epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Маці і тры дачкі

Жыў дзед і баба, і былі ў іх тры дачкі. Бацька іх памёр. Асталася адна маці са сваімі дачкамі. Была ў іх малюсенькая торбачка з золатам на пасаг. І ніхто не ведаў пра гэта золата. Аднойчы цёмнай ноччай ведзьма падслухала пра гэта золата. У вялікую буру ведзьма ціхосенька ўлезла ў комін, дачакалася, як усе паснулі, тады вылезла з коміна праз люшку, пайшла да стала, узяла ў століку ключы, адамкнула скрыню, узяла мяшэчак з золатам і пабегла дамоў. Даведаліся аб гэтым сёстры і маці. Яны вельмі ж ужо разгневаліся на ведзьму і рашылі аб чым бы то ні стала адкрасці сваё золата ў ведзьмы. Ведзьма ж у гэты час шукала сабе работніцу, бо сама вялікая лянцяйка была і работу рабіць ніколі не рабіла. Вот тут і пайшла большанькая дачушка к ведзьме за наймітку працаваць за самую маленькую плату. Ведзьма надта абрадавалася, што ёй удалося найсці дзяшовую работніцу. А ведзьма была дужа ж страшная, скупая і злая. Большанькая дачушка жыве, працуе ў ведзьмы, а сама і вочак не зводзіць з залатога мяшочка. Вось аднойчы, як ведзьма пайшла гуляць са сваімі дочкамі, большанькая дачушка схапіла гэты мяшочак з золатам і давай уцякаць з ім, што ёсць сілы. Прыйшла ведзьма з гуляння, агледзелася, што няма золата і найміткі, вот яна тут з пенай на языку хвост задрала і давай ляцець за гэтай дзеўкай. Большая дачушка бяжыць, аж насустрач ёй печ, сто гадоў нятопленая. Печ стала пасярод дарогі і кажа дзеўцы:

— Дзеўка-маліна, выпалі мяне, абагрэеш сябе, тады я цябе схаваю ад ведзьмы!

Большая дачушка паглядзела на сырыя дровы, што ляжалі каля печы, і пабегла што ёсць сілачкі. Бяжыць яна, бяжыць і бачыць насустрач ёй выходзіць конь, сто гадоў нераспутаваны. Стаў конь перад гэтай дзеўкай, скланіў нізенька галоўку і кажа ёй:

— Пекна паненка, распутай мяне, дык я схаваю цябе ад ведзьмы.

Большая дачушка паглядзела, што ў каня на путах многа вузлоў нада развязваць, і пабегла бягом дарогаю. Бяжыць яна, бяжыць, аж насустрач ёй карова, сто гадоў нядоеная. Яна кажа:

— Дзеўка-красуня, падаі мяне, пап'еш малачка, і я табе памагу ад ведзьмы ўцячы.

Паглядзела дзяўчына, што даёнку нада мыць ды і карову няскора даіць, і пабегла яна дарогаю. Бяжыць яна, бяжыць, аж бачыць — пасярод дарогі стаіць вятрак, які сто гадоў не круціўся. Ён кажа:

— Дзеўка-дзявіца, пакруці мяне, разгані маю бяду, я цябе за гэта ад ведзьмы адбараню.

Старэйшая дачушка не паслухала ветрака і пабегла далей дарожанькай. Не паспела яна і адбегчы далёка ад млына, дагнала яе ведзьма, стукнула па ёй чароўнай палачкай і зрабілася яна ў камень. Забрала ведзьма мяшочак з золатам і паляцела сабе дамоў.

Чакала яе, чакала маці, а пасля пазвала сярэднюю дачку, навучыла яе, як трэба рабіць, каб забраць золата ў ведзьмы, і адправіла яе да ведзьмы ў найміткі. Прыйшла сярэдняя дачка да ведзьмы і ўсё так зрабіла, як яе старэйшая сястра. Яе ведзьма таксама дагнала, зрабіла ў камень, узяла мяшочак з золатам і паляцела дамоў.

Наастатку маці выправіла самую меншую дачушку служыць у ведзьмы найміткай, каб яна забрала золата і выратавала сваіх родненькіх сястрычак. Меншая дачушка прыйшла да ведзьмы, нізка ёй пакланілася і сказала, што яна будзе працаваць дарэмна. Ведзьма надта абрадавалася і ўзяла яе к сабе ў найміткі.

Меншая дачушка ўсю работку рабіла ў ведзьмы без аддыхі. Ведзьме гэта вельмі ж ужо спадабалася. Яна не стала ад яе нічога хаваць і нават золата палажыла ў незамкнёную скрыню. Вось аднойчы ведзьма паехала са сваімі дачкамі ў госці далёка, меншая дачушка ўсю работу парабіла, сама прыгожанька адзелася, узяла сваё золата і пайшла памалу дарогай дадому. Па дарозе ідучы, сустрэла яна печ, сто гадоў нятопленую, вытапіла яе, пагрэлася сама і пайшла далей дадому. Ідучы дадому, меншая дачушка распутала каня, які давёз яе аж да каровы. Потым яна падаіла карову, напаіла малаком каня, накарміла карову і каня, напілася сама малака і пайшла далей дарогаю. Потым яна пакруціла вятрак, адпачыла і пайшла памалу дарогай дадому. А ведзьма з пенай на языку бегла даганяць гэту дзеўку, каб адабраць у яе золата і зрабіць яе на камень. Летучы па дарозе, ведзьма сустрэла печ і папытала, ці відзела яна дзеўку ў прыгожай сукенцы з маленькім мяшочкам у руках. Печ паказала, што дзеўка з маленькім мяшочкам пайшла ў другі бок. Ведзьма бегла, бегла і не знайшла дзеўкі з мяшочкам, тады яна зноў вярнулася на гэту дарогу і пабегла даганяць дзеўку з мяшочкам. Бегучы па дарозе, ведзьма сустрэла каня і запытала ў каня, ці бачыў ён дзеўку з мяшочкам. Конь адказаў, што ён дзеўкі не бачыў, і стаў капытамі біць ведзьму. Вот жа тут і паплакала ведзьма, чуць вырвалася яна ад каня і пабегла далей шукаць дзеўку з мяшочкам. Бегучы па дарозе, сустрэла яна карову. Карова ўскінула на рогі ведзьму і давай яе басці. І тут ведзьме добранька дасталося, чуць жывая яна вырвалася ад каровы. І ўжо яна не можа хутка ляцець, а памаленьку ды кульгаючы. Ідучы па дарозе, ведзьма запытала ў ветрака, ці бачыў ён дзеўку з мяшочкам. А млын схаваў меншую дачушку, а сам кажа ведзьме:

— Падыйдзі да мяне блізенька і скажы, што ты хочаш, бо я стары, глухі і здалёку нічога не чую.

Падышла ведзьма блізенька да ветрака, каб сказаць яму сваё гора, а млын як закруціцца хуценька ды як пацягне ведзьму ў каменне, і змалоў яе. Тут малодшая дачушка выйшла з сярэдзіны і давай цалаваць ветрака. Вятрак даў малодшай дачушцы чароўную палачку і сказаў, як можна адратаваць ёй сваіх родных сястрычак. Малодшая дачушка падзякавала і пайшла да таго каменя, у які зрабіла ведзьма яе старэйшую сястрычку. Падышла малодшая дачушка да каменя, павадзіла па ім чароўнай палачкай, і старэйшая яе сястрычка аджыла. Вось яны ўжо ўдзвюх ідуць да таго каменя, у які ведзьма зрабіла іх родную сястрычку. Тут яны падышлі да каменя, нізенька пакланіліся, павадзілі чароўнай палачкай па камені, і дарагая іх сястрычка аджыла. Вось яны ўтрох прыйшлі дадому з песнямі, з золатам. Маці так абрадавалася, што аж заплакала. Вось так яны добранька сталі жыць, пажываць і дабра нажываць, добрых бедных людзей у госці запрашаць. І я там была, віно-мёд піла, па барадзе цякло, але ў рот не папала.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 254-257
Крыніца: скан