epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Нязнайка

У аднаго кроля нарадзіўся сын, і таго самага дня прывяла кабыла жарэбчыка. Кралевіч рос мінютамі і вырас на харошага кавалера, а жарэбчыка любіў без канца і называў сваім равеснічкам. Кроль тым часове застарэў, а кралёва пачала задавацца з папом і знелюбіла сва[й]го сына. Аднаго разу кралевіч выйшаў сабе пахадзіць, а поп з кролеваю ўрадзілі, каб яго як страціць, зле таго што баяліся, каб не казаў аб усём бацьку. Ідзе кралевіч назад і заходзіць да свайго равеснічка, глядзіць, ажно жарэбчык надта смутненькі, так пытае:

— Чаго ж, мой конік, такі смутненькі? Чы на сябе, чы на мяне смерць чуеш?

— Не,— кажа,— на вас! Як вы прыйдзеце да палацу, то ваша матка будзе вам даваць абед, то вы яго не ешце, а ўсё за акно выкіньце.

— Добра.

Прыходзіць, ажно маці:

— А мой сыночак! Яно захадзілася, яно есткі хоча: на, з’еш крышку.

А ён — шусь! за акно і выкінуў. Так у момант цэлы палац разарвала. А маці:

— Ах! Мой сыночак, што ж ты зрабіў?

— Ніц, мамачко, абы вы былі, то будзе і другі палац.

На заўтрашні дзень, зноў пахадзіўшы, зайшоў да равеснічка, а той яшчэ маркотнейшы:

— Чаго ж ты, коніку, такі смутненькі? Чы на се, чы на мяне бяду чуеш?

— Не,— кажа,— на вас: як вы прыйдзеце, то будуць вас выпраўляць да купальні і каб вы разбірацца селі на камені, то вы не седавецеся, анно скіньце кашулю і на той камень кіньце.

— Добра.

Прыходзіць, ажно маці так ужэ:

— А мой сыночак! А мой залаценькі! Яно закурэла, ідучы, ідзі ж да купальні, выкупайся, а як будзеш разбірацца, то сядзь сабе на камені.

— Добра, мамачко.

Прыйшоўшы, зняў кашулю, як кінуў на камень, так яго як бач і разарвала. Ён прыйшоў і кажа: так і так.

— А сынку! А галубочку! Добра што ты не седавіўся.

На трэці дзень заходзіць ён да жарэбчыка, ажно ен пад сабою зямлю ўжэ выбіў — такі смутны.

— Чаго ж, ты коніку, такі смутненькі, на каго ты бяду чуеш?

— Цяпер то ўжэ на сябе, а после на вас. Ваша маці дагадалася, што я вас наўчаю, і хоча мяне страціць, то вы набярэце грошай, і як будуць мяне з стаенкі выводзіць, то папрасеце, каб пазволілі вам на мне паездзіць.

Ён гэтак і зрабіў. Назаўтра выводзяць жарэбчыка, а ён просіць:

— Мамачко, пазвольце мне паездзіць.

— Добра, сыночку.

Ён схапіўся на коніка, а конь як знімецца, як ні пойдзе з ім разам паверх палацаў і нёс, нёс і занёс у другую землю да кралеўскага гароду. Так ён з вялікага змэнчання ўпаў, а конік кажа:

— Як будзе вам мяне на што трэба, то свісніце тры разы.

І сам паляцеў. Спаў, спаў, прачхнуўся, ажно глядзіць, зыіць у яго нештась на галаве. Вырваў валасочка, ажно ён залаты! А гэта конік яму так зрабіў. Пасядзеў крышачку на травіцы, ажно ідзе агроднік. Падышоў і пытае:

— Хто ты?

— Не знаю!

Так агроднік завёў яго да кроля. Кроль пытае:

— Хто ты?

— Не знаю!

Так кроль разгневаўся і казаў яго на гарачай блясе стаўляць, а ён усё не прызнаецца, так кроль, няма рады, пусціў яго, і ён быў пры том агродніку і звалі яго на дварэ Нязнайкам. Аднаго разу кажа ён да агродніка:

— Ведаеце вы, дзядзюшку, трэба кролю якую штуку зрабіць.

— То якую ты зробіш?

— Паглядзеце! Праз ноч стане такая яблына: кара срэбна, яблыка залатыя, а як укусіць, то ў губах растане.

— Пагледзімо!

На заўтрашні дзень, калі агроднік гляне, ажно ўсей сад зыіць — такая харошая яблына прэд кралеўскім акном стаіць! А гэта ўсё зрабіў яго конік. Як кроль угледзеў, так заклікаў агродніка і кажа:

— Гэта ты зрабіў?

— Я!

— Ну, то глядзі, каб праз ноч усюды была агарода срэбна, а на версе галачкі залатыя. А як гэтага не зробіш, то моймеч зніме табе голаў з плеч.

Так агроднік, няма рады, кажа:

— Добра.

После прыходзіць да Нязнайка і кажа:

— А каб цябе так і гэтак! Як я це не знаў, то і бяды не знаў, а цяпер кроль казаў так і гэтак зрабіць!..

— Не бойцеся, дзядзюшку, будзе ўсё.

Так увечары свіснуў на коніка, а як той прыляцеў, так кажа:

— Зрабі так і так, так і так.

— Добра.

І калі кралевіч гляне, ажно ў вока мглені ўсё стала. Так спакойны ўжэ пайшоў спаць. На заўтрашні дзень кроль глядзіць, ажно агарода срэбна аж зыіць. Утэды кроль казаў заклікаць агродніка і вынадгарадзіў яго. Жыў ён там, так жыў, ажно дачуваецца, што тры змяі — адзін з трыма, другі з шасцьма, а трэці дзевяцьма галавамі — хочуць тры кралеўскіх дочак з’есці і што казалі сабе: першага дня найстаршу прывезці, другога сярэдню і трэцяга ўжэ найменшу. Выйшаў Нязнайка ўвечары за сад, свіснуў на каня і кажа:

— Мой коніку, станьмо ў прыгодзе кралеўскай дачцы, бо яе хоча змей з трыма галавамі з’есці.

Так конік гэта зараз даў яму срыбну адзежу і сам срыбным зрабіўся. Злажыўшы адзежу, сеў і паехаў паверх лясоў. Прыязджаюць туды, ажно найстарша сядзіць і плача. Паждаўшы крыху, выходзіць з лесу змей з трыма галавамі. Утэды кралевіч выняў мечык і скочыў з конікам да яго і давай сеч. Змей яго пазурамі, а ён яго мечам. Сёк, сёк, нарэшце, ссёк тры галавы, але і змей яму зрабіў пазурамі на твары добру цацку. Так кралеўна, угледзеўшы яго акрываўленага, узяла хустачку і перавязала яму твар, после давай дзякаваць. Ён зараз гэта паехаў назад. Прыехаўшы, зняў адзежу, аддаў коніку, а сам, як нідзе не быўшы, ходзіць па гародзе. Кралеўна пайшла сабе напрашкі пехтам.

Тым часозе неякісь прыблуда кадлуб спаліў і па вадзе рассеяў, а галавы пазбіраўшы, панёс на кралеўскі дварэц, стаў прэд кролем і кажа:

— От, я змея забіў і ад смерці дачку вашу выбавіў!

Кроль ужэ такі рад, дае яму піць, есць і просіць, каб яшчэ ў яго пабыў і тыя дачкі абараніў ад змяёў. Так той згадзіўся на гэта. На заўтрашні дзень павезлі ўжэ сярэдню, і той з ёю паехаў. Тым часам Нязнайка свіснуў на коніка, злажыў залатую адзежу, катору конік прынёс, прывязаў да боку залаты меч, сеў і паехаў. Прыязджае, ажно кралеўна сядзіць на том самом каменю і плача, а той прыблуда нейдзе ў кусты залез. Нібавам вылазіць з лесу змей з шасцьма галавамі і кажа:

— Забіў ты майго брата, але мяне не апаможаш!

— Папрабуем! — і выняўшы залаты мечык, скочыў да яго. Сёк, сёк, сёк: пяць галоў ссёк і ўжэ шосту меў ссячы, а змей — чарап! за нагу, а конік — грызь! змея за голаў і кінуў яго пад ногі. Утэды кралевіч пад’ехаў да кралеўны, а яна яму падзякавала, зняла хустачку, перавязала ногу ды й пайшла да палаца, а ён сеў і як пад’ехаў пад сад, так аддаў адзежу конікаві і зноўсь сабе ходзіць. Тым часам прыблуда, як яны адышліся, зрабіў таксама і прыносіць голавы да кроля. Кроль ужэ не ведае, як яму дзякаваць: корміць, поіць, грашыма і ўсялякімі багацтвамі абсыпвае. На трэці дзень вязуць ужэ з прыблудаю найменшу дачку. Як анно павезлі, Нязнайка свіснуў на коніка, злажыў той раз дыямантовую адзежу, прывязаў дыямантовы мечык, сеў і паляцеў паверх лясоў. Стаў на том месцы, ажно прыблуды ані знаку, анно кралеўна сядзіць і плача. Тут, дзе быўшы, выходзіць страшны, аграмністы, з дзевяцьма, як цэбры, галавамі змей. Так кралевіч, выняўшы мечыка, скочыў да яго. Секліся, секліся, кралевіч чыста ўмарыўся, а яшчэ ўсіх галоў не адсёк, але змей горш яшчэ ўтаміўся, так кажа:

— Стой, будзем аддыхаць!

Кралевічу таго і трэба. Аддыхнулі крыху і зноў давай біціся. Біліся, біліся, аж змей кралевіча чарах! пазуром за мізіны палец і раздзёр, але кралевіч замахнуўся і апошню голаў яму сцяў. Так зараз пад’ехаў да кралеўны, а ў яе не было хустачкі, так з каптаніка аддзерла кусочак, абвярцела палец ды й свайго пярсцёначка насадзіла, бо не было ў яе нітачкі. Утэды Нязнайка, сеўшы на коніка, паехаў, але той раз адзежы не скідаў і коніка не адпраўляў, але ў гэтым усём лёг у саду, а конік над ім стаіць. Тым часам прыблуда вылез з кустоў, спаліў зноў кадлуб, рассеяў попел па вадзе і, пабраўшы голавы, пайшоў на кралеўскі двор. Як сказаў, так кроль давай яму дзякаваць, трахтаваць, а найменша кралеўна кажа:

— Пайду я а Нязнайкі пагляджу.

Прыходзіць ды й стала над ім як урыта, бо заміж Нязнайкі спіць той самы, што яе ад смерці збавіў! Так зараз гэта пайшла да бацька і расказала аба ўсём. Утэды яго дваране на руках занеслі да палацаў. Ён прачхнуўся, ажно каля яго ўсе стаяць і дзякуюць. Дзе быўшы, таго прыблуду звязалі, на жалезныя бораны расцягнулі, а Нязнайка ажаніўся з найменшаю кралеўнаю і па смерці кроля сам панаваў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - с. 466-470
Крыніца: скан