epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Марыся

Памерла адна жанчына і пакінула сваёй маленечкай дачцы цялушачку. Калі памірала гэта жанчына, яна казала дачцы:

— Гадуй, Марыся, сабе цялушачку, і як будзеш замуж ісці, гэта будзе табе пасаг.

Бацька ажаніўся з другой, і дзяўчынка стала падчарыцай. А мачыха мела сваіх дзве дачкі. Марыся была вельмі харошая, а бабіны дочкі былі нехарошыя, і да іх хлопцы не туліліся. Бачыць мачыха, што Марыська абсаджвае яе дачок, і злуе на Марысю. Аднаго разу высылае яе на луг кароў пасвіць і авец, і свіней разам, як на хутары, і дае ёй кудзелю, каб да вечара спрала і ў маткі** зматала і выбеліла.

Пасе дзяўчынка кароўку і гэту кудзелю прадзе. Як глянула на сонца, гаворыць:

— Сонца нізка, вечар блізка, а кудзеля не спрадзена. Ах, божа мой, божа, будзе мне ад мачыхі.

Цялушачка яе падышла і кажа:

— Вазьмі лепей праспіся, а работа твая будзе зроблена.

Марыся заснула, а кароўка ўзяла гэту кудзелю і ніткі, патрасла на рагах, і зрабіліся з кудзелі маткі выбеленыя.

Прыганяе падчарыца быдла дахаты, мачыха стаіць ля варот і чакае. І падае яна мачысе маткі на рукі. Мачыха аж зялёная стала ад злосці.

— Хто табе гэта зрабіў?

— Мамачка, я сама зрабіла.

— Лжэш, нехта табе зрабіў.

На другі дзень выслала мачыха з ёю на луг сваю дачку і зноў загадала спрасці да вечара кудзелю і ў маткі зматаць і выбеліць.

І зноў пасе Марыся кароў і кудзелю прадзе, а бабіна дачка сочыць за ёю. Глянула падчарыца на сонца і гаворыць:

— Сонца нізка, вечар блізка, а кудзеля-то не скончана.

Цялушачка ўчула гэта і кажа:

— Сядзі, кудзелю прадзі і спявай песні — бай-бай, а потым засыпай. Засні, вочка, засні, другое.

Як казала, заснулі абедзве дзяўчынкі. А цялушачка прыйшла да прасніцы, кудзелю на рогі ўзяла, зрабіла маткі выбеленыя.

Марыся прачнулася і будзіць мачысіну дачку:

— Уставай, дахаты пара! Работа мая скончана.

Гэтая як заснула, убачыла, што ўся кудзеля спрадзена і маткі выбеленыя, дык падумала: «Я спала, а яна зрабіла».

Прыганяюць дзяўчынкі каровак і авечак дахаты, а мачыха стаіць ля варот і чакае. Зноў падае ёй Марыся выбеленыя маткі. Мачыха ўжо не пытаецца ў падчарыцы, а пытаецца ў сваёй дачкі:

— Хто памог ёй зрабіць гэтыя маткі?

Гэта бабіна дачка і кажа:

— Мамачка, яна сама зрабіла.

Мачыха не верыць.

— Лжэш! Нехта ёй зрабіў.

— Дальбог, яна сама зрабіла.

На трэці дзень высылае мачыха на луг разам з Марысяй сваю старшую дачку і дае кудзелю, каб Марыся спрала, у маткі зматала і выбеліла.

Пасе Марыся кароўкі і авечкі і кудзелю прадзе, а бабіна дачка сочыць за ёю. Глянула падчарыца на сонца і кажа:

— Сонца нізка, вечар блізка, а кудзеля-то не спрадзена.

Цялушка ўчула гэта і кажа:

— Сядзі, кудзелю прадзі і спявай песні — бай-бай, а потым засыпай. Засні, вочка, засні, другое.

І заснулі абедзве дзяўчынкі. Гэта цялушачка прыйшла, патрэсла кудзелю на рагах сваіх, і зрабіліся маткі выбеленыя.

Прачнулася Марыся і будзіць гэтую,

— Уставай, ужо пара дахаты ісці. Работа мая скончана.

Гэтая ўстала і ўбачыла, што ўся кудзеля спрадзена і маткі ўжо выбеленыя, дык яна думае: «Я спала, а яна зрабіла».

Калі прыгналі яны каровак і авечак дахаты, зноў мачыха спытала, хто дапамагаў Марысі, але мачысіна дачка сказала:

— Яна сама зрабіла. Дальбог, сама!

І мачыха яшчэ больш раззлавалася.

На чацвёрты дзень мачыха зноў дае падчарыцы кудзелю і сама ўжо ідзе з ёю пасвіць.

Дзяўчынка прадзе кудзелю і пяе песні, а мачыха сочыць за ёю. Глянула Марыся на сонца і кажа:

— Сонца нізка, вечар блізка, а кудзеля-то не спрадзена.

Цялушачка ўчула гэта і кажа:

— Сядзі, кудзелю прадзі і спявай песні — бай-бай, а потым засыпай. Засні, вочка, засні, другое.

Як казала, заснулі абедзве — дзяўчынка і мачыха.

Потым прачнулася падчарыца і будзіць мачыху.

— Уставай, дахаты пара, работа мая скончана.

Мачыха ўстала, паглядзела на выбеленыя маткі і гаворыць:

— Цяпер-то я ведаю, хто гэта зрабіў: цялушачка прыйшла, патрэсла кудзелю на рагах сваіх, і зрабіліся маткі.

А гэтая мачыха была ведзьмай, яна мела трэцяе вока на патыліцы. І гэтае трэцяе вока цялушачка не замовіла, бо не ведала аб ім.

Прыгналі каровак і авечак дахаты, і мачыха кажа:

— Зараз гэтую цялушачку зарэжу.

Марыся абняла цялушачку, пацалавала яе і стала плакаць.

— Вось, мая цялушачка, праз мяне ты смерць дастанеш сёння.

— Не плач, мая дзяўчынка, гэта так суджана. Але як зарэжа мяне мачыха, вазьмі мае капыткі і рожкі і ў зямлю закапай каля студні.

Мачыха зарэзала цялучашку, потым паварыла мяса. Наеліся бабіны дзяўчынкі з маткай мяса і паляглі спаць. А падчарыца закапала ў зямлю капыткі і слязамі сваімі тую зямлю паліла.

І за адну ноч вырасла з тых капыткоў і рожак залатая яблынька з залатымі яблычкамі. На галінках гэтай яблынькі сядзяць пташкі нябесныя і спяваюць. А ў студні, блізка якой вырасла гэтае райскае дрэва, вада перамянілася на віно і паверх віна плавае залаты кубак.

Тоўпяцца людзі навокал залатой яблынькі — цуд! А ў той час прыгожы крулевіч быў на паляванні і ўгледзеў на хутары натоўп людзей і заехаў туды. І ўехаў проста ў натоўп.

Хацеў схапіць залатое яблычка, але пташкі нябесныя ўспырхнулі і галінкі з яблычкамі падняліся высока ўгору.

Хацеў ён зачэрпнуць кубак віна, але кубак затануў. Як адышоў, галінкі зноў апусціліся на дол і пташкі зноў селі і сталі спяваць. І зноў выплыў кубак у студні. А так моцна жадаў крулевіч папрабаваць залатое яблычка і цудоўнае віно, што сказаў:

— Дзяўчына, якой прыйдзецца сарваць для мяне залатое яблычка і даць мне кубак віна са студні, будзе маёй жонкай.

Мачыха кажа старшай дачцы:

— Ідзі, можа, табе дадуцца яблычкі.

Як падышла бабіна дачка, нябесныя пташкі з яблынькі паўцякалі і яблынька падняла галінкі ўгору. Падышла да студні, хацела кубак дастаць, а кубка ўжо няма. Як адышла, пташкі зноў селі на яблыньку і сталі спяваць і залатыя яблычкі нізка апусціліся. І кубак у студні выплыў наверх.

Тады мачыха гаворыць на малодшую дачку:

— Можа, табе прыйдзецца залатое яблычка сарваць і кубак віна дастаць.

Меншая падышла — галінкі падняліся ўгору, а пташкі паляцелі — не дастане. І кубак у студні таксама не даўся бабінай дачцы. А як адышла, яблычкі апусціліся і кубак выплыў.

А там людзі адзін за другім пачалі падходзіць да яблынькі і студні, і нікому не даліся яблыкі, і нікому не даўся кубак.

І сталі людзі гаварыць паміж сабой:

— А можа падчарыцы прыйдзецца дастаць залатое яблычка і залаты кубак віна.

І пытаецца, дзе падчарыца. Бабіны дочкі кажуць:

— У хляве яна.

Пачуў гэта крулевіч і загадаў выпусціць падчарыцу. Адчынілі хлеў. Яна выйшла і як глянула на крулевіча, аж у яе сонца ў вачах бліснула. Ён і гаворыць:

— Панка, прошу вас сарваць залатое яблычка і дастаць кубак віна.

Як падышла яна да яблынькі, яблынька галінкі апусціла зусім нізка, і яна сарвала два залатых яблыка. Потым падышла да студні і зачэрпнула поўны кубак віна і паднесла віно і яблычкі крулевічу. Ён выпіў віно, закусіў яблычкам і сказаў:

— Дзякую вам, мая панна. Чакайце сватоў.

І ад’ехаў.

Вось назаўтра прыязджаюць сваты. Мачыха замкнула падчарыцу ў хлеў, а сваю старшую дачку ўбрала так, як была ўбрана падчарыца. І павяла сваю дачку да сватоў. Сваты падумалі, што гэта і ёсць нявеста.

Настаў дзень шлюбу. Мачыха зноў убрала сваю старшую дачку так, як была ўбрана Марыся, а Марысю замкнула ў курнік. Крулевіч адразу не пазнаў ашуканства, падзівіўся толькі, чаму нарачоная яго зрабілася такой нехарошай. І сумна задумаўся.

А ў Марысі быў пеўнік. Яна давала яму пшанічкі, дык пеўнік яе любіў. Падскочыў раптам пеўнік да крулевіча і тузае яго:

— Ко-ко-ко!

— Што такое стала з пеўнікам? — думае крулевіч.

Пеўнік дзюбнуў крулевіча і адбег. Крулевіч тады за пеўнікам. Зноў пеўнік дзюбнуў крулевіча і адбег. Крулевіч яшчэ зрабіў некалькі крокаў. А потым узняўся пеўнік на скрыдле і ўскочыў на страху хлява і закрычаў:

— Ко-ко-ко!

Жаніх ужо сочыць за пеўнікам. А пеўнік саскочыў з страхі і пад курнік.

Крулевіч думае: «Можа, падмянілі маю нявесту? Можа, яна ў курніку запёртая, як тады?»

Ён адчыніў курнік, аж яна ў курніку.

Тады ў бабінай дачкі адабралі заручальны пярсцёнак, што паслаў крулевіч Марысі. Павёз крулевіч Марысю да сябе ў палац. Там убралася яна. І ўзяў ён з ёю шлюб.

А залатая яблынька ў гэту ноч знікла, і віно ў студні зноў перамянілася на ваду.

Пажыў крулевіч з маладой жонкай год. Прыйшла вайна, крулевічу ваяваць трэба. А Марыся ўжо загрубела. Сабраў крулевіч войска, развітаўся з жонкай і паехаў на вайну.

Зараз прыйшла Марысі пара радзіць. Мачыха ўдалася за бабку і зноў падмяніла падчарыцу. Палажыла яна замест Марысі на ложка сваю старшую дачку, а Марысю вынесла ноччу сонную з палацу і павезла да мора. Кінула яе ў мора і закляла ў марскую рыбу.

Вайна скончылася. Прыязджае крулевіч. Яго сустрэла мачысіна дачка з сынам на руках. Прымячае ён, што паблажэла «жонка». Дык ён сабе думае: «Вось радзіла дзіця і паблажэла».

А мачыха кожны дзень насіла дзіця на бераг мора. Прыйдзе да мора і кліча:

— Марыся, рыбка, плыві шыбка, твой сынок плача.

Тая і плыве морам, аж вада на абодва бакі разбіваецца. Прыплыве да берага, бярэ дзіця і сосіць. Потым кажа:

— Няхай не плача, плач яму не паможа.

Пасосіць і зноў у ваду. А мачыха дахаты.

Аднаго разу паляваў крулевіч блізка мора на качак. Аж глядзіць — нясе цётка яго дзіця. Прынесла да мора і кліча:

— Марыся, рыбка, плыві шыбка, тваё дзіця плача. Падкраўся крулевіч зусім блізка і схаваўся ў кустах.

Калі прыплыла рыба і стала сосіць дзіця, ён пазнаў сваю сапраўдную жонку. Хацеў ён кінуцца да яе, але стрымаўся. Ён яе пазнаў з твару, але яна была цяпер рыбай. І парашыў крулевіч ісці да ксяндза парадзіцца, што рабіць. Моцна ўсхваляваўся ён.

Назаўтра прыйшоў ён да ксяндза і расказаў яму ўсё. Ксёндз згадзіўся ісці туды разам з крулевічам і сказаў:

— Вазьму свянцонай вады і буду свянціць гэтую рыбу.

Прыйшлі яны да мора, схаваліся ў кустах і чакаюць. І дачакаліся.{I дача-

каліся.} Прынесла мачыха дзіця і стала клікаць:

— Марыся, рыбка, плыві шыбка, твой сынок плача.

Бачаць — плыве рыба, аж вада на абодва бакі разбіваецца.

Прыплыла да берага і ўзяла дзіця сосіць. І кажа:

— Плач не плач, нічога не паможа.

Тады ксёндз выскачыў з куста і махнуў на рыбу крапідлам і апрыскаў яе свянцонай вадой. І адразу Марыся абярнулася, як і была, жанчынай. Кінуўся крулевіч да жонкі. Абняліся, пацалаваліся яны. А мачыха перапалохалася і збянтэжылася. Няма ёй чаго казаць.

Калі яны прыбылі ў палац, крулевіч загадаў прагнаць бабіну дачку, а мачыху пасадзіць у вастрог. І пытаецца ён у сваёй жонкі Марысі, што рабіць з мачыхай: ці павесіць яе, ці расстраляць? Ну дык яна кажа:

— Я дарую ёй усё, няхай і бог даруе.

Але бог не дараваў. Мачыха ў той жа дзень захварэла і праз месяц памерла ў страшэнных пакутах. А Марыся з крулевічам жылі сто гадоў і былі шчаслівыя.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 373-378
Крыніца: скан