epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Мёртвае цела

Жыў сабе так адзін купец. І быў ён жанат на другой жонцы. Ад первыя ў яго застаўся адзін сын, а з другой ён нажыў двух. От, ён прызывае гэтых сыноў, ад другія жонкі, і кажа:

— Бярыце два вазы тавару і едзьце на ярмалак!

Яны набралі да й паехалі. Тады прыходзе большы сын і гавора:

— Што ж, тат, тым сынам па возу тавару даў і на ярмалак паслаў, а я што ж! Можа б я шчэ болей за іх здзелаў, дарма што ты мяне за дурня счытаеш!

— Ну, калі ты разумны,— кажа бацька,— дак набяры тры вазы тавару і едзь на ярмалак, да толькі штоб тавар прадаў і грошы ўзяў, і штоб заміж трох шэсць вазоў тавару дамоў прывёз!

Ну, ён узяў, тры вазы тавару наклаў і пайшоў к бацьку прашчацца. Ну, бацьку яго жалка стала, ён яму гавора:

— Будзеш жа ты ехаць, і на дарозе будзе табе бальшы лес, дак як трапіцца табе ўвечары пад'ехаць к яму, дак начуй у полі, а ў лес не едзь проці ночы!

Ну, ён і паехаў. Едзе, едзе і бача — ляжыць на дарозе мёртвае цела. Ён сабе і думае: «Божа, божа! Хто яго возьме і пахавае, як свайго роднага? Вазьму-тка я яго да пахаваю!» Да ўзяў, на калёсы ўсклаў і паехаў. Ехаў, ехаў, даганяе братоў.

— Вот, братцы, ці бачылі вы мёртвае цела на дарозе?

— Не, не бачылі!

— А я ж,— кажа,— во ўзяў пахаваць!

От яны і кажуць:

— Ну, як із ім, з дураком, ехаць! Шчэ ў суд забяруць.

І звярнулі ад яго. Паехаў ён зноў адзін; заехаў у сяло, наняў папа пахаваць таго чалавека, адслужыў па ём абедню і пазваў на хаўтуры ўсё сяло. Ну, тады прыязджае ён у горад на ярмалак. Стаў шукаць ён сабе хлопчыка лі памогі. Наняў аднаго, пайшлі снедаць: стаў хлопец хлеб рэзаць і ўперад сабе адрэзаў, послі хазяіну. «Нехарошы жа, думае сабе, гэта хлопец, калі сабе хлеба рэжа ўперад за хазяіна!» Узяў і прагнаў яго. Наняў другога хлопца, і той так жа сама — і таго прагнаў. Сустракае тады трэцяга — маленькі хлопчык ідзе:

— Дзядзечка,— кажа,— наймі мяне!

— Не,— кажа,— ты шчэ мал, мне трэба большага!

— Дак нічога,— кажа,— я хоч мал, да болей за большага здзелаю!

Ну й наняў ён яго. Селі снедаць. От хлопец уперад хазяіну адрэзаў хлеба, а тады ўжэ сабе. Паснедаўшы, сталі яны тавар у балгані раскладаваць. Дак той тавар так скора раскладаецца, казаў ба жывы. От, сталі яны таргаваць. Чужыя ж балганы пустыя, а ў яго дак адбою няма ад людзей. Распродаў ён жыва свой тавар. Накупіў шэсць вазоў тавару ў двор і збіраецца ехаць. Гэты хлопчык і кажа:

— Дзядзечка, вазьмі,— кажа,— мяне з сабой!

— А добра, паедам!

Паклалі тавар на вазы, селі й паехалі. І пад'язджаюць увечары к тому самаму лесу. Хазяін гавора, штоб астацца на полі начаваць, а хлопец кажа:

— А не, дзядзечка, паедам у лес!

Ну, паехалі ў лес. Той, бач, здаўся. Адпраглі коней, пусцілі папасаваць. Тады хлопец выламаў дубок сабе і пайшоў у лес.

Ходзе па лясу да пасвістывае. Ішоў, ішоў і прыходзе к зямлянцы. У той зямлянкі сядзяць дзвенаццаць разбойнікаў, трынаццаты атаман. Вот атаман кажа:

— Выйду-ка я пагляджу па зве**здах, ці няма каго ў нашым лесе!

Прыходзе з двора:

— Е,— кажа,— у нашым лесе, на дарозе, два чалавечкі і з імі шэсць вазоў тавару. Ідзіце ўтрох іх убіце, а тавар суды!

Толькі тыя выйшлі з зямлянкі, а ён як шарахне іх дубком, так усіх і паклаў. Ждаў, ждаў атаман, пасылае шчэ траіх:

— Што яны там забарыліся.

Выйшлі тыя, ён і іх убіў. І так пабіў чыста ўсіх. Тады хлопчык пайшоў у зямлянку, пазнаходзіў там скрыні грошай і пайшоў зваць хазяіна. Ідзе да пасвістуе. А хазяін той залез пад воз да й калоціцца, думае, што ён на яго разбойнікаў прывёў. Прыходзе к яму:

— Хадзі,— гавора,— хазяін, золата браць!

А той баіцца з-пад воза вылязаць. Выцяг ён яго адтуль і павёў у зямлянку. А ён яго просе:

— Мой галубец, што я табе здзелаў. Вазьмі ты сабе ўсё дабро, пусці толькі мяне жывога!

А ён кажа:

— Эх, ты,— кажа,— і дабро тваё цэла будзе і сам жыў будзеш!

Прыйшлі к зямлянцы, ён яму і паказуе:

— Бачыш,— кажа,— колькі я тут гэтых сабак пабіў?

— Гэта ж,— кажа,— не сабакі, а людзі!

— Не, сабакі: хай тут па-сабачаму і прападаюць!

Павёў яго ў зямлянку, паказаў золата, серабро, грошы, шаўкі, сукны, панскія павозкі, коні.

— От,— кажа,— бяры, хазяін, сколькі хочаш!

Ну, запраглі тых коней у тыя павозкі, навалілі ўсё тое дабро і паехалі к сваім вазам. Пераначавалі і паехалі далей.

Ехалі, ехалі, тады хлопчык гавора:

— От, хазяін: прыедам мы ў горад, і там прадаецца залатая карваць, і такая дарагая, што ніхто яе не купе. У нас цяпер грошай многа, купімо мы!

Ну, паехалі й купілі тую карваць. Едуці дальша і заначавалі на полі. Хлопчык той кажа хазяіну:

— Сягодні ты ляж на вазу спаць, а залатую карваць раскрый. І ўляціць у яе галубка, яна зачыніцца, і скінецца галубка царэўнай. Ты й жанісь на ёй!

Ну, так і было. Назаўтрага паехалі яны далі і прыехалі ў тое сяло, дзе ён пахаваў мёртвае цела, і там абвянчаўсь із царэўнай. І сабраў на вяселле ўсё сяло. Хлопчык жа той хазяінаву жонку стаў цёткай зваць. Паехалі яны далей, заначавалі зноў у полі. Адвёў хлопчык коней на пашу, лёг пад возам да й ляжыць. Толькі ў поўнач прыляцелі тры вараны, селі над карваццю і запелі:

— Божа наш, божа! Сабралась любімая пара, дасталі серабра і злата і добрага малайца Булата, толькі нядоўга на свеце будзе жыць. Яго маць-мачыха ліхая хоча яго з свету страбіць. Як дасць яму першую чарку, дак ён у попел згарыць. А хто чуе да каму скажа, той па калена камнем стане!

Прапелі і паляцелі. Заначавалі на другую ноч. Зноў прыляцелі тры вараны і запелі:

— Божа наш, божа! Сабралась любімая пара, дасталі серабра і злата і добрага малайца Булата, толькі нядоўга будзе на свеце жыць. Яго маць-мачыха ліхая хоча яго з свету страбіць. Як дасць першую чарку, дак ён у попел згарыць. А не стрэбе гэтым, дак корме для яго каня, не каня, а змея. Як паедзе на ім катацца, дак ён яго косці разнясе. А хто чуе да каму скажа, той па пояс камнем стане!

На трэцюю ноч зноў прыляцелі і пяюць:

— Божа наш, божа! Сабралась любімая пара, дасталі серабра і злата і добрага малайца Булата, толькі нядоўга на свеце будзе жыць. Яго маць-мачыха ліхая хоча яго з свету страбіць. Як дасць першую чарку, дак ён на попел згарыць. А не стрэбе гэтым, дак корме для яго каня, не каня, а змея: як паедзе на ім катацца, дак ён яго косці разнясе. А не стрэбе гэтым, дак на трэцюю ноч у пасцелі нажом зарэжа. А хто чуе да каму скажа, той увесь камнем стане!

Назаўтрага ён кажа хазяіну:

— Што, дзядзька, ці паслухаеш ты мяне, што я цябе прасіць буду?

— Паслухаю, толькі што?

— А во што: як мы прыедам дамоў, дак мачыха будзе даваць табе гарэлкі выпіць, а ты не пі, да аддай мне. На другі дзень будзе йна табе даваць каня катацца, а ты не едзь, да пусці мяне ўперад паездзіць на ём. А на трэцюю ноч вядзі сам коней на нашлег!

Ну, прыязджаюць яны ў двор. Мачыха тая як не разарвецца! Яе сыны прыехалі з ярмалку без грошай і без тавару, а гэты поўны вазы золата прывёз. Селі вячэраць, яна і дае яму гарэлкі:

— Вот,— ка[ж]а,— мой сынок, як знала, што ты прыедзеш, гарэлкі табе харошыя прыгатавала. На-тка, сынок, выпі з дарогі!

— Э, мамка,— кажа ён,— я да гарэлкі ня вот-то лас, а калі твая ласка, дак няхай мой хлопец вып'е!

І аддаў чарку таму. А ён, браўшы, быццам-то не нарошна і ўпусціў яе. Дак там так мост і выгарэў... На другі дзень мачыха кажа:

— Мой сынок, як знала, што ты прыедзеш, адкарміла табе коніка. Сядзь-ка, пакатайся на ім!

— Добра, мамка, толькі няхай мой хлопец паспрабуе!

Узяў хлопец таўкачык зялезны і паехаў. Толькі конь стаў падымацца з зямлі, а ён яго таўкачом по** галаве. І так умардаваў каня, што той насілу ногі прыцёг.

— Ну,— кажа,— дзядзька, цяпер садзісь, паязджай: не каня выкарміла, а кабана!

Сеў ён, праехаў трохі, а конь той і ног не пацягне. Ён узяў і вярнуўся. Выскачыла мачыха і пытае:

— А што, сынок, ці добры конь?

— Э, выкарміла ты, мамка, не каня, а кабана.

Мачыха тая аж трэскаецца ад злосці. На трэцюю ноч хлопец кажа хазяіну весці коней.

— Да ці ў нас,— кажа,— весці некаму, парабкаў няма, ці што?

— Ну, мала што, вядзі ты!

Павёў ён каня на начлежкі, а хлопчык узяў, адчыніў залатую карваць да й лёг збоку, для цёткі. У поўнач прыходзе мачыха з нажом, а ён устаў да й ходзе. Дак яна кінула нож да й пабегла. А хлопчык ізноў лёг. Назаўтрага ўранні прыводзе хазяін коней, уходзе к жонцы, аж із ёй хлопец спіць.

— А,— кажа,— дак ты такі! Мяне паслаў коней весць, а сам к цётцы пад бок! Я цябе за гэта павешу!

— Ну, павесіш, дак вешай! Толькі хадзі, я табе пакажу, дзе вешаць!

Прывёў яго ў сад, стаў пад вішняй і гавора:

— Во тут сабе вешай! Толькі чараз сем гадоў родзіцца ў цябе дзяцёнак, як будуць яго хрысціць, дак ты вазьмі, укалі яму іголкай мезяны палец да той кроўю памаж мяне, дак я зноў жыў буду. А цяпер слухай суды, што я буду гаварыць! Ці помніш ты, як я табе казаў не піць гарэлкі ад маткі, не ездзіць на кані ўперад за мяне і весці коней на нашлег на трэцюю ноч. Цяпер я цябе за гэтыя тры дні адратаваў тры разы ад смерці: гарэлка, што табе матка давала, была з атрутай. Калі б ты яе выпіў, дак згарэў ба ў попел. Конь, што давала матка, быў не конь, а змей. Калі б ты сеў на яго ўперад за мяне, дак ба ён твае косці разнёс. Се**начы мачыха хацела цябе ў пасцелі зарэзаць. Калі б ты лёг, а не я, дак ба столькі ты й жыў. Гэта сказалі мне вараны, як мы ехалі; толькі казалі, што хто чуе да каму скажа, дак камнем стане!

Сказаў, так і стаў камнем. Хазяін той плакаў, плакаў над ім! Ну, тады радзіўсь у яго чараз сем гадоў дзяцёнак. Як сталі яго хрысціць, дак ён пракалоў у яго ме**зянец і пабег, памазаў той камень кроўю. Як памазаў, так камень і стаў зноў хлопчыкам.

— Ну што,— кажа,— хазяін, ці знаеш ты, хто я такі?

— А бог жа цябе знае! Я не знаю!

— Я ж,— кажа,— душа таго чалавека, што ты падняў на дарозе да пахаваў!..



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 539-544
Крыніца: скан