюць мілымі вочкамі да баццэ шэпчуць: гожы свет, добра на ём жыць да любіць. Любі, дак усё адалееш. А ён усё пае да пае да з такімі любошчамі, што затапіў у дзяўчыны й голаў, і сэрца. Сама не ведама зачым схапіла яна страшэннага чалавека за голаў да й пацалавала. У той момант абярнуўся ён у гожага каралевіча, схапіў яе на бярэмя да й панёс да гасподы, дзе ўжэ яго чакала родная матка. Радасці не было канца. І сталі яны жыць да пажываць да бедных людзей не забываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 115-122
Крыніца: скан