epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

П'яніца ў пекле

П'яніца папаў у пекла. Чэрці далі яму варыць у катле трыста душ.

Но за етых душ на тым свеце ўсердна малілісь іх сродственнікі.

Прыходзіць к п'яніцы ангел за тымі душамі:

— Аддай мне етыя трыста душ!

П'яніца не 'ддаець.

Ангел дагадаўся, што п'яніцы нужна. Цераз нескалькі ўрэмя прыносіць п'яніцы палуштох гарэлкі.

П'яніца ўзяў ад ангела водку і давай яе цадзіць глаток за глатком — ап'янеў і выпусціў ангелу із катла трыста грэшных душ.

Прыходзяць чэрці, пасматраць — душ нет.

— Ідзе душы?

Спрашыюць у п'яніцы:

— Ідзе душы, што мы варыць прыказывалі?

П'яніца маўчыць (ён ужу адказываць не магіць), толькі палец к роту падносіць, ідзе душы паказыіць.

Чэрці панапужалісь:

— Ах, абжора! У якіх-небудзь два часа злопаў трыста душ, да ён увесь ад спусташыць, ні [а]днаго грэшніка нам на мучэнія не заставіць. Ганіце яго вон!

Патурылі із ада. Дзявацца яму нейдзі — пусцілі яго ў рай.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі, ч. ІІ. Рэд. В.К. Бандарчык. Мн.: Навука і тэхніка, 1978. - с. 532-533
Крыніца: скан