epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Падчарыца і чорт

Былі ў мачыхі дачка і падчарыца. Вот мачыха не любіла сваю падчарыцу і хацела як-ніяк збасаваць яе. Яна яе ў лес за чым-небудзь пашлець, а яна ўсё-такі прыйдзець жыва і здарова. Тады яна надумалась: вытапіла байню; усе пайшлі папарыліся, тады яна пасылаець яе:

— Ідзі, начуй у байні.

Яна й пайшла ў байню ў начавенкі. Прыйшла, пераксцілась і лягла спаць. Толькі яна лягла, аж прыходзіць такі маладзец, такі маладзец. Прыходзіць і гаворыць:

— Здраствій, дзеўка!

— Здраствій!

— Дзеўка, дзеўка, лажысь са мной спаць, будзем з табой жаніцца!

Гэта была нячыстая сіла. А яна яму:

— Што ж я буду спаць, у мяне няма ні пярыны, ні падушкі!

Ну, ён ёй гаворыць:

— Пагадзі, прынясу!

Пайшоў і прыносіць ёй, госпадзі, і пярын, і падушак поўну байню.

— Ну, дзеўка, будзем цяпер жаніцца!

— Не, не буду я жаніцца, у мяне няма шубы!

Вот ён пабег і прыносіць ёй шубу, сіленна добрую.

— Ну, дзеўка, будзем жаніцца!

— Як жа ж я буду жаніцца, калі ў мяне няма ні рубашкі, ні юбкі, ні балахона, ні платка: ты ж відзіш, што я саўсім гола?

Вот ён сыйчас прынёс ёй усё.

— Ну, цяпер жаніцца будзем!

— Як жа ж я пайду за цябе: усе людзі будуць пражу прас[ц]ь, а ў мяне няма нічога!

Вот ён сыйчас прынёс лёну, уюшак, клубкоў — усяго.

— Ну, цяпер ужо ідзі за мяне!

— Як жа ж я пайду,— у мяне няма ні капейкі дзенег; панашу гэту адзёжку, а тады мне і на людзі нельзя будзець выйці.

Ён сыйчас нясець ёй цэлы мяшок дзенег, як можна нес[ц]ь. Тады яна гаворыць:

— Ну, абажджы, покуль я надзенусь! А то ты такі памешчык, а я ў трапках — у мяне няма нічога!

Вот яна выйшла і стала бога маліць, каб пятух запяяў. Як запяяў пятух, так ён і праваліўся скрозь зямлю. Тады яна пераксцілася і пайшла к бацьку, і гаворыць:

— Татулька, родненькі, запрагай ты каня! Я ж сваё дабро не прынясу з байні, а нада везць!

Вот тады мачыха:

— Іш ты, нягодная! Я яе пасылала на смерць, а яна яшчэ дабро сваё павязець з байні. Калі яна ўжо прападзець ад мае галавы? Куды ні пашлю, усё жыва!

Вот бацька запрог каня і думаець:

— Госпадзі, адкуль яна брала столькі дабра? Страс[ц]ь: і дзенег, і адзёжы — усяго-ўсяго наношана!

Вот прывязлі дабро дамоў, мачыха аж спугалась. І гаворыць сваёй дочкі:

— Ну, дачушка ты мая, сабірайся, адвяду я цябе ў байню. Яна дура, ды столькі дабра прынесла, а ты ж усё вумней за яе, яшчэ больш прынясеш!

Вот яна сваю дочку надзела, абрадзіла і павяла ў байню і залажыла дзверы. Вот ён, нячыстая сіла, і прыходзіць.

— Дзеўка, дзеўка, ідзі за мяне замуж!

А йна яму:

— Не, я не пайду за цябе, ты не прыгож!

Вот ён тады ўзяў усю шкур[у] з ног да галавы зняў, на часці яе разабраў і раскінуў дзе што, а шкуру на печы разаслаў. А матка яе дажыдала і гаворыць мужыку:

— Што гэта яе няма? Верна, у ёй дабра дужа многа, што не прынясець!

Пайшла сама ў байню, аж яе дачка ўся разабрана на часці, і шкура на печы. Давай яна плакаць там, што сама дачку на смерць аставіла. Плакала, плакала і нічым не памагла: дачку сваю схараніла.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 249-251
Крыніца: скан