epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Мёртвая ведзьма і шавец

Ува 'днэй дзярэўні жыла ведзьма, баба. Як памерла йна, дак яе схавалі на царкоўі. Яна, памёршы, не давала збыту, кажную ноч дзелала порчу ў цэркві: вабразы паб'е, свечы пагрызе... Сколькі ні стаўлялі старажоў, усіх паесць і костачкі не пакіне. Бяда з бабай — ведзьмай. Яны сталі дакладаць начальству. Начальства паставіла калавурыць салдатаў, а ведзьма і тых паела. Сталі тады шукаць смельчака, каб тэй пераначаваў у цэркві. Ну й знайшлі ў шынку шаўца-п'яніцу; ён усім мужыкам дужа надаеў п'яны, от яны і сталі ўгавараваць яго іці ў цэркву калавурыць ноччы.

— А зачым,— кажа,— можна! Толькі дайце мне на ноч гарнец гарэлкі і гарнец маку, і плець зямца, і хрэст, і пеўня!

Ну, яму, звесна, усё гэта далі. Ён убіў баньку ў булаве, прывязаў плець, узяў з сабою свае начыння і пайшоў. Усцягнулі яго ў булаву. Ён паставіў перад сабой гарэлку: вып'е да й пяе. Сярод ночы прыходзе ведзьма і давай сваім парадкам:

— Ага, хто тут ё?

— Шавец-п'яніца!

— Ну, сяйчас і костачкі не стаўлю!

А шавец і не спужаўся: пяе да часценька гарэлку п'е. Ведзьма й закрычала:

— Старыя і малыя, ка мне на памогу!

Тут усе мертвяцы ідуць і дамавінкі з сабой нясуць, церамкі. Ведзьма завалала ім стаўляць дамавінкі і церамкі адзін на адзін і палезла па іх наверх. Толькі хацела ўзяць шаўца, а ён сыпель маку! Так усё і пабурылася, і ведзьма звалілась.

— Пагадзі ж,— каець.— Станавіце ўзноў!

І палезла. Толькі ўзяць шаўца, а ён яе па лбу хрэстам — яна й звалілася.

— Пагадзі ж, п'яніца дурны! Рабяты, узноў начынайце складуваць!

Тут усе мертвяцы ўзноў узялісь складуваць. Палезла ведзьма за ім, а ён пеўня краць! А певень кукарэку! Ведзьма ўпала і забілася, і мертвяцы памёрлі. Адзін шавец астаўся жыў; сядзіць на булаве, пяе да гарэлку п'е. Прыйшлі людзі, цэркву адпёрлі, аж там поўна цэрква мертвяцоў, і ведзьма ляжыць няжыва. Тады людзі знялі шаўца, пахавалі ўсіх мертвяцоў, ведзьму прабілі асінавым колікам і спалілі на асінавых дровах. Пасля таго ў цэркві ўсё змірылась. А шавец за гэта не ўзяў нічога.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 503-504
Крыніца: скан