epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Падчарка і чорт

Жыла-была сабе раз адна мачыха; была ў іх свая дачка і падчарыца. Сваю дачку яна дужа любіла, а падчарыцу біла-прабівала, на цяжкую работу пасылала. Праснулася раз мачыха аб поўначы, праснулася да і піць захацела, давай падчарыцу біць-будзіць:

— Ты такая ды ты гэтакая, бяры вёдры, ідзі ў крыніцу, прынясі мне чыстыя вадзіцы.

Ускочыла падчарыца бедненькая, схапіла вёдры і пабегла ў лес за вадою. Прыйшла к крыніцы, толькі нагнулася вады зачэрпнуць, ажно як выскачыць адтуль касматы, рагаты, з длінным хвастом чорт. Бедная дзеўка так і абамлела, а чорт прамёханька к ёй:

— Дзеўка-дзяўчына, ці хочаш за мяне замуж ісці?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне тонкай кашулі нет.

Чорт нырнуў у калодзезь ды й нясець адтуль тонкую ды белую, як снег, сарочку.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, ці хочаш за мяне замуж ісці?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне краснай спадніцы нету.

Чорт зноў ныр у калодзезь, глядзь — цягніць красную матчыну спадніцу.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш за мяне замуж?

— Як жа мне замуж ісці за цябе, калі ў мяне ні шнуроўкі, ні хвартуха нету.

— Ну,— кажыць чорт,— за гэтым дзела не станець.

Апяць у ваду, ды й нясець ясную, як сонца, шнуроўку, жоўты, зялёны з вітамі хвартух.

— Цяпер, дзеўка-дзяўчына, ці ўсё, ці пойдзеш за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе замуж ісці, калі ў мяне ні панчох, ні чаравікоў нету.

Нечага рабіць, апяць чорт у ваду лезіць, нясець бялёшанькія панчошкі, чарнёшанькія казловыя чаравічкі.

— А цяпер, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне хусткі ні белага, ні насава** нету.

Яшчэ чорт у калодзезь ныр, яшчэ нясець тонкую насавую красную хустку.

— Ну, цяпер, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш за мяне замуж?

— Як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне грошаў нету, не з чым свадзьбу сыграць.

Палез яшчэ чорт у калодзезь ды й цягніць машонку, паўнёханькую залатых і серабраных грошай. Тым часам, пакуль ён з калодзезя ды ў калодзезь лазіў, поўнач даўно прайшла, на светак забіраць стала, а дзеўка і запела:

 

— Пейце, куры, рана,

Што мне спаткала,

Рагатая, бадатая,

На грошы багатая,

Чур мне, чур!

 

А тут адкуль былі петухі ў дзярэўні і запелі. Чорт як стаяў, так і чубурдыхнуўся ў ваду, ажно вада закіпела, так і праваліўся. Дзеўка схапіла ўборы да й грошы з машной і пабегла дамоў не аглядаючыся, аж пра вёдры забыла. А ў хаце мачыха жджэць вады не дажджэцца, са злосці ажно спаць не лажыцца, устала ды й уздула лучыну. Толькі падчарыца на парог, як кінецца яна к ёй з паленам.

— Ах ты такая, ды ты гэтакая! Ідзе ты была, ды ідзе да сіх пор хадзіла?

Тут стала падчарыца расказываць так і так ды ўборы і грошы паказываць. Мачыха так і ахнула, увідзеўшы красныя ды ясныя, ды грошы залатыя, і біць забыла, ходзіць ды думаіць, як бы тут усяго таго харошага прыгожага для сваёй дачкі дастаць; увесь дзень як не свая хадзіла, насілу ночкі даждалася. Як толькі аб поўначы, разбудзіла сваю дачку, дала ёй вёдры ў рукі, навучыла, як чаго прасіць, да й паслала ў лес к калодзезю. Прыйшла дзеўка к вадзе, нагнулася — чорт як тут быў.

— Дзеўка-дзяўчына, ці хочаш ты за мяне замуж ісці?

— Як жа мне за цябе ісці, калі ў мяне ні кашулькі, ні спадніцы, ні хвартуха, ні хусткі нету, ні грошы на свадзьбу?

Так усё разам вазьмі ды й скажы. Чорт скароханька ў ваду ўскочыў, скароханька і адтуль лезіць. Лезіць, ажно пыхціць, столькі дабра нясець. Вынес усё, перад дзеўкай палажыў.

— Ну, дзеўка-дзяўчына, ці пойдзеш за мяне замуж?

А яна стаіць, як дура, і не знаіць, што яму гаварыць: матка чаго прасіць навучыла, а як ад чорта адчурацца — не сказала. Чорт падаждаў нямнога ды згроб дзеўку за касу і пацягнуў к сабе ў калодзезь. Так яна там і прапала без весці.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 247-249
Крыніца: скан