epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Нябожчык і грошы

Жыла адна памешчыца дужа багатая. І ў яе было тры сыны. Вот гэта памешчыца захварэла і відзіць, што яна ўжо памрэць — не захацела, каб яе грошы засталіся сынам. І была ў яе пакаёвая дзеўка, што служыла ў яе змалку. Дык яна просіць у сваёй вернай служанкі, каб яна дала ёй палатна:

— Я,— каець,— сабіраюсь уміраць, дык дай мне палатна, я буду сабе шыць на смерць падушачкі!

Дзеўка гэта дала ёй палатна, дык яна ўзяла, зшыла дзве падушачкі і ў вадну падушачку палажыла бумажкі, а ў другую палажыла золата. Тады прызвала дзеўку пакаёўку і кажыць:

— Глядзі ж,— каець,— як я памру, дык ты палажы мне гэтыя падушачкі ў дамавіну побач. Ты,— каець,— і адзявай мяне, я табе сто цалковых адказую!

Памёрла паня, дзеўка тая адзела яе, прыбрала як трэба быць, і палажыла тыя дзве падушачкі з ёй у труну. Ну, пахавалі яе. Тады агледзеліся, што няма грошай. А ведалі, што ў яе было многа. І напалі на гэтую дзяўчонку, сталі наракаць, што гэта яна пабрала. Яна й бажылася і клялася — ну яны не паверылі і засадзілі яе ў вастрог. Тады яна сядзела там і ўздумала пра тэі падушачкі. Прызвала сваіх панічоў і кажыць:

— Ці не былі гэта ў тых падушачках грошы, што йна шыла перад смерцю?

Ну, яны пайшлі і адкапалі яе. Калі палядзяць, аж у яе на грудзёх крук сядзіць і з аднэй падушачкі цягаець бумажку ды ёў у глотку, а йна глытаець, а з другей — золата ёй у глотку, і йна глытаець. Яны хацелі гэтыя грошы ўзяць, дык крук не даець. Яны яе ўзялі і закапалі із грашамі з тымі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 551-552
Крыніца: скан