epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Меднае Чудавішча

Неўкаторым царстве-гасударстве жыў цар мяністы1. І быў у яго садок на тры вярсты шырыні, на тры вярсты даўжыні. І ў тым садку яблань: залаты лісток, сярэбраны лісток. Як зародзяцца яблыкі — залатое яблыка, сярэбранае яблыка. Так цар любуецца, уцяшаецца, што чышчы не нада. Але адзінажды саснілася царыцы ўва сне: што, ваша царска вялічаства, гэта вам ўцеха не ўцеха, а ежалі б вы гэты сад выкапалі, вымякчылі, узаралі да пасеялі пшаніцы, вот ба зарадзілась: залаты колас, сярэбраны колас, залатое зярно, сярэбранае зярно. Вот ба вам уцеха была!

Ну, царыца, устаўшы, стала цару дакладаць, што так і так: ува сне відзела, што ежалі б вы гэты сад выкапалі, вымякчылі, узаралі да пасеялі пшаніцы, вот ба зарадзілась: залаты колас, сярэбраны колас, залатое зярно, сярэбранае зярно. Ну, у цара салдатаў ня нет: сабраў страявых, радавых, атстаноўных. Ну, і выцерабілі, вымякчылі, вытраілі. Людзі сеюць пшаніцу, вот і цар пасеяў пшаніцы; людская толькі ўсхаджуець, а царская ўжо краску скідаець. Калі стала высыпаць — залаты колас, сярэбраны колас. Калі стала наліваць — залатое зярно, сярэбранае зярно. Так цар любуецца, уцяшаецца, што чышчы не нада. Часавыя стаяць кругом, берагуць. Але ўнадзіўся вор у пшаніцу — што ноч пярэйдзець, то ці паквултавата2, то павыразана, ці паквултавата, ці павыразана. От гэта цару было ўжо дасадна. Ён тады давай загукваць ахвотнічкаў-салдатаў:

— Хто б гэта,— гавора,— убярог, што б угодна, наградзіў бы тады!

Ён тады стаў салдатаў загукваць:

— Ці не можна, каб хто ўлавіў яго, нагараджу чым толькі пажалаеш?

Вот адзін адгукнуўся, гаворыць:

— Я ўберагу!

Вот былі ігрушы ска**чываныя3, як церабілі, дуплінаватыя; от ён улез у дуплё і лёг там. Толькі пад поўнач шу-сь! прылятаець. Спусціўся. Давай ножычкам рэзаць да ў пучкі вязаць, давай ножычкам рэзаць да ў пучкі вязаць, нарэзаў столькі, сколькі яму сіла падняць. Толькі ж ён набраў пад крылля, стаў узнімацца, а ён з дупля да за** бараду:

— Стой, дзедушка, не ўвыйшоў!

Ён крыкнуў на часавых — часавыя прыскачылі. А тут перад царскім вакном, і цар гэта пачуў, узрадаваўся, што шум гэтакі. Ён тады спрашуець:

— Хто ты там ёсць? — цар у яго.

А ён гаворыць, што я ёсць Медны Чудавішча. Ну, Медны не Медны Чудавішча — запёрлі яго на дванаццаць дзвярэй, на дванаццаць замкоў у склеп. Вот ён там сядзіць. Назаўтрага рассылаюць па царах, па каралях, па князях, каб з’язджаліся Меднага Чудавішча паглядзець. Вот яны паз’ехаліся — п’юць, гуляюць. А ў цара быў сынішка — мальчышка небальшы шчэ, малалетні. От ён ходзіць, верабейкаў страляець. І як даў прах той стрэлачцы заваліцца ў склеп туды. Ён хадзіў, хадзіў, шукаў, шукаў, але і плакаць стаў. От ён тады і спрашуець:

— Што ты, Іван Іванавіч, наськіх цароў царэвіч, што ты плачаш?

— Ах, дзедушка, я стрэлачку пацяраў!

— Іван Іванавіч, твая стрэлачка ў мяне!

— Дзядулечка, аддай ты мне яе!

— А вот, Іван Іванавіч, вазьмі адамкні дванаццаць дзвярэй і дванаццаць замкоў і выведзі мяне на вуліцу, тады я стрэлачку аддам!

— Як жа я цябе адамкну? Ключыкі ў маменькі ў кармане, і часавыя стаяць?

— А вот, Іван Іванавіч, ты ідзі к мамцы да па каленях пакаціся, скажы: «Галоўка мая баліць»,— дык яна цябе станець гладзіць, галубіць, скажыць: «Дзіцятухно маё, бегаеш, прастудзіўся!» А ты ціханька ключыкі з кармана вынь. А тады ў царскую палату зайдзі, царскую каруну на сябе надзень. Тады па двару ідзі, рукамі памахавай і ключмі пабразгавай. Часавыя расступяцца тады!

Ну, вот ён пабег к маменьцы і пачаў гаварыць:

— Маменька, галоўка мая баліць.

Яна стала яго гладзіць, галубіць. Ён тады ціханька ключыкі вышаваліў з кармана, у царскія палаты зайшоў, царскую каруну на сябе надзеў. Тады па двары ідзець, рукамі памахаваець, ключмі пабразгаваець, часавыя расступіліся. Ён тады адамкнуў адны дзверы, другія... дванаццатыя і адамкнуў замок адзін, другі і дванаццаты, і вывеў яго на вуліцу. От ён яму стрэлачку аддаў, папрашчаўся і пайшоў. Толькі сказаў:

— Ну, Іван Іванавіч! Пры злой гадзіне спамяні мяне, я табе знадаблюся!

От яны пілі-пілі, гулялі-гулялі і паслалі Меднага Чудавішча каб прывесць. Тут кажуць:

— Яго нет.

— Как нет?

— Ваш жа сын яго выпусціў!

— Как выпусціў?

Тут січас часавым галовы на калодку, па[а]дсякаў. Так цару гэта абідна, усё адно як абман які. І хацеў сыну галаву адсеч. Тут цары, князі, каралі сталі цара адгаварваць:

— Як гэта можна, каб царскае калена ністожыць? А ежалі ён здзелаў такі праступак, вазьміце яго прагоньце ў белы свет!

От ён яго ўзяў і з двара сагнаў. Ён выйшаў на вуліцу, плачыць, не знаець, бедненькі, куды йці. Ідзець салдат Іванька:

— Эх,— гаворыць,— Іван Іванавіч, што ты плачаш?

— Эх, Іванька, служывы! Як мне не плакаць, вот? Праганяюць мяне ў белы свет, а я не знаю, куды йці!

— Эй, Іван Іванавіч! Прасі мяне толькі, Іваньку, за слугавіна, а свет вялік, у свеце людзей многа!

От ён вярнуўся на двор, сеў пад вакном на каленечках — яшчэ госці не раз’язджаліся — як стаў плакаць, як стаў прасіць — аддаў яму бацька Іваньку за слугавіна. От ён яму адзежу надзеў харошую, царскую, абчапіў яго лентамі; ён папрашчаўся і пайшоў.

От яны ішлі, ішлі, захацелася ім піць.

— Эх,— гаворыць,— Іван,— на слугавіна,— піць дужа хочацца!

— А вот, Іван Іванавіч, я ў паходзе хадзіў — тут ёсць калодзеж, вельмі глубок дужа, толькі вада хароша і кубачак там плаваець. Вот мы ленту за ленту пасчапаем, каторага спусцім, той нап’ецца, другому падасць!

Так і ёсць: прахаджваюць — аж вада глубока і кубачак ёсць.

— Ну-ка, Іван-слугавін, дай-ка я цябе спушчу, сам нап'ешся і мне падасі!

А тэй гаворыць:

— Эх, Іван Іванавіч! Ты мяне туды спусціш, а адтуль не выцягнеш: я цяжол. А як ты маленькі, я цябе туды ўпушчу і адтуль выцягну!

Ён падумаў, падумаў — гэта й праўда. «А як я яго адтуль не выцягну, куды я адзін пайду тады?» Вот тады лента за ленту, лента за ленту пасчапаў і ўпусціў яго туды. От ён напіўся, царэвіч, пачарпнуў, яму падаў. Іван Іванавіч напіўся, тады гаворыць:

— Ну, Іван-слугавін, цягні мяне!

— Не, не пацягну!

— Адчаго ж ты мяне не пацягнеш?

— А так, штоб я быў Іван Іванавіч, наськіх цароў царэвіч, а ты штоб быў у мяне слугавін і каб аддаў ты мне сваю адзежу і каб ты мяне абчапаў сваімі лентамі!

От ён думаў, думаў, плакаць спрабаваў, але думаець: «Чым тут прападаць, луччы ж па свеце хадзіць, за слугавіна хоць!»

— Ну, Іванька, цягні мяне! Аддаю табе сваю адзежу, паабчапаю цябе лентамі: будзеш ты Іван Іванавіч, а я буду Іван-слугавін!

От ён яго выцягнуў. Ён адзежу здзеў, на Іваньку надзеў царскую адзежу, лентамі абчапаў, а сам надзеў яго шынялёк і шапачку-хуражачку. Й пайшлі. От!

Яны ішлі-ішлі, ішлі-ішлі і праслухалі, што ў некаторым царстве-гасударстве хочаць цар дачку аддаць за зяця, на цары каранаваць. От яны з царства да царства, з царства да царства, дапытыючы прыйшлі да царскага дварца. Уходзяць у царскі дварэц, тут, звесна, чалавека па адзежы ўзнаюць — тут яму ўкланяюцца, каля яго вітаюцца і давай у царскія палаты прасіць іх.

— Ваша вялічаства! Слугавіна майго запрыце куды-небудзь у баню і часавых пастаўце, а то ён вор, шчэ што-небудзь украдзець.

От яго, Івана Іванавіча, заперлі, а самі там п’юць, гуляюць. От ён, цар гэты, гаворыць:

— Ёсць у мяне тры кабыліцы-небыльніцы на стайні. Хто трое сутак спасець і звядзець, за таго дачку аддам, і каб пазараньшы дамоў прываджуваў!

А яны не кабыліцы, да змяйё. От ён гаворыць:

— Э, у мяне слугавін усё гэта здзелаець!

Вот і гукаець:

— Ванька-слугавін, падзі сюды!

Ён прыхаджуець:

— Здрастуйце!

— Здрастуй! Вот на табе паўхунціка хлеба, і ёсць на стайні тры кабыліцы-небыльніцы, каб ты іх звёў у западныя4 луга, каб напасвіў і пазараньшы дамоў прываджуваў!

От яму далі хлеба паўхунта, ён у стайню ўвайшоў, адну раз дзёрнуў пад калені, другую два і трэцюю тры. Як сеў, шоўкавыя павады ў рукі ўзяў, як паехаў па паднябессю! Прыехаў у западныя луга — ссядаць не ссядаў, злязаць не злязаў, толькі шаўкавыя павады ў руках асталіся: кабыліцы-небыльніцы нязвесна дзе падзеліся! Ён хадзіў-хадзіў, хлеба паўхунта з’еў і плакаць ужо спрабаваў — маркотна. Але здумаў:

— Э, за каго гэта я труждаюся? Гэта я за Медную Чудавішчу труждаюся!

О, ён і яўляецца!

— Здрастуй, Іван Іванавіч. Пайдзём жа ў мой дом, сям'і маёй, жаны мае, сыноў маіх, дачарэй маіх павідаем!

Прыхаджуюць, аж стаіць медзяны дом на тры ‘тажы, такі што а-я-яй. От яны ўходзяць у першую комнату — аж сядзіць жана.

— Жана мая намілейшая, укланісь Івану Іванавічу! Ён мяне з таго свету вызваліў!

Яна яму ўкланілася. Уходзяць у другую комнату — сядзіць дванаццаць дачарэй.

— Дачушкі мае намілейшыя, сакланіцесь Івану Іванавічу! Ён мяне з таго свету вызваліў!

Яны яму сакланіліся. Прыходзяць у трэцюю комнату — сядзяць дванаццаць сыноў.

— Сыны мае намілейшыя, сакланіцесь Івану Іванавічу! Ён мяне з таго свету вызваліў!

Яны сакланіліся.

— Ну,— гаворыць,— сыночкі мае! Ушасцёх ідзіце ў западныя луга кабыліц-небыльніц іскаць, ушасцёх ідзіце баню тапіць, нада Івана Іванавіча папарыць, малайцом наставіць!

От тыя пайшлі ў западныя луга, кабыліц-небыльніц іскаць, а гэтыя пайшлі баню тапіць. От многа-мала ўрэмя спусцёмшы, гэтыя прыходзяць, гавораць:

— Бацюшка, баня гатова!

От ён:

— Харашо,— гаворыць.

Узяў медзяную адзежу, медзяную шапку і павёў яго ў баню. Абмыў яго, абхоліў яго, з рукі на руку перамяняючы, і надзеў яму медзяную адзежу, медзяную шапку. Прыводжуець дамой, пасадзіў яго на крэсла і даў яму стакан піва выпіць, каторае п’ецца на раштвеньскі дзень. Ён як выпіў, сілён стаў. Як пойдзець па масту, і мост угінаецца. Вот і гэтыя прыхаджуюць ушасцёх:

— Бацюшка, кабыліцы-небыльніцы ёсць!

— А дзе ж яны былі?

— А дзе ж яны былі: забраліся ў лазу, у мярэчу5 ў такую, што насілу палавілі.

— Ну, харашо, што палавілі! Прывяжыце іх, пушчай на небе звёзды лічаць, не падохнуць!

От яны іх прывязалі. А тут пілі-пілі, гулялі-гулялі.

— Ну, Іван Іванавіч, урэмя і адпраўляцца! І я знаю, што табе ў бані там маркотна; на табе старшае дачкі салхвэтку: што ты патрэбуеш, то табе й будзець!

От ён сеў і паехаў. Як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, ён і на адной, і на другой, і на трэцяй, прыязджаець к дварцу. А яны на крылцы стаяць. Цар толькі плячмі ціснець, што адзежа харошая. А ён (Іванька) гаворыць:

— Во,— гаворыць,— я гаварыў — вор-машэннік, во якую адзежу ўвараваў!

— Да, да! І я віджу, што ўвараваў!

Ну, кабыліц-небыльніц зялезнымі прутамі дралі-дралі, дралі-дралі, у стайню заперлі і замкнулі: нашто лавіліся! А яго зноў у баню, і часавых паставілі. Толькі ў царскім дварцы спаць палягліся, ён січас за салхвэтку:

— Салхвэтка, салхвэтка, здзелай мне палацы луччы царскіх палат, і каб і сталы, каб і канапы, і стулля, і ўсё!

Так гэта ўсё і здзелалася. Тады гаворыць:

— Салхвэтка, салхвэтка, дай мне паўгарца спірту.

Так січас і ёсць. Ён тады крышку ўзяў, наліў, на двор вынес, па крысцы часавым даў, яны і пазаснулі: аружжы ў козлы, і спаць паляглі. Царэўна глядзела, глядзела ў вакно, што ў бані бляск дужа бальшы:

— Ах, мамушка-нянюшка! Пойдзем мы вулушкамі-правулушкамі праведаем, як там Іван-слугавін пражываець?

{пражываець?

}— А пойдзем сабе, панна-царэўна!

Вот яны прыхаджуюць туды, а ён на канапе ляжыць, нібыцца што спіць. Яна пахадзіла, пахадзіла, тут на стале напіткі стаяць, усё — аж выйсці адтуль не хочацца.

— Ах, мамушка-нянюшка! Як ба яго разбудзіць?

— Не знаю, панначка-царэўначка! Возьмем дзверы адчыняць, яны задрыжаць, дак ён ці не прачнецца?

Толькі яны ўзяліся за дзверы, яны задрыжалі — ён і прачнуўся:{прач-

нуўся:}

— Ах, ізвініце, панна-царэўна, што я задрамаў! Я ў бані, дык мне дасадна, маркотна, дак я...

— Да, да, Іванька-слугавін, і я віджу, табе тут дасадна!

Ну, селі піць-гуляць. От ён салхвэткай трэбаваў казакоў на кулачыкі і ўсякія камедыі. От і ёй салхвэтка ўпадабала.

— Эх, Іванька-слугавін, прадай ты мне гэту салхвэтку!

— Нет, панна-царэўна, прадаць яе я не магу. Падарыць падару, а прадаць не магу!

— Ды што ты мне будзеш дараваць? Я не нішчая: я купіць магу!

— Не, панна-царэўна, я прадаць не прадам!

От яны пілі-гулялі, і стала зараць ужо. Яна распрашчалася і пайшла дамой. Ён тады салхвэтку склаў, тады, як была баня, і стала баня. Часавых парастаўкаў, ружжы ім падаваў — яны зноў сцерагуць яго. От развіднела. Ізноў завуць яго ў царскія палацы.

— Іванька-слугавін! Падзі сюда!

Далі яму хлеба паўхунціка.

— Ідзі на стайню, бяры тры кабыліцы-небыльніцы, вядзі на запаведныя лугі пасвіць! І каб параньшы дамоў прываджуваў!

Ён увайшоў у стайню, адну раз дзёрнуў пад калені, другую два і трэцюю тры. Як сеў, шаўковыя павады ў рукі ўзяў — як паехаў па паднябессю! Прыехаў у запаведныя луга — ссядаць не ссядаў, злязаць не злязаў, толькі шаўкавыя павады ў руках асталіся, кабыліцы-небыльніцы нязвесна дзе падзеліся! Ён хадзіў, хадзіў, хлеба паўхунціка з’еў і плакаць ужо спрабаваў — маркотна. Але здумаў: «Э, за каго гэта я труждаюся? Гэта я за Медную Чудавішчу труждаюся!»

Вот Медная Чудавішча яўляецца.

— Здрастуй, Іван Іванавіч! Пойдзем жа ў дом ка мне, баню вытапім, папарым, малайцом цябе наставім!

Прыходзяць — аж стаіць сярэбраны дом на тры ’тажы, такі, што аж ззяець. От ён тады гаворыць:

— Ну, сыночкі мае! Ідзіце ўдзевяцёх шукаць кабыліц-небыльніц, а ўтрох ідзіце баню тапіць!

От тыя пайшлі туда, тыя пайшлі туда. Многа-мала ўрэмя спусцёмшы, гэтыя ўтрох прыходзяць:

— Бацюшка, баня гатова!

— Ну, харашо!

Узяў сярэбраную адзежу, сярэбраную шапку, павёў яго ў баню: абмыў яго, абхоліў яго, з рукі на руку перамяняючы, і надзеў на яго сярэбраную адзежу, сярэбраную шапку. От пасадзіў яго на стул і даў выпіць стакан піва, каторае п'ецца на васкрэсны дзень на вялікі. Ён як выпіў, пасільнеў яшчэ. Як пойдзець па масту — мост угінаецца, як сядзець на крэсла — крэсла гнецца. От мала-многа ўрэмя спусцёмшы, гэтыя прыходжуюць.

— А што, ёсць кабыліцы-небыльніцы?

— Ёсць, бацюшка!

— А дзе ж яны былі?

{был'і?

}— Да дзе ж яны былі: забраліся ў сіня мора пад камень, насілу палавілі.

— Ну, харашо, што палавілі, прывяжыце іх, пушчай на небе звёзды лічаць, не падохнуць.

От яны пілі-пілі, гулялі-гулялі.

— Ну, Іван Іванавіч, урэмя адпраўляцца!

От ён сеў і паехаў. Ехаў, ехаў на первай, на другой і на трэцяй — везці яго не хочуць, цяжол — дарма што змяйё. А яны на крылцы стаяць, плячмі ціснуць, што гэтакая адзежа ў яго, пачышчы тыя, адным словам сярэбраная.

— Во, не казаў я вам, што вор-машэннік! Во якую [а]дзежу, яшчэ пачышчы ўвараваў!

— Да, да,— гаворыць,— і я віджу!

А царэўна, дык яна і вачмі праймаець. Вот тады кабыліц-небыльніц зялезнымі пруццямі дралі-дралі, дралі-дралі, у стайню заперлі і замкнулі. А яго зноў у баню адправілі і стражу паставілі.

Толькі ў царскім дварэ спаць паўлягліся, ён гаворыць:

— Салхвэтка, салхвэтка, падай мне палаты, луччы царскіх палат! Падай мне сталы, крэслы, канапы!

Яна січас! Тады гаворыць:

— Салхвэтка, падай мне паўгарца спірту!

Яна падала. Ён крышку ўзяў, на двор вынес, па крысцы ім (часавым) даў. Яны ружжы ў козлы і спаць паляглі. Во царэўна глядзела, глядзела ў вакно, што ў бані бляск дужа бальшы:

— Ах, мамушка-нянюшка, пойдзем мы вулушкамі-правулушкамі, праведаем, як там Іванька-слугавін пражываець?

— А пойдзем сабе, панна-царэўна!

От яны як ішлі, так прама туды. І ён не спіць:

— Здрастуй, здрастуй табе, Іванька-слугавін!

— Здрастуй, панна-царэўначка! Ах, як мне ў бані маркотна!

— Да, да, і я віджу, што табе маркотна тут!

— Ах, панна-царэўна, калі вы абвянчаецесь, хоць бы мяне з бані вызвалілі!

— Слухай, Іван-слугавін, не гавары ты мне гэтага! Я на таго мярзаўца сматрэць не хачу, я б луччы з табой абвянчалася!

— Э, панна-царэўна, што вам тое гаварыць, чаму не быць. Дзе вам за простага мужыка выходзіць!

Ну, толькі яны там пілі-пілі, гулялі-гулялі, і віна трэбаваў у салхвэткі, і казакоў на кулачыкі, і ўсяго — усё гэта ёсць. Упадабала ёй салхвэтка, што не растрацца!

— Прадай да й прадай, Іванька-слугавін!

— Не, панна-царэўна, прадаць я не магу! Падараваць падарую, а прадаць не магу!

— Да з якім гэта намярэннем ты падаруеш?

— А вот, панна-царэўначка, каб з вамі ноч начаваць!

— Ну, харашо! Толькі каб з ярымі свячамі, з вострымі мячамі!

Ну, ён аддаў:

— Харашо!

Січас як аддаў, як была баня, так і стала баня.

Стала віднець, ён часавых растуркаў, ружжы ў рукі падаваў, ізноў сцерагуць. Даў бог дзянёк, гукаюць яго зноў весці кабыліц-небыльніц у запа**дныя лугі пасвіць. І каб пазараньшы дамоў прыводжуваў!

От яму далі хлеба паўхунта, ён у стайню ўвайшоў, адну раз дзёрнуў пад калені, другую два і трэцюю тры. Як сеў, шоўкавыя павады ў рукі ўзяў — як паехаў па паднябессю! Прыехаў у западныя луга — ссядаць не ссядаў, злязаць не злязаў, толькі шаўкавы**я павады ў руках асталіся! Кабыліцы-небыльніцы нязвесна дзе падзеліся! Ён хадзіў, хадзіў, хлеба паўхунта з'еў і плакаць ужо спрабаваў — маркотна. Але здумаў: «Э, за каго гэта я труждаюся? Гэта я за Медную Чудавішчу труждаюся!»

Ён і яўляецца:

— Здрастуй, Іван Іванавіч! Пойдзем жа ў мой дом, пабываем, баню вытапім, малайцом цябе наставім!

Прыходзяць — аж стаіць дом залаты на тры тажы, што проста ззяець, як сонца!

— Ну, сыночкі мае! Ідзіце ўсе дванаццаць ў западныя лугі кабыліц-небыльніц шукаць; а вы, дачушкі, ідзіце ўсе дванаццаць баню тапіць!

Вот тыя пайшлі туда, тыя пайшлі туда. Многа-мала ўрэмя спусцёмшы, дочкі прыходжуюць:

— Бацюшка, баня гатова!

— Ну, харашо!

От узяў залатую адзежу, залатую шапку, павёў яго ў баню, абмыў яго, абхоліў, з рукі на руку перамяняючы, і надзеў залатую адзежу. Проста ён як сонца стаў. Прывёў ён яго дамоў, пасадзіў на стул:

— Што, Іванька, ці чуствуеш ты сілу ў сабе?

— Да як, дзедушка, не чуствую: калі б хто паставіў слуп, у землю канец і ў неба канец, і ўбіў калцо ў слуп, увесь бы свет абараціў.

Падумаў ён, падумаў: «Многа сілы яму даў!» Даў яму стакан віна, што на Юр'еўскі дзень п’ецца, вясною: у яго сілы адбыло:

— Будзець з цябе і гэтыя сілы!

Многа-мала ўрэмя спусцёмшы, сыны прыхаджуюць.

— А што, ёсць кабыліцы-небыльніцы?

— Ёсць,— гавораць,— бацюшка!

— А дзе ж яны былі?

— Да дзе ж яны былі: забраліся на неба за балакі, да насілу палавілі!

— Ну, прывяжыце іх, няхай на небе звёзды лічуць, не падохнуць!

От яны пілі-пілі, гулялі-гулялі.

— Ну, Іван Іванавіч, урэмя адпраўляцца! Прашчайся з маёй жаной, і з сынамі, і з дачарамі, а з табой мы шчэ ўвідзімся!

От ён папрашчаўся, сеў і паехаў. Ён і на [а]дной, і на втарой, і на трэцяй — не вязуць! От ён павады на плечы ўсклаў, іх і цягнець. Цар, царыца на крылцы стаяць, плячмі ціснуць, дзівяцца, што гэтакая залатая адзежа і кабыліцы яго не вязуць, а ён іх цягнець, павады на плечы ўсклаўшы. От як толькі кабыліцы-небыльніцы на двор, галовы на калодку і па[а]дсякалі і за плот пазакідалі: нашто лавіліся? А яго ў баню і часавых паставілі.

Вот у царскім дварэ толькі спаць паўлягліся, от ён гаворыць:

— Ах, рабяты-часавыя, пусціце мяне прахадзіцца вулушкамі-перавулушкамі!

— А можна, можна, Іван-слугавін! Разве ты нас не ўгасціў, ці што? Мы табой давольны!

От ён як ішоў, так прама і к царэўне. От яны пілі-гулялі, з салхвэткі трэбавалі і напіткаў, камедый разных, і ўсё. І свечы ярыя гараць, і войстрыя мячы стаяць. Ну але ўрэмя ўжо і аддыхаць. Як толькі класцісь, дык яна січас:

— Мамушка-нянюшка! Патушыце свечы васковыя і палажыце мечы войстрыя!

Вот тут ён рассярдзіўся, як шархнець за дзверы, як трахнець дзвярмі, дык і вокны, і дзверы — усё павысыпалась!

— Ах, мамушка-нянюшка, за што ён на мяне рассярдзіўся? Ці я яму прыкра што сказала?

— Не знаю, панна-царэўна, можа за гэта, што вы абяшчалі пераспаць з свячамі ярымі, з мячамі войстрымі, а цяпер вы вялелі патушыць свечы васковыя і палажыць мячы войстрыя. Дык можа за гэта...

Ну, толькі ў царскім дварцэ сталяроў-маляроў ня нет. Яна за ноч усё гэта наладзіла, каб бацька не знаў. А ён сам у баню і аддыхаець.

Даў бог дзянёк, цар тэй каець на гэтага салдата:

— Вот,— каець,— ідзець непрыяцель на трое сутак, і хто гэтага непрыяцеля зваюець, за таго сваю дачку аддам і царства перадам!

Вот ён ідзець, непрыяцель, аж зямелюшка калоціцца! Вот салдат выйшаў, пайшоў ваявацца. І ён выйшаў з бані. Гаворыць:

— Ах,— гаворыць,— каб мне Медная Чудавішча сюды! Паваяваўся б я кругом гэтага войска!

Ён і яўляецца:

— Здрастуй,— гаворыць,— Іван Іванавіч!

— Здрастуй!

— Вот, прывёў я табе каня-варанца — сярэдняга братца свайго, і меч-кладзянец, і раменную плець, і медзяную адзежу! Едзь,— гаворыць,— ты сілней за яго, і лошадзь твая сілней за яго — ты яго зваюеш!

Ён як пайшоў, пайшоў, на дарозе гэтага дагнаў — шчэ ён ідзець ваявацца,— пляцей з дзесятак яму даў — ён не знаець хто. Як прыехаў туды — каму руку, каму нагу, з’ехаўся з старшым, як шархнуў, так галава і пакацілася. Вот назад прыехаў к бані, адзежу здзеў, к сядлу прывязаў:

— Ступай, кося, гуляй да сілку сабірай! Калі мне нада будзеш, тады ка мне прыбудзеш!

Сам як лёг спаць на трое сутак. Як толькі ноч, так царэўна ідзець к яму, пілнуець; як зорачка, дамойідзець — і бацька гэтага не знаець. От, на чацвёртыя суткі непрыяцель пасілнейшы ідзець, аж зямелюшка трасецца. От гэты пайшоў ваявацца, а Іван Іванавіч гаворыць:

— Эх, каб мне Медная Чудавішча сюды!

Ён і яўляецца:

— Здрастуй, Іван Іванавіч! Вот жа прывёў я табе каня-варанца, большага братца свайго, сярэбраную адзежу, меч-кладзянец і раменную плець. Едзь,— гаворыць,— ты сілней за яго і лошадзь твая сілнейшая, ты яго зваюеш!

Ён сеў і паехаў. Нагнаў гэтага ўзноў на дарозе — ён ідзець ваявацца, дык ён яму пляцей з дзесятак ускінуў! Цяпер туды прыехаў — каму руку, каму нагу; як з’ехаўся з старшым, як шархнуў, так галава і пакацілася! А сам тады брадучай стапой к бані прыехаў, адзежу здзеў, к сядлу прывязаў:

— Ступай, кося, гуляй, сілку сабірай!

Як лёг спаць, на шэсцера сутак. Як толькі ноч, царэўна прыходзіць, яго пілнуець, начуець, а як зорачка — дамой ідзець.

І бацька гэтага не знаець. Вот на сядзьмыя суткі пасілнейшы ідзець непрыяцель: уся зямелюшка трасецца і калышыцца. Гэты зноў салдат выйшаў ваявацца. Ён жа выйшаў з бані:

— Ах, як я малады, каб мне конь вараны! Пакрасаваўся б, пакрасаваўся б каля гэтага войска!

Вот Медная Чудавішча і яўляецца:

— Здрастуй, Іван Іванавіч! Вот прывёў табе каня-варанца дзядоўскага, што век нікуды не трывожан яшчэ, і залатую шапку, і залатую адзежу, і меч-кладзянец, і раменную плець. Лошадзь гэта твая сілней яго лошадзі, ну ён сілней цябе. І я знаю, што ў цябе тыя салхвэткі нету, на табе меншае дачкі салхвэтку. І ежалі ён цябе ўпярод раніць, хапай як можна салхвэтку і крычы: «Салхвэтка, салхвэтка! Падай мне дванаццаць багатыроў!» Так яны як явяцца на тым месце і разарвуць яго. Цяпер папрашчаемся, больш мы з вамі не ўвідзімся!

От ён як сеў і паехаў ваявацца. Дагнаў зноў на дарозе гэтага — ідзець ваявацца. От ён яму пляцей дзесятак ускінуў, прыехаў туды — каму руку, каму нагу адламіў, як з’ехаўся з старшым, старшы яго як шархнуў — з сядла вон выбіў. Тады ён гаворыць:

— Салхвэтка, салхвэтка! Падай мне дванаццаць багатыроў!

Як выскачылі, як хапілі, на тым месцы разбілі на мелкія часці!

От ён тады сеў ужо, брадучай стапой едзець, і кроў з пляча плывець. Цар, царыца на крылцы стаяць і кланяюцца і просяць міласці, каб хоць на двор заехаў, рану ўвярцець:

— Хто за наша царства сваю гарачую кроў разліваець?

От ён на двор заехаў. Цар у дачкі хустку зняў з галавы, папалам разадраў, адной палавінай яму рану завязаў, а другую палавіну дачцэ аддаў. Цяпер персцень у дачкі ўзяў ды яму аддаў, на руку надзеў. Ён тады марш і паехаў.

Прыехаў к бані, адзежу здзеў, к сядлу прывязаў.

— Ідзі, кося, гуляй, сілку сабірай, а як нада будзеш, ка мне прыбудзеш.

А сам як лёг спаць на дванаццаць сутак. Тады царэўна пайшла паглядзець, аж і персцень яе і салхвэтка. Тады прыйшла і бацьку далажыла.

— Так і так: мой персцень у гэтага Івана-слугавіна і мая хустка, рана ўверчана!

Цяпер бацька пайшоў, цар, паверыў. Пазволіў тады ёй сядзець там пілнаваць і дзень і ноч, пакудава ён і праспаўся.

Як жа ён праспаўся, тады царскую карэту запраглі, к бані пад’ехалі ды яго ў карэту ўзялі, ды ў царскія палацы прывязлі, за стол за цясовы пасадзілі. Такжа і царэўну поплеч з ім пасадзілі, а з-за стала ў цэркву пайшлі і абвянчаліся і свадзьбу згулялі. А гэтага машэнніка на поле вывелі да расстралялі. Цар яму перадаў усё царства.

І я там быў, мёд-віно піў. Далі мне пірог — я за парог, далі мне хлеба крайчык, дык я пад вароты, як зайчык, марш і пайшоў.

1 Мяністы – славуты, выдатны.

2 Паквултавата – скажонае ад гвалтаваць – зламаць, стаптаць.

3 Скачываныя – відаць, скалечаныя.

4 Западныя – нізкія.

5 Мярэча — непралазнае балота, зараснік.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 342-354
Крыніца: скан