epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Падземнае царства

Жыў сабе цар. Было ў яго тры сыны: два разумных, а трэці дурак — Іванушка-дурачок. У гэтага цара белы мядзведзь з таго свету кажныя ночы коней краў. Часавыя стаяць каля стайні на часах і пілнуюць коней, і замкі замкнуты — а коней крадуць. І часавыя нікога не відзяць. Так цар і не ведаець гэтага, што коней у яго крадзець белы мядзведзь. Доўга ён краў гэтак: што ноч, то каня. Прыйдзець цар уранні, пашчытаець, палічыць — а каня й няма; што ноч, то каня й няма. Але-ткі старэйшы царэвіч кажаць:

— Ах, што будзець ды не будзець — пайду і я пілнаваць: можа я ўлаўлю, хто гэта коней крадзець!

Ну вот і пайшоў старэйшы царэвіч на стайню пілнаваць коней. Прыйшоў царэвіч на стайню, стаіць і воч не зводзіць — усё пілнуець. Але ў самую поўнач на мінутку задрамаў. Чуць вочы звёў — а конь ужо ўкрадзен. Назаўтрага рана пайшоў цар лічыць коней. Лічыў, лічыў — усё-ткі аднаго каня няма. На другую ноч сярэдні царэвіч кажаць:

— Ах, што будзець ды не будзець — пайду-тка я пілнаваць: улаўлю, хто гэта так коней крадзець!

Пайшоў ён пілнаваць. Стаяў, стаяў, кажацца, цэлую ноч і воч не зводзіў — а каня нехта ўкраў.

На трэцюю ноч Іванька-дурачок кажаць бацьку:

— Пусці мяне, тат, пілнаваць на стайню!

— Дзе табе, дураку, пілнаваць? Калі ўжо разумныя пілнавалі, ды не ўпілнавалі — усё-ткі коней двох укралі,— а то табе ўжо ўпілнаваць!

Стаў Іванька прасіць бацьку, стаў прасіць. Ну, тэй кажаць:

— Ідзі сабе!

Тады Іванька-царэвіч пайшоў у кузню і сказаў кавалям дзелаць ляску дзесяць пудоў. Здзелалі яму кавалі ляску дзесяць пудоў. Іванька-царэвіч узяў гэтую ляску ў левую руку ды як кінець яе ўгору, дык яе тры часы не відаць было. Чэраз тры часы паказалася ляска: ляціць, ляціць, а Іванька-царэвіч падставіў мезяны палец — яна як ляцела ды ўдарылася аб палец, дак так і пераламілася! Тады Іванька-царэвіч кажаць кавалям:

— Здзелайце-тку мне ляску пятнаццаць пудоў!

Здзелалі яны ляску пятнаццаць пудоў. Узяў ён гэтую ляску, вынес на двор ды як кінець угору. Ляска як паляціць ажна стала не відаць, ажна за воблакі заляцела! А тады ляціць, ляціць адтуль. Іванька-царэвіч падставіў калена. Яна як ляцела, дык як ударыцца аб калена, дык так уся чыста і разбілася, а калена цэла. Пайшоў Іван-царэвіч к кавалям.

— Скуйце-тку цяпер мне ляску дваццаць пяць пудоў! Скавалі кавалі яму ляску дваццаць пяць пудоў, узяў Іван-царэвіч гэтую ляску, вынес на двор ды як кінець яе угору. Ляска як паляціць — аж пад неба, аж дванаццаць часоў не відаць было. Як яна стала назад ляцець, Іванька-царэвіч падставіў лоб. Ляска як ляцела ды як ударыцца аб лоб — ды й адляцелася цэлая. Узяў тады Іванька-царэвіч гэтую ляску і пайшоў на стайню. Стаяў, стаяў, аж у самую поўнач вылязаець белы мядзведзь із зямлі. У гэтага мядзведзя вярста вуха! Толькі паказаўся белы мядзведзь, а Іванька-царэвіч як дасць яму ў лоб ляскай, дык ён і рынуўся ў зямлю ўзнова. Іванька-царэвіч тады прыйшоў у двор ды і лёг спаць. Назаўтрага ўранні цар кажаць:

— Ці хадзіў Іванька на стайню пілнаваць?

А яму кажуць:

— Іванька ж спіць!

— Ну,— кажаць цар,— я гэтак і думаў. Я думаў, што гэтак будзець.

Але пайшоў ён на стайню, стаў лічыць коней. Пасчытаў, палічыў — коні ўсе цэлы.

Тады стаў Іванька-царэвіч прасіць бацьку, каб здзелаў яму ланцуг тры вярсты і калаўрот, каб спусціцца на тэй свет, забіць там белага мядзведзя. Цар прыказаў кавалям, слесарам, каб яны здзелалі такі ланцуг — тры вярсты. Як ён быў гатоў, Іванька-царэвіч стаў прасіць бацьку, каб яго спусцілі па ланцягу на тры вярсты ў зямлю ды каб паставілі ля ланцуга часавых пілнаваць, каб ніхто яго не прыняў, пакуль ён вернецца. Ну, цар распарадзіўся. Пайшоў тады Іванька з братамі к нары і кажаць:

— Жджыце ж мяне цэлы месяц, а як я дзёрну за ланцуг, вы і цягніце.

Ну, апусціўся ён у зямлю на тры вярсты і стаў на тым свеце. А браты асталіся ля нары. Хадзіў, хадзіў па тым свету Іванька-царэвіч і прыйшоў к меднаму двару. Прыходзіць ён туды, увайшоў у хату, ажна там сядзіць дзевушка-красотушка і вышываець. Увідзела яна Іваньку і кажаць:

— Здрастуй, Іванька-царэвіч!

— Здароў, дзевушка-красотушка!

— А куды цябе бог нясець, Іванька-царэвіч?

— Так і так: іду я біць белага мядзведзя, ён у майго бацькі папакраў коней!

— Дзякуй табе, Іванька-царэвіч,— кажаць дзеўка,— калі ты заб’еш яго. Гэта мой бацька. Але ён у вас коней крадзець, а нас ссысаець!

Дала яна яму есці, напаіла яго, накарміла яго і дарогу ўказала. Ну, пайшоў Іванька-царэвіч далей. Ішоў ён, ішоў, ішоў, ішоў — прыходзіць к сярэбранаму двару. Ён увайшоў у гэты двор, ажно там сядзіць дзевушка-красотушка, яшчэ прыгажэйшая за першую.

— Здрастуй,— кажаць,— Іванька-царэвіч!

— Здароў, красная дзевушка!

— А куды цябе бог нясець, Іванька-царэвіч?

— Так і так: іду, каб забіць белага мядзведзя, а то ён у майго бацькі крадзець коней.

— Я буду дужа рада, калі ты яго заб’еш: гэты белы мядзведзь — мой бацька, але ён у вас коней крадзець, а нас ссець!

Пасадзіла яна яго тады за стол, напаіла яго, накарміла яго і дарогу паказала. Пайшоў Іван-царэвіч далей. Ішоў-ішоў, ішоў-ішоў, прыходзіць к залатому двару. Увайшоў ён у гэты залаты двор. Сядзіць і ў гэтым двары дзеўка, ды такая прыгожая! І чаравікі ў яе дыямантавыя. Увідзела яна Іваньку і кажаць:

— Здрастуй, Іванька-царэвіч!

— Здароў, дзевушка-красотушка!

— А куды цябе бог нясець, Іванька-царэвіч?

— Так і так: іду я ў ваша царства біць белага мядзведзя! Ён у майго бацькі коней крадзець.

— Гэты белы мядзведзь — мой бацька. Але я за цябе буду бога маліць, калі ты яго заб’еш, бо ён у вас коней крадзець, а нас ссець!

Пасадзіла яна Іваньку-царэвіча за стол, накарміла яго, напаіла яго, паказала дарогу к беламу мядзведзю і кажаць:

— Ты ж глядзі: як будзеш падходзіць к яго двару ды ўвідзіш у двары агонь, дык не ідзі — божа цябе сахрані! А калі ўвідзіш, што толькі дым курыець, дык ідзі, бо ён тады спіць! Прыйдзі ў двор, вазьмі ў яго пад галавамі ключы ад склепа і ідзі ў склеп. У тым скляпу на правай руцэ стаяць бочкі сілныя, а на левай — слабіцелныя; ты слабіцелныя пастаў на правую руку, а сілу пастаў на левую руку!

Падзякаваў Іванька-царэвіч дзеўцы і пайшоў к беламу мядзведзю. Ішоў, ішоў і падыходзіць ужо к мядзведзеваму двару. Відзіць ён, што толькі дым курыець, вот ён і пайшоў у двор. Прыходзіць на двор, увайшоў у хату, а белы мядзведзь спіць. Іванька-царэвіч узяў ды выцягнуў із-пад мядзведзя ключы і пайшоў у склеп. Прыйшоў ён к склепу, адамкнуў, увайшоў у гэты склеп, ажно там стаяць бочкі па правай руцэ і па левай. Іванька-царэвіч узяў у тэй бочцы, што стаяла на правай руцэ, крант адпусціў і выпіў сілы. І здзелаўся крэпкім. Тады ўзяў тыя бочкі, што стаялі па правы бок, паставіў на левы, а што стаялі па левы бок, тыя паставіў на правы.

Развіднелася. Увідзеў Іваньку, царскага сына, белы мядзведзь як заравець:

— Чаго ты, Іванька, царскі сын, прыйшоў: біцца ай мірыцца?

— Ах ты, паганская сіла! Ты ў майго бацькі коней краў, а я з табой буду мірыцца? Ды не!

Сталі яны біцца. Біліся, біліся, Іван-царэвіч сваёй ляскай дваццаць пяць пудоў збіў белага мядзведзя. Сталі яны аддыхаць. Пабег белы мядзведзь скоранька ў склеп ды як хопіць слабіцелнай вады заместа сілы, а Іванька-царэвіч хлябнуў сілы. Вот белы мядзведзь паслабеў, а Іванька, царскі сын, пакрапчэў. Сталі яны ўзнова біцца. Біліся, біліся, але-ткі Іванька, царскі сын, забіў белага мядзведзя! Забіў і закапаў у зямлю. Тады ён узяў сабе із склепа сілы і пайшоў назад. Ішоў-ішоў, ішоў-ішоў— падыходзіць к тэй дзеўцы, што двор залаты.

— Здрастуй, Іванька-царэвіч!

— Здароў, дзевушка-красотушка!

— Ну, а што? Ці памог бог забіць белага мядзведзя?

— Памог, я яго забіў!

— Ну, дзякуй жа табе, Іванька-царэвіч, за гэта!

Тады Іванька кажаць:

— А што, можа б ты пайшла ў наша царства?

Яна кажаць:

— А чаго ж я буду тут аставацца?

Вот яны і пайшлі з двара. Трошку адышліся — яна і глядзіць назад, на свой двор. Тады Іванька-царэвіч гаворыць:

— Можа, ты жалееш свайго двара? У нашым царстве ўва ўсім няма столькі золата, сколькі ў гэтым двары!

Як сказаў гэта Іванька-царэвіч, дык дзеўка абышла кругом двара тры разы, а тады баднула палцам у сцяну — увесь двор і зліўся ў залатое яйцо, і ў гэтым яйцы асталіся яе дыямантавыя чаравічкі. Яна і аддала гэта яйцо Іваньку. Тады пайшлі яны ўдвох. Ішлі, ішлі, прыходзяць к тэй дзеўцы, што двор сярэбраны. Яна кажаць:

— Здрастуй, Іванька-царэвіч!

— Здароў, красная дзевушка!

— А куды цяпер бог нясець?

— Я іду к бацьку ў сваё царства.

А тая дзеўка, што ішла з Іванькам, і кажаць:

— Хадзі і ты, сястрыца, чаго ты будзеш тут адна аставацца?

Яна і пайшла з імі. Але ўсё назад азіраецца. Іванька-царэвіч гаворыць:

— Што ты ўсё назад азіраешся? Можа, табе жалка твайго двара? У нашым ува ўсім царстве няма столькі серабра, сколькі ў гэтым двары!

Яна тады абышла кругом двара тры разы і баднула палцам у сцяну — і двор зліўся ў сярэбранае яйцо. Яна узяла і аддала яго Іваньку. Нясець ён ужо два яйцы — залатое і сярэбранае. Ішлі, ішлі, прыходзяць к тэй дзеўцы, што медны двор.

— Здрастуй, Іван-царэвіч!

— Здароў, красная дзевушка!

— А куды цяпер бог нясець?

— Іду к бацьку ў сваё царства!

Тады сёстры гавораць:

— Хадзі ты, сястрыца, з намі; што ты будзеш тут адна аставацца?

Яна пайшла, але ўсё назад паглядаець. Іванька-царэвіч кажаць:

— Можа, табе жалка двара? У маім ува ўсім царстве няма столькі медзі, сколькі на гэтым двары!

Яна тады ўзяла ды абышла кругом двара тры разы ды палцам бодзь у сцяну, дык так увесь двор і зліўся ў меднае яйцо. Яна ўзяла гэтае яйцо ды аддала Івану-царэвічу ў кішэнь. Стала ў яго ўжо тры яйцы. Пайшлі яны далей учацвярых. Ішлі, ішлі і прыйшлі к ланцугу. Іванька-царэвіч адну дзеўку падаў па ланцугу, тады другую, а тады трэцюю, ды толькі сам хацеў лезці, ажна браты ланцуг і падхвацілі. Што тут дзелаць? Стаяў ён, стаяў, думаў, думаў, а тады пайшоў назад. Ішоў, ішоў, прыходзіць к рацэ. Ідзець ён каля ракі — аж стаіць дуб з хату таўшчынёй. Паглядзеў Іван-царэвіч угору, відзіць на дубу кубло. Узлез ён к гэтаму кублу, аж там чатыры птушыных дзяцёнкі. І запаўзла к ім змяя і аднаго ўжо з’ела. Іван-царэвіч узяў ды змяю забіў і закапаў у зямлю. Тады гэтыя птушаняты кажуць:

— Ты, Іван-царэвіч, цяпер, пакуль наша матка прыляціць, схавайся пад яйцовую шалупіну, бо яна як прыляціць, дык не разведаўшы цябе з’есць!

Іван-царэвіч схаваўся пад шалупіну і сядзіць. Аж во прылятаець матка. Носам кіў-кіў — нюхаець.

— Нешта тут русь-кось пахнець?

А птушаняты кажуць:

— Гэта ты по свету наляталася і рускага духу нанюхалася. У нас тут во змяя была, аднаго птушанёнка з’ела. Можа б і ўсіх нас паела, але адкуль бог наслаў Івана-царэвіча: ён гэтую змяю забіў. Што б ты, мама, здзелала Івану-царэвічу, каб ён назад вярнуўся ды тут быў?

— А я б яму ўсё тое здзелала, што б ён захацеў!

Тады яны кажуць:

— Ён жа тут, пад шалупінай сядзіць!

Вылез Іванька з-пад шалупіны, птах яму і гаворыць:

— Ну, што з мяне хочаш?

Ды я болей нічога не хочу, каб толькі ты мяне вынесла ў маё царства!

Птах кажаць:

— Трудна гэта здзелаць, ды дужа трудна! Ну, але дастань ты мне васемнаццаць ялавак і васемнаццаць бочак віна, тады, можа, вынесу!

Пайшоў Іван-царэвіч шукаць, дзе дастаць васемнаццаць ялавак і васемнаццаць бочак віна. Пайшоў ён зноў каля ракі. Ішоў ён, ішоў, ішоў, ішоў — ажна стаіць хатка. Увайшоў ён у гэту хатку, ажна там сядзіць дзед з бабай. Увайшоўшы ў хатку, Іван-царэвіч кажаць:

— Ці не можна тут наняцца работаць?

А дзед кажаць:

— Зачым? Можна!

І стаў Іван-царэвіч у гэтага дзеда служыць. А дзед тэй ды лавіў рыбу, дык Іван-царэвіч паехаў з ім рыбу лавіць. Ну, лавілі, лавілі і налавілі столькі, што дзед увесь свой век лавіў, ды столькі ні разу не ўлавіў. На другі дзень павёз дзед у горад прадаваць гэту рыбу і прадаў да [а]дной рыбінкі. Узяў дужа многа грошай. Тады паехалі яны зноў рыбу лавіць і апяць налавілі дужа многа. Павёз дзед у горад прадаваць і не прадаў ні [а]дной рыбінкі — усю рыбу назад прывёз. Пытаюць яны ў яго:

— Зачым ты не прадаў ні [а]дной рыбінкі?

А ён кажаць:

— А затым, што ў горадзе пячаль-жалоба бальшая: прыслаў к цару шасціглавы змей, каб цар аддаў яму сваю дачку, а калі ды не аддасць, дак ён усё наша царства паесць. Дык вот у горадзе ўсе крамы замкнуты і няма ніякай продажы!

Тады Іван-царэвіч кажаць:

— Дайце мне лукошка, пайду я грыбоў набяру!

Дзед кажаць:

— Куды ты пойдзеш, не ведаўшы, ты заблудзіш!

— Ды не, я далёка дужа не пайду, толькі во ў гэты параснічак схаджу!

Узяў ён лукошка і пайшоў у лес. Як прыйшоў у лес, дык і пабег скарэй туды, куды павязлі царскую дачку. Толькі прыйшоў, аж ляціць шасціглавы змей.

— Во,— кажаць,— які харошы цар: я прасіў аднаго, а ён прыслаў двох!

— Ды не, нячысты дух,— кажаць Іван-царэвіч,— двум ты не радуйся!

Змей тады палядзеў:

— Ці гэта ты, Іван-царэвіч? Ці ты ж прыйшоў біцца, ці мірыцца?

— Не, біцца, дзе там ужо мірыцца!

— Ну, дзьмі палянку!

— Не, ты дзьмі, нячыстая сіла!

Змей як дунуў, дык на тры вярсты чыгунны мост выдуў. А Іван-царэвіч як дунуў, дык на шэсць вёрст выдуў медны мост. Ну, сталі яны біцца. Біліся, біліся, Іван-царэвіч адсек змею тры галавы. Тады змей кажаць:

— Стой, Іван-царэвіч, дай аддыхнуць! Цары, каралі ваююцца ды оддыху маюць, а мы не!

Сталі аддыхаць. Іван-царэвіч выпіў сілы і яшчэ пакрапчэў. Сталі ўзнова біцца, ён адразу і адсек змею ўсе тры галавы. Тады сабраў усе шэсць галоў, спаліў на асінавых дровах, а попел па ветру пусціў. Узяў ён тады сваё лукошка ды пайшоў скарэй к дзеду. А дзед кажаць:

— Нешта ж ты дужа бавіўся?

— А я троху заблудзіўся, дык забавіўся, пакуль двор знайшоў!

На другі дзень павёз дзед у горад рыбу і ўсю распрадаў. Налавілі яны тады зноў рыбы. Павёз дзед прадаваць і не прадаў ні [а]дной рыбінкі. Прыехаў ды кажаць:

— У нашым горадзе зноў бальшая пячаль-жалоба: дзевяціглавы змей прыслаў к цару, каб аддаў яму сваю сярэднюю дачку. А калі ды не дасць, дык змей усё наша царства выесць. Дык у горадзе ўсе крамы пазамкнуты і няма ніякай продажы!

Тады Іванька кажаць:

— Дайце мне лукошка, пайду-тка я грыбоў набяру.

Дзед з бабай кажуць:

— На чорта тыя грыбы! Яшчэ заблудзіш, як тэй раз.

— Не, трэба схадзіць: не набяру, дык хоць праходжуся, а то мне нешта тошна!

Узяў ён лукошка і пайшоў у лес. Як пайшоў у лес, дык і пабег скарэй туды, куды павязлі царскую дачку. Прыходзіць ён туды, ажна ляціць дзевяціглавы змей, агонь-дым з рота дышыць.

— Во,— кажаць,— які харошы цар: я прасіў у яго аднаго, а ён даў двох!

— Ну, нячыстая сіла, двум не радуйся!

— А зачым? Калі я нікога не баюсь. Толькі ёсць на свеце, не ў нашым царстве, Іван-царэвіч, я яго баюсь. Дык яго сюды воран касцей не занясець!

— А добры моладзец сам зайдзець! — кажаць Іван-царэвіч.

— Ці гэта ты, Іван-царэвіч? Ну, ці прыйшоў біцца, ці мірыцца?

— Во, нячысты дух! Буду я з ім мірыцца!

— Ну, дзьмі палянку!

— Не, ты дзьмі, нячыстая сіла!

Змей як дунуў, дык на шэсць вёрст медны мост выдуў. Іван-царэвіч як дунуў, дык на дванаццаць вёрст сярэбраны мост выдуў. Ну, тады сталі яны біцца. Іван-царэвіч як дасць, дык адразу тры галавы проч. Выпіў ён сілы — і яшчэ тры галавы збіў. Тады змей кажаць:

— Стой, Іван-царэвіч, будзем аддыхаць. Цары і каралі ваююцца да оддыху маюць, а мы не!

Сталі аддыхаць. Іванька выпіў яшчэ сілы і яшчэ пакрапчэў. Сталі біцца ўзнова. Як біся, дык біся — адсек Іван-царэвіч і паследнія голавы! Тады сабраў усе дзевяць галоў, на асінавых дровах спаліў, а попел па ветру пусціў. Прыходзіць к дзеду, а дзед кажаць:

— Ну, во й апяць забавіўся!

— А гэта я троху заблудзіў!

На другі дзень павёз дзед рыбу і прадаў усю чыста. Налавілі яны тады ўзнова яшчэ болей. Павёз дзед прадаваць і не прадаў ні адной рыбінкі. Прыехаў і кажаць:

— У нашым горадзе зноў пячаль-жалоба вялікая. Цяпер ужо дванаццаціглавы змей прыслаў к цару, каб цар аддаў яму меншую дачку на з’ядзенне. Дык у нашым горадзе ўсе крамы пазамкнуты і ніякай няма продажы!

Узяў Іван-царэвіч лукошка і пайшоў туды, куды павязлі царскую дачку. Толькі ён прыходзіць, ажна ляціць дванаццаціглавы змей. Смяецца ды й кажаць:

— Во, які харошы цар! Я аднаго прасіў, а ён прыслаў двох. Ну, але з’ем і двох!

— Ды не, абоіх не з’ясі, падавішся! — кажаць Іван-царэвіч.

— З’ем, бо я нікога не баюсь. Толькі ёсць на свеце, не ў нашым царстве, Іван-царэвіч. Тэй мяне падужаець, ды яго сюды воран касцей не занясець.

— А добры моладзец сам зайдзець! — кажаць Іван-царэвіч.

— Ці гэта ты, Іван-царэвіч? Ну, прыйшоў біцца, ці мірыцца?

— Во, нячыстая сіла! Буду з ім мірыцца!

— Ну, дзьмі палянку!

— Не, ты дзьмі, нячыстая сіла!

Змей як дунуў — на дзесяць вёрст сярэбраны мост выдуў. Іванька дунуў — на дваццаць вёрст залаты мост выдуў. Ну, сталі яны біцца. Іван-царэвіч адразу адсек змею тры галавы. Тады выпіў сілы і яшчэ адсек тры галавы. Як пачалі ўзнова біцца. Біліся, біліся, але-ткі Іван-царэвіч адсек змею яшчэ тры галавы. І сам дужа прытаміўся. Ён тады кажаць:

— Цары, каралі ваююцца ды ўсё-ткі оддыху маюць, а мы з табой не [а]ддыхаем!

Сталі яны аддыхаць. Аддыхнуў Іван-царэвіч, выпіў сілы і ўзнова пакрапчэў. Сталі біцца: збіў Іванька паследнія тры галавы. Сабраў усе дванаццаць галоў, спаліў на асінавых дровах і попел па ветру пусціў. Пайшоў ён тады з царскай дачкой к цару. Цар і кажаць:

— Ну, што ж табе даць, што ты маіх дачок ад смерці адратаваў?

— Нічога мне не трэба,— кажаць Іванька,— толькі дай мне васемнаццаць ялавак і васемнаццаць бочак віна!

Цар, звесна, січас вялеў усё гэтае даць.

Тады Іван-царэвіч пайшоў к свайму птаху. Там забіў ялавак і аддаў птаху і мяса, і віно. Тэй кажаць:

— Ну, садзісь цяпер на мяне. Ды глядзі ж: як я павярнуся на левы бок, ты мне давай ялаўку, а калі на правы павярнуся, дык давай бочку віна!

Сеў Іванька на птаха; узяў ён пад левае крыло ялавак, а пад правае віно і паляцеў. Ляціць ды ўсё паварачваецца то ў тэй бок, то ў тэй, а Йванька-царэвіч кідаець яму то ялаўку, то бочку віна. Ляцеў, ляцеў птах, нямнога ўжо даляцець, а ён з сілы збіўся, а ўжо ўсё і паедзена, і папіта.

— Дай,— кажаць,— хоць трошку чаго падкрапіцца, бо нямнога ўжо ляцець!

Іван-царэвіч узяў ды скоранька выняў нож з кішаня, кавалак ікры адрэзаў ад нагі ды й укінуў птаху ў мялу. Птах і вынес яго на свет.

— Ах,— кажаць,— якога смачнага мяса ты даў мне ў паследні раз!

— Гэта ж я ад нагі кавалак ікры адрэзаў! — і паказаў ёй. Яна тады кырханула і выкырхнула яго мяса, прылажыла к назе — яно й прыжыло.

Пайшоў Іванька-царэвіч па сваім царству. Ідзець, ідзець, і прысцігла яго цёмная ноч. Зайшоў ён у вадну хату, просіцца начаваць. Ажно там сядзіць царскі шавец ды плачаць. Іванька-царэвіч стаў пытаць у шаўца, чаго ён плачаць. Тэй паглядзеў на яго ды й кажаць:

— А ці ж ты не туташні? Царскія сыны дасталі дачок белага мядзведзя і хочуць з імі жаніцца, і старшы брат хочаць узяць меншую дачку белага мядзведзя. Яна сказала яму, каб ён дастаў ёй такія чаравікі, якія ў яе там былі, у яе царстве — дыямантавыя. Вот царскі сын прызваў мяне і вялеў здзелаць к заўтраму чаравікі з дыяманту. «А калі к заўтраму не пашыеш, дык мой меч — табе галава з плеч!» А як я іх буду шыць? Я іх век не пашыю!

Іванька-царэвіч кажаць:

— Ну, не плач! Можа знімець галаву, а можа й не. Лажысь-ка спаць!

Як усе ляглі, Іванька-царэвіч узяў залатое яйцо з кішаня ды тры разы кругом палцам абвёў ды бодзь! І здзелаўся залаты двор. Іван-царэвіч адамкнуў скоранька гэты двор ды й узяў дыямантавыя чаравікі. Тады тры разы кругом двара абышоў ды палцам бодзь!—і залаты двор зліўся зноў у залатое яйцо. Ён яго ўзяў і палажыў у кішэнь. А чаравікі прынёс у хату і павесіў на сцяне. Так уся хата і заззяла. Назаўтрага ўстаў шавец, відзіць — чаравікі вісяць. Дужа ён узрадаваўся і панёс чаравікі к царскаму сыну. Царскі сын паказаў іх дзеўцы. Тая кажаць:

— Гэта мае чаравікі!

Ды й пытаець у шаўца:

— Хто ў цябе начаваў?

Ён кажаць:

— Ніхто!

— Брэшаш, гэта мае пітаманныя1 чаравікі! Табе іх нехта прынёс. Ідзі, пазаві яго сюды!

Шавец пайшоў і пазваў Івана-царэвіча. Прыйшоў ён у дварэц і стаіць у парозе. Яна яго спазнала і кажаць на царскага сына:

— Не за цябе я пайду, а во за каго я пайду!

Выйшлі яны з дварца. Іван-царэвіч выняў залатое яйцо, абвёў каля яго тры разы палцам ды баднуў, дык стаў залаты двор. Яны ўвайшлі туды і сталі там жыць. Тады Іван-царэвіч пайшоў к сярэдняму брату, выняў сярэбранае яйцо, абвёў кругом тры разы ды баднуў, і стаў сярэбраны двор. Стаў у тым двары жыць сярэдні брат з сярэдняю дачкою белага мядзведзя. Тады ўзяў Іван-царэвіч ды пайшоў к большаму брату.

Выняў там з кішаня меднае яйцо, абвёў тры разы палцам ды баднуў, і здзелаўся медны двор. Стаў жыць у гэтым двары большы брат з большаю дачкою белага мядзведзя. Пайшоў тады Іван-царэвіч к бацьку, прыйшоў і кажаць:

— Здрастуй, бацюшка!

— Здароў, Іванька, мой сынок!

— За што ты мне гэтак зрабіў? Я ля цябе харашо дзелаў, а ты ўзяў ды ланцуг падхваціў, каб я адтуль не вярнуўся! А мяне бог усё-ткі прынёс!

А цар кажаць:

— Не, мой сынок! Гэта не я здзелаў, а браты твае. Ідзі ды й дзелай ім, што хочаш!

— Не ўжо,— кажаць Іванька.— Няхай ім бог дзелаець, што хочаць, а я не буду ім нічога дзелаць!

Ну, памірыліся яны і цяпер, мусіць, ладна жывуць.

1 Пітаманны – сваёй работы, набыты ўласнымі клопатамі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 123-134
Крыніца: скан