epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Марка Багаты

Даўней быў на свеце адзін чалавек багаты, называўся Марка. А бог хадзіў па свету, яго ніхто не знаў. Зойдзе то к таму, то к таму, а да багатага Марка не зойдзе. А гэты багаты Марка багатшы быў за ўсех, нікога на свеце не было гэдакага багатага. Адзін раз Марка выслаў каля свайго дому сукном і выслаў двор сукном, хоча, каб да яго бог зайшоў. Адзін раз ідзе жабрак і заходзіць на яго двор, ідзе па гэтым сукне. Марка ўгледзеў гэтага жабрака, падышоўшы, да ў шыю яму:

— Судэма будзе ісці сам бог.

А гэта ішоў бог. Так гэты жабрак просіцца:

— Пусці мяне нанач.

Ён кажа:

— Ідзі онь туда, там удава жыве бедная. Яна называецца мая сястра, чорт яе ведае, якая яна сястра.

Як Марка быў багаты, то ён не хацеў свае сястры глядзець беднае.

Пайшоў гэты жабрак да гэтае ўдавы беднае, і яна яго пусціла, і стаў гэты жабрак аддыхаць. А гэта не жабрак, а сам бог. Прыле**целі ўночы два ангелы і пытаюцца ў бога:

— Ото, божа ласкавы, гэтую ноч нарадзілася трое дзяцей і ўсе тры сынэ, два купецкія, а адзін беднага чалавека.

То бог сказаў:

Дайце вы ім талент, калі купецкія, то няхай будуць купецкімі, а ў беднага чалавека астанецца багацтва Маркава.

А гэтая ўдава на той час не спала і гэта яна ўсё чуе. Устала назаўтрае і пайшла да багатага Марка і сказала яму:

— От, Марачку, гэта ўчора не жабрак ішоў, але сам бог.

Марка кажа:

— Ідзі ты, як каб гэта бог ішоў, бог калі ішоў бы, то да мяне зайшоў бы.

Яна кажа:

— Бо,— кажа,— уночы прыле**целі два ангелы і пыталіся ў яго: «Трое дзяцей нарадзілася, які ім талент будзе?» То бог сказаў: «Купецкім дзецям талент, як бацьке** — купцамі, то і дзеці будуць купцамі, а беднага чалавека дзіцяці Маркава астанецца багацтва».

Марка паехаў шукаць, дзе нарадзілася беднага чалавека дзіця. І найшоў. Узяў гэтае дзіця, адкупіў, вязучы дахаты ды ўкінуў яго ў снег, каб яго ўжо не было, і паехаў. Аднаго разу пераязджалі з субору манахі да ў другі. Едуць дарогаю, бачаць — між снегу крыніца, а каля гэтае крыніцы растуць краскі.

Пайшлі яны глядзець туда і кажуць:

— Што то ёсць такое, гэдакая зіма марозлівая, а там растуць краскі.

Прыйшлі манахі, паглядзелі — ляжыць дзіця маленькае і забаўляецца краскамі. Яны ўзялі з сабою і павязлі яго, і сталі ў суборы гадаваць. Гэтае дзіця выгадавалася вялікае. Дачуўся Марка, што найшлі гэтае дзіця. А Маркава дачка да любіла гэтага хлопца, хацела з ім жаніцца.

А Марка стаў хварэць, кажа на гэтага хлопца:

— Падзі ты за мора, за морам ёсць такі чарадзей, ён знае пра маё ліха. Што ён скажа... тады ты ажэнішся з маёю дачкою.

Гэты хлопец пайшоў аж за мора. Прыходзіць пад мора — едзе чалавек на чайцы, дзяржыць у руках вясло. Ён падышоў пад мора, махнуў рукою, гэты чалавек пад'ехаў.

Ён яго забраў і паехалі да таго чарадзея. Гэты чарадзей гаворыць гэтаму хлопцу, кажа:

— Як прыдзеш дахаты, то Марка ачуняе.

А гэты чалавек прасіў гэтага хлопца, каб ён папытаўся ў гэтага чарадзея, ці шмат ён будзе ездзіць на чайцы. Патаму ён ездзіць на чайцы, гэта бог яго пакараў і сказаў яму ездзіць на чайцы, пакуль цябе хто зменіць.

— Ты,— чарадзей сказаў гэтаму хлопцу праз гэтага чалавека, кажа,— гэты чалавек ужо ездзіць трыццаць год на гэтай чайцы. Ён будзе датуль ездзіць, пакуль каго не ашукае.

— А як яму ашукаць? — пытаецца хлопец у чарадзея.

Чарадзей кажа:

— Як ён аддасць каму вясло ў рукі, то той будзе ездзіць, а ён пойдзе, куда ён захоча.

Прыйшоў гэты хлопец пад мора і кажа на гэтага чалавека:

— Перавязі мяне назад.

Гэты чалавек кажа:

— А пытаўся ў чарадзея аба мне?

Хлопец кажа:

— Пытаўся.

— А што ён казаў?

— Перавязі мяне на той бок, то я табе скажу.

Хлопец баяўся яму казаць, каб ён не ашукаў яго, каб не аддаў яму ў рукі вясло. Пераехалі на той бок, хлопец вылез на бераг і кажа гэтаму чалавеку.

— Будзеш ездзіць датуль, пакуль не аддасі свайго вясла каму ў рукі. Як аддасі вясло, тады той паедзе, а ты пойдзеш, куда ты хочаш.

Гэты хлопец пайшоў да Марка, а гэты чалавек паехаў за мора. Прыходзіць хлопец да Марка, Марка ўжо здароў. Ідучы хлопец да Марка, у адном месце крычаць вараннё. Дай яму паглядзець, што то там вароны крычаць. Заходзіць туды — вароны грабуцца, а выграблі шмат золата. Гэты хлопец набраў золата і пайшоў. Як прыйшоў да Марка, так Марка пытаецца:

— Дзе ты набраў шмат золата?

Хлопец кажа:

— За морам.

— А ці шмат яго там ёсць? — Марка пытаецца.

А хлопец кажа:

— Ой-ёй-ёй, колькі яго ёсць.

Марка кажа:

— Чаму ж ты больш не браў?

Хлопец кажа:

— На чорта яно мне? З мяне будзе гэтага пакуль я буду жыў.

Марка думае: «Ну, я пайду, я там яго ўсё забяру» — і пайшоў Марка па золата.

Прыйшоў да мора, махнуў на гэтага чалавека, гэты чалавек пад'ехаў пад яго, і садзіцца Марка на чайку і едзе па золата. Пад'язджаюць пад другі бераг, гэты чалавек гаворыць:

— Но, Марко, падзяржы ты вясла, а я закуру.

Гэты Марка ўзяў вясло ў рукі, а гэты чалавек злез і пайшоў. Марка як пайшоў па золата, каб шмат прынесці, то і цяпер нясе. Гэты хлопец сказаў яму, каб ішоў па золата, то ён ездзіць па моры цяперачы, а хлопцу асталося тое золата, што ён прынёс, і Маркава ўсё багацтва.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 390-392
Крыніца: скан