epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Мачаха, яе дачка і падчарка

Жыў дзед і баба. І былі ў іх дачка і сын. Калі баба памерла, ажаніўся дзед з другой. Новая жонка прывяла з сабою сваю дачку, якая была вельмі брыдкай: зубатая і губатая. А дзедава дачка была прыгожая. Баба не хацела глядзець дзедавых дзяцей, хацела, каб яны ўсё ў хаце рабілі. Падраслі дзедавы дзеці. Аднойчы сын кажа:

— Пайду службу шукаць, але ўперад хачу зняцца з сястрою на картачку.

Пасля гэтага пайшоў. Зайшоў у адзін двор, у якім хлопцы сядзелі. Разгаварыліся. Брат кажа, што цяжка яму жыць, што хоча паступіць на службу, паказаў і сястрыну картачку. Яна ўсім спадабалася, і хлопцы сказалі, што трэба паказаць пану, ён яшчэ нежанаты. Пану яна спадабалася, і ён рашыў вяселле справіць. Раней было так, што па народнаму звычаю нявесту жаніх не павінен быў бачыць да шлюбу. Але пан пракруціў у вушаку дзірачку, каб убачыць нявесту раней. На вяселле нявеста ўзяла з сабою мачаху з дачкой і свайго бацьку. Мачаха паслала сваю дачку і падчарку на раку памыцца і дала сваёй дачцы пруцік, каб яна ўдарыла ім тры разы падчарку. Тая так і зрабіла, калі прыйшлі да вады. Абярнулася падчарка шэрай птушкай, запела і паляцела, а тая брыдкая мачахі дачка пачала ўбірацца за нявесту. А пан паглядзеў праз дзірку, што тая маладая брыдкая, і кажа ўсяляк на брата, пабіў яго і пад плот кінуў.

— Хай жа псы з'ядуць за падман яго.

І ніхто не ведае, з-за чаго разладзілася вяселле ўсё і госці дадому паехалі. Брата падабраў фурман, узяў у хату і пачаў лячыць.

А ўвечары прыляцела тая птушка пад акно, пачала спяваці:

— Кукажэчку, кукажэчку, адчыні мне акенца, пагляджу на братку.

Фурман пачуў, спытаў таго брата, што гэта за птушачка, а той стаў прасіць, каб ён упусціў яе. Паслухаў фурман, упусціў, уляцела птушачка, абярнулася дзяўчынай, падышла да брата, пачала плакаці і гаварыці, што прыляціць яна яшчэ два разы, а пасля заклююць яе птушкі іншыя, бо не нарадзілася яна ёю, а брат памрэ разам з яе смерцю. Пасля зноў птушачкай абярнулася і ў акенца вылецела.

На другі дзень было тое ж самае.

Убачыў усё гэта фурман, шкада яму стала брата з сястрой, пайшоў ён да пана, расказваць пачаў яму пра ўсё. Здзівіўся вельмі пан, не надта паверыў, вырашыў праверыць усё сам. Прыйшоў ён вечарам да іх, загадаў толькі перад гэтым, каб пазакрывалі ўсе дзіркі, калі ўляціць птушачка.

Пачакаў ён крышку, улятае птушачка. Упусцілі яе, але не ведае яна, што там пан сядзіць. Абярнулася дзяўчынай, заплакала, запрычытала, а слёзы, як гарошыны, капалі.

Як убачыў пан такую прыгажуню, спачатку з месца крануцца не мог, а пасля запаліў свечку, падышоў да яе, узяў за руку, суцяшаць яе стаў. Як убачыла яго дзяўчына, ператварылася зноў у птушку, выхаду шукаць пачала, а ўсе ж вокны пазачынены, няма куды вылецець ёй. Ператваралася яна то ў мыш, то ў жабу, а пасля палкаю зрабілася, а пан узяў яе ды й зламаў.

Узнікла зноў перад ім дзяўчына, прыгажэйшая ў сто разоў за ранейшую. Адразу зрабіў пан вяселле, вылечыў брата сваёй нявесты, і сталі яны ўсе жыць прыпяваючы. А мачаху з дачкой да бараны прывязалі ды парасцягвалі па полі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 224-226
Крыніца: скан