epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

[Мядзведжае вушка]

Было ў маткі тры дачкі. Една шыла-вышывала, другая злотам акладала, а трэцяя ў скрыні складала. Яны жылі ў лесе, недалёка іх жыў мядзведзь. Хадзіў пад акно, каб як адну дачку ад маткі ўзяць. То ён ніяк не мог узяць. Прыслаў катка пад акно. Кот прыйшоў пад акно і гаворыць:

— Тылі-тылі, было ў маткі тры дачушкі, една шыла-вышывала, друга злотам акладала.

Старша выбегла за катом. Кот прапаў, а які-то клубочак пакаціўся ў норку. Яна за ім пабегла ў норку, аж там мядзведзь тчэ кросна і гаворыць ёй:

— Дзеўко-дзявіцо, ці не ўмееш кроснаў ткаць?

Яна кажа:

— Чаму не ўмею, умею.

Мядзведзь кажа:

— На, патчы,— і даў ёй яблычка і кажа ёй:

— Ты ўсюды, усюды хадзі, толькі туды не ідзі, дзе лычкам завязана, маслам замазана, каўбасой зашчэплена.

Яна ўсюды хадзіла, захацела і туды пайсці. Там людзі нежывыя ляжаць, пабітыя. Яна нагнулася там паглядзець, хто там ёсць, і ўраніла яблычка. Яно памазалася ў кроў. Мядзведзь прыйшоў дадому, кажа:

— Дзеўко-дзявіцо, пакажы яблычка.

Яна паказала. Ён паглядзеў, што ў крыві, павёў яе туды і разадраў, голаў адсек. Прыйшоў кот ужо па другую пад акно. Яна выйшла, кот прапаў, і зноў клубочак пакаціўся ў норку. Яна пабегла за клубочкам, там мядзведзь кросна тчэ і кажа на яе:

— Дзеўко-дзявіцо, ці не ўмееш кроснаў ткаць?

Яна кажа:

— Умею.

Пачала ткаць. Даў ёй мядзведзь зноў яблычка другое і ёй прыказвае:

— Усюды, усюды хадзі, толькі туды не ідзі, дзе лычкам завязана, маслам памазана, каўбасой зашчэплена.

Яна ўсюды хадзіла і туды зайшла. Падышла сястры глядзець, ураніла яблычка. Яна яго падняла, абцірала, абцірала, што яно было ў крыві, паплакала, што і ёй будзе смерць. Прыйшоў мядзведзь дадому і кажа:

— Дзеўко-дзявіцо, пакажы яблычка.

Яна паказала, ён яе павёў туды, дзе яе сястра, і адсек ёй голаў.

Прыйшоў кот зноў пад вакно і трэцюю ўжо паклікаў. І трэцяя выйшла. Кот прапаў, толькі пакаціўся клубочак у норку. Яна за ім пабегла. Там мядзведзь сядзіць і кросны тчэ. І гаворыць:

— Дзеўко-дзявіцо, ці не ўмееш кроснаў ткаць?

Яна кажа:

— Умею.

І ёй даў яблычка і сказаў:

— Усюды, усюды хадзі, толькі туды не ідзі, дзе лычкам завязана, маслам замазана, каўбасой зашчэплена.

Яна ўзяла яблычка, палажыла на кроснах, а сама пайшла. Усюды хадзіла, усюды ўсё пабачыла, па сваіх сёстрах паплакала да і прыйшла ў тую норку. Прыйшоў мядзведзь і кажа:

— Дзеўко-дзявіцо, пакажы яблычка.

Яна паказала, яблычка было чыстае, то мядзведзь думаў, што яна там не была. То ён сказаў:

— Мы з табой пажэнімся.

Жылі яны там, жылі, быў у яе хлопчык, і было ў яго адно вуха мядзведжае — так яго звалі Мядзведжае вушка. Захацела яна, каб як уцячы да маткі да свае. Яна ўзяла Мядзведжае вушка, усадзіла ў купэрак1 і зачыніла. Прыйшоў мядзведзь дадому, яна яму кажа:

— Занясі маёй матцы попелу, яна прасіла, толькі не адчыняй, бо вецер разнясе.

Так мядзведзь панёс. А там быў не попел, а Мядзведжае вушка. Так ён нёс, нёс, захацелася яму паглядзець. А матка яго навучыла, як толькі будзе мядзведзь адчыняць, то ты гукай у купэрку: «А я чую, а я бачу, што ты хоч купэрак адамкнуць». Так мядзведзь пайшоў. Прынёс да маткі, паставіў да кажа цешчы:

— Я табе прынёс попелу.

Так яна кажа:

— Добра, прынясі яшчэ болей.

Там яго ўчаставала, упаіла, мядзведзь ідзе да калёсамі трасе. А яна яму ўперад сказала, што як занясець той купэрак, то будзе стаяць другі нагатованы. «Як прыйдзеш, так бяры другі і нясі, а мяне не зачапай і не гавары, бо я буду стаяць на жалобе на куце».

А яна ўзяла сноп саломы прыбрала і так завесіла, бытта сама сабе ў вочы. Мядзведзь прайшоў проці яе, не гаворыць, да ўзяў купэрак і панёс. Захацелася яму такі паглядзець, што там ёсць. А яна сама была ў тым купэрку і так гаворыць:

— А я чую, а я бачу, што ты хоч купэрак адамкнуць.

Так ён не адмыкаў і панёс. Прынёс азноў да цешчы. То ён думаў, што яго яшчэ лепш участуюць, аж ён як толькі паставіў купэрак, то яго і калом прагналі і са двара з таго. Так ён пайшоў ужо плачучы.

Той Мядзведжае вушка быў надта дужы. Так выйдзе на вуліцу, то дзеці дзярэ, то бабы дзярэ старыя, а каторага як возьме за ножку да і пад неба падкіне. То ідуць на яго дзедушку і жаляцца. То ён адзін раз найшоў на вуліцы іголачку і кажа сваему дзедушку:

— Пайдзі, дзедушка, зрабі мне булаву семпудовую.

Дзедушка панёс к кавалю, то там з яго ўсе адно смех састроілі.

— Што ты, старык, зглупеў, каб з іголачкі да зрабіў булаву.

Так дзедушка і прыйшоў дадому. Такі ён сярдзіты на свайго ўнучка і кажа яму:

— Што ты, Мядзведжае вушка, выдумаў, паслаў мяне не знаць куды.

То ён яму гаворыць:

— Нясі, дзедушка, няхай кузнец варыць іголачку, то нешта будзе, а калі не хоч несці, то ўсе раўно, дзедушка, раздзяру цябе да й пад неба падкіну.

Зажаліўся дзедушка да й панёс азноў кузняцу, да і просіць кузняца:

— Пашкадуй мае старасці.

Кузнец пачаў варыць іголачку. Так зварыў семпудовую булаву. Так дзедушка ідзе дадому і смяецца, а Мядзведжае вушка страчае дзедушку да і гаворыць:

— А што, дзедушка, зварыў булаву? То дай я папробую, ці моцная.

Як падкінуў пад неба да падставіў мезены палец, так булава зламалась.

— То, дзедушка, бяры гэтую булаву да нясі кузняцу, няхай ён яе пераварыць мацней, каб была пятнаццаць пудоў.

Дзедушка панёс, каваль варыў-варыў да наварыў, што ўжо дваццаць пяць пудоў важыць. Дзедушка ідзе да і плача, а Мядзведжае вушка страчае да і песенькі пяе:

— Чаго, дзедушка, плачаш?

— Ах, мой унучак, кузнец булаву пераварыў.

А Мядзведжае вушка ўзяў булаву да як падкінуў пад неба, а падставіў другі палец, так булава анно загнулась. То ён узяў адагнуў да й з дзедушкам распрашчаўся, да й пайшоў. Ішоў ён, ішоў, наўстрэчу яму чалавек ідзе.

— Куды ідзеш, Мядзведжае вушка?

— А ты куды ідзеш, Вярнідуб?

— От ідзем разам.

Ішлі яны, ішлі, ідзе ім наўстрэчу чалавек і пытае ў іх:

— Як вы завецесь?

Адзін кажа:

— Я Мядзведжае вушка.

А другі кажа:

— Я Вярнідуб. А ты як завешся?

Ён кажа:

— Я Вярнігара.

— То ідзем разам.

Ішлі яны, ішлі, зайшлі ў лес. Там стаіць хатка, а ў той хатцы нет нікога. Яны асталісь начаваць. Згатавалі сабе вячэру, так выходзіць дзед з кокаць, барада з локаць, сем сот смаляной пугі. Як увайшоў, як заляснуў:

— Хто прыйшоў у маю хатку?

А Мядзведжае вушка як узяў булаву да як свіснуў, то дзед аж бораду задраў.

1 Купэрак – скрыня (заўвага збіральніка).



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - 167-171
Крыніца: скан