Жыў сабе старык са старухаю. Багатыя. На хутары жылі. Нарадзіўся ў іх сын Іллюшка і сеў у седнях — папрыгінала рукі і ногі. Прасядзеў трыццаць тры гады. Вот надась1 пайшоў бацька і матка ў ляда, а к яму прыйшлі тры старцы і гавораць:
— Іллюшка, падары-ка нам чаго-небудзь.
— Рад бы я вас дарыць, дык я не магу ўстаць.
— Э,— гавораць,— ты прытвараешся.
Не можа ўстаць ён.
— Пацягні-ка,— гавораць,— нагу.
Выцягнулась.
— Пацягні другую.
І гэта выцягнулася. Ну і рукі так. Устаў.
— Чым вас адарыць?
— Бяры той таз, ідзі ў падвал і засілі віна нам.
Ён пабег, засіліў, уносе. Яны гавораць:
— Выпі.
Ён выпіў.
— Ідзі, другі засілі.
Ён другі прыношае.
— Выпі і гэты. Ідзі, трэці засілі. Нас жа тры. Гэта ты як нам дорыш.
Ён уносіць і трэці.
— Выпі і гэты.
Ён і гэты выпіў.
— Ну як, ты цяпер чуствуеш сілушку ў сабе?
— Калі б у неба і ў зямлю стоўб і штоб было ў ім калясо, дык бы ўвесь свет перакруціў рукою.
Так яны глянулі адзін на аднаго:
— Ідзі,— гавора,— шчэ прынясі таз таго віна.
Ён уносіць.
— Выпі і гэты.
Ён выпіў.
— Ну цяпер, як чуствуеш сілушку?
— Палавіну,— гавора,— таго.
— Ну, хопіць з цябе. У баю нідзе не загінеш. Дажджэшся будучай нядзелі, папросіш сто рублёў у бацькі грошай і ідзі ў горад. Дайдзеш да раскрэсаў недалёка ад горада, дык будзе старык везці касматага лашонка, дык ты яго штоб купіў. Ён запросіць з цябе сто рублёў. То будзе твой конь. Прывядзеш дамоў яго, пакорміш тры дні белаярай пшаніцай і тры зары на шаўковую траўку будзеш выводзіць, каб ён пакачаўся. Тады ты ўбачыш, што гэта за конь.
Зрабілася на ім залатая шарсцінка і срэбраная.
Ён просіцца ў бацькі:
— Пусці мяне ў свет пагуляць.
Вот ён сеў і паскакаў.
Ехаў, ехаў, вот раскрэсы, стаіць стоўб, на стаўбе табліца напісана: «Гэтай дарогай паедзеш — будзеш жанат, а гэтай паедзеш — будзеш багат, гэтай паедзеш — будзеш убіт». Ён падумаў: «Жаніцца я не хачу, багацтва мне не нада, паеду сюды, дзе буду ўбіт. Мне тры старцы гаварылі, што я ў баю не пагібну».
І пусціўся гэтай дарогаю. Ехаў-ехаў, выязджае на паляну, і выходзяць к яму дванаццаць разбойнікаў:
— Стой!
Ён стаў.
— Дзеньгі!
— У мяне мала дзенег. Усяго чатырыста рублёў. А сертучок мой каштуе тысячу рублёў. А каню майму цаны няма.
— Гэта нам,— гавора,— і нада.
— Гэта вам і нада?
Дмух на іх, так яны сып аб зямлю, без памяці ляжаць. Ён злез з каня, пападымаў іх.
— Вот што: еслі будзеце яшчэ гэта дзелаць, то жывых вас у другі раз не астаўлю.
Яны перад ім ком зямлі з’елі:
— Век болей гэтага дзелаць не будзем.
— Ну, ідзіце.
Сам пусціўся далей, а там далей Салавей-разбойнік звіў гняздо на дванаццаці дубах і жывець там. Ён свістам убіваў за тры вярсты людзей. Як толькі замеціў каго, так свісь — і няма яго. Вот Салавей бача: усаднік едзе не абы-які. Падпускае яго бліжай. Як свіснуў, дык конь на калені ўпаў. Ён, Ілля, спрыгнуў з каня:
— Стой, конь, не падай!
Нацягнуў свой лук і як рэзнуў Салаўя-разбойніка прама ў правае вока. Выбіў. Ён вобаратам на зямлю. Ілля пад'ехаў к яму і падвязаў яго к сядлу і паехаў у Кіеў у горад. Прыехаў туды к князю. Князь і спрашвае:
— Што гэта за звер?
— Гэта Салавей, каторы ўбіваў людзей.
— А, мы наслышаны былі аб ім. Загадай-ка яму свіснуць.
— Не, еслі загадаю, дык вас на свеце не будзе і ўвесь горад разрушыцца. Захавайцесь, калі хочаце пачуць, у падвал за трое дзвярэй. Дык я яму толькі на дзесятую долю загадаю прасіпець, а не пець.
Ён як засіпеў — не асталося ў цераме ні аднаго вакна. А яны ў падвале былі паглохлі. Тады ён узяў яго, як падшыбнуў угару, так ён упаў і разбіўся. А тут у князя два багатыры служаць: Алёша Паповіч і Дабрыня Нікіціч. Вот і Іллюшка к ім. Сталі ўтраіх тут служыць. Вот прыязджае сюды багатыр і раз'язджае па ўсіх іх палатах.
— А ну вылазь на бой каторы!
Алёша Паповіч выязджае к яму. Ён як чувікнуў Алёшу, дык той, як сноп. Выязджае Дабрыня Нікіціч. Ён і гэтага таксама ўбіў.
Выязджае Іллюшка. Як дзвігнуў, дык той, як сноп, пакаціўся. Сам астаўся служыць. Доўга ці каротка ён праслужыў там, прысылае бацька пісьмо: «Едзь дамоў. Мы паміраем. Некаму дабром будзе пользавацца». [Ілля] сеў на каня і паехаў дамоў. Ажаніўся і стаў жыць. Пражыў да старасці лет, стаў сівы. Вот заехаў багатыр у Кіеў-горад такі, што адна галава з сянны стог. Князя ў цюрму засадзіў, а яму прарэзалі ў цераме сцяну: у дзверы не пралазіў.
Ён прыказвае гораду, штоб дванаццаць печаў пяклі хлеба і падцёлка каб зажарылі, і кабана, і гуску, і вутку, і індыка, курыцу і бачонак віна. Гэта ён за дзень з’ядаў. Штоб гэта было кожны дзень. Так ён і жыве. Прыказаў, каб усе старцы ішлі к яму, ён іх будзе дарыць. Дачуўся аб гэтым Іллюшка, сабраў сабе старцаву сумку, сеў на каня, паехаў апяць у Кіеў. Прыязджае туды, каня паставіў, сам пайшоў к цераму і просіцца:
— Адчыніце і падарыце старцу.
Ён з-за стала вылез, адчыніў яму дзверы, сам ізноў за стол і есць.
— Адкуль ты, брацец?
— Адтуль і адтуль.
— Во, мне гэта і нада. Вот скажы, брацец, там, гавораць, у вас ё багатыр Іллюшка. Раскажы, я цябе адару.
— Ёсць.
— Які ж ён? Такі, як я?
— Да не! Ён такі, як я. Каб у пару нас паставіў, дык сказалі б — гэта браты. Не разгадаць.
— Гэ... такі багатыр. А гавораць, сільны. Вот я, бачыш, па колькі ем і п’ю?
Іллюшка і гавора:
— У нас у канцы вёскі пан жыве, у яго многа кароў. Адна карова большая за ўсіх. Тры трэба каровы ўместа. Дык яна выпівае па тры бочкі брагі. А надысь узяла ды і чацвёртую выпіла. Узяла і лопнула. Каб і з вамі гэтага не здарылася.
Ён цап кінжалам і так туды ў яго. А [Ілля] кіў галаву — кінжал праляцеў міма. А ў Іллюшкі была сорак пудоў шапка. Ён цап тую шапку і як стукнуў яму, дык галава ўліпла ў сцяну. Выпусціў князя. Князь не знае, што яму рабіць. Сталі піць і гуляць. Князь і гаворыць:
— Вось тут у нас у лесе на паляне сільны-прасільны багатыр. Ён паша тую палянку.
[Ілля] пайшоў туды на паляну і бачыць: паша чалавек.
Ад’ехаў недалёка ад дарогі, з сахой паша.
— Пачакай,— гавора,— хадзі-ка сюды. Скажы ты мне, тут гавораць, што на паляне ёсць сільны багатыр.
А ён адказвае:
— Я багатыр.
— Э-э-э, такі багатыр.
— Такі багатыр.
— Я ж цябе б як узяў, на ладоню пасадзіў і падшыбнуў пад хмару.
— А можа б я цябе падшыбнуў. Ідзі к маёй сошцы і папробай яе вытрусіць.
Ён падышоў к гэтай сошцы, ды і з месца не кране.
— Да,— гавора,— праўда твая, ты б мяне падшыбнуў.
Вот ён апяць пайшоў к князю і давай зноў пір піраваць. Прыйшлі з Кіева к князю пасланцы:
— Прыляцеў змей з дванаццацю галовамі і пасяліўся каля Лаўраў.
Іллюшка пайшоў туды. Узяў меч свой і як стаў біцца са змеем гэтым, ды рады няма. Ссячэ галаву, а яна зноў нарастае. Патуль біўся, пакуль сам па калені ўехаў у зямлю і зрабіўся каменем. Ён і цяпер стаіць там. Я сам там відаў яго.
І так расказваюць людзі, як ён уедзе ўвесь у зямлю, то і свету канец.
1 Надась – гэтымі днямі, надоечы.