epub
 
падключыць
слоўнікі

Беларуская Народная Творчасць

Пра Івана-Дарагана

Гэта было з пачатку света. Жыў Кашчэй Бяссмертны, і багатыроў усіх пабіў, і валшэбнікаў усіх пагубіў, і ўкраў сонца, і месячка, і зорачкі, і стала цёмна людзям. Тут людзі сабіраюцца кучкамі:

— Што будзем рабіць?

Радзяцца. Давай на шляхі з'язджаць і старажаваць. Хто ні будзе ісці ці ехаць, то аглядаць кожнага, можа і знойдзем у каго. У адной вёсцы ў бацькі было тры сыны: два разумных, а трэці Іван-Дараган, дурань зваўся. Вось яны сабіраюцца ехаць, два вумныя, аглядаць на шлях, а Іван-Дараган гаворыць:

— Тата, і я паеду з імі.

Тыя і гавораць:

— Куды ён паедзе, хай ён сядзіць дома.

— А не, тата, калі не дасцё мне каня, дык я пайду пешкам за імі.

Бацька прыказвае:

— Не кідайце яго, хай і ён едзе.

Даў ім па каню, усім тром, вось яны і паехалі. Тыя ўдвух селі на коней сваіх, а Іван у руках вядзець. Яны гавораць:

— Што ты не садзішся?

— Выведу за вёску, там сяду, — кажа Іван.

Выехалі яны за вёску, ён свайго каня ўзяў за хвост і трухнуў яго, усё выскачыла, толькі кожа асталася ў руках. Свіснуў багатырскім свістам. Ляціць да яго конь з экіпажам, з наздзёр полымя ідзе, а з-пад капыцця іскры ідуць. Ён гаворыць:

— Стой, конь, перада мной, як ліст перад травой!

Гаворыць на братоў:

— Пускайце сваіх каней дамоў.

Тыя бачаць, што брат не просты, не дурны. Яны сваіх каней пусцілі.

— Садзімась-ка на майго каня, можа чаго-небудзь і знойдзем.

Селі і паехалі. Ехалі яны доўга, прыязджаюць к мору. У лесаапушкі і стаіць дом белы, аграмадны-аграмадны. Астанавіліся яны ў гэтай апушкі. Ён узяў лесу наламаў, злажыў хату сабе і печ склаў. А конь у яго стаіць, трое дзвярэй у павозцы гэтай, і зачыняе яго туды і корме. Вось і гаворыць братам:

— Вось, браты! Будзем па старшынству хадзіць пад гэты мост і сцерагчы пад ім. Хто ні будзе ісці, будзем асматрываць, можа што і знойдзем.

На першую ноч большаму брату трэба ісці сцерагчы. Большы брат пайшоў, выйшаў на двор і чакурдык пад вугал, баіцца туды ісці. Іван-Дараган устаў пасярод начы і пайшоў пад гэты мост, вырваў шпалу жалезную і як запусціў у гэты дом, аж дом гэты затросся, а ў самым даму жыў Кашчэй Бяссмертны, і ў яго было тры сыны. Вось ускаквае большы сын:

— Вось, папаша, нейкае непрыяства!

Ён і гаворыць:

— Якое можа быць непрыяства, мы ж багатырэй усіх адбілі і валшэбнікаў усіх пагубілі, ёсць Іван-Дараган на свеце багатыр, дык ён яшчэ малалетны, ён сюды не павінен прыйсці. Ну, потым, едзь мой сын, аглядзі, што там ёсць.

Ён бярэ харла і сакала, садзіцца на харла, сакол асвяшчае, а харол чуе. Вось пад’язджаюць к масту, харол цуп і стаў. Вось сын і пытае:

— Што вы, харол і сакол, найшлі? Мой жа папаша гаварыў, што ніякага непрыяства не павінна быць. Багатырэй мы ўсіх адбілі, валшэбнікаў усіх пагубілі, а ёсць Іван-Дараган багатыр, дык ён яшчэ малалетны, ён не павінен сюды прыходзіць.

А Іван гаворыць:

— Не, я ўжо тут.

Вырваў шпалу жалезную і ўдарыў сына старшага і ўбіў.

Ён бярэць харла і сакала гэтага і прыходзіць у сваю хату. Браты спяць, старэйшы пад вуглом, а сярэдні ў хаце. Ён іх пусціў (харла і сакала), сам лёг спаць. Вось большы брат прасынаецца, увайшоў у хату, паглядзіць, што гэта такое відна. Ён будзіць Івана-Дарагана:

— Эй, вы спіце, а паглядзі-ка, што я дастаў.

Іван падняў галаву і пахваліў яго.

— О, брацец, маладзец, дастаў. Хоць відна ў хаце.

Ну, пераначавалі гэту ноч і пераднявалі. Іціць сярэдняму брату. І гэты баіцца туды ісці. Выйшаў на двор ды пад вугал. Іван устаў сярод ночы і пайшоў пад той мост, вырваў зноў шпалу жалезную і запусціў у белы дом зноў. Зноў дом аж загрымеў. Ускаквае сярэдні Кашчэеў сын:

— Вось, папаша, ё нейкае непрыяства.

— Ну, ды не даўжно быць. Ну, едзь, аглядзі.

Бярэ гэты харла і сакала і едзе. Прыехаў к масту, харол астанавіўся, не ідзе блізка.

Ён і гаворыць (сярэдні сын):

— Што вы ўчуствавалі, харол і сакол, ніякага непрыяства не даўжно быць, айцец сказаў, што мы ўсіх багатыроў адбілі, усіх валшэбнікаў пагубілі, ёсць Іван-Дараган на свеце, ён яшчэ малалетны, і не даўжно яму яшчэ сюды прыціць.

Ён вылажуе (Іван) з-пад маста:

— Не, я ўжо тут.

Вырваў шпалу жалезную і ўдарыў гэтага і ўбіў. За харла, за сакала ды ў сваю ізбу. Вось і гэтых пусціў, сам лажыцца спаць. Вось і сярэдні брат праспаўся пад вуглом, бача ўжо чатыры вешчы такіх: два харлы і два сакалы. Будзе ён братоў сваіх:

— Устаньце-ка паглядзіце, што я дастаў.

Іван падымае галаву і гэтага пахваліў.

— Во мае браты маладцы. Дасталі, хоць у хаце нам відна.

Пераначавалі, пераднявалі — іціць Івану-Дарагану сцярэгці.

Вось ён вынімае карты, кладзе іх на стол. Вынімае дзве жмені золата, адну жменю кладзе на адзін рог, другую — на другі, нож — у паталок і кажа:

— Вот, братцы! Прашу я вас, штоб вы гэту ноч не спалі, а гулялі ў карты на золата; хто каму прайграе, гэтаму яшчэ дам, хто прайграецца. Як пакапае кроў з нажа, дык каня майго яшчэ не адмыкайце, а як пацячэ цурком, тады каня адмыкніце.

Сам пайшоў пад мост. А ў Кашчэя меншы сын яшчэ сільней чуць не за яго, Івана. Вось Іван вырваў шпалу і запусціў у гэты дом зноў, аж дом затросся. Ускаквае меншы сын.

— Вось, папаша, гэта Іван-Дараган тут.

Кашчэй адказвае:

— Вядома, гэта Іван-Дараган тут. Ну, едзь, мой сын, я надзеюсь, што ты можа і мацней за яго будзеш. Ну, толькі не ашыбайся, глядзі.

Прыляцеў і гэты.

— А ну-ка, Іван-Дараган, вылазь на бой.

А Іван узяў булаву дванаццаці пудоў.

— А вось,— гаворыць,— і лезу.

— Ну, ідзем на медны ток біцца, тут нам не бітва.

Сышлі на медны ток, як ударыліся па разу, дык па пояс і паехалі на медным таку. Кашчэеў сын крычыць:

— А ну-ка, Іван-Дараган, і тут нам не бітва. Ідзем-ка на сярэбраны ток.

Сышлі яны на сярэбраны ток, ударыліся разы па тры, уехалі па калены. Кашчэеў сын крычыць:

— А ну-ка, Іван-Дараган, і тут нам не бітва, ідзем-ка на залаты ток, во там мы пабіваемся.

Вось і пайшлі.

Прыйшлі на залаты ток, біліся, біліся доўга: Іван-Дараган пачустваваў, штоб не замог, крычыць Іван-Дараган:

— А ну-ка, пёссе мяса, давай-ка аддыхнем.

А браты гулялі, гулялі ў карты ды й заснулі. Адзін лёг пад прыпек, адзін лёг на лаўкі.

Ён, Іван, здзеў з нагі сапог аддыхаючы і запусціў ім у хіжыну, каб разбудзіць братоў, бо ведаў, што яны паснулі. Нячутна нічога. Кашчэеў сын падымаецца:

— А ну, уставай, Іван-Дараган, на бой.

І зноў пачалі мясіцца.

Біліся, біліся, чуствуе Іван-Дараган, што замагае, зноў ён крычыць:

— Давай яшчэ, пёссе мяса, аддыхнем.

— Давай.

Ён здзеў другі сапог з нагі і запусціў у сваю хіжыну і папаў у трубу. Труба развалілася, старшаму брату ўдарыла кірпічамі па назе. Гэты прахваціўся, глядзіць — кроў на палу і па хаце пацякла, не то што з нажа. Ён скарэй за ключы і пабег каня адмыкаць. А Кашчэеў сын крыкнуў:

— Уставай, Іван, на бой!

Конь крычыць:

— Скарэй адмыкай, а то гаспадар пагібае.

Адмыкнуў ён каня, конь ляціць і крычыць:

— Іван-Дараган, астараніся!

Як прыляцеў, так Кашчэевага сына на капусту пасек сваімі капытамі. Іван сеў, умарыўся б'ючыся, аддыхае. Аддыхнуў, хацеў дамоў ісці, а дай-ка, думае, пагляджу, што ў іхніх карманах ёсць. Вось ён палез у карман, ляжыць у кармане кніжачка і насавы платочак, клубочкам звязаны. Ён за гэту кніжачку, сабе ў карман. Насавы платок развязаў, сонца пырх — паляцела з яго, ён і к першым падышоў, што першых пабіў, у аднаго цап — насавы платок тожа завязан. Ён развязаў, месячка пырх — паляцела. Ён у трэцяга сына ў карман — выцягвае адтуль тожа насавы платок звязаны. Зорачкі пырх — паляцелі. Вось ён прыходзіць у сваю хіжыну к сваім братам.

— Ну, вось, братцы. Вось я найшоў віднае, ды вы трохі вінаваты, чаго вы лажыліся спаць? Я чуць не пагіб, як бы не ўзбудзіў вас, то і пагіб бы. Садзіцесь-ка на майго каня і едзьце дамоў, ну каня не ганяйце, ён сам вас прывядзець на тое месца, ён сам пойдзе на тое месца, дзе я бацькавага каня вытрусіў, а вы пойдзеце дамоў, а я тут астануся, мне дзела ё, а можа вас і даганю.

Як узяў ён тую кніжачку ў яго і прачытаў яе, дык ён найшоў у ёй тое, што можна чым хочаш зрабіцца. Ён адзеўся галубком, узляцеў на вакно дома, дзе Кашчэй Бяссмертны, і слухае, што тут будуць за разгаворы. Ускаквае дачка Кашчэева і гаворыць:

— Ну, папаша, калі мае браты яго не перавялі, дык я яго перавяду. Забягу наперад і зраблюся хрустальнай крыніцай, і яны як нап'юцца вады, дык і палопаюцца.

Ускаквае другая:

— Ну, мая сястра, калі ты не перавядзеш, дык я перавяду. Я забягу далей наперад і зраблюся яблынай. Будуць на ёй залатыя яблыкі і сярэбраныя, як з’ядуць, дык і палопаюцца.

Ускаквае сама змяя, Кашчэева жонка.

— Ну, мае дочкі, калі вы не перавядзеце, дык я даганю і цалкам іх пакаўтаю.

Ён, Іван, паслухаў, больш нічога не чутна болей. Дагнаў сваіх братоў, ударыўся аб зямлю і зрабіўся зноў Іванам.

Ну, і едуць. Наперадзе паяўляецца крыніца хрустальная. Браты пасаскаквалі, хацелі вады напіцца, а Іван-Дараган іх не пусціў, а ўзяў кол, як ударыў па той крыніцы, толькі багна палучылася. Гэту забіў. Едуць далей. Вось паяўляецца яблына, залатыя яблыкі і сярэбраныя. Браты пасаскаквалі і хацелі яблыкаў нарваць, а Іван іх не пусціў. Як ударыў зноў колікам па яблыні, тожа багна атрымалася. Браты і гавораць:

— Што ты нас не пускаеш ні піць, ні есці. Мы з табой не хочам ехаць, калі ты такі.

— А вы, братцы, са мной і не паедзеце. Едзьце адны, конь вас прывязе, куды я і казаў.

А сам чуствуе, што змяя скора будзе ляцець, Кашчэева гэта жонка. Браты паехалі адны. А ён шагнуў багатырскімі шагамі ў Кіеў-горад. Ён знаў, можа там і спасуся. Там ёсць тры багатыры; зялезная кузня ў іх, яны куюць у ёй, трое дзвярэй у ёй зялезных. Вось ён прыбягае ў Кіеў. Чуе, ляціць змяя. Ой, бачыць наганяе, а кузня яшчэ далёка. Дык ён забягае ў склад, дзе солі кулі, хватае па дзесяць мяхоў зразу і шыбануў ёй у рот. Напоўніў яе кулямі з соллю, яна абажралася. Паляцела ў Дняпро вады піць, а ён у гэты час скок к кузні.

— Эх, братцы, пусцеце, паратуйце.

— Мы пусцім цябе, толькі паслужыш у нас год.

А змяя ўслед, як толькі яны яго ўпусцілі ў кузню. Хлоп на кузню, аж кузня зялезная затрашчала. Вось яна і гаворыць:

— Падайце мне машэнніка, а то і кузню вашу разару.

Яны адказваюць ёй:

— У чым мы вінаваты, мы ж не зналі, хто гэта такі. Мы баімся кузні адчыняць, а ты вазьмі трое дзвярэй пралізні, у цябе язык большы, дык мы табе яго на язык пасадзім і цягні сабе.

Яна як лізнула, дык язык тырчыць да сцяны. Іван-Дараган за клешчы ды на кавадла язык гэты, а тыя ў тры малаты як пачалі біць, аж кузня ходырам хадзіла. Адрубілі, пакуль чуюць ужо слабка — ходзіць па павадку. Выходзяць з кузні, там ляжала зелязяка семдзесят пудоў. Дык Іван-Дараган цэпам прычапіў зелязяку тую ды на шыю ёй гэты цэп, а тыя усе душаць па галаве, а Іван-Дараган як запароў гэту зелязяку ў зямлю, дык і зрабілі канаву цераз увесь Кіеў да Дняпра і кінулі змяю ў Дняпро з зелязякай, і не праплыла метраў дзесяць, там ён і душа вон.

Іван служыць год. Адслужыў год, яны яго напаілі, накармілі харашэнька і на дарогу далі. Пайшоў ён к двару дабірацца, дамоў. Вось ідзе па шляху, шлях той праз ясакарнік, дык ён як крыкнуў песні, дык аж лісце сыпалася з ясакарніку. Вось бачыць: наперадзе едзе, як на мацыклеце, дзяўчынка і крычыць:

— Астаранісь, а то ўшыбу.

Ён думае: «Такая малая ды мяне ўшыбець». Вось ляціць прама на яго, ён нагой як таўхануў яе, дык нага і прыліпла, ён другой — і тая прыліпла. Ён рукамі — і рукі прыліплі, і пацягнула яго як ташчыла, ды ў Кашчэеў дом.

— Дзедка! Вось я табе яго прывезла!

То звалася дзяўчына Анціпка, каторая яму вейкі падымала, Кашчэю. Ён загадвае:

— Падымі-ка ж вейку.

Яна падняла (а ў Кашчэя вейкі былі па пяць пудоў).

— О, галубчык, тут я цябе зразу не буду ні біць, ні казніць.

А Кашчэй як паглядзіць на каго, то ад яго ўжо не адыдзеш, хоць і пусціць, то ўсё роўна к яму прыйдзеш. Ён і гаворыць яму (Івану):

— Сыночкаў пабіў, дачок пабіў і жонку ўбіў, дык вось табе загадка: па гэтаму мору ўніз пяцьдзесят вёрст ідзі, там жывець на востраве на моры вось такі стары, штоб ты мне яго дачку прывёў на жонку, а не прывядзеш — мая меч, твая галава з плеч.

Ну, ён і пайшоў. Прайшоў вёрст дзесяць, выскакуе к яму чалавек з лесу і пытае:

— Куды ідзеш, чалавек?

— А іду ў сваты.

— І я з табой пайду.

— А ты што за чалавек?

— Па ўсём свету бачу.

— Ну, і ідзем разам.

Пайшлі далей. Выскакуе яшчэ адзін.

— Куды, хлопцы, ідзеце?

— А ідзем у сваты.

— І я з вамі пайду.

— А ты што за чалавек?

— У адзін час усё царства аббягу.

— Ну, і ідзем разам.

Прайшлі далей. Выскакуе трэці.

— Куды, хлопцы, ідзеце?

— У сваты.

— Ну, і я з вамі пайду.

— А ты што за чалавек?

— А я такі, што многа п’ю, вып'ю ўсё мора.

— Ну, ідзем разам.

Прайшлі дальш. Выскакуе чацвёрты.

— Куды, хлопцы, ідзеце?

— У сваты.

— І я з вамі пайду.

— А ты што за чалавек?

— Колькі мне ні дай, я ўсё паем.

— Ну, ідзем разам.

Прайшлі далей. Выскакуе пяты з зялезнымі вілкамі.

— Куды, хлопцы, ідзеце?

— У сваты.

— І я з вамі пайду.

— А ты што за чалавек?

— А вось гэта мора ў копы складу за пяць мінут і мора перайду.

— Ну, ідзем разам.

Вось падыходзяць і бачаць той востраў. Выскакуе шосты. З рагожкай пад пахай.

— Куды, хлопцы, едзеце?

— Ды вось к гэтаму ў сваты на востраў.

— Дык вось садзімася на гэту рагожку, яна нас і перавязе.

Яны селі і пераехалі. Там аграда, ніхто не ўвойдзе туды. То жывець валшэбнік, што і Кашчэй яму рады не даў. Вось па аградзе тысячы градзін і на кожнай аградзіне чалавечая галава тарчыць, а сем аградзін пустых. Яны і гавораць, хлопцы:

— Гэта для нашых галоў.

Падыходзяць к варотам, замкі самі адчыняюцца на варотах, і вароты самі расчыняюцца. Яны ўвайшлі, вароты самі хляп на замкі. Яны падыходзяць к дому. Дзверы адчыняюцца самі. Уваходзяць у дом, сядзіць там стары, з ног да галавы касамі аброс:

— Што вы, хлопцы, прыйшлі?

— У сваты к бабе.

— За каго ж вы будзеце сватаць?

Паказваюць на Івана.

— Дачка, хадзі-ка сюды.

Дачка прыйшла з другога пакою.

— Вы бачыце, якая мая дачка прыгожая. А вы ж мурзатыя. Дык вось вам загадка: «У такім-та царстве ёсць два калодцы, дык хто той вадой памыецца, дык будзе прыгожы, як і дачка мая. Дык вам, калі мая слуга наперад прынясе, за вас скарэй, то мая меч, вам галаву з плеч. А калі вы прынясеце, то будзем гаманіць».

Стары паслаў бабулю Ягу Касцяную нагу. Вось хлопцы пасылаюць таго, хто ўсё царства аббягае. Вось ён як дунуў, дагнаў тую Бабу Ягу, набок яе таўхануў нагой, а сам далей. Набраў вады. Бяжыць назад. Сярод дарогі сустракаецца зноў із ёй. Яна тут яго задзяліла і сароку на галаву пасадзіла, і ён спіць, заснуў. Яна за бутылку ад яго і бяжыць. Іван-Дараган гаворыць:

— Да павінен ужо быць.

Узлезлі на балкон з хлопцам, што па ўсім свеце бачыць. Ён і гаворыць:

— Сядзіць сарока на галаве, і ён сядзіць і спіць.

Іван-Дараган як крыкнуў багатырскім голасам, так ён і падхваціўся. Дагнаў зноў бабу гэту, нагой таўхануў, бутылку адабраў, прыбег, а бабе трэба яшчэ пяць гадзін бегці. Іван узяў памыўся гэтай вадой і стаў красавец. Ён загадвае, стары той:

— Ну, цяпер будам свадзебку гуляць. У мяне ёсць амбарык бачонкаў віна, ёсць і амбарык хлеба печанага, пухованага, дык вось каб вы папілі гэта ўсё, гэта за раз, і паелі. А не пап’еце і не паясце — мая меч, вам галовы з плеч.

Гэты, што многа п’е, к бачонкам у амбар, а гэты, што многа есць, к хлебу, папілі і паелі ўсё. Крычаць:

— Дай-ка шчэ, калі ёсць, а то мала.

Ён гаворыць:

— Не, даволі, хлопцы! Вось, хлопцы, цяпер што: твар-то вы памылі, прыгожыя, а цела ваша бруднае, дык ідзіце ў баню, памыйцеся, а калі не памыецеся ў маёй бані, то мая меч, ваша галава з плеч.

Яны пайшлі.

А баня ўжо двое сутак топіцца, зрабілася, як жар, чырвоная. К бані падышоўшы, гэты, што папіў многа, як пусціў у яе ваду, поўную баню наліў і затушыў яе. Яны параздзяваліся, давай купацца ў ёй, як у ванне. Ну, ён пасылае дачку:

— Бяры-ка, мая дачка, качаргу да ідзі павыграбай попел, што пагарэлі ў ёй.

Яна за качаргу і пабегла. Падбягае к бані, а яны там купаюцца.

— Э,— гавораць,— што вы так кепска калелі.

Яна круць назад, бяжыць плачучы к бацьку і гаворыць:

— Татачка, яны ўжо там купаюцца.

— Ну, мая дачка, пойдзеш. Гэта хлопцы не простыя. Больш я ім загадваць не буду, а то яны мяне перавядуць.

Прыйшлі яны.

— Ну, што ж, бярыце дачку, вядзіце.

Узялі і павялі. Вось прыводзяць к мору, рассцілаюць рагожку, паселі ўсе на яе, паехалі. Толькі праз мора ўплылі, так яна боўць у мора. Гэты, што ў копы складае, шарах, марах, а той, што далёка бачыць, граб яе сюды, на рагожку. Іван-Дараган дзяржыць яе, яна і гаворыць:

— Як бы за цябе, Іван-Дараган, дык бы я згодна з дарагой душой, а то ты мяне павядзеш к Кашчэю.

— Да,— гаворыць,— павяду к Кашчэю.

Пераехалі. Той, адкуль выходзіў, на сваё месца пайшоў, а Іван яе павёў к Кашчэю. Прывёў.

— Ну, вось прывёў табе жану.

— Анціпка, падымі-ка вейку.

Тая аж крэкча, падымаючы вейку. Глянуў.

— Ну цяпер, Іван, гуляй у мяне.

Пабыў ён нядзелю, а Кашчэй знаў не такую шчэ красавіцу марскую, на дне мора жыве. Прыказвае Івану:

— Вось табе дастаць марскую красавіцу мне, а не дастанеш — мая меч, твая галава з плеч, а дастанеш, куды хочаш пушчу. Вось яна ўверх па мору за семдзесят вёрст, там каля яе красівыя кусты па берагу, яна кожнай раніцы на паверхнасць выплывае да сонца і песенькі распявае; як запяе песні, дык аж мора калышацца. Дык вось, як сабе хочаш, а мне яе дастань.

Пайшоў ён у горад, заказаў слесару зрабіць такую карапашку, дзверы штоб былі раздзвіжныя, каб не было відна, каб я сядзеў і не відзен быў. Разукрась рознымі кветкамі. Ён набраў напітак, наедак, наняў у горадзе звозчыка і павёз яго з карапашкай.

Ну, прыехалі туды, ён астанавіў у тых кусціках недалёка ад берагоў, а звозчык паехаў дамоў. Ён сеў у яе і сядзіць, чакае раніцы. Вось настала раніца, і яна выплывае, плыве сюды к берагу і стала па пахі ў вадзе і размаўляе:

— Эх, што гэта за такое, відна, штось смачнае. Ці не хоча хто злавіць мяне? Не пайду.

Боўць у мора. Сядзіць Іван да другой раніцы. Вось яна зноў выплывае, зноў плыве к берагу, выйшла на сушу, шагі на тры не дайшла да яе, стаяла, стаяла.

— Не, каб хто не злавіў мяне.

Апяць зноў боўць у мора. Ён сядзіць да трэцяй раніцы. Вось на трэцюю раніцу зноў яна плыве, выйшла на сушу і падышла к карапашцы, стала піць і есці і гаворыць:

— Эх, і смачнае, і няма тут нікога.

Іван дзверцы дзвіг і граб за яе. Яна рвалася, рвалася, ён гаворыць:

— Не, не вырвешся з рук.

Такая яна красавіца, што ні ў казцы казаць, ні пяром не апісаць. Вось Іван як глянуў на яе з карапашкі вылязшы і падумаў: «Вось каб такая жонка мне!»

Абняла яго, пацалавала і прыгаварвае:

— Ты мяне к Кашчэю павядзеш.

— Да,— гаворыць,— к Кашчэю.

— Дык вось давай мы з табою пакладомсь, каб ты быў мой муж, а я твая жонка. Я яму не падамсь, а як гляне ён на мяне, дык усю праўду мне скажа. Я ў яго дапытаюся, дзе яго смерць, а ты як добры маладзец можа і дастанеш.

Так з гэтым і пайшлі. Прыходзяць к яму. Іван гаворыць:

— Ну, прывёў.

— Анціпка, падымі-ка вейку!

Падымае вейку. Як глянуў на яе, гаворыць Івану:

— Куды цяпер хочаш, хочаш дамоў едзь, а хочаш — у мяне будзь за сына.

— О, так і быць,— гаворыць Іван,— я ўжо ў вас прывык, бацька, і буду за сына за вашага.

— Во, во, мой сынок родны, вунь табе будзе тая жонка, што ты ўперад прывёў, бяры ключы на сцяне, ідзі ў інбар, адмыкай, там маіх сыноў ружжы, ты бяры сабе любое, па свету пахаджвай, гуляй, еш, пі.

Ён пайшоў, адамкнуў, узяў ружжо і пайшоў, а яна Кашчэя прыгалубіла і гаворыць:

— Ой, міленькі мой, які вы прыгажун і жывяцё ўжо доўга, мой бацька расказваў, што дзед наш пражыў трыста лет і вы жывяцё, дзедка вас знаў, і бацька мой пражыў дзвесце гадоў, а вы ўсё жывяцё і маладыя такія.

— Э, мая родненькая, я ж пражыў семсот гадоў, яшчэ буду жыць сто, мне смерці няма, я бяссмертны, і ты памрэш, а я буду жыць.

— Ой, міленькі, ой, любенькі, як жа ты так жывеш? Раскажы.{жывеш^ Рас-

кажы.}

— Э, як была перша, я не прызнаваўся, як была другая, не прызнаваўся, ну табе, як крэпка палюбіў, дык раскажу. Вунь востраў на моры, бачыш?

— Бачу.

— Бачыш, там дуб стаіць аграмадны, пад тым дубам тры касых сажні ў зямлі сундук незгараемы, незгніваемы, а ў том сундуку заяц, а ў том зайцы вутка, а ў той вутцы яйцо, а ў том яйцы мая смерць.

Яна яго прыгалубіла, ён і заснуў. А Іван з ружжом на ахоту пайшоў.

Ідзець — бяжыць гончы сабака, ён хацеў у яго стрэліць, сабака крычыць:

— Іван-Дараган, не бі мяне, не губі мяне, я табе ў большай прыгодзе зпанадаблюсь.

Пайшоў далей. Ляціць арол. Ён хацеў тожа стрэліць. Арол крычыць:

— Іван-Дараган, не бі мяне, не губі мяне, я табе ў большай прыгодзе зпанадаблюсь.

Ён і гэтага не біў. Ідзе паўз мора паўз гэта, заплуталася шчука ў язу, крычыць:

— Іван-Дараган, вырві кол і вывалакі мяне адсюль і выпусці на мора. Я табе ў большай прыгодзе зпанадаблюсь.

Ён вывалачыў яе і пусціў на мора. Сам пайшоў дамоў. Прыходзіць дамоў, яна ўзрадавалася, вывела яго на балкон і паказвае:

— Вунь востраў, вунь і дуб там стаіць аграмадны, пад тым дубам у тры касых сажні сундук, незгніваемы, незгараемы, а ў том сундуку заяц, а ў зайцы вутка, а ў вутцы яйцо, а ў яйцы смерць яго.

Ён кінуўся ў плынь, прыплыў туды, як ірвануў тога дуба з карэннем, капнуў там, дастаў сундук, узяў яго, падумаў так:

— Як удару аб дуба, усяму канец.

Вось і ўдарыў. Заяц прыг і пабег. Адкуль узяўся гончы сабака, дзёрг зайца тога, вутка пырх — паляцела, адкуль узяўся арол, вутку дзёрг, а яйцо чмяк у мора. Стаіць і думае. Праз некалькі часу нясе шчука яйцо ў зубах:

— На, Іван-Дараган, я табе казала.

Узяў ён яйцо і паплыў зноў назад, а Кашчэй ужо сядзіць, праснуўся:

— Ну-ка, дзяржысь, пёссе мяса,— кажа Іван.

— Што, што, машэннік. Анціпка, падымі-ка мне вейку.

Падняла.

— Іван-Дараган, не бі мяне, не губі мяне, век не буду чапаць нікога, толькі буду адной рыбай харчавацца.

Іван як шлопнуў у лысіну яму яйцом гэтым, дык Кашчэй і ногі задраў, і капут. Сам выйшаў на двор, свіснуў багатырскім голасам, прыляцеў к яму конь, ну, і селі ўсе ўтрох і паехалі дамоў.

Прыехаў дамоў, з гэтай марской сам ажаніўся, а тую брату аддаў, і сталі жыць і пажываць і дабра нажываць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Чарадзейныя казкі. Ч.1. / Рэд. В.К. Бандарчык. - Мн.: Навука і тэхніка, 1973. - c. 66-77
Крыніца: скан