epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Медзяны воўк

Жыў сабе дзед ды баба. Было ў іх двое дзяцей — сын і дачка. Сына звалі Іванька, а дачку Мар'я. Вот прыбег і к ім воўк медзяны і з'еў дзеда й бабу. А сам астаўся з дзяцьмі. Вот ён улезець у люльку ды й кажаць на дзяцей:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Тыя дзеці і пачнуць яго калыхаць. Калышуць, калышуць, пакуль ён заснець, тады выйдуць на вуліцу, сядуць на завалінку і плачуць. Вот раз сядзяць яны і плачуць. Аж ідзець заяц:

— Чаго вы плачаце?

Яны гавораць:

— Як жа нам не плакаць? Былі ў нас бацька і матка. Прыбег медзяны воўк, з'еў бацьку й матку, а нам сказаў, каб мы яго калыхалі...

Тады заяц гаворыць:

— Я вас ад гэтыя бяды збаўлю: садзіцеся на мяне, я вас павязу!

— Не, медзяны воўк і цябе заб'ець і нас адбярэць!

— Не бойцеся, садзіцесь!

Мар'я палядзела воўку ў вочы, аж ён спіць. Тады яны селі на зайца і паехалі. Ехалі, ехалі, ці доўга, ці мала, а медзяны воўк прачхнуўся ды крычыць:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць.

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць. Ён тады ўскочыў і пабег за імі. Дагнаў іх, зайца раздзёр і Іваньку і Мар'ю хацеў забіць. Але яны так-сяк адпрасіліся, і ён узяў панёс іх дамоў. Вот улез медзяны воўк у люльку:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Яны сталі калыхаць. Закалыхаўшы, выйшлі на вуліцу, селі на завалінку і плачуць. Ажны ідзець воўк:

— Чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць? Былі ў нас бацька і матка; прыбег медзяны воўк, бацьку й матку з'еў, а нам сказаў, каб мы яго калыхалі!

— Садзіцеся на мяне, я вас ад гэтыя бяды спасу!

— Не, не спасеш: заяц уцякаў — не ўцёк, і цябе медзяны воўк дагоніць і заб'ець і нас адбярэць!

— Садзіцеся, не бойцесь!

Яны здалісь; селі і паехалі. Ехалі, ехалі, ці доўга, ці мала, а тым часам прачхнуўся медзяны воўк:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць.

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць. Ён ускочыў і пабег за імі. Дагнаў іх, воўка раздзёр, хацеў і дзяцей забіць, але яны так-сяк упрасілі яго, і ён прынёс іх дамоў. Узлез узнова медзяны воўк у люльку:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Яны сталі калыхаць. Калыхалі, калыхалі і закалыхалі. Тады выйшлі на вуліцу, селі на завалінку, сядзяць і плачуць. Ідзець мядзведзь:

— Чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць? Былі ў нас бацька і матка; прыбег медзяны воўк, бацьку й матку з'еў, а нам вялеў калыхаць яго.

— Ну, садзіцеся на мяне, я вас ад гэтыя бяды збаўлю!

— Не, не збавіш. Заяц не ўцёк ад яго, воўк не ўцёк, і цябе ён дагоніць і заб'ець.

— Садзіцесь, не бойцеся: я сілней за яго!

Мар'я з Іванькам паслухалі, селі на мядзведзя і паехалі. Ехалі, ехалі, ці доўга, ці мала, а медзяны воўк прачхнуўся ды й крычыць:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць.

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць. Ён выскачыў, пабег за імі. Дагнаў іх, мядзведзя раздзёр, а яны ўзнова адпрасіліся:

— Мы самі не хацелі ўцякаць, але ён нас прымусіў!

Прынёс ён іх дамоў і вялеў, каб яго калыхалі. Закалыхалі яны яго, выйшлі на вуліцу, селі на завалінку і плачуць. Ажны прыляцелі к ім гусі:

— Чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць? Былі ў нас бацька і матка; прыбег медзяны воўк, бацьку й матку з'еў, а нам сказаў, каб яго калыхалі!

Тады гусі сказалі:

— Садзіцеся на нас, мы вас унясём ад медзянога воўка!

— Не, не ўнесяцё: заяц ад яго не ўцёк, воўк не ўцёк, мядзведзь не ўцёк. І вас ён дагоніць і заб'ець!

— Не бойцесь. Як ён дагоніць, калі мы ляцець будзем!

Здалісь яны, селі і паляцелі. Ляцелі, ляцелі, ці доўга, ці мала, ды паселі аддыхаць. А медзяны воўк прачхнуўся:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць.

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць. Ён ускочыў і пабег даганяць. Дагнаў іх, гусей пабіў, хацеў і Йваньку з Мар'яй забіць, але яны ўпрасілі:

— Мы самі не хацелі ўцякаць, але нас к гэтаму прымусілі гусі!

Ён узяў і прынёс іх дамоў. Улез узнова медзяны воўк у люльку:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Яны сталі яго калыхаць. Калыхалі, калыхалі, воўк заснуў. Тады яны выйшлі на вуліцу, селі на завалінку, сядзяць і плачуць. Ажны ідзець лось:

— Чаго вы плачаце?

— Як жа нам не плакаць? Медзяны воўк з'еў бацьку і матку, а нам сказаў, каб мы яго калыхалі!

Тады лось кажаць:

— Я вас ад бяды спасу, садзіцеся на мяне!

— Не, не спасеш: воўк, прачхнуўшыся, дагоніць цябе і заб'ець.

— Не, не дагоніць, толькі ты, малец, вазьмі шчотку, а ты, дзеўка, грабло!

Здалісь яны, селі і паехалі. Лось як скаканець — вярсту ўедзець, як скаканець — вярсту ўедзець. А медзяны воўк прачхнуўся:

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць.

— Трох-трох! Калышыце мяне!

Не чуць. Ён тады ўскочыў і пабег даганяць. А тым часам прыехалі яны к гарэ, к такей высокай, што і птушка не пераляціць. Прылёг лось на зямлю і слухаець, ці бяжыць медзяны воўк. Чуець — бяжыць. Ён тады дмухнуў ноздрамі — і гара расступілася. Яны і пераехалі. Тады лось узноў дмухнуў на гару: то была яна высокая, а то яшчэ удвая павышала. Паехалі яны дальшы. Ехалі, ехалі, ці доўга, ці мала — узноў лось прылёг на зямлю і слухаець.

— Ну,— кажаць,— пракапаў ён гару і бяжыць за намі. Кідай, дзеўка, грабло!

Кінула яна грабло — і здзелаўся непрахадзімы лес, такая пушча, што й мышына не пралезець. Паехалі яны далі. Ехалі, ехалі, лось узнова прылёг к зямлі і слухаець.

— Паследнюю дзеравіну перагрызаець! Кідай, малец, шчотку!

Малец кінуў шчотку — узніклі сцены, равы, рэчкі. Паехалі яны далі. Ехалі, ехалі —прыехалі к вазяру. Лось даў тады мальцу хустку і кажаць:

— Махні хусткай на вазяро!

Ён махнуў тры разы на вазяро — і здзелалась суха. Яны і перайшлі на тэй бок.

— Махні ўзнова хусткай на вазяро!

Ён махнуў тры разы — і здзелалась вазяро. Воўк стаў плыць па вазяру, уплыў у палавіну і астаўся на купіне. А лось завёз дзяцей у такі пакой, што ні ўздумаць, ні ўзгадаць, ні ў казцы сказаць. І сталі яны там жыць. Лось тады сказаў, каб яны яго спалілі. Яны доўга не хацелі паліць, але-ткі мусілі спаліць. Брат усё хадзіў на ахвоту, а дзеўка сядзела дома. Раз прыйшла яна на вазяро мыць ложкі. І воўк яе пазнаў, і скінуўся дужа ладным мальцам, і гаворыць:

— Ты, дзявіца, у мяне ўлюбілася?

А йна кажаць:

— Улюбілася!

— Ну, калі ж ты ў мяне ўлюбілася, дык пусці ка мне чашку!

Яна ўзяла і пусціла і к яму чашку. Ён сеў у тую чашку і прыплыў к ёй.

— Ага, вот калі я цябе з'ем!

Дзеўка спужалася.

— Ну, мы з табою ажэнімся. Ды ўсё-ткі, калі ты будзеш жалець брата, дык я цябе з'ем, а калі не будзеш жалець, дык не буду!

Яна кажаць:

— Не, не буду жалець!

— Ну, трэба ж яго згубіць!

— Як жа мне яго згубіць!

— А во як: ты вазьмі ды прыстаўся хворай! Як ён прыдзець з ахвоты, ты скажы, што табе людзі раілі, каб пользавацца ліссім малаком. І папрасі яго прынесці гэтага малака. Ён як пабяжыць за лісіцай, дык і розум пацяраець.

Прыйшоў брат, а Мар'я гаворыць:

— Во што, мой браток: я захварэла, і мне людзі нараілі, каб я выпіла ліссяга малака. Знайдзі ты лісіцу і дай мне яе малака!

Брат, не доўга думая, узяў ружжо на плечы і пайшоў у лес. Толькі ён ідзець, аж бяжыць лісіца з лісянятамі. Іванька злажыўся ў яе, а яна кажаць:

— Не бі мяне, Іванька, што хочаш, тое дам!

— Дай толькі мне малака!

— І малака свайго дам, і дзіця свайго дам, Іванька,— ён табе нада будзець!

Дала яму малака і дзяцёнка і сама пабегла. Тады Іванька пайшоў дамоў з лісянёнкам, і тэй лісянёнак жыў не па гадах, ды па часах. Прыйшоў ён дамоў, аддаў сястрэ малако, а сам некуды адвярнуўся. Яна тады і выліла гэта малако пад караваць. Калі ўзнаў пра гэта медзяны воўк, што Іванька прынёс ліссяга малака, дужа ніздзівіўся і сказаў Мар'і, каб яна вялела брату прынесці ёй ваўчынага:

— Цяпер коляды. Ён як пойдзець у лес — і нападзець на стада ваўкоў, там яму і канец будзець.

Брат меў ісці на ахвоту, а сястра яму кажаць:

— Людзі нараілі мне піць воўча малако!

Ну, брат узяў ружжо на плечы і пайшоў у лес. Толькі ён ідзець лесам-балотам, аж ідзець ваўчыца з двумя ваўчонкамі. Іванька злажыўся ў яе страляць, а яна гаворыць:

— Не бі мяне, Іванька,— што хочаш, тое дам!

— Дай мне свайго малака!

— І малака дам, і дзіця свайго дам, Іванька,— ён табе нада будзець!

Узяў Іванька малака і ваўчанёнка і пайшоў дамоў. Ваўчанёнак тэй рос не па днях, ды па часах. Прыйшоўшы дамоў, ён аддаў сястрэ малако, а яна яго выліла пад караваць. Медзяны воўк тады сказаў ёй, каб яна прасіла брата прынесці мядзведжага малака. Сабраўся Іванька на ахвоту, а сястра і гаворыць:

— Нараілі мне людзі піць мядзведжа малако!

Брат заплакаў і пайшоў. Ідзець па лясу, па балоту, аж відзіць — ссуць мядзведзіху медзведзяняты. Стаў ён меціцца ў яе, а яна гаворыць:

— Не бі мяне, што хочаш, тое дам!

— Дай мне малака!

— Дам і малака, і медзведзянёнка — ён табе ў ліхую гадзіну надабен будзець!..

Узяў Іванька малака і медзведзянёнка і пайшоў у двор. Медзведзянёнак рос не па днях, ды па часах. Прыйшоў Іванька ў двор, аддаў сястрэ малако. А яна і гэта за бок заліла. Ну, і як толькі Іванька хадзіў на ахвоту, медзяны воўк вылезець із-пад печы і піруець з ёй; а як толькі прыходзіў з ахвоты, дык і схаваецца пад печ. Тады Іванька некуды адвярнуўся, а воўк кажаць сястрэ:

— Ён, мусіць, дужа сілны! Няхай-тку ён прынясець табе ільвінага малака!

Сястра і кажаць Іваньку:

— Мне людзі раілі піць ільвінае малако. Каб ты прынёс?

Ён заплакаў:

— Божа мой, божа мой! Ідзе я табе яго дастану!

Ды ўзяў ружжо і пайшоў. Ішоў, ішоў па лясу, па балоту і найшоў ільвінае гняздо з ільвянятамі. Ён узяў малака і аднаго ільвянёнка і пайшоў дамоў. Сястра і гэта малако выліла за вакно. Медзяны воўк дужа здзівіўся, што Іванька выйшаў цэлы ад ільвоў, і сказаў Мар'і, каб яна паслала Іваньку ў тэй пруд, ідзе мука сама мелецца, пірагі самі пякуцца і самі ў горадзе прадаюцца:

— Ён, мусіць, адтуль ужо не выйдзець, бо там нікога няма, [а]крамя нячыстыя сілы. Няхай-тку ён табе з таго пруду прынясець з-пад бальшога каменя пылку!

Пайшла сястра к Іваньку і кажаць:

— Нараілі мне людзі патрабляць такі і такі пылок. Схадзі, браток, прынясі!

Ён заплакаў:

— Божа мой, божа мой, ідзе я табе яго дастану?

Але-ткі ўзяў з сабой усіх звяроў: лісіцу, ваўка, мядзведзя, ільва і пайшоў к тому пруду. Відзіць — у прудзе дванаццаць дзвярэй. Упусціў ён упярод сваіх звяроў, а сам яшчэ не ўспеў увайсці ў пруд, аж дзверы і замкнуліся! Але лісіца — ведама, хітрая звярушка — прыбегла ціханька к бальшому каменю і ўзяла трошку пылку ды падбегла к шчэлцы і чэраз шчэлку падала гэты пылок Іваньку. Завярнуў Іванька пылок у паперку і панёс дамоў. Сястра ўзяла пылок і пайшла к медзяному воўку. Тэй, як узнаў, што звяры Іванькавы асталісь у прудзе, дык троху ўзрадаваўся, бо знаў, што без звяроў яго падыйці можна. Ён сказаў Мар'і:

— Трэба паспробаваць яго сілу. Увярці яго ў палатно, а калі ён гэта палатно разарвець, тады ўвярці яго шоўкам. І калі ён шоўку не разарвець, тады пазаві мяне!

Мар'я пайшла і к брату ды кажаць:

— Вот, мой браточак: мне людзі казалі, што ты дужа сілны. Хацела б я паспробаваць твае сілы?

— Адчаго, можна!

Тады яна завярцела яго ў палатно. А ён як рвануўся — так палатно ўсё і рассыпалася. Тады яна ўзяла і ўвярцела яго ў шоўк. Іванька рвануўся, але шоўку не разарваў, і шоўк уціснуўся ў яго косці. Тады Мар'я пазвала медзянога воўка. Тэй прыйшоў з шабляй і хацеў адсеч яму галаву. Але птушачка, што сядзела ў клетцы, спела Іваньку, каб ён прасіўся хоць на паўчаса, ля таго, што звяры яго ўжо прагрызлі дзверы. Іванька так-сяк адпрасіўся на паўчаса богу памаліцца. Паўчаса прайшло, а звяроў няма. Тады птушачка запела, каб Іванька прасіўся на паўмінуты, бо яго звяры ўжо бягуць. Так-сяк Іванька адпрасіўся яшчэ на паўмінуты. Прайшло і паўмінуты, а звяроў як няма, дык няма... Ужо воўк ідзець з шабляй, каб забіць Іваньку. А тут і птушачка пець перастала. Воўк і адрубіў Іваньку галаву... Толькі ён адрубіў галаву, а звяры і прыбеглі. Кінулісь яны на медзянога воўка і пачалі яго рваць і разарвалі на кускі. Тады леў сказаў мядзведзю, каб ён пілнаваў трупа Іванькавага, а воўку сказаў, каб ён дастаў сабе і мядзведзю есці, а сам з лісіцай пайшоў па ваду гаюшчую і жывушчую. Ішлі яны, ішлі, дужа доўга; аж прыйшлі к дубу, а на тым дубу сядзіць воран.

— Воран, воран! — кажаць леў.— Прынясі мне вады гаюшчыя і жывушчыя!

— А за што я табе маю прыносіць такея вады? Што ты мне здзелаеш, калі я не прынясу табе?

— А за сваю жыс[ц]ь! — кажаць леў.

Ды як патрос дубам, дык ворану і зляцець няможна: чуць у ім нутры не парваліся. Тады воран пабяшчаў прынесці вады гаюшчыя і жывушчыя:

— Толькі падвяжыце мне пад крылля дзве бутэлачкі, каб было ўва што вады ўзяць!

Леў падвязаў яму пад крылля бутэлкі. Воран і паляцеў. Ляцеў ён, ляцеў, дужа многа. Аж прылятаець к царскаму дварцу, дзе была вада гаюшчая і жывушчая. Кала тые вады і дзень і ноч стаяў салдат на часах. Лецючы, воран стаў стукаць бутэлачкамі. Падняў салдат галаву ўгору, відзіць — ляціць птушка і стукаець бутэлачкамі. Задзівіўся ён і пабег, сказаў цару і ўсяму двару царскаму. Усе выбеглі глядзець. Відзяць, што ляціць нейкая птушка і лецючы нечым стукаець і бразчыць. І сталі ўсе на яе глядзець. Тады воран стаў адлятаць далі. За ім пабеглі ўсе чыста. Адвёўшы іх за вярсту, воран скарэй вярнуўся, набраў у бутэлачкі вады гаюшчыя і жывушчыя і паляцеў к ільву. Леў узяў ад яго ваду і пайшоў з лісіцай дамоў. Прыйшоўшы, відзіць, што мядзведзь ссох, як шчэпка, а воўк разжырэў, як кормны парсюк. Тады леў пытаець:

— Чаго ты, мядзведзь, высах, як шчэпка?

— А воўк сам наядаўся, а мне толькі даваў голую костачку!

Тады леў кажаць:

— Ну, ты яго за гэта пасадзі на левую лапу, а правай пагладзь!

Мядзведзь узяў, пасадзіў воўка на левую лапу, а правай як паціснуў, то воўку й дух вон. Тады леў узяў вады гаюшчыя ды ўзліў на Іваньку — галава к трупу і прыстала. Тады ён уліў у рот вады жывушчыя — Іванька й аджыў.

— Ах, як я смашна заснуў!

— Да, добра заснуў: каб не мы, дык бы не ўстаў!

Выйшлі яны тады з гэтага дому: Іванька з сястрой, мядзведзь, леў і лісіца. Прайшоўшы нескульку вёрст, Іванька раздумаўся:

— Нашто я ўзяў з сабой сястру?

І ўзяў ды прывязаў яе к дзераву. А сам з звярамі пайшоў далі. Але, прайшоўшы троху, стала яму жалка сваёй роднай сястры. Паслаў ён мядзведзя:

— Ідзі, палядзі: ці смяецца яна, ці плачаць? Калі смяецца — там астаў, а калі плачаць — адвяжы і ка мне прывядзі!

Мядзведзь пайшоў і на дарозе дужа ўссердзіўся на Мар'ю, што чэраз яе ён высах, як шчэпка. Прыйшоў к ёй, ды ўзяў ды й забіў. Вярнуўшыся к Іваньку, кажаць:

— Смяецца, аж пена красная валіць з рота!

— Як гэта пена красная валіць з рота? — спытаўся Іванька.

— Ды я яе забіў! — кажаць мядзведзь.

Ну, пайшлі яны далі. Ішлі, ішлі, ішлі, ішлі — прыходзяць і к гораду. Прыйшоў Іванька к аднаму двару і ў хадзяіна спытаўся:

— Што ў вас тут чуць добрага?

— А, добрага нічога не чуць, а худое чуць,— кажаць хадзяін.— Вот у нашага цара ёс[ц]ь адна дачка, і тую Смок сказаў к сабе прывесці: хочаць яе з'есць!

Іванька, не думаўшы доўга, пайшоў на ўзмор'е. Там была малая хацёнка, куды мелі прывезці царэўну Смоку на з'ядзенне. Улез ён у хацёнку, відзіць — царэўна моліцца богу. Тады ён кажаць царэўне:

— Вот я засну. А як станець мора валнавацца, тады мяне ўзбудзі!

Лёг і заснуў. Толькі стала мора валнавацца, царэўна ўзбудзіла Іваньку. Ён узяў, дзверы на замок зачыніў. Аж прыходзіць Смок.

— Адчыняй! — крычыць.

— Не, не 'дчыню!

— Адчыняй!

— Не, не 'дчыню!

Тады Смок разламіў дзверы. Відзіць Іванька, што Смок дванаццацігаловы. І сталі яны біцца. Іванька збіў Смоку шэс[ц]ь галоў. Але тады Смок стаў яго змагаць.

— Стой! — крычыць Іванька.— Цары б'юцца і то аддыхаюць. А мы з табой што так не 'ддыхнем?

Сталі яны аддыхаць. Смок прынёс два бачонкі вады. Адзін — што ўбаўляець дванаццаць сіл — паставіў ля Іванькі, а другі — што прыбаўляець дванаццаць сіл — паставіў сабе. А царэўна ўсё гэта відзела. Вот як толькі Смок адвярнуўся, пайшоў за закускай — царэўна і перамяніла бачоначкі. Прыйшоў Смок і выпіў бяссілную ваду; прыйшоў Іванька і выпіў сілную ваду. У Смока дванаццаць сіл адбыло, а ў Іванькі прыбыло. Сталі яны біцца: Іванька збіў Смоку і паследніх шэсць галоў. Тады царэўна дала Іваньку пярсцёнак і хустачку. Іванька пайшоў к свайму хадзяіну. А з царскага двара цар выслаў слугу, каб ён змыў у хацёнцы кроў. Толькі ён прыходзіць, а царэўна жыва.

— Хто цябе збавіў?

— А збавіў мяне Іванька!

— Ну, дык вот: Смок цябе не забіў, то я цябе заб'ю, калі са мной не жэнішся і не скажаш, што я цябе збавіў ад смерці!

Царэўна дужа спужалася і сказала, што ўсё ля яго здзелаець, каб ён толькі яе не забіў. Прыйшоўшы ў дварэц свой, царэўна сказала бацьку, што яе збавіў ад Смока гэты слуга, якога ён пасылаў кроў з падлогі змыць. Тады цар адпісаў яму палавіну царства і стаў жаніць з ім сваю дачку.

Пачуў Іванька, што царэўна выходзіць за свайго слугу, што ён бытта збавіў яе ад Смока, і паслаў ён к царэўне лісіцу па піва. Царэўна ўвазнала лісіцу і прывязала ёй бутэлку з півам. Тады Іванька паслаў мядзведзя па віно. Царэўна яму прывязала бачонак віна. Іванька паслаў тады ільва за гарэлкай. Царэўна прывязала яму кухлю гарэлкі. Бацька царэўны пытаець:

— Што гэта значыцца?

А яна не прызнаецца. Ажны прыходзіць на вяселле Іванька. Царэўна як увідзела яго, так і кінулась к яму цалавацца.

— Во, татачка, тэй, хто збавіў мяне ад Смока, а не тэй, з кім я мела жаніцца!

Тады Іванька кажаць слузе, меўшаму быць мужыком царэўны:

— Якея ты маеш прыметы, што ты збавіў царэўну ад Смока?

Тэй мыкаўся, мыкаўся і так, і сяк — і нічога не сказаў. Паказаў тады яму Іванька пярсцёнак і хустку царэўны. Цар тойчас вялеў прывязаць слугу і к конскім хвастам. А Іванька з царэўнай ажаніліся і жылі дужа добра.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 148-157
Крыніца: скан